Зачараваныя смерцю
Шрифт:
«Советская Россия», 18 ліпеня 1992 г.
Горад Мінусінск скалануўся, даведаўшыся, што маладая жанчына Ніна Чарненка ўласнымі рукамі задушыла дваіх сваіх дзяцей, а потым загубіла сябе, выпіўшы бутэлечку воцатнай эсенцыі. Дзеці супраціўлення не аказалі, хоць і былі досыць дарослымі: Ваню споўнілася адзінаццаць, Надзі — дзесяць. Хутчэй за ўсё, маці, рыхтуючыся да гэтага жахлівага кроку, дала ім снатворнае.
Следства пакуль не мае дадзеных, што Ніна Чарненка хварэла на псіхічныя расстройствы. Наадварот, усе дапытаныя па справе суседзі і службоўцы ўспамінаюць яе, як чалавека глыбока прыстойнага. Але жылося ёй вельмі цяжка, часам невыносна, не пад сілу было адной справіцца з матэрыяльнымі нястачамі сённяшняга нашага жыцця. Пастаяннае безграшоўе, заўсёднае адчуванне прыніжанасці штурхнулі яе на злачынства супраць сябе і сваіх дзяцей. «Больш гэтак жыць не магу, — напісала яна ў пасмяротнай запісцы. — Ведаю, што дзеці мае пасля маёй смерці нікому не патрэбны, таму забіраю іх з сабой».
У тоненькім школьным сшытку маці-забойца спакойна намалявала план сваёй будучай магілы, паказаўшы, з якога боку пакласці побач з ёй сына і дачушку. І тут жа акуратна напісала спіс усіх сваіх даўгоў, якія належыць аддаць з налічаных ёй напярэдадні адпускных грошай…
«Советская Россия», 18 ліпеня 1992 г.
Спробу самаспалення падпалкоўніка Вячаслава Чакаліна ўдалося прадухіліць ля штаба расейскіх войск у Клайпедзе. Праслужыўшы дваццаць сем гадоў, афіцэр апынуўся без даху над галавой, з жабрачай пенсіяй, на якую немагчыма пражыць. Некалькімі днямі раней ён спрабаваў прадаць сябе для медыцынскіх доследаў, каб набыць кватэру…
Газета «7 дней», 21–27 верасня 1992 г.
«Калі б тады, у вайну, памёр ад ран, я б ведаў — загінуў за Радзіму. А вось цяпер — ад сабачага жыцця. Хай гэтак і напішуць на магіле… Не лічыце мяне вар'ятам…»
Гэта радкі з пасмяротнага ліста абаронцы Берасцейскай крэпасці Цімерэна Зінатава. Чарговы раз прыехаўшы ў Берасце з роднага Усць-Кута, ён доўга хадзіў па свяшчэнных для яго вуліцах горада, па апусцелай легендарнай цытадэлі, а пасля… пасля стары кінуўся пад цягнік.
Сваякі, што прыехалі на пахаванне (ён папрасіў пахаваць сябе на берасцейскай зямлі), засведчылі, што вёў ён сціплае жыццё, адмаўляўся карыстацца льготамі нават звычайнага ўдзельніка вайны, не кажучы ўжо пра нейкія «спецпрывілеі». У адрозненне ад іншых герояў — абаронцаў Берасцейскай крэпасці, Зінатаў ніколі не прасіў памагчы яму прыдбаць аўтамабіль, тэлевізар, лядоўню. Калі ягоная сям'я, ведаючы круты характар дзеда, таемна ўсё-такі запісала яго на дэфіцытную мэблю, стары ўчыніў дома скандал. «Я Радзіму абараняў, а не прывілеі», — гаварыў ён.
Разам з пасмяротным пісьмом у кішэні ветэрана-самагубцы знайшлі сем тысяч рублёў, якія ён прывёз на ўласнае пахаванне. Але мясцовыя гарадскія ўлады ўзялі выдаткі на сябе. Пахавалі героя за кошт артыкула «Бягучае ўтрыманне аб'ектаў добраўпарадкавання».
А адна з газет расказала, як пасля вайны ў казематах Берасцейскай крэпасці быў знойдзены надпіс, надрапаны на сцяне штыком: «Паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма! 22/VII-41 года». Ці не рашэннем ЦК гэты радок стаў сімвалам мужнасці савецкага народа і адданасці справе КПСС. Ацалелыя абаронцы Берасцейскай крэпасці сцвярджалі, што аўтар гэтага надпісу — курсант кулямётнай школы, беспартыйны, татарын Цімерэн Зінатаў, але камуністычных ідэолагаў больш задавальняла, каб ён належаў невядомаму, загінуўшаму салдату… І тут Зінатаў асабліва не настойваў: «Я дзеля Радзімы паміраў, я дзеля Радзімы выжываў».
Што скажаш, Радзіма? Чаму маўчыш?
Каму крычым…
«Народная газета», 3 кастрычніка 1992 г.