Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пошукі будучыні

Чорны Кузьма

Шрифт:

Гэта было ўвасабленне наіўнасці, непасрэднасці, парыў маладой натуры, калі ўсё, што ляжыць на душы, просіцца ў свет. У маладосці душа і думкі не абцяжараны развагаю аб мэтазгоднасці. Стоячы цяпер перад маўклівым Нявадам, гэтая маладая дзяўчына не ведала, што яна ўзварушыла ў душы гэтага старога перад ёю незнаёмца.

«Яна хоча ведаць, каго ёй ненавідзець за ўкрадзенае маленства? А каго я павінен ненавідзець за гэта ж самае?» І зноў вобраз малой Волечкі вырысаваўся перад ім. І вобраз гэты раздвоіўся. Побач з Волечкай стаяла тая, цяперашняя, так падобная на сваю маці.

— А чаму ж вы жылі цяпер не з бацькам?

— Я вучылася і на лета еду.

— А як жа вы завецеся?

— Лізавета.

— Што ж гэта так усё сыходзіцца! У мае дачкі таксама дачка Ліза. Год ёй ужо будзе ці не чатырнаццаць.

— Ой! — крыкнула раптам Лізавета і шатнулася, як сядзела, назад. Нявада са здзіўленнем сачыў за ею, а яна паказала пальцам уніз перад сабою, і Нявада глянуў туды. Там быў адзін з тых двух равоў. Увесь ён быў скрыты ў густым таполевым зарасніку. На дне яго расла густая і высокая трава і цвілі кветкі. Яны, блакітныя і жоўтыя, відны былі праз трапяткое лісце зараснікаў, якія шчыльнай сцяной купчасціліся паабапал рова. Лісце шумела і траслося на ветры. Нявада ўгнуў твар над ровам і, прыглядаючыся, пачаў заўважаць на дне яго, у траве і пад нахіленым нізка веццем маладых парасткаў, чалавечыя ногі, абутыя ў боты з вялікімі абцасамі. Абцас аднаго бота быў у жвірыстай зямлі. Гэты абцас і стаптаў тое дрэўца! Нявада шатнуўся ад рова і беспарадна глянуў на дзяўчыну, якая як бы чакала першых захадаў ад Нявады. Але ён стараўся перамагчы ў сабе трывожную прыкрасць і разважыў думкамі сам сябе: «Падарожны нейкі спіць. А чаго ж ён залез у самы роў? У вільгаць? Калі тут трава сухая? Мала што, — душыў у сабе трывогу Нявада. — Усялякая прыгода з чалавекам можа здарыцца».

— А чаго ж вы самі так устрывожыліся?

— Хіба? Ты, нябога, нешта выдумляеш.

— То я пайду. На станцыю. Ніякай машыны нідзе няма.

Нявада ўбачыў, што яна і сапраўды зараз пойдзе. Яна прыгнулася і перашнуравала свой чаравік і паправіла на галаве хусцінку. Сэрца ў Нявады заныла. Што такое здарылася? Хто яна такая, што яму так не хочацца больш ніколі не бачыць яе? Ён і сам не мог разабрацца ў той праўдзе, што яна якраз папала сваім расказам аб сабе на боль у яго душы. Можа нават толькі на тое, каб яшчэ затрымаць яе каля сябе, ён сказаў:

— Можа ўжо больш не будзе такога няшчасця з людзьмі, каб аддзялялі бацькоў ад дзяцей.

— Можа і не будзе. А можа будзе.

— Будзе. Цяпер я ўжо ведаю, што будзе, — раптам устрапянуўся ён. — Бо і так сказаць, чым жа свет і людзі з’іначыліся? У мяне ўкралі маленства мае дачкі.

— А ў мяне на дваццаць год укралі бацьку.

Вялікая трывога раптам ахапіла яго. Ён сам не мог саўладаць са сваім парывам. Зрабіў рух да самага рова і ўставіўся вачыма ў абцас, які (ён у гэтым быў упэўнен) растаптаў яго дрэўца.

— Чалавеча, скажы ты мне, чаго ты лёг тут?

Бот зварухнуўся, і чалавечая постаць з’явілася з-пад трапяткога вецця. Гэта быў чалавек малады і нерашучы, нават вялы рухам сваім. Ён хваляваўся і дзіка пазіраў на Няваду і Лізавету. Ён вылез з рова і сеў на краі яго. Некалькі кропак рабаціння было на яго твары, і валасы на галаве мелі нахіл да кучаравасці. Або ён выглядаў на многа маладзейшы сваіх год, або і сапраўды быў толькі ў першым сваім юнацтве. Адзежа на ім не мела пашаноўлі і догляду, у ёй заўсёды валяліся па мокрай траве і па пяску, яе рвалі аб сукі ў лясным гушчары, падсцілалі пад сябе нанач або, яшчэ лепш, спалі ў ёй. Яна была простая, як і ва ўсіх людзей на дарозе, але больш мятая і ўбруджаная. Ці было ўсё гэта непрыемна чалавеку? Ніякіх адзнакаў гэтага не было, хоць і льга было заўважыць, што на плячы ў пінжаку брудную лапіну не вельмі даўно так старанна церлі, што аж сукно выцерлі. Пакуль ён так сядзеў над ровам, Лізавета і Нявада глядзелі на яго, а ён маўчаў, пазяхаў і як бы чакаў. Пасля спрытна скруціў з махоркі папяросу, дастаўшы канцамі пальцаў махорку проста з кішэні. Закурыўшы, ён, надзьмуты і злы, паглядзеў на Няваду і абазваўся:

— Ну, чаго мяне пабудзілі? Дарогі пытацца ці што?

