Турба-Элік і яго сябры
Шрифт:
Касмічны разведвальнік
Неапазнавальны аб’ект спачатку скрозь абляцеў дзіцячы пакой, а затым вакол здзіўленых сяброў і ўрэшце прызямліўся побач з імі, злажыўшы свае вострыя крылцы, як нажніцы.
— Вой, хто гэта? — ускрыкнула Прынцэса Ружа і на ўсялякі выпадак схавалася за Сонейкам.
— Я — касмічны разведвальнік. Завуць мяне Цыркуль. Я прыляцеў на планету Зямля, каб разведаць, якая яна і хто на ёй жыве. Вітаю вас, зямляне! — павітаўся касмічны госць.
— Прывітанне, касмічны разведвальнік. А адкуль ты прыляцеў? — запытаўся Турба-Элік.
— Я прыляцеў з Луны. Там жыве мой сябра лунаробат Цоп. Мне падабаецца ваша планета. Давайце сябраваць, зямляне! Гайда, абляцім вакол Зямлі!
— Гайда! Паляцелі! — пагадзіліся сябры і пачалі адно за адным узнімацца ў паветра. Прынцэса Ружа ледзь не заплакала ад таго, што не можа паляцець разам з усімі — у яе няма крылаў! Аднак Ружы ізноў дапамог Сонейка — ён падараваў сяброўцы свой парасон, потым падхапіў яе пад лапкі, і яны паляцелі следам за Цыркулем.
А Гонка-Стрыж застаўся ў адзіноце. Ён хутка лётае толькі па зямлі, таму яго і празвалі Стрыжам, а лятаць у паветры ён можа толькі верхам на Папяровым Дыназабры. Стрыж агледзіўся — Дыназабра анідзе не было. Стрыж уздыхнуў і замаркоціўся…
Аднак сябры — на тое яны і сябры! — заўважылі, што Стрыжа няма сярод іх і вярнуліся абратна на зямлю. Думалі яны, думалі, як дапамагчы маленькаму сябру, і прыдумалі — трэба адшукаць Папяровага Дыназабра! Касмічны разведвальнік па рацыі выклікаў на дапамогу лунаробата Цопа, і усе разам кінуліся на пошукі зніклага таварыша.
…………………………………………………………………………………………………………
Скажу табе па сакрэту, дружа: пакуль сябры шукалі Папяровага Дыназабра, ён ціхамірна спаў сабе ў хлопчыкавай шкарпэтцы. Узгадай-ка, мой уважлівы чытач, — як ён туды трапіў?
…………………………………………………………………………………………………………
Шукалі-шукалі Дыназабра і знайшлі. Вылез ён са шкарпэткі, пасадзіў Стрыжа сабе на спіну, і паляцелі сябры насустрач новым прыгодам!
Невядомая планета
Ляцяць сябры па-над Зямлёй і дзівяцца — якая яна рознакаляровая, прыгожая, любая! Далёка абачылі і Поўдзень, і знаёмае Чорнае мора, выкладзенае з сініх плітачак, і Паўночныя горы, і татаву скрыню з інструментамі, дзе ляжыць адолены Жалезны Цмок, і кветнікі з «сакрэцікамі»… І раптам бачаць: на стале ў дзіцячым пакоі стаіць аграмадны аранжавы шар! Адкуль ён ўзяўся? І што гэта?
Касмічны разведвальнік Цыркуль паляцеў да невядомага аб’екта. Ён абляцеў шар па арбіце, аднак нічога не выявіў. Тады ён даслаў да аб’екта лунаробата Цопа. Цоп падрабязна даследаваў паверхню шара і хутка павяртаўся да сваіх сяброў з дакладам:
— Аграмадны аранжавы шар — гэта планета-гігант Гарбуз зорнай сістэмы Агарод, што ў сузор’і Лецішча. Жыхары планеты — гарбузікі — жывуць у яе асяродку. Планета Гарбуз трапіла у наш пакой дзякуючы тату хлопчыка Глеба. Тата прывёз яе з сузор’я Лецішча на касмалёце і пакінуў на стале. Планета прыдатная для жыцця.
— Бі-бі-бо-о-о! — закрычаў Турба-Элік. — Сябры! Гайда катацца па Гарбузу як па горцы!
