Пайсці і не вярнуцца
Шрифт:
Відаць па ўсім, цяпер для яе пачынаўся іншы адлік часу, якім яна не распараджалася, наадварот, час пачынаў распараджацца ёю, і ёй заставалася адно — падпарадкавацца ягонай неміласэрнай хадзе. Але яна не магла падпарадкавацца, яна прагла саўладаць з бядой. Тым больш што Галубін пайшоў, канешне, не забыўшы падперці з таго боку дзверы. Яна чула ягоныя крокі на ганку і ягоную размову з гаспадаром. Затым іхнія крокі прапалі на двары, і яна, сціхнуўшы плакаць, прыслухалася. Ёй здалося, што яны вяртаюцца, дзверы ціхенька стукнулі. Але гэта былі не тыя дзверы, у якіх знік Галубін, а тыя, што вялі ў другую палавіну хаты. Яны сапраўды ціхенька затузаліся пад нечай нябачнай рукой, Зоська здзіўлена падняла галаву — слабы агеньчык капцілкі ў пячурцы ледзьве свяціў на змрочную столь трысцена і шэры квадрат дзвярэй, падперты вілачнікам. Але канец вілачніка быццам сам па сабе пасунуўся ўбок, паволі вызваляючы дзверы ад падпоры, і тыя нарэшце адчыніліся. У трысцен прашмыгнуў Вацык, за ім убегла гаспадыня, абое кінуліся да Зоські.
— Ой, панечка, панечка, цікайце!..
Праглынуўшы салёныя слёзы, яна трапятнулася, паспрабавала сесці, ногі адразу падвярнула вяроўкай, за якую тут жа ўхапіўся Вацык. Упаўшы ля яе на калені, ён пачаў ліхаманкава тузаць вузел вяроўкі, а гаспадыня сунула ў ягоныя рукі нож.
— Цікайце, цікайце, панечка!..
Хлопчык хутка перарэзаў вяроўку, ногі яе вольна выпрасталіся, яна ўскочыла, скідваючы з набалелых рук накручаныя рэшткі вяроўчыны. Яна яшчэ не зусім усвядоміла, што гэта паратунак, яна толькі адчула, што магчымасці яе раптам павялічыліся, і асабліва востра зразумела, што ў яе ёсць саюзнікі. Гэта адразу падвоіла яе сілы, яна скінула з сябе безнадзейнасць і памкнулася да невыразнай яшчэ, але ўжо забліскаўшай іскры надзеі.
— Сюды, сюды…
Дзесьці ў запечку гаспадыня адкінула паласатую посцілку-занавесь, Вацык знаёма стукнуў клямкай дзвярэй, і на яе дыхнула сцюжай і — воляй. «Дзякуй!» — кінула яна шэптам і, наткнуўшыся на штосьці ў цемры і ледзьве не ўпаўшы, ірванулася да выратавальна расчыненых на двор дзвярэй.
Ну, вядома, тут быў раней не заўважаны імі чорны ход з хаты на панадворак з дрывотняй каля парога і раскіданымі вакол тоўстай калоды палкамі; трошкі ўбаку грувасціліся заснежаныя камлі складзенага пад сцяной бярвення; яна кінула позірк у другі бок — зводдаль за плотам цямнела на гародзе лазня, каля якой яны нядаўна ішлі, кіруючы да сядзібы.
— Туды, туды бяжыце! — махнуў ёй з парога Вацык, і яна цераз праломіну ў загарадзі пабегла да лазні.
Яна бясконца доўга імчала па снезе якіх-небудзь паўсотню метраў да лазні, увесь час чакаючы крыку або нават стрэлу ззаду, цяпер яна ведала, што літасці ёй не будзе. Але прысадзістая хата з трысценам, напэўна, затуляла яе ад двара, ці, можа, Антон усё яшчэ быў у хляве, шукаў каня. Дзіўна, але менавіта ў гэтыя секунды яна амаль прагнула ягонага крыку, яна хацела пачуць ягоны спалох, разгубленасць, няхай бы страляў, чорта б цяпер ён у яе пацэліў. А наконт бегу яна яшчэ магла паспаборнічаць з ім, няхай паспрабуе яе дагнаць.
Але пакуль што ён не крычаў і не кідаўся яе даганяць, мабыць, ён яшчэ не заўважыў яе ўцёкаў, і яна з ашалелым дыханнем забегла за лазню. Далей за плотам і нешырокай паласой гарода цямнелася ўночы высокая сцяна лесу, які гатовы быў уратаваць яе, пакуль не спахапіўся Галубін. Але ці ад знямогі, ці яшчэ чаму яна не кінулася далей, у лес, а прыпала плячыма да сцюдзёных бёрнаў сцяны, і слёзы зноў пакаціліся з яе вачэй.
— Ах ты, нягоднік! Ах, нягоднік… — сказала яна сабе і замерла — у двары пачуўся знаёмы Антонаў голас. Але голас быў у меру спакойны, без крыку і трывогі, штосьці ён пытаўся там, і яму ціха адказаў гаспадар. Здаецца, ён усё яшчэ не заўважыў яе ўцёкаў — яны гаварылі там пра каня. Але што будзе, калі ён вернецца ў хату і не знойдзе яе? Ён жа можа перастраляць там усіх, адразу зразумеўшы, што ёй дапамаглі ўцячы. Божа, што толькі чакае гэту няшчасную сям’ю?..
Яна зірнула з-за вугла, але ў двары між цёмных сцен хаты і хлявоў нічога не было відаць. Антон з гаспадаром кудысьці пайшлі, можа, ужо вярнуліся ў хату. Ведама, ёй трэба было зараз жа бегчы ў лес, можа б, ён не адразу кінуўся за ёй па слядах, але яна ўсё стаяла. Яе зноў быццам паралізавала за гэтай пракапцелай лазняй, уся яна калацілася ад ветру і сцюжы і з жахам чакала стрэлаў і крыкаў — цяпер ужо не з двара, а ў хаце.
— Ах ты, нягоднік! Ах, здраднік!..
Не здольная што-небудзь рашыць і ўсё нервова дрыжучы ад сцюжы і страху, яна стаяла каля сцяны ўжо хвіліну ці болей, адчуваючы толькі, як знікае шанец на паратунак… Раптам яна зноў пачула галасы ў двары, і гэта вярнула ёй частку смеласці, — значыць, яны яшчэ не ў хаце. Самае страшнае адкладвалася на хвіліну-другую. I тады, усё ўзіраючыся з-за няроўнага вугла лазні ў двор і будынкі, яна ўбачыла на шэрым снезе падворка дзве цьмяныя зводдаль постаці — высокую Антона і прысадзістую гаспадара, якія кудысь шыбавалі — у напрамку пуні, ці што. Тут толькі яна здагадалася, што ён будзе шукаць у гумне, што, мабыць, каня ён яшчэ не знайшоў. Тым самым ён дараваў ёй яшчэ некалькі скупых хвілін, і яна раптам зразумела, што зробіць.
Трошкі беручы ўбок, каб затуліцца за хатай, яна кінулася назад на падворак. Хвіліну назад, выбегшы з хаты, яна ўбачыла ўбіты ў калоду тапор. Цяпер, нібы кошка, крадучыся каля сцяны, яна ўбегла на дрывотню і схапілася за гладкае сцюдзёнае тапарышча, аберуч з натугай выдзерла тапор з калоды. Пасля абабегла хату з другога боку, пералезла цераз невысокі штыкетнік агароджы, ускочыла на знаёмы ганак з вялізным замком на дзвярах. Але на ганку схавацца не было дзе, усё тут было адкрыта, а зноў бегчы цераз дрывотню ў хату ўжо не ставала часу. Ведама, яна нічога як след не абдумала і нават не агледзелася, але інакш яна не магла. Па-ранейшаму яе душыла крыўда, слёзы не давалі глядзець на свет. I яна ледзьве прымушала сябе да сцярогі. Прабегшы па двары да вугла, каб зірнуць на пуню, яна тут жа адхіснулася да сцяны — яны ўжо ішлі па снезе ад пуні назад. Зоська прыціснулася спіной да сцяны і ўзняла тапор. Іхнія крокі ўсё блізіліся, сэрца яе тоўхалася ў грудзях, ледзь не грукаючы аб бёрны сцяны, даўкі камяк перасеў у горле. Але яна не заплакала, яна толькі праглынула слёзы і, як толькі ён ступіў з-за вугла, з усяе сілы замахнулася над галавой тапаром. Тут жа яна сцяміла, што няўдала, Антон крута, па-ваўчынаму вывернуўся і моцна ўдарыў сам. Занесены на другім узмаху тапор стукнуўся аб сцяну і адляцеў на снег, Зоська крыкнула, а ён, мацерна, са злосцю вылаяўшыся, паваліў яе долу, выцяў раз і другі, прыўзняў, скалануў і зноў выцяў.
— Ах ты, курва тваю маць! Што ўдумала… Ах, курва!..
Нядоўга, але без літасці збіўшы яе на снезе, Антон уцягнуў Зоську ў трысцен. На гэты раз яна не супраціўлялася, адразу абяззброеная не так яго азвярэлым напорам, як сваёй страшэннай няўдачай. У думках яе злосна пыхнула: «Забівай, гад!» I яна спярша нават не адчула болю, зразумеўшы нарэшце, што цяпер ужо ўсё. Цяпер ужо надзеі ў яе не засталося ніколечкі.
— Мярзаўка, што ўдумала! Ах, курва! — распалены шаленствам, хрыпеў Галубін, кінуўшы яе на падлогу. — Я да яе па-добраму, а яна… А вы! — раптам вызверыўся ён да разгубленых і напалоханых гаспадароў хутара, што прыціхлі ля печы. — Ты яе выпусціла, сцерва! — закрычаў ён і пагрозліва ступіў да гаспадыні.
— Не, не, пан! Ніц не вем…
— Не вем! Я табе пакажу — не вем! Усіх разам прыкончу! I таго выпаўзка таксама! Падла! — пагрозліва вертануўся Антон да гаспадара. — Каня ўсё ж схаваў, сволач! Цяпер сам яе панясеш!
Паволі, без сіл, прыўзняўшыся ў доле, Зоська выплюнула крывавую сліну. Здаецца, ён выбіў ёй зуб, вельмі балела сківіца, заклала ў баку, не было як дыхаць. Пакуль ён пагражаў гаспадарам, яна села, знямогла абаперлася рукамі аб зямлю. З рота ўсё ішла кроў, і яна думала: што будзе далей? Раззлаваны няўдачай, ён мог кожную хвіліну пазабіваць усіх у гэтай хаце. Праўда, за наган ён яшчэ не хапаўся, напэўна, жывыя яны былі яму болей патрэбныя. I болей за ўсіх, канешне, патрэбна была яму Зоська. Інакш з кім ён прыйдзе Да той паліцыі ў Скідзелі? Значыць… Значыць, будзе лепш, калі ён яе не давязе да Скідзеля. ёй трэба памерці раней. Так будзе лепш для яе самой, для тых, хто ў атрадзе, для сувязных у вёсках. Нарэшце, для яе маці ў Скідзелі. Зосьцы трэба як найхутчэй памерці і тым адвесці ганьбу і вялікую бяду ад многіх.
Новы паварот у яе становішчы асвятліў усё іншым святлом, надаў новае адценне ўсім яе думкам, па-іншаму павярнуў яе намеры. Яна ўся аціхла, сцялася, засяродзілася на сваёй новай мэце. Цяпер ёй стала не да задання, якога яна не магла выканаць, адпаў клопат аб тэрмінах, нават прапала спачуванне да гэтай во добрай жанчыны і яе сына Вацыка. Каб не нарабіць ім бяды, яна павінна як мага хутчэй развітацца з жыццём, у якім чакала яе горшае, чым сама смерць.
Але як гэта зрабіць?
Яе доўга і падрабязна інструктавалі ў атрадзе, пасылаючы на гэта заданне, яна вывучыла на памяць усе паролі і водзывы, запомніла нямала імён людзей і назваў хутароў і вуліц. Яна старалася даведацца і запомніць усё, што магло ёй спатрэбіцца, і ведала многае, апроч самага важнага: як лепш памерці ў самы апошні момант, калі жыццё абернецца для яе бядой.
Седзячы на падлозе, яна крадком агледзела змрочныя закуткі трысцена, зірнула ў цемру пад лаўкай, пад стол, разы два зірнула на сцяну ля парога. Там вісела нейкая вопратка, каромысла, стары картух на цвіку, але не было нічога такога, што магло б спатрэбіцца ёй. На падлозе ляжаў кавалак вяроўчыны, перарэзанай Вацыкам, але што карысці цяпер з вяроўкі? Заставалася адно: выхапіць у Антона наган і застрэліць яго і сябе. Гэта было б здорава!.. Але калі забіваць яго, дык нашто забіваць сябе? — падумала Зоська. Тады, можа, удасца выратавацца. Значыць, так: забіць яго і выратавацца. Адна спроба не ўдалася, можа, удасца другая.