Нявада збянтэжыўся, адчуў, што немаведама на што пабудзіў чалавека.

— Дарогі пытацца? Не, я тутэйшы… Бачу — ляжыць чалавек у рове, у вільгаці, у мурашках, у яме. Як бы наверсе не знайшлося ўжо чыстай травы.

Чалавек, ці, можа, лепш называць яго «хлопец», пацягнуўся ўсімі сваімі суставамі і стаў, выплюнуўшы з рота недакурак. Пасля зірнуў на шашу і, як бы сам сабе, сказаў:

— Як на тое ліха, ніводнай машыны.

— А вам куды? — устрапянулася дзяўчына. Так і відно было, што яна была б рада знайсці спадарожніка дзеля свае дарогі, на якой трэба чакаць і пільнаваць выпадковых машын, пытацца, у які бок кіравацца, адпачываць на прыдарожнай траве, сустракацца з незнаёмымі людзьмі…

— А вам куды? — адказаў запытаннем хлопец.

— Мне за Бабруйск.

— Э, мне зусім у іншы бок. Мне пад Пяцеўшчыну, пад Самахвалавічы… На Менск.

— А-а, — працягнула з расчараваннем дзяўчына.

— То калі вам на Менск, дык чаго ж вы паглядаеце на шашу, — абазваўся Нявада. — Вам трэба пільнаваць машыну на гэтай вось дарозе. На Капыль, на Кучанку, на Перавоз, на Пырашава… Хоць, праўда, вы можаце на Слуцк, калі па шашы, а там на Менскі тракт…

— Ведаю, — сказаў зноў злы і надзьмуты хлопец. Здавалася, ён ненавідзіць гэтых людзей, што выпаралі яго з рова. Дзяўчына заўважыла ў ім гэтую рысу і адразу адышла ўбок. Нявада адчуў тут сябе лішнім. Тым часам з захаду на ўсход ішлі дзве машыны. Адна па шашы, другая па дарозе на Менск. Дзяўчына заварушылася, выбегла на шашу і падняла руку ўгару. Хлопец жа, здавалася, і не заўважаў, што якраз яго ідзе машына.

— Унь жа машына ў ваш бок! — не вытрымаў Нявада.

Хлопец паволі рушыў на сваю дарогу, яшчэ больш злы і нахмураны. Было падобна, што гэта ён збіраецца змясіць кулакамі і нагамі Няваду. Хлопец нехаця падняў руку, але невысока і на самы кароткі момант. Тым часам дзве машыны, не зважаючы ні на што, прайшлі далей, кожная ў сваю дарогу, і неўзабаве скрыліся з вачэй. Задаволены хлопец урачыста зірнуў на Няваду: «Ну што, стары дурань, трэшся тут, лезеш не ў сваё. Я сам ведаю, што мне рабіць». Вядома, Няваду сапраўды варта было б ісці ў свае Сумлічы. Што яму тут з гэтымі людзьмі? Але незразумелы смутак прыгнятаў яго душу. «Як гэты хлопец мог так незаўважна стаптаць дрэўца, і чаго ён хаваўся ў рове, і чаму ашуквае людзей, што яму трэба на Менск, калі ён нават як належыць не спрабаваў спыніць машыну? А відно, што ён здалёк, што ён у вялікай дарозе. Можа і дзяўчына гэтая хлусіць пра сябе і свайго бацьку. Можа ўвесь свет такі дзікі, што чалавеку не можна гаварыць праўду і баяцца другога чалавека. І можа ўжо скора пачнецца тая зноў навала? Можа ўжо зноў тут блізка ходзіць той вялікі злодзей, што ўкраў у яго Волеччына маленства?!» Душачыся нейкім страшным пачуццём, Нявада не зводзіў вачэй з хлопца, і той раптам уздрыгануўся:

— Чаго ты так разглядаеш мяне? Я табе падазроны які ці што? Я цябе не баюся!

— А хіба я хачу, каб ты мяне баяўся? Каб ты, сынку, ведаў, што мяне за душу трымае…

— Ведаю! У цябе ўкралі маленства твае дачкі. А ў мяне ўкралі самога мяне. Так што ідзі сабе ў свой бок, а я ў свой.

Нявада пачырванеў і адвярнуўся. У наступны момант ён угнуў плечы і выйшаў на брукаваную дарогу з гэтага месца да Сумліч. Ідучы ён гаварыў нешта сам з сабою. Праз чвэртку кіламетра ён азірнуўся і ўбачыў таго хлопца: гнучыся паўз жыта, ён ішоў у глыб поля, дзе сінявілася далёкая істужка лесу. Што ж да дзяўчыны, то Нявада бачыў, як яна запыніла на дарозе машыну і паехала ў сваю дарогу. Але ён не бачыў, як машына праз паўкіламетра стала і шафёр падлез пад яе і, лежачы на спіне, заваждаўся з рамонтам. Ужо і дзень схіліўся к вечару, а машына не была гатова. Нарэшце шафёр сказаў, што далей язды не будзе і трэба чакаць выпадку, каб узяцца ў каго на буксір. Дзяўчына паціснула плячыма ад прыкрасці і шпарка пайшла назад на скрыжаванне. Яна ўсё ўглядалася ў дарогу: іншае рады ёй не было, як спадзявацца на шчасце з новай машынай. Змяркалася, а яна, можа, і не адважылася б напроці ночы ісці адна да станцыі. Яна села пад вялікім дрэвам, прытулілася да яго і не зводзіла вачэй з дарогі. Два разы яна выбягала на дарогу і паднімала руку ўгару, але машыны прайшлі, і яна зноў апынулася на ранейшым месцы пад дрэвам. Бадай што ўжо зусім змеркла. Дзяўчына пачала беспарадна кідаць вачыма на дарогі і навокал сябе. У далечыні льга было заўважыць цёмныя абрысы мястэчка Сумлічы. Дзяўчына ўжо была памкнулася ісці туды, як раптам, непадалёку ад сябе, у гушчырні таполевых зараснікаў над ровам, выразна заўважыла чалавечую постаць. Нехта сядзеў і, як бы паўзучы, знік у кустах. Ёй здалося, што яна нават пачула трэск сухога ламачча. Ветру ўжо не было і ўсталёўвалася цішыня. Дзяўчына ўздрыганулася і рашуча пайшла на сумліцкую дарогу. Адразу яна азірнулася і ўбачыла, што ён стаіць пад кустамі.

— Хто там? — крыкнула дзяўчына, апанаваная страхам. Ён так шпарка сеў, што ёй здалося, быццам гэта ён упаў. Душа яе заныла ад жаху. Яна дала шпаркую хаду ў сумліцкую дарогу, але ў гэты момант на шашы выплылі з-за далечыні фары, і машына шпарка пайшла сюды. Дзяўчына выбегла на шашу, каб падняць рукі. Ужо тут машына прыцішыла хаду і ўз’ехала на Менскі кірунак. Дзяўчына апусціла рукі. На завароце машыны святло з фар асвяціла зараснік над ровам, і дзяўчына зноў убачыла і пазнала яго. Гэта быў той самы хлопец, якога ўдзень Нявада выпараў з рова. Цяпер ён кідаў вачыма то на дзяўчыну, то ўслед машыне. Дзяўчына гэта выразна заўважыла і, не азіраючыся больш, а толькі прыслухоўваючыся, як мага шпарчэй пайшла на Сумлічы. Ён жа пільна сачыў за ёю, аж пакуль яе льга было заўважыць у вячорнай цемені. Ён доўга прыглядаўся і прыслухоўваўся. Нідзе нікога і нічога не заўважалася. Стаяла цішыня. Ён пачаў асцярожна станавіцца на ногі. Бадай што бегам ён даскочыў да вялікага дрэва і як бы ўліп у яго. Зноў пільныя абгледзіны ўсяго навокал і прыслухоўванне. Пасля ён узвёў вочы ў неба. У вышыні мільгацелі дзе-нідзе зоры. Зноў як бы ўзнімаўся вецер і халадала. Яшчэ раз прыслухаўшыся, ён раптам перахрысціўся па-каталіцку. Губы яго пачалі шаптаць: «Божа, няхай жа хутчэй прыйдзе да мяне мая тая будучыня, і няхай яна будзе такая, як думаю я. Каб хутчэй скончылася бадзянне маё і каб хутчэй на гэтай зямлі настаў канец таму, што на ёй цяпер ёсць. Няхай хутчэй прыйдзе час, і каб я адразу знайшоў сваю будучыню». Пасля гэтай складнай малітвы, якая, відаць, гаварылася не ўпершыню, ён зноў прыглядаўся і прыслухоўваўся. Пасля сціснуўся ў жмут і сеў пад кустамі драмаць. Паціскаючыся з холаду, ён прахапіўся, калі ўжо свяціла сонца. Яно яшчэ невысока стаяла над непаспелым жытам, і ён устрывожана пабраўся з-пад дрэваў у кусты над ровам.

Тым часам яго ўвагу ўзяла на сябе грузавая машына, што імчалася па шашы з захаду на ўсход. Многа людзей сядзела ў ёй, найбольш жанчыны і дзеці, і сярод іх здалёк відна была сівая барада старога чалавека. На самым скрыжаванні машына крута спынілася, і шафёр, узбуджаны і ўстрывожаны, выскачыў з кабіны. Жанчына ў машыне моцна заплакала: «Не трэба спыняцца, хутчэй далей, далей ехаць». Другая каля яе залямантавала: «А Божачка мой, а хлопчык жа мой маленькі, а нават і костачак тваіх я не пазбірала…»

Поделиться с друзьями: