Выбраныя творы
Шрифт:
– А-а-а!
Чалавек доўга стаяў на дарозе, якая тут пачыналася. Вагаўся ці змагаўся сам з сабою. Моцна ўдарыў кіем па каменні. Узняў руку да галавы, але адразу апусціў яе. Паволі, вельмі паволі пачаў узбірацца па адхоне, усё вышэй ды вышэй.
...Калісьці па гэтай дарозе, на гэты адхон узнімаўся мужчына высокі і дужы, кашуля яго бялела ў асенняй імгле, босыя ногі брылі па пяску, а на плячах была сетка, праз вялікія вочкі якой паблісквала сярэбраная луска і ружавелі жабры злоўленай рыбы. За мужчынам бег босы падлетак, з горда ўзнятай галавой, з даўжэзнай вудай на плячы; ён, як жарабя з развеянай грывай, падбягаў да братоў, што з цікаўнасцю пазіралі з-за плота, расказваў ім пра рыбацкія прыгоды так гучна, з такім трыумфам, што голас яго разносіўся далёка па вёсцы, а даляцеўшы ў рэдкі сасоннік, распадаўся над магіламі на мноства напеўных вясёлых званочкаў...
Чалавек увайшоў у сасоннік, некалькі разоў спатыкнуўся на магілы, абсаджаныя нізкімі кустамі, прысыпаныя снегам так, што крыжы тарчалі над самай зямлёю. Нібы асілак цераз дамы ліліпутаў, пераступаў ён шырокімі крокамі цераз магілы і кусты, накіроўваючыся да нечага, што чарнелася пасярэдзіне вясковых могілкаў, значна вышэй за кусты, аднак ніжэй за дрэвы, якія цяпер, пад дотыкам ветру, голасна зашумелі, быццам працягла ўздыхнулі. Чалавек спыніўся і зблізку глядзеў на сцены каплічкі, на яе спарахнелыя, перакошаныя, аднак замкнёныя дзверы. Да подыху дрэў, што павольна пакалыхвалі ў цемры веерамі галін, як стогн, далучыўся чалавечы голас:
– А-а-а!
Чалавек паварушыўся, нешта металічнае зазвінела спачатку ў яго пальцах, потым каля дзвярэй, якія адчыніліся. Паказалася чорнае нутро каплічкі, дзе толькі ўгары свяціліся цьмяна-сярэбранымі плямамі два акенцы. Увайшоўшы, чалавек на хвіліну зліўся з цемрай, але неўзабаве каля яго грудзей засвяціўся агеньчык ліхтарыка, не кінуўшы на самога чалавека нават танюсенькай нітачкі святла. Гэта быў малы патайны ліхтарык; святло яго, што вузкім і хісткім струменьчыкам вырывалася з-за малой шыбіны, чалавек накіраваў на нізкую агароджу, за якою, на вялікіх запляснелых плямах сцяны, цьмяна вызначаліся абрысы распятага Хрыста. З драўлянага, выразанага няўмелай рукой распяцця вузкі і хісткі струменьчык святла перасунуўся крыху далей і асвяціў абраз, на якім Бог-айцец у хвалістым, пурпуровым уборы трымаў руку на белым шары. Бог-сын у выцвілым блакіце ўзняў угару два пальцы, а Бог-Дух Святы, распасцёршы крылы, белым голубам узлятаў ажно пад чырвоную раму абраза. І зноў струменьчык святла закалыхаўся ў цемры і ўпаў на вялікі тоўсты аркуш паперы, якая без рамы вісела на дошцы, што вытыркалася са сцяны. Там святы Юрый з высока ўзнятым кап'ём імчаўся на паласатым кані. У хісткім святле і постаць святога, і абрысы каня, і лінія кап'я то паказваліся, то знікалі, дзе выцягнутыя, а дзе скарочаныя, і ўсё гэта стварала нешта дзіўнае, незнаёмае, пагрозлівае, падобнае на апакаліпсічныя пачвары ці на нейкіх рыцараў. Вакол каплічкі больш працягла, з большым адчаем уздыхнулі дрэвы, вецер са стогнам уварваўся праз аконныя шчыліны, зашамацеў старым аркушам паперы, які надзьмуўся, як птушынае крыло, з шумам узняўся ўгару. Магло здацца, што гэты апакаліпсічны рыцар вось-вось сарвецца з месца, да якога яго прыкавалі, і з кап'ём, падобным на касу, на кані з ільвінай грывай паляціць у прастору. Са стогнамі ветру, што ўрываліся праз аконныя шчыліны, зліўся чалавечы шэпт, грубы, перапалоханы:
– Езус літасцівы! Ратуй маю душу!
...Калісьці вясковага падлетка, апранутага ў святочную сярмягу, за руку прыводзіла сюды маці, ён кленчыў каля дзвярэй гэтай каплічкі і з трывогай, што змагалася з захапленнем, узнімаў чыстыя блакітныя вочы на вялікае распяцце і на конніка з кап'ём, намаляванага на лісце паперы...
Чалавек патушыў ліхтарык. Выйшаў з каплічкі, пакінуўшы дзверы насцеж, і, не затрымліваючыся ні на хвіліну, зноў паволі пайшоў, высокі нават сярод высокіх соснаў, вялікімі крокамі пераступаючы цераз кусты і магілы.
З могільніка чалавек выйшаў на дарогу, перайшоў на другі бок і апусціў руку на брамку першай з краю вясковай сядзібы. Перш чым адчыніць брамку, ён паглядзеў напружаным позіркам на хату, што стаяла далей на панадворку, і яшчэ раз пачулася працяглае:
– А-а-а!
Чалавек паківаў галавой, нібы ён глыбока, бязмежна здзіўляўся. Рыпнулі вароты, дробны цень сабакі з гучным брэхам пакаціўся ад парога па двары; за акном, што паблісквала ў цемры чырвоным агеньчыкам, чуўся нізкі, моцны, але па-маладому свежы голас, які хутка, доўга і няспынна пра нешта гаварыў, гаварыў, гаварыў...
Гэта была сядзіба старога Сымона Мікулы, які цяпер, у прасторнай і нізкай хаце, сядзеў на зэдліку і прытрымліваў каля рота вялікую гліняную люльку з кароткім цыбуком. Было яму, відаць, за шэсцьдзесят, аднак зусім не быў ён падобны да тых бацькоў, якіх б'юць сыны, або да тых, каго, як ужо непатрэбнага, выганяюць з хаты. На фоне задымленай сцяны, да якой ён прыхіліўся шырокімі, толькі крыху ссутуленымі плячыма, у цьмяным святле лямпы з высокім шклом, што стаяла на стале, вырысоўваліся магутныя абрысы чалавека, апранутага ў белую вопратку; густыя клубы дыму, якія ён раз-пораз выпускаў з рота, то засланялі, то адкрывалі вялікую, над ілбом палыселую, а ззаду сівую галаву, буйныя рысы прадаўгаватага, румянага твару, на якім тапырыліся густыя пругкія вусы і паблісквалі мудрыя вочы, што пазіралі з-пад абвіслых броваў са спакойнай энергіяй, востра, пранізліва. Рукі яго, адна засунутая пад чырвоны паясок, якім была падперазана кашуля, а другая з люлькай каля вуснаў, былі вялікія, моцныя, жылістыя, яны выдатна захавалі і здольнасць да працы, і жалезную хватку. Лёгка было здагадацца, што калі гэты стары ўстане на ўвесь рост і скажа сваё слова, усе прысутныя паспешліва і старанна зробяць усё, што б ён ім ні загадаў.
А людзей у хаце было многа, і ўсе яны ў гэты момант сядзелі або стаялі, нерухома застыўшы ад цікаўнасці і ўвагі да таго, пра што расказвалася.
Старэйшы Мікулаў сын, бондар, мужчына каля сарака, абапёрся на лаву рукою з гэблікам, якім толькі што абгладжваў зуб ад бараны, унурыў галаву, а быў такі аброслы, што толькі чорныя агністыя вочы паблісквалі, як іскры ў зарасніку. Яго жонка, амаль у тых жа гадах, стаяла каля камінка, на якім гарэў агонь, асвятляючы ўсю яе - высокую, дужую, з горда ўзнятай галавой і складзенымі на грудзях рукамі. Адразу ж за гэтай самавітай, з прыгожымі рысамі, статнай гаспадыняй, крышку далей, у ценю за высокай прасніцай калаўрота, сядзела Мікулава дачка. Яна толькі што прала, а цяпер застыла, узняўшы руку да жаўтлявай кудзелі, чырвоныя вусны яе раскрыліся, і ўся яна, прысадзістая, з цёмнымі рукамі, кірпатым носам, румянымі шчокамі, блакітнымі вачыма і трохі рыжаватымі валасамі, што рассыпаліся па нізкім ілбе, уся замерла, нібы зачараваная, ад здзіўлення і жаху. Такі самы жах, але яшчэ большая цікаўнасць ахапілі невялікую, шчуплую бабулю, што нізка сядзела на перавернутых ночвах, а перад ёю стаяла поўнае рэшата струкоў фасолі. З недалушчанымі струкамі ў касцістай, моцнай руцэ, яна павярнула да святла галаву ў круглым, нібы прыклееным, чырвоным чапцы, а водбліскі агню дзіўна румянілі яе зморшчаны лоб і твар, запальвалі мігатлівыя іскры ва ўпалых, але быстрых вачах. Таксама ахопленая здзіўленнем, сядзела маладзенькая, свежая, стройная, як бярозка, жонка малодшага Мікулава сына. Сядзела яна ў святле, насупраць панурага бондара, і каля грудзей, прыкрытых сіняй кофтай, калыхала немаўлятка. Вялікі лазовы кошык, у якім спала яшчэ адно малое, звісаў з задымленай бэлькі на тоўстых вяроўках, побач з шырокім тапчаном, засланым па сене дзяругай. Дзве дзявочыя галоўкі, аслоненыя пасмамі льяных валасоў, схіляліся з высокай і шырокай печы. З-за шырокіх бондаравых плячэй высунуўся светлагаловы падлетак, на каленях якога ляжалі клубкі шнура, а ў руках была ігліца, якою плятуць венцяры. Хто ў поўным асвятленні, хто ў хісткім прыцемку - усе гэтыя дванаццаць чалавек, жанчыны і мужчыны рознага веку, нерухома застылі ў нізкай хаце, у якой шмат месца займаў гаспадарскі посуд, рыбацкія прылады і шырокія кросны.
Пасярод хаты стаяў той, хто расказваў. Гэта быў маладзейшы з двух Мікулавых сыноў, высокі, статны трыццацігадовы мужчына. Яго пастава і вопратка гаварылі пра ўпэўненасць і імкненне да некаторай элегантнасці. Ён, відаць, толькі што вярнуўся з дарогі, бо яшчэ не скінуў спраўнага кажушка, над чорным авечым каўняром якога рэзка выдзялялася рыжаватая, коратка пастрыжаная барада і румяны твар. Залатыя, з рыжаватым адлівам валасы, адкінутыя назад, адкрывалі святлейшы за твар лоб, смелы і разумны. У руках мужчына ўсё яшчэ трымаў пугу, якой падганяў у дарозе коней, і вось, размахваючы рукамі, ён расказваў:
– Далібог, праўду кажу! Каб я здох, калі лгу! Увесь свет быў сёння ў мястэчку, і ўсе так пра гэта гаварылі, што і гандлю ніякага не было. Усе гавораць, што гэта Бонк, той самы, які дзесяць гадоў таму назад разам з супольнікамі, каб ім дабра не было, зарэзаў траіх чалавек...
– Жыдоў, здаецца, ці каго?
– прамармытаў, узнімаючы руку да валасоў, пануры бондар.
– Але, - пацвердзіў расказчык, - двух жыдоў і адну бабу, што тады ў іх начавала, забілі, ды ўсяго толькі трыццаць рублёў знайшлі ў іх. Тады яго злавілі і ўбачылі, што гэта быў той самы Бонк, які некалькі гадоў дзесьці далёка ад нас вычвараў... Крамы рабаваў і грошы падрабляў, і толькі таго, што не забіваў яшчэ... А тут ужо і забіваць пачаў!.. Ажно тут яго ў суд і на катаргу асудзілі, навечна ў Сібір, а ён з турмы ўцёк. Уцёк, злыдзень, пераапрануўся і рабочым на нейкую хвабрыку пайшоў... Пайшоў рабочым на нейкую хвабрыку і колькі гадоў жыў там з падробленым пашпартам... Ажно і там яго злавілі і білі за тое, што ўцякаў, не на жартачкі білі, кажуць, сто бізуноў злыдзень атрымаў.
– Ай, - жаласліва войкнула маладая жанчына, што закалыхвала на руках малое.
– А-а-а!
– здзіўлена паківала галавой баба. Падлетак, што пазіраў з-за бондаравых плячэй, шырока расплюшчыў вочы, яснасць і чыстату якіх замуціла трывога.
– Вытрымаў! Ах ты, Божа ж мой, усё ж вытрымаў!
– заўважыла гаспадыня, не мяняючы не паставы і не разнімаючы рук.
– Але!
– выгукнуў расказчык.
– Чорт не ўзяў яго душы! У бальніцы трохі паляжаў, і ў Сібір яго пагналі. Загналі далёка, ажно на край свету, каб ужо другі раз не ўцякаў. А ён узяў-такі ды ўцёк...
– З катаргі ўцёк?
– вымаючы з рота люльку, упершыню азваўся стары Мікула.
– Але, татка, з катаргі. Прабыў ён там год, два гады, тры гады, а потым ужо шмыгануў у свет вочы! Кажуць, па ўсёй імперыі разаслалі паперы. І губернатарам, і паліцмайстрам, і станавым, і ў валасныя канцылярыі разаслалі паперы, дзе гаворыцца, што такі-сякі ўцёк з катаргі і што загадана ўсім жывым шукаць яго і лавіць... Кажуць, па ўсёй імперыі шукалі, ды вось табе!.. Каб яго ваўкі задушылі... тут яго знайшлі...