Турба-Элік і яго сябры
Шрифт:
— А я даследую і празандзірую дарогу панізу, — прапанаваў лунаробат Цоп.
Дыназабр і Цыркуль хутка вярнуліся і паведамілі сябрам:
— Мы агледзілі дарогу з паветра: яна вельмі пярэстая і хвалістая, але цяжка сказаць — куды яна накіроўваецца: у яе шмат паваротаў на ўсе 4 бакі свету!
Потым вярнуўся Цоп і далажыў:
— Невядомая дарога — гэта аўтабан, спецыяльная хуткасная дарога для аўтамашын. Выкладзены ён з рознакаляровых шалікаў. Канцавы пункт напрамку аўтабана — невядомы.
— Цікава-цікава! І якія сюрпрызы рыхтуе нам гэты аўтабан? — сказаў Сонейка.
— Якая загадкавая шаша! — мяўкнула кошачка Ружа.
— Бі-бі-бо! Сябры, а паехалі катацца па аўтабану навыперадкі! — прапанаваў Турба-Элік, і сябры рушылі наперад. Яны паехалі па першаму шаліку. Ім падалося, што яны раптам трапілі ў вясну!!! Дарога была як мурава, зялёная, аздобленая блакітнымі кветкамі-пралескамі! Здавалася — у паветры гулі пчолкі і спявалі жаўранкі. Дыназабр лунаў па-над блакітна-зялёным шалікам і ўяўляў сябе птушкай, а потым не вытрываў і заспяваў няхітрую песеньку:
— Зю-зю-зю! Зю-зю-зю!
Следам за Дыназабрам не стрымаўся і запеў Цыркуль:
— Цыр-кулцык! Цыр-кулцык!
А за імі замуркала сваю песеньку Прынцэса Ружа:
— Мяў-мурррняў!
Да сяброў далучыўся і Турба-Элік:
— Бі-бі-бо! Бі-бі-моль!
І Гонка-Стрыж:
— Пік-пік! Пік-пік!
І Сонейка:
— Соль-фасоль! Соль-фасоль!
І лунаробат Цоп:
— Цоп-цып-цып!
Сябры заспявалі разам — атрымаўся веснавы хор!
Цыр-кулцык, цыр-кулцык! Зю-зю-зю! Пік-пік-пік! Цоп-цып-цып! Бі-бі-моль! Мяў-мурняў! Соль-фасоль!Турба-Элік і яго сябры з вясёлай песенькай ехалі па чароўнай дарозе і неўзабаве апынуліся на шаліку у рознакаляравы гарошак. Першым гэта заўважыў Сонейка:
— Сябры! Здаецца, мы трапілі на ягадную дарогу!
— Ах, як смачна яна пахне суніцамі! — мяўкнула Ружа.
— Сапраўдная сунічная паляна! — узрадаваўся Гонка-Стрыж. — Пік-пік! Давайце частавацца!
Па гэтаму шаліку сябры ехалі павольна, раз-пораз прыпыняліся, каб паласавацца ягадамі.
— А я лепш люблю маліны!
— А я — ажыны!
— А я — чарніцы!
— А я — буякі!
— А я — лунякі!
— А я — маррошкі!
— Няпраўда, не бывае гэткіх ягадаў! — запярэчыла Ружа.
— А вось і бывае! — пакрыўдзіўся Дыназабр.
— Так. Бывае. Марошкі — жоўтыя ягады, смачныя, салодкія. Растуць у Паўночных гарах ля Белага мора, — паведаміў лунаробат Цоп.
— Ах! Я і не ведала… Прабач, Дыназабрушка! — перапрасіла котка.
— Увага! На аўтабане растуць ягады на любы густ! — дадаў Цоп.
І сябры рушылі далей па смачнай дарозе ў рознакаляровы гарошак, мімаходам сілкуючыся ягадамі. Калі Турба-Элік наеўся, ён азірнуўся… і ажно падскочыў з перапуду! — замест сваіх сяброў ён убачыў незнаёмыя сінія машынкі, чарнільнага кракадзіла і фіялетавага ката… Але сябры хутка высветлілі — што да чаго. Аказваецца, пачаставаўшыся сінімі буякамі і фіялетавымі чарніцамі і ажынамі, яны самі зрабіліся сінімі і фіялетавымі! І сябры пачалі смяяцца адзін з аднаго… А калі супакоіліся Сонейка і кажа:
— Спачатку мы ехалі па музычнай дарозе, зараз — па смачнай. Цікава — а якая дарога чакае нас наперадзе?
— А я мяркую, — сказала Прынцэса Ружа, — што спачатку мы ехалі па вясновай дарозе, зараз — па летняй, а наперадзе нас чакае асенняя і зімняя дарогі.
— А мне здаецца, — сказаў Турба-Элік, — што мы ўвесь час едзем ведаеце па чым? — па вясёламу аўтабану!
— Ха-ха-ха! — засмяяўся Сонейка. — Па вясёламу аўтабану вандруе вясёлая аўтабанда!
І ўсе ізноў сталі смяяцца, але раптам пайшоў дождж. І зараз жа сябры заўважылі, што вясёлая дарога скончылася, а пачалася сумная, шэрая і слізкая. Дожджык — яго зрабіў Глеб пры дапамозе пырскалкі — умомант змыў з сяброў сінюю ягадную фарбу. Яны паехалі жвавей, балазе дарога была роўная, і неўзабаве апынуліся на чарговым шаліку — снежнабелым, звязаным з воўны. І адразу застраглі! Па пухкім шаліку не круціліся нават шыпаваныя калёсы Турба-Эліка! Машынкі безнадзейна буксавалі ў белых ваўняных сумётах. Дыназабр і Цыркуль паспрабавалі ўзляцець, як раптам ўзнялася снежная бура і здунула сяброў абратна ў сумёты. Тады лунаробат Цоп выклікаў па рацыі лятаючую талерку. Талерка прыляцела, пазбірала вясёлую аўтабанду на борт і стартавала. Яна перанесла сяброў скрозь снежны буран і прызямлілася на чарговы шалік.
Шалік здарыўся вельмі прыгожы, ярка-паласаты — як вясёлка! Паехалі сябры па новай дарозе з вясёлкавым настроем!
Раптам ў паветры з’явіліся дзівосныя празрыстыя пузыры… Яны пераліваліся ўсімі вядомымі колярамі! Папяровы Дыназабр рынуўся паляваць за бліскучымі пузырамі, аднак ад ягонага дотыку самы вялікі пузыр — ПУХ! — і лопнуў! Ад нечаканасці Дыназабр страціў арыенцір і ўпаў на лунаробата Цопа. Цоп паставіў сябра на лапы, а хлопчык Глеб весела засмяяўся! Бо гэта ён навыдзімаў мыльных вясёлкавых пузыроў, якія гэтак ўразілі Дыназабра!..
А потым хлопчыка паклікала мама, і ён разам з бацькамі паехаў у краму купляць шалікі і, канешне, новы блішчасты гузік! Глеб вельмі спадзяваўся, што заадно з гузікам, бацькі купяць яму яшчэ і новы шалік, напрыклад, малінавы, альбо жоўты, а яшчэ лепш хамелеонавы — гэта яго любімы колер! Вось узрадуюцца маленькія цацачныя сябры, калі ўбачаць новыя шалікі-дарогі — бэзавы, бірузовы і асабліва хамелеонавы! А потым хлопчык чамусці засумаваў. «Як там мая вясёлая аўтабанда? — падумаў ён. — І якія прыгоды адбываюцца з імі на вясёлым аўтабане?..»
Аб прыгодах Турба-Эліка і яго сяброў можна распавядаць бясконца. Але сёння мы паставім кропку. Дружа! Табе спадабалася казка? Калі гэтак, то я вельмі рада. А калі не, то прыдумай свае гісторыі, запішы і замалюй — і яны стануць лепшымі казкамі ў свеце!
Пакуль я пісала і малявала гэтую кнігу, хлопчык Глеб вырас і ў яго з’явіўся брацік Савушка. Глебу споўнілася 8 год. Ён ужо захапляецца тайнамі акіяна і космаса.
А Турба-Эліка Глеб падараваў свайму малодшаму браціку. Брацік падрасце і будзе гуляць з машынкай, выдумляць прыгоды і гісторыі і ўблытваць у іх усё навокал сябе.
2010 г. — 29. 04. 2013 г.
Памер арыгінальных малюнкаў 24 х 19,7 см; матэрыял папера, акварэль, акрыл, лінарыт.