Сябры з радасцю пагадзіліся з прапановай Эліка. Яны прыгарбузіліся на аранжавы гігант і пачалі з’язджаць адно за адным з яго стромкіх бакоў, куляцца, смяяцца і зноў катацца. Яны ссоўваліся то па адным, то гуртам і гэтак загуляліся, што не заўважылі, як планета-гігант ад іхных штуршкоў скранулася з месца і павольна пакацілася па сталу. Сябры, адчуўшы небяспеку, паспрабавалі спыніць планету… Аднак яна ўжо набрала хуткасць і кацілася ўсё спрытней і спрытней і мімаходам прыціснула Папяровага Дыназабра… Напужаныя машынкі пасыпаліся са стала як гарох… а за імі наўздагон і аранжавы гігант — БУМ! — зрынуўся на падлогу і разбіўся на кавалкі……………………
І тут сябры ўбачылі жыхароў аранжавай планеты — маленькіх гарбузікаў! А Турба-Элік тым часам агледзіў сваіх сяброў, ці цэлыя яны, затым пералічыў і — недалічыўся Папяровага Дыназабра! Элік паклікаў Цыркуля, і яны разам паляцелі на пошукі Дыназабра. Яны знайшлі яго з паламаным крылам на стале. Сябры падхапілі параненага таварыша пад лапы і і перанеслі на падлогу. Котка Ружа асцярожна апрацавала ранку клеем ПВА і перавязала крылца ружовым матузком. Дыназабр падзякаваў сяброў за клопат, а Ружы удзячна пацалаваў лапку.
Неўзабаве прыйшла мама Глеба, убачыла касмічную аварыю і сказала, што без лятаючай талеркі тут не абыйсціся. Цыркуль выклікаў па рацыі талерку, і мама пазбірала на яе кавалкі зрынутай планеты і панесла на кухню… А потым усю зіму Глеб, мама і тата, Турба-Элік і яго сябры частаваліся смачнымі і карыснымі стравамі, прыгатаванымі з аранжавай планеты Гарбуз: кашай-гарбузянкай і семкамі-гарбузікамі.
Вясёлы аўтабан
Сёння ізноў субота — ня трэба ісці ў дзіцячы садок. Мама хлопчыка Глеба стаіць перад люстэркам і аглядае свае веснавыя абновы — паліто і сумачку. Маці вельмі падабаецца яе новае ўбранне, і ўсё ж ей падаецца, што новаму строю бракуе яркага ішаліка. «Трэба пашукаць у сваёй шафе,» — разважыла гэтак матуля і пачала вымаць з шафы шалік за шалікам і прымяраць іх перад люстэркам.
— Не пасуе, не пасуе, не пасуе, — задумліва вымаўляла маці, прымяраючы чарговы шалік. Яна перамерыла спачатку ўсе свае шалікі, затым усе татавы і хлопчыкавы. Аднак татавы шалікі аказаліся зусім не яркія, а цмяныя — шэрыя і сінія. Глебавы шалікі былі і яркія і пярэстыя, але замаленькія. Тады маці паклікала тату і сказала:
— Тата, паглядзі —за вокнамі вясна, а наш гардэроб такі бедны на веснавыя фарбы! Давай купім сабе прыгожыя яркія шалікі: мне бэзавы, а табе бірузовы …
Пакуль тата з мамай размаўлялі, хлопчык Глеб збіраў рознакаляровыя шалікі, раскіданыя матуляй па пакою. Потым ён стаў іх прымяраць і круціцца, як маці, перад люстэркам, паўтараючы:
— Пасуе, і гэты пасуе, і гэты… Мама! Мне пасуюць да твару ўсе шалікі! Калі яны табе не падыходзяць, можна я забяру іх сабе?
Маці пагадзілася, і Глеб стаў думаць, што з імі рабіць. Думаў ён, думаў і прыдумаў: нада скласці з шалікаў дарогу. І хлопчык пачаў акуратна раскладваць па падлозе шалік за шалікам, прасуючы іх далонямі, пакуль не атрымалася прыгожая і рознакаляровая дарога, доўгая і звілістая. Глеб уявіў сябе машынкай і «паехаў» па дарозе. Па шырокім шалікам ехаць было проста, а па вузкім — давялося балансаваць рукамі, каб не зрынуцца ў кювет, то бок на падлогу. Потым хлопчыку надакучыла гуляць у адзіноце, і ён паклікаў у гульню сваіх сяброў на чале з Турба-Элікам.
Сябры выйшлі на сярэдзіну пакоя і здзівіліся, убачыўшы незвычайную рознакаляровую дарогу.
— Бі-бі-бо! Якая цікавая аўтатраса! — узрадаваўся Турба-Элік. — Я гэткай яшчэ ніколі не бачыў!
— Ах, якая прыгожая шаша! Колькі на ёй кветак! — сказала ў захапленні Прынцэса Ружа.
— Пік-пік! — бібікнуў Стрыж. — А куды яна вядзе: на поўдзень альбо на поўнач? Да Чорнага мора альбо да Белага?
— А мы зараз даведаемся, — сказаў касмічны разведвальнік Цыркуль. — Папяровы Дыназабр! Паляцелі разам, абачым дарогу з паветра!