Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Трэцяя ракета

Быкаў Васіль

Шрифт:

Я шпурляю цераз бруствер гэты незавязаны, не патрэбны цяпер нікому хатуль і зноў бяруся за каску. Сухая, напаленая сонцам зямля, як жарства, скрыгае па сталі, каска ўжо бялее вузенькім абшарпаным казырком. Мне не відаць, што там робіцца на паверхні, але Папоў маўчыць, і ў голаў лезе рознае.

Мне ўспамінаецца колішні наш камісар, які аднойчы перад атакай старанна начышчаў свае новыя, толькі пашытыя атрадным шаўцом боты і быў забіты праз якую гадзіну, нават не запэцкаўшы як мае быць гэтых ботаў. Паўстае ў вачах старшына Клыбаў, вядомы ў атрадзе барахольшчык і хцівец, у якога нельга было выпрасіць шматка на лапік і які вазіў з сабою тры вазы рознага трафейнага майна. Сталася так, што снарад ударыў якраз у фурманку і раскідаў па алешніку ўсё старшынскае багацце разам з рэшткамі скупога гаспадара… Памятаю, бачыў я ў шпіталі салдата, якому хірург аперыраваў сцягно і ўвесь час лаяўся. Аказваецца, нямецкі асколак разбіў у кішэні салдата сем гадзіннікаў, загнаўшы ў нагу ўсякія кольцы і спружынкі. Не, хай яно тысячу разоў спрахне, тое барахло! Ці да яго мне, калі варта толькі заплюшчыць вочы, — і вось яны, тыя страшныя каляіны, у якіх з крывавай гразёю перамешаны паламаныя рукі, ногі, раструшчаныя гусеніцамі дзіцячыя галоўкі… Але ж няўжо гэта так і сыдзе са мною ў магілу і прападзе назаўжды мая святая нянавісць?

Не! Калі ёсць справядлівасць на свеце і разумны сэнс у жыцці, дык я буду жыць. Я мушу жыць — гінуць мне нельга.

15

— Лошка!!! — раптам крычыць Папоў. — Хлопцы, Лошка!!!

Мы з Крывёнкам выскокваем з акопа, Папоў здаровай рукой паказвае ў поле, туды, дзе няма ні ворагаў, ні нашых. Сапраўды, цераз пагорак у наш бок нехта бяжыць.

Гэта яшчэ далёка, і відаць толькі, як коціцца па зялёным маленькая фігурка чалавека ў зеленавата-жоўтым, аблезлым на сонцы адзенні. Але тое, што ён кіруе сюды, ні ў кога з нас не выклікае сумнення.

Чалавек тым часам знікае ў лагчыне за бліжэйшым пагоркам, некалькі хвілін мы чакаем, не зводзячы з таго месца вачэй, і ён зноў паказваецца з-за блізкага грэбня і зноў хутка бяжыць уніз.

— Маладэц Лошка! — задаволена, амаль радасна кажа Папоў.

Добра было б, каб толькі яму не пашкодзілі немцы. Яны не так ужо і далёка і, пэўна, бачаць з дарогі адзінокага салдата і, вядома, могуць абстраляць яго. Я засцярожліва азіраюся на дарогу, але там нікога — адно толькі дымна смыляць-дагараюць аўтамабілі; другія, скасабочыўшыся, нерухома стаяць у канаве. Падбіты танк побач таксама недзе смыліць унутры, на ветры ўюцца рэдкія пасмы дыму, па-ранейшаму смярдзіць бензінам, фарбай, паленай гумай і яшчэ нечым гаркавата-салодкім — ад яго пад грудзямі робіцца блага.

Але чагосьці змаўкае Папоў, яшчэ болей нахмурваецца зацяты Крывёнак; адчуўшы нечаканае, я шукаю ў полі маленькую постаць нашага пасыльнага і таксама дзіўлюся. Ён ужо бяжыць цераз лужок ля ручая, і ўжо відаць некаторыя драбніцы ягонай постаці. І тут мне пачынае здавацца, што гэта не Лёшка і нават не салдат і не мужчына — прытрымліваючы пад пахай нейкую ношу, кідаючы позіркі ў бакі, бяжыць жанчына ў вайсковым.

Самае зоркае вока, аднак, у Папова, ён некалькі секунд востра ўглядаецца ўдалячынь і з радасным здзіўленнем ускрыквае:

— Луся?!

Так, гэта Люся. Як ні недарэчна, але гэта яна. Я і сам ужо бачу і пазнаю, як хуценька мігацяць у траве спрытныя ногі ў чорных халяўках ботаў і развяваецца на ветры залацістая шапка яе валасоў. Пад пахай у яе санітарная сумка, і мне здаецца, што я бачу нават, як глыбока ўрэзваецца почапка ў дзявочыя грудзі. Вядома ж, Люся шыбуе да нас…

Зноў самотнае, тужлівае пачуццё невядома чаму апаноўвае мяне — і няпэўная стрыманая радасць і трывога: чаго бяжыць яна? Мо што здарылася з Лёшкам, можа, яго параніла, і яна нясе нам камбатаў загад? Можа, яна думае, што ён тут, і таму не вытрымала, бяжыць, шукае яго? Але тады не трэба і яе, няхай бы яна лепш не паказвалася нам сёння. А можа, гэта яе паслаў сюды камбат Троцкі з якім загадам? Але не. Чаго гэта Троцкі будзе пасылаць санінструктара, хіба не знайшлося якога салдата ў палку! Я ўсё думаю і не магу даўмецца, чаго яна наважылася на гэта ў такі час, у такую небяспеку, калі мы тут самі сядзім як на вуголлі.

— От маладэц! Ну, маладэц! Ох, Луся! — захапляецца Папоў, узлёгшы жыватом на бруствер, і на яго спатнелым шырокім твары блукае лагодная наіўная ўсмешка. Крывёнак жа, здаецца, да болю сашчапляе сківіцы і, не сказаўшы ні слова, лезе назад у акоп, да сваёй рыдлёўкі.

А я ўжо не магу адарвацца ад Люсі. Яна бяжыць! Не перастаючы, усё мільгаюць і мільгаюць на сонцы яе загарэлыя каленькі і матляюцца-рвуцца з галавы валасы. Яна пераскоквае цераз абмялелы травяністы ручай і, трошкі запаволіўшы бег, узнімаецца на пагорак, дзе мы. Тут яе немцы з дарогі не бачаць, але хутка яна выйдзе на роўнае, і тады будзе самае страшнае. Толькі б праскочыла яго, толькі б паспела!..

Толькі б паспела, але дзе тут паспееш! Занятыя Люсяй, мы не бачым адкуль, толькі раптам на гарматным шчыце лопае і адлятае прэч куля. Папоў ураз спаўзае ніжэй, я таксама прыгінаюся да зямлі, каб не вытыркацца з-за бруствера, і ў той жа час далёкая і кароткая ў пяць куль чарга б'е па пяску і гармаце.

— Сволач немец: у сланечнік хадзі! — кажа Папоў. — Ох, Луся!

Я кладуся на гарачую зямлю пад брустверам і раз-пораз коратка пазіраю туды, дзе павінна паказацца Люся. Апошнія да роўнядзі метры яна прападае з нашага зроку, але павінна вось-вось з'явіцца. Папоў курчыцца пад нізенькім шчытком гарматы, ён занепакоіўся і крычыць на Крывёнка:

— Што ты! Кідай лапат, страляй! Скора-скора!

Крывёнак адстаўляе рыдлёўку і высоўвае над брустверам кулямёт. Грукатлівая доўгая чарга б'е па далёкіх сцяблах сланечніку.

І вось Люся паказваецца. Яна выбягае з-за схілу, спыняецца на момант, акідваючы поле вачыма, і зноў бяжыць да нас ужо наўпрасткі. Нам ужо відаць яе твар — успатнелы, змораны, расчырванелы, але такі незвычайна прывабны твар маладой, шчырай і вельмі прыгожай дзяўчыны; трапяткая бліскаўка медаля мігаціць на яе невялічкіх грудзях. Яна азіраецца ў бакі, паглядвае на нас і, здаецца мне, усміхаецца. Толькі чагосьці яна падае. Скалануўшыся, я высоўваюся з-за бруствера, азіраюся — не, са сланечніку не страляюць. Упёршы куртаты прыклад у плячо, Крывёнак пільна ўзіраецца туды. Ага, гэта з другога боку — з траншэі! Некалькі чэргаў прыглушана даносіцца адтуль — значыць, і там ужо немцы. Але Люся ўсё ж ускоквае і, прыгнуўшыся, шпарка падаецца наперад.

Здаецца, нам будзе блага. Я пазіраю на Папова, ён — на мяне, і мы, разумеючы адзін аднаго, пераводзім погляды ў поле. Калі немцы з абодвух бакоў і спераду — гэта дрэнь. Яны акружаюць нас…

— Лазняк, павяртай! Скора-скора!

Мы ўдвух крыху заносім станіны, Папоў пачынае круціць махавікі, пасля сцішваецца ля прыцэла, і гарматка грымотна падскоквае. Карцеч сотняю куль разбівае дзірван, узнімае на траншэйным брустверы воблака пылу, і аўтаматныя стрэлы сціхаюць. Я зноў зараджаю, але наводчык толькі ўзіраецца ў прыцэл і не страляе.

— Ага, нядобра! — зласліва бурчыць ён. — Ага, прыпаліў!

І Люся, вось яна, вось. Апошнія метры яна паўзе — хуценька, спрытна, толькі варушыцца-выгінаецца ў траве яе вузенькая спіна ды ўсё залацее-рассыпаецца на галаве кучомка валасоў. Ніколі не бачыў я, каб так спрытна поўзалі нават заўзятыя пехацінцы-салдаты. Яшчэ некалькі крокаў, яшчэ! Люся мінае прылеглую кукурузную кучу, падпаўзае да бруствера і спыняецца, з-пад рассыпаных валасоў усмешліва пазірае на нас і аддыхваецца. Я ўвесь напружваюся, быццам мне, а не ёй цяпер пераадолець самае страшнае — бруствер, і сам сабе шапчу:

— Ну, скоранька! Скоранька! Скакай!

І вось яна ўніз галавой куляецца цераз бруствер у глыбіню гарматнага сховішча, падае з пляча сумка з чырвоным крыжам на вечку, і мы кідаемся да дзяўчыны. Не, яна, здаецца, не ранена, яна толькі адкідваецца спінай да сцяны, закідвае голаў і шалёна-шалёна дыхае. Тонкія яе ноздры на роўным ладным носе ходзяць хадуном. Я гляджу, як гэтак жа апантана б'ецца на яе шыі сіненькая жылка, як ціха і вельмі зморана дрыжаць на зямлі яе абадраныя тонкія пальцы, і цёплая пяшчотная хваля расплываецца ў маіх грудзях. Як гэта я мог кепска думаць пра яе, чаму я столькі наверз у думках на яе, — хіба ж не відаць, якая яна самая найлепшая ў свеце, гэта дзяўчына!

Поделиться с друзьями: