Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Олівер Твіст

Дыкенс Чарльз

Шрифт:

— Божа, Божа! Дапраўды гэта дзіўна, што я, якая нарадзіла яе, калі была маладой, цяпер здаровая і вясёлая, а яна ляжыць тут вось такая халодная і нерухомая! Божа мой, Божа, толькі падумаць... Гэта тэатр, ну чыста тэатр!

Пакуль старэчая істота шамкала і хіхікала ў прыпадку страшэнна агіднай весялосці, трунар памкнуўся ісці.

— Стойце, стойце! — гучна прашаптала старая. — Яе пахаваюць заўтра, або пазаўтра, або сёння ўвечары? Я прыбрала яе да хаўтураў, і я мушу ісці за труной, вы ведаеце. Прышліце мне шырокі чорны плашч, цёплы плашч, бо страх які холад. Перад тым, як ісці на могілкі, нам таксама трэба выпіць віна і з’есці пірага. Зрэшты, няхай хоць хлеба — прышліце бохан хлеба і кубак вады. Даражэнькі, ці будзе нам крыху хлеба? — прамаўляла яна паспешліва, ухапіўшыся за трунарова паліто, калі той быў рушыў да дзвярэй.

— Добра, добра, — азваўся трунар, — зразумела, што будзе. Усё, што захочаце.

Ён вызваліўся ад рук старой жанчыны і паспяшаўся прэч, цягнучы за сабой Олівера.

Назаўтра (тым часам сям’і была аказана дапамога ў выглядзе двух фунтаў хлеба і кавалка сыру, якія прынёс сам містэр Бамбл) Олівер са сваім гаспадаром вярнуўся ва ўбогі прытулак, куды ўжо прыбыў містэр Бамбл з чатырма мужчынамі з працоўні, якія павінны былі несці дамавіну. На рыззё мужчыны і старой былі накінутыя старыя чорныя плашчы. Калі прыкруцілі шрубамі века нічым не абабітае труны, насільшчыкі паставілі яе на плечы і вынеслі на вуліцу.

— А цяпер паддайце хуткасці, старая лэдзі! — прашаптаў містэр Саўэрберы старой у вуха. — Мы познімся. Нельга прымушаць святара чакаць. Ну, наперад, хлопцы — рушым як найхутчэй!

Атрымаўшы такое ўказанне, насільшчыкі прыпусціліся хуткімі крокамі са сваёй лёгкай ношай; два плакальшчыкі з усяе сілы намагаліся не адстаць. Містэр Бамбл і містэр Саўэрберы шпарка крочылі наперадзе; Олівер, чые ногі былі не такія доўгія, як у гаспадара, подбегам шыбаваў збоку.

Насуперак меркаванню містэра Саўэрберы, спяшацца пільнай неабходнасці не было, бо калі яны дабраліся да занядбанага, зарослага крапівой кутка могілак, дзе хавалі прыходскіх, святара яшчэ не было, а клерк, які ў рызніцы сядзеў ля каміна, лічыў зусім верагодным, што той будзе недзе праз гадзіну. Таму труну паставілі на край магілы, і двое сваякоў цярпліва чакалі пад халоднай імжой у гразі, а хлопцы ў лахманах, якіх відовішча прывабіла на клады, тым часам сталі шумна гуляць у хованкі паміж помнікаў; потым, каб памяняць забаву, яны сталі пераскокваць цераз труну. Містэр Саўэрберы і містэр Бамбл, як асабістыя сябры клерка, сядзелі з ім ля каміна і чыталі газету.

Нарэшце, пасля крыху больш чым гадзіннага чакання, усе ўбачылі, што містэры Бамбл і Саўэрберы з клеркам бягуць да магілы. Адразу ж за імі паказаўся святар, які на хаду апранаў строй, каб чытаць службу. Потым містэр Бамбл для прыліку адлупцаваў аднаго ці двух хлопцаў, а правялебны айцец, прачытаўшы з пахавальнага абраду столькі, колькі можна было ўціснуць у чатыры хвіліны, аддаў строй клерку і сышоў.

— Біл, давай! — сказаў Саўэрберы далакопу. — Давай, засыпай.

Гэтая задача была не надта цяжкая, бо верхняя труна была ўсяго за некалькі футаў ад паверхні зямлі. Далакоп закідаў зямлю, злёгку затрамбаваў яе нагамі, ускінуў на плечы рыдлёўку і пайшоў. Яго праводзіла хеўра хлапцоў, якія гучна скардзіліся на тое, што іх забава была такой кароткай.

— Хадзем, добры чалавеча! — сказаў містэр Бамбл, паляпаўшы мужчыну па спіне. — Зараз зачыняць браму.

Мужчына, які не рухаўся з таго часу, як стаў збоку магілы, падняў галаву, паглядзеў на таго, хто да яго звяртаўся, зрабіўнекалькі крокаў наперад і ўпаў самлелы. Звар’яцелая старая была занадта занятая аплакваннем плашча (трунар забраў яго), каб звярнуць на самлелага ўвагу, так што на таго вылілі кубак халоднай вады, і калі ён ачуняў, вывелі з могілак, замкнулі браму і пайшлі кожны сваёй дарогай.

— Ну як, Олівер, — спытаўся Саўэрберы па дарозе дахаты, — як табе гэта спадабалася?

— Так сабе, дзякуй, сэр, — адказаў Олівер даволі няпэўна. — Не надта.

— Нічога, з цягам часу прывыкнеш, — сказаў Саўэрберы. — Калі прывыкнеш, то ўсё будзе нармальна, мой хлопчык.

