Олівер Твіст
Шрифт:
— О містэр Бамбл, сэр! — замармытаў Ноэ. — Олівер, сэр... Олівер...
— Што? Што? — уклініўся містэр Бамбл, і ў яго валявых вачах засвяцілася радасць. — Няўжо ўцёк? Ён уцёк, ці не так, Ноэ?
— Не, сэр, не. Не ўцёк, сэр; ён сапраўдны бандыт! — адказаў Ноэ. — Ён спрабаваў забіць мяне, сэр, а потым спрабаваў забіць Шарлот і гаспадыню. О, як гэта балюча! Я паміраю, сэр!
Тут Ноэ пачаў круціць усім целам, як вугор; яго апанаваў курч, так што містэр Бамбл павінен быў зразумець, што ў выніку гвалтоўнага і крыважэрнага нападу Олівера Твіста ён атрымаў значныя нутраныя пашкоджанні, з-за якіх ён трывае нясцерпныя пакуты.
Калі Ноэ ўбачыў, што навіна, якую ён паведаміў, літаральна спаралізавала містэра Бамбла, ён пастараўся дамагчыся яшчэ большага эфекту і стаў крычаць пра свае жахлівыя раны ў дзесяць разоў гучней, чым раней. Заўважыўшы, што праз двор ідзе джэнтльмен у белай камізэльцы, ён залямантаваў яшчэ больш трагічна, бо справядліва палічыў, што будзе вельмі да месца прыцягнуць увагу і выклікаць у названага джэнтльмена раздражненне.
Увага джэнтльмена была неўзабаве прыцягнутая; не зрабіўшы і трох крокаў, ён раззлавана азірнуўся і запытаўся, чаго там вые гэты малы нягоднік і чаму містэр Бамбл не ўзнагародзіць яго чым-небудзь так, каб яго вакальныя практыкаванні былі больш абгрунтаванымі і гучалі натуральна.
— Гэты бедны хлопчык са школы-інтэрната, сэр, — адказаў містэр Бамбл. — Яго ледзьве не забіў — зусім крыху не хапіла, каб забіў — той вісус, Олівер Твіст.
— Каб цябе чорт пабраў! — усклікнуў джэнтльмен у белай камізэльцы, адразу спыніўшыся. — Я гэта ведаў наперад! Зсамага пачатку ў мяне было дзіўнае прадчуванне, што гэты нахабны малады дзікун прыйдзе да шыбеніцы!
— Падобна на тое, што ён спрабаваў таксама забіць служанку, сэр, — сказаў містэр Бамбл. Яго твар зрабіўся шэрым, як попел.
— І сваю гаспадыню, — уставіў містэр Клэйпал.
— І гаспадара таксама. Так, здаецца, казаў ты, Ноэ? — дадаў містэр Бамбл.
— Не, яго не было дома, а то б ён і яго забіў, — адказаў Ноэ. — Ён сказаў, што заб’е.
— Так-так, кажаш, абяцаў забіць? — дапытваўся джэнтльмен у белай камізэльцы.
— Так, сэр, — адказаў Ноэ. — І калі ласка, сэр, гаспадыня прасіла, ці не знойдзе містэр Бамбл часу, каб схадзіць цяпер вось туды і адлупцаваць яго, бо гаспадара няма дома.
— Зразумела, мой хлопчык, зразумела, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы, задаволена ўсміхаючыся і гладзячы Ноэ па галаве, якая была цалі на тры вышэйшая за яго ўласную. — Ты добры хлопчык, ты вельмі добры хлопчык. Вось табе пені... Бамбл, надзеньце трохкутку і схадзіце да Саўэрберы. Паглядзіце там на месцы, што можна зрабіць да лепшага. Не шкадуйце яго, Бамбл.
— Не буду, сэр, — паабяцаў Бамбл, папраўляючы канец тонкай падзягі, накручанай на ягоны кіёк знізу і прызначанай для прыходскіх лупцовак.
— І перадайце Саўэрберы, каб той яго таксама не шкадаваў. Без сінякоў і драпінаў яны ад яго нічога не даб’юцца, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы.
— Я пра гэта паклапачуся, сэр, — адказаў кур’ер.
І паколькі трохкутка ды кульба, да вялікага задавальнення іх гаспадара, былі ўжо там, дзе ім належыць, то містэр Бамбл і Ноэ Клэйпал з усёй магчымай хуткасцю рушылі ў трунарову краму.
Тут справы зусім не ішлі да лепшага, бо Саўэрберы яшчэ не вярнуўся, а малы з ранейшай сілай працягваў дубасіць у дзверы каморкі. Яго шаленства было па словах місіс Саўэрберы і Шарлот настолькі вялікае, што містэр Бамбл палічыў за патрэбнае весці перамовы спачатку праз зачыненыя дзверы. З гэтымнамерам ён у якасці прэлюдыі нанёс удар па дзвярах звонку, а потым, прыклаўшыся ротам да замочнай адтуліны, нізкім пераканаўчым голасам прамовіў:
— Олівер!
— Выпусціце мяне! — адгукнуўся Олівер знутры.
— Ты пазнаў мой голас, Олівер? — спытаў містэр Бамбл.
— Пазнаў, — сказаў Олівер.
— І ты не баішся, калі я гавару? Не трымціш? — запытаўся містэр Бамбл.
— Не, — цвёрда адказаў Олівер.
Адказ, вельмі не падобны да таго, які містэр Бамбл чакаў атрымаць, агаломшыў яго. Ён адышоўся ад замочнай адтуліны, выпрастаўся і ў нямым здзіўленні паглядзеў па чарзе на кожнага з прысутных.
— Ай-яй-яй! Вы ведаеце, містэр Бамбл, напэўна, ён звар’яцеў, — сказала місіс Саўэрберы. — Ніводзін хлопчык, будзь ён хоць напалову ў сваім розуме, не наважыўся б так гаварыць з вамі.
— Гэта не вар’яцтва, мэм, — адказаў містэр Бамбл пасля колькіхвіліннага засяроджанага роздуму, — гэта мяса.
— Што?! — усклікнула місіс Саўэрберы.
— Мяса, мэм, мяса, — сувора і выразна зазначыў містэр Бамбл. — Вы перакармілі яго, мэм. Вы абудзілі ў ім натуру і дух, мэм, якія не ўласцівыя асобе ў ягоным стане. Тое самае скажуць вам, місіс Саўэрберы, і сябры рады, а яны — філосафы-практыкі. Навошта беднякам душа, дух? Досыць ім таго, што мы падтрымліваем іх фізічнае існаванне. Каб вы, мэм, трымалі яго на кашы, то гэтага ніколі не здарылася б.
— Святы Божа! — усклікнула місіс Саўэрберы, набожна падымаючы вочы да столі. — Вось што значыць быць памяркоўнай!
Памяркоўнасць місіс Саўэрберы да Олівера выяўлялася ў тым, што яна, не шкадуючы, давала яму са стала тое, чаго ніхто болей не еў або не хацеў есці. І таму ў яе згодзе з уласнай волі ўзяць на сябе цяжкія абвінавачанні, высунутыя містэрам Бамблам, было шмат пакоры і самаадрачэння, хоць трэба сказаць шчыра, што ў памяркоўнасці яна не завінавацілася ні словам, ні справай.
— Ах, — сказаў містэр Бамбл, калі людзі зноў апусцілі вочы на падлогу, — цяпер адзіна правільным будзе пакінуць яго ў каморы на дзень ці два, пакуль ён не выгаладаецца, а потым забраць яго адтуль і трымаць на кашы, пакуль не скончыцца яго вучнёўства. Ён з кепскай сям’і. Спадчынная запальчывасць, місіс Саўэрберы! І нянька, і доктар казалі, што яго маці прыцягнулася сюды, нягледзячы на перашкоды і пакуты, якія жанчын добрага нораву давялі б да смерці на некалькі тыдняў раней.
У гэтым месцы разваг містэра Бамбла Олівер, які чуў даволі, каб улавіць, што далей згадваецца яго маці, зноў пачаў грукаць у дзверы з такім шаленствам, што заглушаў усе гукі.
У гэты крытычны момант вярнуўся Саўэрберы. Калі яму расказалі пра напад Олівера, і гэта з перабольшаннямі, якія, паводле разліку абедзвюх лэдзі, мусілі б распаліць ягоны гнеў, ён вокамгненна адамкнуў дзверы каморы і за шкірку вывалак свайго бунтоўнага вучня.
Падчас бойкі Оліверу парвалі адзенне. Яго твар быў у сіняках і драпінах, а валасы збіліся ў каўтун і падалі на лоб. Твар па-ранейшаму заставаўся чырвоны ад шаленства, і калі хлопчыка выцягнулі з ягонай вязніцы, то ён кінуў ваяўнічы позірк на Ноэ і зусім не выглядаў на спалоханага.
— Вось ты які файны хлопец, га? — сказаў Саўэрберы, патрос Олівера і даў яму поўху.
— Ён абзываў маю маці, — адказаў Олівер.
— Ну і што з таго, няўдзячны ты малы нягоднік? — сказала місіс Саўэрберы. — Яна заслужыла яшчэ горшага.
— Не заслужыла, — адказваў Олівер.
— Заслужыла, — паўтарыла місіс Саўэрберы.
— Гэта хлусня! — закрычаў Олівер.
Місіс Саўэрберы залілася слязьмі.
Гэтая плынь слёзаў не пакінула містэру Саўэрберы выбару. Калі б ён хоць на момант прамарудзіў з суворым пакараннем, то, як гэта ўжо зразумела кожнаму дасведчанаму чытачу, ён быў бы, згодна з усімі прэцэдэнтамі шлюбных сварак, названы быдлам, пачварай, не мужам, а чорт ведае чым, агіднай пародыяй на мужчыну і яшчэ шмат якімі мянушкамі, пералічэнне якіх магло б нашмат павялічыць памеры гэтага раздзела. Трэба аддаць містэру Саўэрберы належнае: наколькі распаўсюджвалася ягоная ўлада — а яна распаўсюджвалася на малы прасцяг — ён добра ставіўся да хлопчыка. Можа быць, гэта было ў яго інтарэсах, а можа гэта было так таму, што таго недалюблівала ягоная жонка. Аднак слёзны патоп не пакінуў яму выйсця, і ён адмяцеліў Олівера так, што задаволіў нават місіс Саўэрберы, а ўжыванне містэрам Бамблам яго прыходскай палкі, па сутнасці, стала непатрэбным. Рэшту дня Олівер правёў у каморцы за кухняй пад замком у кампаніі з помпай ды лустай хлеба, а перад сном місіс Саўэрберы, зрабіўшы пад дзвярыма колькі зусім не суцяшальных для памяці яго маці заўваг, зазірнула на кухню і пад насмешкі ды кпіны Ноэ і Шарлот загадала хлопчыку ісці наверх у свой убогі ложак.