Мёртвым не баліць
Шрифт:
— Агонь! Якога храна ляжаць! Агонь!
Так, вядома, трэба агню. Інакш, чым мы можам стрымаць гэтыя танкі? Толькі што мы ім зробім нашым агнём? Каб хоць парачку ПТР. Ды каб гранаты…
З ланцуга рэдка і бязладна пачынаюць бахаць вінтоўкі. Нехта пускае доўгую чаргу з аўтамата. Танкі, напэўна, пакуль нас не бачаць. Я ляжу ў нейкім здранцвенні, увабраўшы рукі ў мокрыя рукавы шыняля. Мерзнуць пальцы. Да самага калена гарыць, ные нага. У маім карабіне ўсяго пяць патронаў, і я выпушчу іх, калі танкі падыдуць бліжэй. Каб пацэліць хоць бы ў які трыплекс…
Танкі хутка сунуцца ўсё бліжэй. У балцы цяжкі маторны гул, прыглушанае стракатанне гусеніц. Уцекачоў перад ім ужо не відаць — жывыя ўсе за павароткам. На шырокім бязладным шляху, здратаваным мноствам ног, — некалькі трупаў, разбітая фурманка, бліжэй — наш, напэўна, сканалы, конь. Аднак нехта там ажывае і пачынае грабціся з-пад самых танкаў. Знямогла валочыць па снезе, відаць, перабітыя ногі. Зараз жа на лбе пярэдняга танка ўспыхвае агністая бліскаўка, і чалавек назаўжды выцягваецца на снезе.
— Агонь! Агонь!.. — крычыць Еўсюкоў.
Я кладу на далонь карабін і прыцэльваюся. Прыклад туга б’е ў плячо, і мне шкада марна патрачанага патрона. Мусіць, неўзабаве ён мне ой як спатрэбіцца! Нетаропка пачынаю цэліцца зноў. I тут выбух грымотна рве побач. Позірк губляе цэль, мяне абдае смуродам і снегам. На выбух я не азіраюся — я толькі адчуваю: ну вось і ўбачылі! Цяпер трымайся! Цяпер дадуць жару.
Але што гэта? Збоч па снезе цераз балку, нібы парваўшыся, мільгае чырвоная нітка. Раз, другі. I над адным танкам на касагоры з’яўляецца дымок. Я кідаю позірк на суседа ў паўшубку. Так і ёсць — гэта ён б’е трасіруючымі. Толькі чаму дым? Няўжо падпаліў?
— Тр-р-рах! Тр-р-рах!
Ірве з недалётам, перад ланцугом. На некалькі секунд танкі прападаюць за снежна-земляной хмарай выбухаў. Я тыцкаюся тварам у дол. Наўкола шастаюць камякі, і калі вецер зганяе з варонак дым, наперадзе — незразумела радасны цуд: адзін танк гарыць!
Проста не верыцца, але так. Танкісты з яго ўжо павыскоквалі. У борце і ў вежы расчынены люкі, зад увесь у агні. Два бліжнія да яго танкі спыняюцца. Пагорак адзываецца траскотнай вогненнай ярасцю.
— Па бочках агонь! Па бочках! — праз гул і грукат прарываецца зводдаль крык Еўсюкова.
I тут толькі я разумею: на танках бочкі з гаручым. Таму і такая ўдача.
Я прыцэльваюся ў нейкі бліжэйшы да нас танк, які марудна паварочвае свае шырокія грудзі на наш пагорак. Здаецца, у яго на борце нешта тырчыць. Бочкі ці не, адсюль не разгледзіш. I я паспешліва страляю збоку, пакуль гэтае нешта яшчэ не закрыла вежа. Толькі знаку ад майго стрэлу ніякага — ні агню, ні дыму. А побач яшчэ і яшчэ бліскаюць трасіруючыя суседа ў паўшубку.
Той, задні, ужо апантана гарыць. Чырвоныя космы агню шугаюць на ветры, і чорны хвост дыму размашыста сцелецца над стэпам. Астатнія яго пакінулі, абышлі і паспешліва разварочваюцца ўнізе на наш пагорак. Паветра над ланцугом туга ніжуць іх густыя малапрыцэльныя чэргі.
«Не, гэта вам не ў балцы! Гэта вам не ў балцы!» — крычыць ва мне злы, няўрымслівы голас. Нядаўняя паныласць знікае. Я ўжо гатовы біцца. Я нават хачу, каб яны хутчэй падышлі. Дзіўнае, незразумелае жаданне! Але ўсё роўна хачу. Мяне распірае запал і зларадства. I, мусіць, толькі таму, што гарыць іх падпалены куляй танк. Астатнія ж адзінаццаць сунуцца бліжэй. Неўзабаве нам будзе туга.
Але хай!
Ланцуг дружна бахае, стракоча, грукае бязладнымі стрэламі. Упарта б’е трасіруючымі сусед. Я прыглядаюся да ягонай вінтоўкі, і ў мяне з’яўляецца здагадка, што яна трафейная, як і мой карабін. Гэта нараджае пэўную думку. Я падхопліваюся са свайго месца і на каленях і руках кідаюся ў снег. Ззаду зноў блізка гахае. Зямля пада мной пругка ўздрыгвае, асколкі распорваюць неба. Я падграбаюся да чалавека ў паўшубку.
— Як бы патрончыкаў? Хоць абойму, га?
Чалавек, не зважаючы на мяне, засяроджана цэліцца і страляе. Пасля сутаргава хапаецца за рукаятку затвора. Ён ужо немалады, з сівымі скронямі. Пад белым каўняром паўшубка відаць чырвоны кант кіцеля — значыць, камандзір.
— Няма патронаў, — хрыпіць ён пракураным шапялявым голасам, які мне здаецца знаёмы.
Ды гэта ж наш учарашні знаёмы — капітан, які ў сяле разгружаў «студэбекеры». Вось табе і ДОП! Не паслухаў тады, а цяпер прыпёрла! У яго адтапыранай кішэні тырчаць каляровыя дзюбкі патронаў. I вось не дае…
Мяне ахоплівае злосць. Так і карціць аблаяць яго, але цяпер не да гэтага.
— Хоць адну абойму! — раздражнёна прашу я. Капітан паварочваецца ад карабіна.
— Ды ну, каціся адсюль! Не дэмаскіруй!
Ён коратка зыркае на мяне, і я ўпершыню бачу яго напалоханы твар, мітуслівыя вочы, разяўлены рот — ён яўна баіцца. Як жа гэта ён падбіў тады танк? Баючыся? Насуперак страху? Але і я, мусіць, такі. Толькі я не бачу сябе. Усе мы тут не ў лепшым выглядзе, і не дзіва. Вылаяўшыся ад прыкрасці, я па снезе грабуся ад яго на сваё месца. Але не прапаўзаю і паловы шляху, як ззаду люта расшчэпліваецца зямля, мяне аглушае. Адначасна нешта хлёстка выцінае па бядру і карку. Праўда, у секунднай яснасці я адчуваю: гэта не асколак — гэта камякі. Крутнуўшыся на снезе, зараз жа азіраюся — наўздагон шугае тугі, змрочны клуб дыму. Секунд пяць капітана зусім не відаць, потым праз дым на доле пачынае краямі азначацца варонка. Адна пустая, свежая, пыльная варонка, і больш нічога. Разграбаючы рукамі снег, я кідаюся да яе. Там цяпер сховішча, а мо і паратунак. Я ўжо ведаю: другі раз у адно месца снарады не падаюць.
Мяккая і цёплая варонка хавае мяне ад агню. Праўда, тут моцна смярдзіць трацілам і неглыбока, не болей чым на аднаго. Але кулям мяне не дастаць. Капітана нідзе няма. I нічога ад яго тут няма. Нават дзіўна! Толькі вось пад бокам у мяне нешта муляе, я мацаю рукой — гэта закапцелы прыклад карабіна з абарванай почапкай. I ўсё. Адкідваю абломак прэч. I тады бачу нешта недарэчнае воддаль. Пашкуматаны, вывернуты поўсцю наверх паўшубак з абрыўкам партупеі. Ля яго нешта шызавата-парнае, залітае крывёй. Кроў і наўкола, на перамешаным з зямлёю снезе. Эх, капітан, капітан!.. Але патроны! Гэтая думка надае мне раптоўнае жвавасці. Азірнуўшыся на танкі, я выскокваю з варонкі. Нізка прыгнуўшыся, сігаю да акрываўленых рэштак чалавека, ад якіх на марозе прыкметна ідзе пара. Зацяўшы гідлівасць, ліхаманкава варушу ашмоцце вопраткі. У дзіравай кішэні сапраўды дзве абоймы бранябойных патронаў. Адна, праўда, ужо расчатая, але бог з ёй. Побач у рукаве паўшубка пруцянее на снезе адарваная капітанава рука. Васковага колеру пальцы паціху растапырваюцца і заміраюць. Я хапаю патроны і кідаюся ў варонку.
«Ну, гады, цяпер ідзіце! Цяпер мы падзіравім вашыя бочкі!» — думаю я, піхаючы ў магазін патроны. Тым болей што танкі ўжо падышлі бліжэй; цяпер ужо можна выбіраць, куды цэліць.
Толькі чамусьці яны не ідуць. Яны ўсе сталі ў рад метраў за чатырыста ад ланцуга і скіроўваюць на пагорак свае гарматы. Я прыладжваюся на краі варонкі і не паспяваю яшчэ даўмецца, як быць далей, калі пагорак ва ўсю глыб скаланаецца ад некалькіх выбухаў. Над галовамі фыркочуць высокія асколкі. У паветры патыхае серная горыч трацілу. Я прыціскаюся да мяккага, пабітага асколкамі боку варонкі, уцягваю ў плечы галаву. Танкі пачынаюць беглы агонь з гармат.
— Тр-рах! Тр-р-р — р-рах!.. Трах… рах! Ого, сабакі, вось гэта даюць! Пагорак завалаквае пылам, у паветры змрочны туман выбухаў. Снежны дол хутка чарнее ад безлічы воспін-варонак. Я бачу, як на тым фланзе нехта перабягае. Але не зразумееш куды — назад ці ў варонку. Цяпер неакапаным — ліха.
Я страляю. Праўда, карысці ад таго пакуль што ніякай. Наперадзе толькі мільгане бліскаўка, і ўсё. Куды трапляюць кулі, не зразумееш. На танках калі і ёсць бочкі, дык яны ўжо ўсе прыкрыты вежамі. Цяпер іх не возьмеш — гэта не з борта. Біць жа ў браню — марная справа.