Лісты не спазняюцца ніколі
Шрифт:
– Добра. Тады давай хутчэй.
Праз пяць хвілін яны паўзлі па дрыгве, пляскатыя, як жабы. Твань падымалася адразу за імі, сіпела бурбалачкамі паветра з зялёнага, мяккага, як губка, кіліма, што прыкрываў іржавую жыжку.
Спераду, метраў праз дзвесце, бачныя былі першыя жыдкія хмызы: скарлючаныя, кволыя дзеці дрыгвы.
Гэта было нямнога - дзвесце метраў. Але гэта было як цэлае жыццё. Асабліва таму, што ланцуг праследавацеляў ужо выйшаў на паляну і цягнуўся па калена ў густой траве.
– Сто пяцьдзесят метраў...Сто... Восемдзесят... Пяцьдзесят.
Рукі па плечы ўваходзяць у твань. Яны цяжэй за ўсё, гэтыя апошнія метры з чырвонымі ад крыві - зрэзаў сівец - і балотнай гразі рукамі.
– Пяцьдзесят... Сорак пяць... Сорак чатыры.
– Feuer!
Свіст. Фантанчыкі вады вакол.
"Лепшы медзі сабе памятнік справіў я..."
Кідаюць гранаты.
У бурых фантанах вады залатыя іскры сонца.
Таргануліся ногі пажылога.
У віруючай варонцы, у чорнай, як чай, вадзе круцяцца сцябліны сіты.
Нясмелы світанак прабіваўся ў шчыліны адрыны. Шэрая мяккая пляма лягла на шчаку спячага чалавека. І той адразу, быццам чакаў гэтага, адкрыў вочы. Ён пабачыў груды сена, якія клубіліся ў паўцемры, брудна-шэры камяк ластаўчына гнязда пад вільчаком, галаву жонкі, што прыткнулася яму пад паху.
Чалавек асцярожна лёг на бок, абапёршыся на локаць, доўга глядзеў у твар спячай. Дугі броваў, тугія шчокі, пяшчотная стома ў вачаніцах. Адліваюць блакітам голыя ногі: коўдра абілася вышэй каленяў. І чалавек з незвычайнай, затапляючай усю істоту радасцю падумаў: "Такая ласачка. Спіць вось і зусім нічога пра мяне не ведае, быццам і няма мяне".
Гэта думка ўразіла яго, і, быццам у адказ ёй, жанчына, не прасынаючыся, уся пацягнулася да яго, прытулілася сцягном да яго нагі і закінула за галаву цвёрдую, налітую маладой сілай, руку. Пад пахай выдавалася круглая пукатасць, і чалавек паклаў на яе далонь. І пальцы яго адразу адчулі пад сабой пульсаванне маленькай жылкі.
"Не ведае пра мяне", - раўніва падумаў чалавек.
І, нечакана для самога сябе, ляпнуў жонку па заду.
– Пятро, ды ты што, ашалеў, - ляніва сказала яна, не адкрываючы вачэй.
– Прачніся. Глядзі на мяне. Няма чаго спаць.
– Шалёны нейкі, - сонна прамурлыкала яна.
– Ну пачакай, я з табою распраўлюся, - з пагрозаю сказаў чалавек. І ўпяўся ў яе напаўадкрытыя губы цяжкім пацалункам. Ёй не хутка ўдалося выслабаніцца.
– Ды пакінь ты. Быццам век не бачыліся - так і мне. Мядзведзь стаялы.
– Вядома, век, - засмяяўся ён, - з учарашняга вечара.
– Пасля ўчарашняга вечара можна б і не шалець, - усміхнулася яна.
– А вось табе за шалёнага, вось табе за мядзведзя, вось табе, вось табе.
– Пятро, Пятро. Ну гэта ўжо без патрэбы. Не трэба, сінякі будуць. І так бабы каля студні пасмейваюцца.
– Няхай смяюцца. Вось табе яшчэ адзін, на шыю, самы прыгожы.
Жанчына раптоўна абхапіла яго гарачымі рукамі:
– Пятрусенька, родны ты мой, рыжы.
І амаль адразу вызвалілася.
– Ну добра, хопіць лізацца. Нішто ані поена, ані гадавана.
– Вырвала руку, саслізнула з сена, адчуўшы босымі нагамі халадок зямлі.
Пятро ўздыхнуў, калі яна, у адной палатнянай сарочцы, плаўна пагойдваючыся клубамі, падышла да дзвярэй, стала ў іх і пацягнулася. Шэрае досвіткавае паветра цякло паўз яе ў адрыне лёгкай імглою-туманцам. Нахабна і асабліва звонка пераклікаліся ў волкім хмызняку вераб'і.
– Чорт цябе ведае, - пахітаў галавою Пятро, - у каго ты такая атрымалася, не стамляешся глядзець на цябе. Вёдры нясеш, вілкамі арудуеш - так усё добра... бы ў кіно.
– У каго атрымалася, у таго і атрымалася, - сурова ссунула бровы жонка, - няма чаго вочы вытрашчаць.Уставай.
– Выкуп, - сказаў Пятро, - пацалуй, тады ўстану.
– Вы сёння што, дуб пілуеце? Унь за табою Прахор ужо ідзе.
І яна паспешна адышла ад дзвярэй, накіравалася ў кут (косы адцягвалі ёй галаву трохі назад) і стала апранаць спадніцу.
– Уставай.
– Выкуп.
– Усё б табе дурэць... Ну добра ўжо.
Яна пайшла да яго. Пятро, лежачы на спіне, прыцягнуў яе да сябе, пачуў лёгкі, дражнячы пах, што ішоў ад яе, пах сырадою, сена і цёплай скуры, і пацалаваў яе доўгім-доўгім пацалункам, быццам набіраючы сілы на ўвесь доўгі, без яе, дзень.
– Гэй, Пятро, - пачуўся за спіною хрыпаваты басок, - канчай начаваць.
– Рад бы - жонка не пускае. Трымае.
– А ты вырвіся.
– Балюча.
– Ночы не хапіла?
– Тфу на вас, - сказала жонка, - звягаеце языком, як балабон конскі, нахабнікі. Грэх.
– Вучыся, Пятро, - сказаў Прахор, - языком нахабнічаць - грэх. Супраць астатняга пярэчанняў няма.
Пятро лёгка саслізнуў з сена і праз хвіліну, ужо напалову апрануты, стаяў у дзвярах.
Прыгожы грубаваты твар, вельмі блакітныя вочы, густы карычневы загар, які нават трохі адліваў сінявой, як яблыка-цыганка.
– Пачакай хвілінку, браток. Зараз пойдзем.
– Пяцюнька, - раптам паклікала яго жонка, калі ён ужо нацягнуў старэнькі пінжак.
Ён падышоў да яе.
– Ты беражыся там, родненькі. Не торкайся пад дрэва. Сам ведаеш - хвастане хоць верхавінай - век мне тады слязьмі залівацца.
– Добра, - сказаў ён.
Праз паўгадзіны яны ўжо выйшлі на поле, за якім няясна шарэў лес.
Прахор, порсткі мужычок з тых, каму "невысока падаць", дробненька тупаў поруч з Пятром. Пятро быў яўна незадаволены чымсьці.
– І чаго яму дуб спатрэбіўся, - сказаў ён, - надумаеш, не было з чаго калоды для фермаў даўбці.
– Гэта верна, - падтакнуў Прахор, - ды ён не тутэйшы, не ведае, што дуб святое дрэва.
– Закон жа ёсць, - сказаў Пятро, - кожны з нас яго ведае, хоць ён і не пісаны: высякаеш лес - пакідай дуб на дзічку.
– Добра, - сказаў Прахор, - наша справа маленькая.
Трава цьмяна шарэла, густа ўсыпаная расой. Ногі пакідалі на ёй чатыры зялёных перарывістых паласы.
– Як у цябе з жонкай?
– спытаў Прахор.
Пятро нават злёгку пачырванеў на скулах.
– Цёплая, брат, як сонейка. Нарадавацца не магу.
– Н-так, баба нішто сабе. І ў пасцеле і ў касцеле.