Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

Сені напоўніліся цяжкім тупатам, і праз дзверы праціснуліся чатыры дзецюкі. Дзяўчына, што трымала галавешку, крыкнула другой:

– Ульяна, лі ваду! Лі, калі бога баішся!

Вялізная васпаватая Ульяна нахіліла да зямлі вядро; вада шырока разлілася па таку. Але для нападаючых гэта ўжо не было перашкодай. Яны з грукатам перавярнулі зэдлік, а адзін з іх ужо выдзіраў з рук дзяўчыны галавешку.

– Ай, людзі!
– крычала яна.
– Людзі, ратуйце!

– А будзеш гаварыць «лі», а будзеш на злое падбухторваць?

Ён падсунуў агонь да першай з краю кудзелі. Пасыпаліся іскры з лёну, прасніца засвяцілася, як свечка. Ульяна заплакала ўголас. Гарэла яе кудзеля.

– Ой, каб вас бог за маю крыўду пакараў! Каб вы...

А будзеш ваду ліць? А будзеш людзям ваду пад ногі ліць?
– пацвельваліся хлопцы з заплаканай дзяўчыны.

Бондар і Аляксей умомант затушылі рукамі агонь. Хрысціна суцяшала пакрыўджаную, ідучы ў бакоўку па новую кудзелю. Дзяўчына адразу ж супакоілася і разам з усімі села за калаўрот.

Баба Настуля зачыніла дзверы, бо холад ішоў з сяней у хату. Хлопцы - хто ў кажусе, а хто ў сівай сярмязе, усе ў цяжкіх ботах - толькі цяпер пакланіліся гаспадару.

– Добры вечар!
– гукнулі яны хорам.

Стары не адказаў. Няўжо ён задрамаў? Усе, аднак, ведалі, што стары Мікула не быў санлівым, ён любіў познія, шумныя вячоркі і ветліва адказваў, калі госці віталіся, а нават часамі, хоць і рэдка, смяяўся грубым смехам услед за моладдзю. Сёння ён маўчаў. Рука з люлькай павісла каля грудзей, усе маршчыны на вялікім ілбе апусціліся ўніз, нібы цяжкая хмара павісла над касматымі бровамі. Спаў ці думаў? Гневаўся ці ўспамінаў? Хлопцы адышліся да камінка і, стаўшы за дзяўчатамі, пачалі закурваць. Баба Настуля зноў села на перавернутыя ночвы і гаварыла, гаварыла, размахваючы сухімі рукамі. Калаўроты затарахцелі: перамагаючы іх тарахценне, узняўся шумны, вясёлы гоман. У хаце зрабілася вельмі горача і душна.

Каля сцяны, насупраць той, дзе сядзеў стары Мікула, у ценю, на лаве, у канцы якой стаяла бочка з квашанай капустай, ішла размова, прыглушаная гоманам і тарахценнем калаўротаў. Госць сядзеў там побач з Аленкай, якая не прымала ніякага ўдзелу ў свавольствах і жартах, што напоўнілі хату, - яна спачатку карміла, а потым калыхала на руках сваё малое.

– Вясёлыя ў вас вячоркі, - пачаў госць.

– Ды вясёлыя, - адказала Аленка.

– Ты даўно выйшла за Аляксея?

– Ды на Пятра будзе ўжо чатыры гады.

– А колькі ж табе цяпер гадоў?

Яна ўсміхнулася і сарамліва нахіліла галаву:

– Або я ведаю? Мусіць, на Юр'я дваццаць споўніцца...

– Фіі!
– свіснуў госць - Старая ты ўжо кабеціна. Ну, а добра табе тут жывецца?

– Чаму ж не добра? Вельмі добра. Дай Божа, каб так да веку было...

– Аляксей добры? Не б'е?

Яна пачырванела:

– Гэтага яшчэ не хапала!

– А любіць?

Яна захіхікала ціха і, замест адказу, моцна пацалавала малое ў лоб.

– Хлеб у хаце заўсёды ёсць?

– Дзякуй Богу, ёсць. Яшчэ таго не было, каб хлеба не хапала. Чаго іншага няма, а хлеб заўсёды ёсць.

– Бондар, напэўна, шмат зарабляе?

– Ды зарабляе. І мой зарабляе, і бацька зарабляе. Калі на гаспадарцы няма работы, дык ён з Ясікам рыбу ловіць і ў мястэчку прадае; раней адзін хадзіў рыбачыць, а цяпер ужо гады са два з Ясікам ходзіць...

– З Ясікам ходзіць, - паўтарыў госць і, апусціўшы вочы, змоўк.

Каля печы з шумам калаўротаў і гоманам змяшаўся хруст разгрызаных арэхаў і лузганне семачак. Хлопцы даставалі з-за пазухі гнілаватыя дзічкі і частавалі імі дзяўчат; тыя манежыліся, адпіхалі паднесеныя да іх твараў жмені з ласункамі, а потым нібы нехаця прымалі, елі і, у сваю чаргу, кідалі хлопцам арэхі і семачкі. Кожны раз, калі каму-небудзь пападала ў лоб або ў шчаку арэхам ці калі жменя семачак рассыпалася па чыім-небудзь аўчынным каўняры, з-за калаўротаў выбухаў смех. Адзін з дзецюкоў, што ўвесь час стаяў за Ганулькай, амаль не ўдзельнічаў у жартах, а ўсё нешта шаптаў дзяўчыне на вуха. Ульяна, што верхаводзіла паміж дзяўчат, гукнула яму, каб загадаў якую-небудзь загадку. Бо ніхто ж не ведае столькі цікавых загадак, як каржакаваты Дзям'ян, галава якога зарасла такімі чорнымі ды кучаравымі валасамі, што яны амаль зліваліся з чорным каўняром кажуха. У гэтым чорным гушчары чырванелі толькі поўныя шчокі і паблісквалі чорныя вочы.

– Калі загадкі, дык няхай будуць загадкі, - адказаў ён настойлівым дзяўчатам. А сам выпрастаўся, адкашляўся на ўсю хату, яшчэ больш надзьмуў шчокі і, руку ўпёршы ў бок, пачаў:

Еду, еду - Ні дарогі, ні следу, Каня бічом паганяю, На смерць паглядаю.

Ён змоўк. І ўсе маўчалі. Спынілася некалькі калаўротаў.

– Ну, што гэта?
– здзекліва спытаўся разумны Дзям'ян.

Ніхто не змог разгадаць. Дзяўчаты заклапочана зіркалі адна на адну, а хлопцы нібы зусім абыякава курылі і прытупвалі наскамі ботаў. Дзям'ян узяўся ў бокі аберуч.

– Ды гэта ж човен!
– пагардлівым тонам сказаў ён.

– І праўда!
– пачулася адразу некалькі галасоў, і ўсе дзівіліся, паўтараючы словы загадкі.

– Ага!
– еду, ні дарогі, ні следу - вядома, па вадзе, каня бічом паганяю - значыцца, вяслом па вадзе... Ага! І праўда - гэта ж човен.

– Чаму ж ты, Дзям'ян, не шапнуў мне, што гэта такое! Калі б ты сказаў, я адгадала б, - ціха прагаварыла Ганулька.

– Добра, то я яшчэ адну загадаю.

Ён зноў надзьмуў шчокі, кашлянуў і пачаў:

Повен хлявец Белых авец, Адзін баран бляе.

Скончыўшы, ён нагнуўся, нібы паднімаючы з зямлі арэх, і шапнуў Ганульцы ў самае вуха:

– Язык!

– Язык!
– сярод агульнага маўчання выгукнула дзяўчына.

– Ага!
– зноў здзівіліся ўсе.
– Праўда! Нічога не скажаш, праўда! Во разумная! Такая маладзенькая, а такая разумная! А можа, табе Дзям'ян падказаў? Відаць, падказаў? Праўду скажы!

Пачырванелая, як півоня, дзяўчына хавалася за кудзелю і ўмольна пазірала на разумнага хлопца.

– Я не гаварыў!
– выгукнуў Дзям'ян.
– Брэшаце! Нічога я не гаварыў...

І, нібы жадаючы адагнаць новыя пытанні, што пасыпаліся на яго і каханую дзяўчыну, адразу дадаў:

– Калі хочаце, дык яшчэ адну скажу!

Тоўстыя шчокі яго раз'ехаліся ад хітраватай усмешкі, чорныя вочы смяяліся.

Маленькая, чарненькая, Усю калоду варочае.

Ну, што гэта?– спытаўся ён, закрываючы жменяю рот.

Баба Настуля засмяялася, шырока разявіўшы свой бяззубы рот, і замахала на яго рукамі:

Ой, каб ты скіс з такою загадкаю! Ой, не раз і не два чула я ўжо гэтую загадку! Гэта ж блыха!

Прыглушаным голасам, праз пальцы, якімі ён закрываў рот, Дзям'ян пацвердзіў:

– Ну але, блыха!

А чорныя вочы блішчалі над вялікай рукой, смяяліся і пераможна пазіралі па вясёлых дзяўчат. Другою рукою ён крадком абдымаў тонкі Ганульчын стан, абцягнуты сіняй кофтай.

Госць, седзячы побач з маўклівай Аленкай, неяк асабліва пільна прыслухоўваўся да жартаў і загадак. Ён успёрся рукамі на калені і, падаўшыся наперад, пачаў усміхацца, спачатку слаба, невыразна, а потым з усё большым задавальненнем. Як толькі хто каля печы выкрыкваў разгадку, ён падтакваў, ківаючы галавой. Калі б хто-небудзь тады на яго паглядзеў, дык мог бы падумаць, што чалавек гэты добра ведае ўсё, пра што гаворыцца, толькі ўсё гэта забылася і цяпер прыгадвалася настойліва, ведучы за сабою рой іншых успамінаў. Але ніхто цяпер не звяртаў на яго ўвагі, дык неўзабаве і сам ён перастаў пасміхацца, зноў паглядзеў на суседку.

Поделиться с друзьями: