Пайсці і не вярнуцца
Шрифт:
Яна толькі хоча зразумець, хто з ёй? Адчуваецца нечая прысутнасць побач, напэўна, ён кіруе канём, але хто гэта? Ёй бы толькі б зірнуць на свайго выратоўцу, і ўсё. Пра Антона яна ўжо не думае — хай ён згіне, забойца! Галоўнае, яна выратавана, дасць Бог — ачуняе, і тады яна з ім паквітаецца. Яна зірне ў подлыя яго вочы, яшчэ ён паваляецца ля яе ног.
— Нэ-нэ, шавяліся, мілая…
Але гэта ўсё тая ж знаёмая ёй цётачка, што паіла яе малачком, і Зосьцы робіцца сцішана і спакойна, яна прывыкла ўжо да яе падобнага на матчын голасу. Нявыказаная ўдзячнасць шчымлівай тугой сціскае нешта ўнутры, і з Зосьчыных вачэй коцяцца па шчоках дзве казытлівыя сцюдзёныя слязінкі.
— Нічога, дзяўчатка, усё будзе добра. Перахаваем цябе ў добрай мясціне, як-небудзь, дасць Бог, ачуняеш. Маладая яшчэ, жыць будзеш, дзетак народзіш. Не век жа гэтай праклятай вайне доўжыцца, — як са свежай крынічкі летнім поўднем, абнадзеена гучыць побач.
Зоська сцішваецца пад цёплым кажушком і думае: а можа, і праўда: страшнае ўжо мінулася і яна як-колечы выкараскаецца са сваёй бяды.
1978