Выбраныя творы
Шрифт:
– Ісусе, Марыя! Ох, Ісусе, Марыя! Здаецца, каб магла, забіла б яе, як шалёную суку!
– Каго?
– спалохана запыталася Марцэля.
– Стаіць і стаіць у мяне перад вачыма. Куды ні гляну, куды ні павярнуся - усюды яе бачу... І гэткая страшная!
– прашаптала Франка.
– Хто ж гэта, мая мілая? Хто ж гэта стаіць перад тваімі вачыма?
Франка здзіўлена паглядзела на яе:
– Дык я сама! Я!
– У імя Айца і Сына...
– прамармытала Марцэля.
Франка схапіла яе за руку.
– Нічога ты не ведаеш і нічога не разумееш, - зашаптала яна.
– Сябе самую я баюся... таго, што зрабіла, баюся... З той хвіліны, калі праз шчылінку яго ўбачыла і пачула, як ён урадніка за мяне прасіў, і сама не ведаю, што мне сталася, толькі жыць я не магу... Мучыць мяне нешта, спаць не дае... палохае... І сябе і яго баюся... Яго баюся цяпер больш, чым тады, калі ён біў мяне... У вочы яму глядзець не магу... Сорамна!
– Кінь, супакойся!
– павучала яе старая.
– Паважай яго, любі і жыві сабе, як у госпада бога за печчу... І ўсё будзе добра.
Франка адмоўна пакруціла галавой:
– Я яе ведаю... Яна, як той п'яніца... Калі цвярозая, дык добрая, а калі нап'ецца, дык зноў яму што-небудзь зробіць...
– Хто? Што гэта ты пляцеш, Франка? Хто п'яніца?
– Ды я!
– са здзіўленнем зноў адказала Франка і ціхім голасам, якім гавораць цяжкахворыя людзі, пачала скардзіцца старой.
– Нядобра мне... Ой, Марцэлька, так мне нядобра, што і жыць ужо не магу... Якое ж маё жыццё на гэтым свеце! Рукі і ногі мае звязаныя, баюся, каб зноў якой бяды не нарабіць. І жыцця гэтага пры ім баюся, і ўсяго баюся... Усё мне цяпер няміла, нічога ўжо не хачу... Як у магілу закапаная...
Памаўчала крыху, потым дадала:
– Так мне нядобра, мая Марцэлька, так мне дрэнна... Так мне ўсярэдзіне нешта смокча...
Яна цяжка ўзнялася з зямлі. Ад ракі падзьмуў халодны вецер, Франка ўздрыгнула:
– Холадна!
– Холадна, - згадзілася Марцэлька.
– Восень ужо на дварэ. А ты, маё золатка, мой каточак, дала б мне кавалачак сала, а то няма чым крупніку заправіць...
– Людзі гавораць, - пачала Франка, пазіраючы некуды за раку, - што, калі вешаецца чалавек, заўсёды пачынаецца моцны вецер...
– А, кажуць!
– згадзілася Марцэля.
– Можа, Павел заўтра ўжо на раку пойдзе, дык я да цябе, мая мілая, прыйду...
– Ага! Заўтра!
– А сала дасі?
– Заўтра!
– паўтарыла Франка і, не гаворачы больш нічога, прыціснула да грудзей рукі і пайшла дадому праз пасохлыя сцяблы асоту.
Калі яна ўвайшла ў хату, Павел сядзеў каля стала, а Актавіян стаяў каля яго каленяў, нешта расказваў і звонка смяяўся.
– А дзе ты была?
– спытаў Павел.
Яна сказала, што сядзела за хатай і што на дварэ моцны вецер.
– Восень, - адказаў Павел, - але я заўтра пайду на раку, хоць бы і хваля была вялікая. Ментузоў можна налавіць процьму.
Яны павячэралі пры святле лямпы. Франка ела і карміла малога. Каб у гэтую хвіліну ўгледзеў які-небудзь вопытны псіхіятр гэты нерухомы, чорны смутак у яе запалых вачах, зразумеў бы напэўна, што душа гэтай жанчыны, як матыль са скалечанымі крыламі, трапеча зноў над той вузенькай лініяй, якая аддзяляе розум ад вар'яцтва. Але Павел бачыў толькі, што Франка, якая сядзела насупраць яго з дзіцем на каленях, была спакойная, лагодная. Ён думаў аб тым, што заўтра, перад тым як ісці на раку, трэба будзе пагадзіцца з Казлюкамі і пагаварыць з імі наконт Франкі.
Неўзабаве пасля вячэры Франка пакорпалася ў сваёй скрынцы і дастала каляровы шарсцяны пояс. На ёй была саматканая спадніца, ружовы фартух і падзёрты гарадскі каптан, які яна падперазала тым поясам. Павел на гэта не звярнуў увагі. Ён ужо распранаўся, седзячы на пасцелі, і якраз сцягваў боты, калі Франка падышла да яго з заснуўшым Актавіянам на руках. Яна моцна пацалавала малога і паклала яго на ложку каля Паўла.
– Будзь да яго такім жа добрым, якім быў да мяне... Ён ні ў чым не вінаваты, - прашаптала яна.
Павел здзівіўся.
– Ці ты здурэла, Франка? Хіба я яго не люблю і не шкадую?
Франка, стоячы перад ім, нахілілася амаль да зямлі, таксама як тады, калі ён з-пад арышту яе вызваліў, хуткім і нізкім паклонам. Так кланяўся Павел урадніку, калі спачатку прасіў яе вызваліць, а пасля дзякаваў яму за гэта.
Павел нічога не сказаў. Паклаўшы галаву на падушку, ён думаў: «Саромеецца яшчэ! Яшчэ не можа забыцца аб тым, што зрабіла, не можа! Ну і дзякуй Богу!»
З гэтымі думкамі ён і заснуў. Спаў і не чуў, як усё мацней шуміць на дварэ вецер. Не чуў і таго, як сярод ночы лёгка зарыпелі дзверы хаты.
А на досвітку абудзіў яго гоман людскіх галасоў. І ў гомане гэтым паўтараліся імёны яго і Франкі. Ён ускочыў з ложка і, як быў у зрэбнай бялізне, босы выбег з хаты. Там, дзе канчалася сядзіба Казлюкоў, якая аддзялялася пясчанай дарогай ад могілак, стаяў натоўп мужчын і кабет. Нечым, відаць, напалоханыя, яны крычалі і паказвалі пальцамі ў тое месца, дзе паміж дзвюх старых соснаў стаяў толькі вельмі высокі крыж. Пачуўшы сярод гэтага гоману некалькі слоў, Павел, як шалёны, кінуўся туды. Але не паспеў яшчэ дабегчы, як наляцеў моцны парыў ветру, і паміж соснаў нізка над зямлёй затрапятаў ружовы фартух Франкі. Павел убачыў толькі гэту ружовую шматку, асветленую бледным святлом сонца, якое вызірнула з-за хмар, але зразумеў усё. Цяпер ужо і ён яе не выратуе! Ён ухапіўся рукой за паркан, а Ўльяна і Аўдоцця, якія беглі яму насустрач, заўважыўшы, відаць, нешта жахлівае на яго твары, выцягнулі да яго рукі і закрычалі ў адзін голас:
– Ратуйце, людзі! Трымайце, ратуйце яго! Зараз упадзе і памрэ!..
Ён не памёр. Гэта няпраўда, што людзі здаровыя, моцныя духам і целам паміраюць ад маральных пакут. Здаровы, дужы сялянскі арганізм Паўла Кабыцкага не надламалі і нават не аслабілі тыя некалькі гадоў, якія агністай маланкай або страшэннай бурай пранесліся над яго ціхім і роўным шляхам жыцця.
З таго дня, калі так раптоўна закончылася гэта гісторыя, мінула ўжо шмат гадоў, аднак і цяпер можна бачыць гэтага наднёманскага рыбака, які плыве ранкам у сваім чаўне па сярэбраных хвалях ракі насустрач ружоваму світанку або ўвечары пад хмары і змрок захаду. Калі пад сасновым борам ён выходзіць з чаўна на пясчаны бераг або прычальвае да вострава, пакрытага снежнай беллю гваздзікоў і лесам высокай дзіванны, часта побач з ім можна бачыць дзесяцігадовага хлопчыка з валасамі, светлымі, як лён, і вялікімі чорнымі, пад доўгімі вейкамі, вачыма. Стары рыбак крыху згорбіўся, пасівеў. Ён заўсёды задумлівы, маўклівы, а хлопчык жвавы, смелы, румяны і няспынна шчабеча, але адразу можна заўважыць, што паміж імі пануе згода і што ім разам добра. Часам, калі хлопчык надоўга знікае ў дзіванне, па рацэ разносіцца мужчынскі голас:
– Хтавіян! Хтавіян!
А з гушчару сцяблоў, абвешаных вялікім, калматым лісцем, званочкам звініць дзіцячы голас:
– Ку-ку, татка! Ку-ку!
Тады па суровых вуснах рыбака прабягае ўсмешка, і ён крычыць хлопчыку, каб той набраў вады ў гаршчок, куды яны кідаюць злоўленую рыбу.
Актавіян з пукам белых гваздзікоў у руках выбягае з гушчару дзіванны, прысядае на беразе ракі, глядзіць, як наплывае ў гаршчок вада, і звініць на ўвесь бераг:
– Голь-гуль-гуль-гуль!
Відаць, што дзіця гэтае шчаслівае.