Олівер падумаў, ці доўга трэба было прывыкаць містэру Саўэрберы. Але ён вырашыў, што лепш пра гэта не пытацца, і пайшоў назад у краму, разважаючы пра ўсё, што бачыў і чуў.

РАЗДЗЕЛ VI

Олівер, якога вывелі з сябе кпіны Ноэ, пачынае праяўляць актыўнасць, чым вельмі яго здзіўляе

Прайшоў месяц, выпрабавальны тэрмін скончыўся. Олівер фактычна быў прыняты ў вучні. Акурат у гэты час быў неблагі паморак. Кажучы камерцыйнай мовай, на труны быў попыт, і на працягу некалькіх тыдняў Олівер набыў багаты досвед.

Поспех неардынарнай задумкі містэра Саўэрберы перавысіў нават самыя аптымістычныя спадзяванні. Самыя старыя жыхары не маглі згадаць іншага часу, калі б адзёр так лютаваў і так касіў дзяцей, і шмат было жалобных працэсій на чале з маленькім Оліверам, у капялюшыку, са стужкай аж да каленяў, што выклікала неапісальнае захапленне і замілаванне ўсіх мацярок горада. Олівер суправаджаў свайго гаспадара ў большасці яго выездаў на пахаванні дарослых, каб набыць навык спакойных паводзін ды валодання нервамі, што вельмі істотна для сфармаванага трунара. Таму ён шмат разоў меў магчымасць назіраць выдатную пакору і цвёрдасць, з якімі некаторыя моцныя духам людзі пераносяць выпрабаванні і страты.

Напрыклад, калі Саўэрберы меў замову на пахаванне якой-небудзь старой лэдзі ці старога джэнтльмена з мноствам пляменнікаў ды пляменніц, якія выглядалі зусім несуцешнымі ў часе папярэдняй хваробы і чыя жалоба была такой глыбокай на людзях, — сярод сваіх былі надта шчаслівымі, бесклапотнымі і нязмушанымі, размаўлялі адно з адным так вольна ды весела, як быццам не здарылася нічога, што магло б іх патурбаваць. Гэтаксама і мужы падпарадкоўваліся лёсу сваіх жанок з надзвычайным спакоем. Дый жонкі апраналі чорнае па сваіх мужах, нібыта зусім і не гаравалі ў гэтым жалобным строі, а дапільноўвалі, каб ён быў ім як мага больш да твару. Таксама можна было назіраць, што лэдзі і джэнтльмены, якія падчас цырымоніі пахавання цярпелі лютыя пакуты, вярталіся да нармальнага стану амаль адразу пасля прыходу дахаты, і ўжо перад канцом піцця гарбаты паводзілі сябе, быццам нічога не здарылася. Бачыць усё гэта было вельмі спрыяльна і павучальна, і Олівер назіраў за ўсім з вялікім захапленнем.

Хоць я і біёграф Олівера, але не магу наважыцца сцвярджаць напэўна, што Олівер Твіст з прыкладу гэтых добрых людзей зрабіўся пакорлівым лёсу. Аднак вельмі дакладна я магу сказаць, што на працягу многіх месяцаў ён моўчкі трываў кпіны і крыўды ад Ноэ Клэйпала, які ставіўся да яго нашмат горш, чым раней, бо зайздросціў новенькаму, які атрымаў чорнае жазло і стужку, тым часам як старэйшы заставаўся ў сваёй кепцы блінам ды ў скураных штанах. Шарлот ставілася да Олівера дрэнна, бо так да яго ставіўся Ноэ, а місіс Саўэрберы была яго рашучым ворагам, бо містэр Саўэрберы быў схільны сябраваць з ім; такім чынам, паміж гэтай тройцай, з аднаго боку, і неймавернай колькасцю пахаванняў, — з другога, Олівер Твіст пачуваўся галоднай свіннёй, якую памылкова заперлі ў свіран са збожжам пры бровары.

А цяпер я набліжаюся да вельмі важнага перыяду ў жыцці Олівера; я павінен зафіксаваць падзею, якая напачатку можа здавацца нязначнай і павярхоўнай, але якая ўскосна абумовіла найбольшыя матэрыяльныя змены ва ўсіх будучых спадзяваннях і справах Олівера.

Аднойчы пад абед Олівер і Ноэ, як звычайна, спусціліся ў кухню пашчыраваць над невялікім кавалкам бараніны — фунт з паловай горшага мяса з шыі. Шарлот якраз адлучылася дзеля нейкага задання на пэўны час, які Ноэ Клэйпал, галодны і злосны, меркаваў прабавіць ненайгоршым чынам, дапякаючы маладому Оліверу Твісту і цвелячы яго.

З намерам аддацца гэтай нявіннай забаве Ноэ паклаў ногі на абрус, пацягнуў Олівера за валасы і назваў яго цмокам; далей ён выказаў жаданне прыйсці і паглядзець, як яго павесяць, дзе б гэтая жаданая падзея ні мелася адбыцца, а таксама закрануў розныя іншыя тэмы, здольныя атруціць атмасферу, як гэта і належыць зласліваму і сапсаванаму інтэрнацкаму хлопчыку. Аднак пасля таго, як ніводная з гэтых кпінаў не дасягнула жаданага выніку — прымусіць Олівера заплакаць, — Ноэ паспрабаваў быць яшчэ больш вынаходлівым і зрабіў тое, што робяць зласліўцы з яшчэ горшай, чым у яго, рэпутацыяй, калі хочуць быць вынаходлівымі. Ён перайшоў на асабістыя справы.

Поделиться с друзьями: