Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Трэцяя ракета

Быкаў Васіль

Шрифт:

— А я што ж, не салдат? Ці мо думаеш, дзяўчына, так сабе?

Я маўчу і з невясёлай лагодаю крадком узіраюся ў яе тонкі, маленькі смуглявы тварык. Ён поўны нейкае шчырай рухавасці, у якой уся Люся, з усімі яе пачуццямі, клопатамі, думкамі. А яна раз-пораз памахвае сцяблінай над бедаком і нешта думае.

— Лук'янаў казаў: беражы сябе. Прыгожая… А ты? Нашто было лезці сюды? — ціха папракаю я.

— Дзівакі вы, хлопцы, — зноў сумна ўсміхаецца Люся. — Як гэта берагчы? Навокал такое робіцца!.. Вось хоць бы сёння. Уранку прывезлі ў санчасць разведчыка Смолкіна. Доктар Гутман ампутаваў абедзве нагі, руку да локця. А такі быў хлопец! І ўсяго дзевятнаццаць год! Просіць: дабіце, але ж хто даб'е? Будзе жыць калекам. Ну? А я прыгожая, кажуць, — з болем у вачах кідае яна на мяне свой кароткі позірк. — І мне сорамна за гэтую праклятую прыгажосць. Усе глядзяць, як на дзіва. А я хачу быць, як усе. Хачу быць проста сумленнай, смелай, разумнай — гэта найперш. Навошта мне тое хараство?

— Ну, не трэба казаць так, — не згаджаюся я. — Ты дзяўчына. А вайна — не дзявочая справа. Тут сіла, воля патрэбна.

— Эх, Лазняк, Лазняк! — разважна ўздыхае Люся. — Мне часам здаецца, што я намнога старэйшая за ўсіх вас. Здаецца, я адчуваю, разумею тое, чаго вы не разумееце. Вы такія слаўныя, храбрыя, толькі вы не разумееце сябе. Вы трымаеце сябе так, нібы ўвесь век, да вас і пасля вас, была і будзе адна толькі вайна. Без вайны вы сябе не ўяўляеце. Ці не так? І ўсё вы мераеце салдацкай мерай. Іншай у вас няма. Праўда ж?

Я з увагаю ўслухоўваюся ў Люсін голас і хачу зразумець яе, але трошкі не ўлоўліваю яе думкі і асцярожна згаджаюся.

— Ну, можа, і так. На вайне выраслі. Што ж…

— Вось! Іншы перажывае: медалём не ўзнагародзілі! Іншы імкнецца як спрытней пахваліцца сілай, падужаць каго ці яшчэ як сябе паказаць. А таго вы не разумееце, што недзе ў кожнага з вас маці, ну ці там дзяўчына і што вы дарагія ім зусім не гэтым. Ім гэта зусім не патрэбна. Ды і няважна гэта. Важна душа ў чалавеку: каб ён быў сумленны, адданы, таварыскі, праўдзівы. Гэта ж найпершае ў чалавеку. Сіла ад прыроды дадзена, яе не зменіш. Збаяцца чалавек можа і насуперак сабе, а ашукаць каго дзеля карысці сабе — не. Калі ён чысты душой — ніколі не ашукае.

— Гэта праўда, — згаджаюся я.

— Кажуць: вайна. Але на вайне агіднасць — двойчы агідна. А подласць — нясцерпна, — кажа Люся і з дакорам пазірае на мяне, пасля пытаецца: — Думаеш, я чаму прыбегла да вас? Не стрывала — так запякло!.. Задарожны ж паранены, прыбег у санроту — перавяжыце, кажа. Перавязалі. Патрабуе паперку з чырвонай палоскай — у тыл. Я пытаю: а як жа хлопцы? А ён кажа: начхаць на хлопцаў — ім ужо капец. Зноў жа, я паранены, кажа. А рана там — драпіна адна. Ну, такога ад Лёшкі я не чакала. Ад каго хочаш, але не ад яго. Выбегла, гляджу — вы тут б'яцеся. І вось кінула ўсё, паляцела. І дазволу не запытала.

Ну вось і яшчэ навіна. Мяне быццам апарвае варам, самі па сабе сціскаюцца кулакі, я не ведаю нават, што сказаць Люсі. Нездарма не любіў я гэтага Лёшку, нечым угадваў трухляціну ў яго нутры, і цяпер вось усё спраўдзілася. Аддзячыў ён нам — і мне, і Папову, і Крывёнку — паслалі і чакаем, а ён вунь марудзіць, хоча схавацца за паперку з чырвонай палоскай наўкось, і гора яму мала, што мы тут гінем.

— Паганец ён! — вырываецца ў мяне. — Трэ было камбату далажыць.

— Што дакладваць! — кажа Люся. — Усё ж ён паранены, фармальна мае права. Толькі з такой ранай ніхто яго ў тыл не пашле.

Так, фармальна ён мае права — у яго драпіна на руцэ, а тут за той час, пакуль мы чакалі яго, загінуў Папоў, памірае Лук'янаў, Люся трапіла ў пастку, з якой не відаць выйсця.

Зусім новае, ніколі раней не знаёмае пачуццё гневу і расчараванасці ахоплівае мяне. За ўвесь доўгі час маёй пакутнай прагнасці помсты я не думаў аб тым, не прадбачыў нічога падобнага. Я вачмі, поўнымі павагі і захаплення, глядзеў на кожнага з франтавікоў. Але вось бываюць, відаць, і такія. І калі б хто другі, хто палахлівы, няхай бы той самы Лук'янаў, — але ж Задарожны, гэты мой нядаўні амаль што ідэал мужчынскае сталасці, нават мужнасці, якое так не хапала мне. І чаму ён зрабіў так? Што прычынай таму — самалюбства, характар, Люся, страх ці яшчэ якое ліха, што робіць мяне асуджаным на пакуты ад бачанага, перажытага, а яго пакідае агіднаю порхаўкай у жыцці?

19

— Піць!.. Піць!.. — пачынае стагнаць і тузацца Лук'янаў. Вусны яго сухія, твар завастрыўся, зжаўцеў, і нос, нібы дзюба, пазірае ў сляпое спякотнае неба. Люся нахіляецца да яго і ціхенька гладзіць па рукаве.

Ад напамінку пра ваду я глытаю сліну, але і сліны ўжо няма. Рот сухі, усярэдзіне таксама ссохла, у галаве тлумна ўсё круціцца. Я адчуваю, што трэба нешта рабіць, рухацца, бо так адолее сон і мы загінем. Раптам з акопа ад Крывёнка пырскае кароткая чарга.

— Што? Куды ты? — прахапіўшыся са знямогі, пытаюся я, але той маўчыць. Я ўслухоўваюся і зноў паўтараю сваё пытанне.

— Фрыц ля танка, — урэшце даносіцца з акопа Крывёнкаў голас. Я засцярожліва выглядаю з-за бруствера — сапраўды, ля танка варушыцца ў траве, здаецца, паўзе цёмная постаць.

— Стой, пачакай, — кажу я. — Можа, наш хто?

Мне шкада і аднаго патрона, шкада цішыні, якая — ведаю я — будзе нядоўгай, але якая ўсё ж набліжае нас да ночы і дае надзею на паратунак. Адсюль дрэнна відзён гэты чалавек, хоць ён і бліжэй да нашага сховішча, чым да Крывёнкавага акопа, але Крывёнак неўзабаве зноў лязгае затворам.

Побач з долу ўскоквае Люся, яна таксама ўзіраецца цераз бруствер: напэўна то немец. Нам відаць толькі, як угінаецца, варушыцца трава, часам высоўваецца з яе цёмная спіна. Крывёнак чагось марудзіць, не страляе, і тады зводдаль чуецца слабы пакутные енк:

— Паўль! Паўль!

Паранены немец — гэта пэўна. Ён і паўзе так — сутаргава, марудна, пластом па-над самай зямлёй. Люся зломвае свае вузенькія русыя бровы і гукае Крывёнку:

— Не страляй! Пачакай! Можа, у яго вада…

Я то хаваюся за бруствер, то зноў выглядваю. Хутка побач пырскае ў твар зямлёй і са сланечніку даносіцца стрэл. «Пільнуюць, сволачы!» Немец тым часам то паўзе, то заціхае, невыразна чуваць яго роспачнае, натужнае «Паўль! Паўль!». Дзіва, якога ён Паўля знойдзе ў нашым акопе, зласліва думаю я. Адзін ён нам тут не страшны, але на ўсякі выпадак я бяру з долу аўтамат і адцягваю назад рукаятку.

Спачатку з бруствера скочваецца груда, потым дзве разам, і на земляных камяках з'яўляюцца дзве страшныя, абпаленыя да чырвані рукі. Яны высоўваюцца з абгарэлых манжэтаў рукавоў, напружваюцца, уграбаюцца ў бруствер, і вось з-за камякоў паказваецца галава з недарэчна кароценькімі і кучаравымі ад агню, падпаленымі валасамі. Немец узнімае твар, і мы з Люсяй жахаемся. Твар яго, як і рукі, скрозь у чырвона-белых апёках, ля вуха крывяністая маса; павекі на вачах зліпліся, запалі і не адплюшчваюцца. Нейкі час мы нерухома ўзіраемся ў гэты прывід, пасля я зацята камандую:

— Уніз! Хутка! Шнэль!

Але немец, здаецца, не чуе. Нішто не мяняецца на яго твары, ён усё пазірае, нібы ў пустэчу, і стогне:

— Паўль!

Тады я хапаю яго за плячо, цягну на сябе — зрушваючы камякі, ён перавальваецца ў сховішча і падае ў дол. На нашу мітусню ў акопе б'юць некалькі куль, але міма.

І вось ён ляжыць у доле. Гэта ледзьве жывы яшчэ немец-танкіст, малады, пэўна, нашых год, хлопец. Шырока раскінуўшы ногі, ён гучна стогне. Камбінезон яго скрозь у прапалінах, ад немца нясе смуродам паленай тканіны, месцамі з вопраткі яшчэ курыцца дым. Я без нянавісці, з адной толькі агідаю гляджу на гэтага хуткага нябожчыка, а Люся ўкленчвае над ім, абмацвае шырокія кішэні яго камбінезона, дастае з аднаго гаечныя ключы, круглую з чырвонай пластмасы маслёнку, клык пакулля. Біклагі ў немца няма, патронаў таксама.

Поделиться с друзьями: