Яго батальён
Шрифт:
— Ах, гады! Ну ідзіце, гады! — джгаючы чэргамі, роспачна крычаў на прыступках паранены.
Чарговай гранаты Валошын не паспеў заўважыць. Магчыма, яе кінулі цераз бруствер, толькі побач у траншэі раптам аглушальна грымнула, пыхнуўшы ў расчыненыя дзверы гарачым смуродам трацілу, і нямецкая каска з галавы Чарнаручанкі з жалезным звонам выцялася аб перакладзіну. На прыступках, адкінуўшыся назад, канвульсіўна затузаўся Чарнаручанка, Валошын падхапіў яго забіты пяском, гарачы яшчэ ППШ і адскочыў ад расчыненых на завесах дзвярэй.
— Дзверы! Дзверы! — закрычалі ў бліндажы некалькі галасоў.— Трымайце дзверы!!!
Нечыя спрытныя рукі ляпнулі з сілай дзвярыма, якія туга і шчыльна зачыніліся, адразаючы ўсё, што было ў траншэі. У бліндажы разам сціхла. Яны чакалі. Валошын не ведаў, што здарылася з Чарнаручанкам, забіты той або ранены, не ведаў, у якім стане паранены ў галаву баец, аўтамат якога, аднак, таксама замоўк. Спалохаўшыся, што ў бліндаж вось-вось уварвуцца немцы, капітан праз дошкі дзвярэй смалянуў у траншэю трыма кароткімі чэргамі і зноў знерухомеў ля вушака.
— Маты моя рідная! — загаласіў у прыцемку хтосьці з параненых. — Роды мэнэ обратна…
— Мовчі! — крыкнуў з падлогі Аўдзюшкін. — Бэз тэбэ тошно…
Зноў настала пакутная паўза, якая, відаць, папярэднічала самай рашучай сутычцы. Цяпер ужо памагчы ім не мог ніхто ў цэлым свеце, і нават яны самі памагчы сабе не маглі. Напэўна, надышоў час развітвацца адзін з другім і падумаць, як даражэй аддаць свае жыцці.
— Ух, сволачы! Ух, якія ж яны гады-сволачы! — плакаў у куце паранены ў сподняй кашулі.— Завошта яны нішчуць нашу маладую жызню? Што мы ім зрабілі?
— Чакайце! — не ведаючы яшчэ, чым суцешыць іх і сябе, сказаў Валошын. — Яшчэ не ўсё страчана. Яшчэ мы патрымаемся. У нас жа браня.
— Браня?
— А як жа! — бадзёра сказаў капітан. — Во, зямля родная. Лепшай няма ў свеце брані. Паспрабуй прабі,— стукнуў ён кулаком па сцяне. — Там, на касагоры, бугарка не было. А тут… Там бы такі бліндаж!
— А цэ ж правда! — раздаўся раптам прасветлены голас. — Я там за лапатачку ховався…
Не паспеў ён скончыць, аднак, як сцены бліндажа зноў скалануліся ад магутнага выбуху, пасля яшчэ аднаго і яшчэ двух запар. Дзверы яны трымалі падпёртыя ля самай зямлі нагамі. Валошын з усяе сілы ўпіраўся ў іх абцасам бота, І ў яго ледзьве хапала сілы ўтрымаць там нагу пры выбухах. Уся верхняя палова тоўстых дзвярэй, пасечаная асколкамі, засвяцілася дзесяткамі шчылін і дзір, з якіх тырчалі доўгія трэскі. Напружваючы нагу, Валошын чакаў, калі гэтыя дзверы рухнуць у бліндаж ці разляцяцца ў трэскі, і тады… Тады настане апошняя сутычка з мінімальным шанцам застацца жывымі. Але дзверы трымаліся. Гранаты ўсё ж ірваліся зводдаль метры праз тры ў траншэі, і ён здзівіўся, што ніводная з іх не разарвалася пад дзвярыма. Зрэшты, ён здагадаўся, што скаціцца гранатам пад дзверы не давалі двое забітых. Застаўшыся на прыступках, мёртвыя абаранялі жывых, прымаючы на сябе ўсю сілу выбухаў і ўсе асколкі. Ім там хапіла. Валошын ужо адчуў пад падэшвай мокрую лужынку і зразумеў, што гэта было. Мёртвыя сцякалі жывой, яшчэ цёплай крывёй.
Ля сцяны трывожна заварушыўся Маркін.
Не выпускаючы з рукі пісталета, ён выцягнуў з-пад галавы сумку, коратка кінуўшы ў аціхлы бліндаж:
— У каго запалкі?
Хтосьці падаў запалкі, і лейтэнант, пашукаўшы ў сумцы, выняў адтуль некалькі паперак, разарваў іх у клочча. У бліндажы загарэўся невялікі дымны агеньчык, у які Маркін, нервова камячачы, пачаў соваць паперы. «Прадбачлівы, аднак», — падумаў пра яго Валошын. У ягонай палявой сумцы таксама знайшлося б што-колечы, што ў такую хвіліну лепш было знішчыць, але ён усё марудзіў, быццам на што спадзеючыся. Маркін, аказваецца, у гэтых адносінах быў разумнейшы і ўжо не спадзяваўся. Што ж, мабыць, начштаба меў рацыю.
— Карта ў вас? — узняў ён змрочны твар да Валошына. Карта з нанесенай на яе абстаноўкай батальёна была ў ягонай сумцы, і хаця абстаноўка гэтая здорава змянілася за суткі, капітан моўчкі выняў яе і кінуў Маркіну. Тады ж ён зірнуў на томік Ясеніна ў сумцы і падумаў, што прачытаць яго ўжо не прыйдзецца. Ні яму, ні Іванову таксама.
Бліндаж неўзабаве напоўніўся дымам. У дадатак да дакументаў з палявой сумкі начштаба, імянных спісаў і карты хто-колечы з байцоў пачаў кідаць на праход свае пісьмы і дакументы, якія пражэрліва нішчыў агонь.
У агнянай кучы загарэлася маленькае дзяўчачае фота — спярша плячо, блузка, пасля кучаравыя валасы прычоскі, роўненькі носік, грыўка на лобе. Застаўся вузенькі краёчак поля, які хутка патануў у агнявым попеле.
Немцы, аднак, усё марудзілі, гранат больш не кідалі. Не стрываўшы гэтую няпэўную паўзу, Валошын павярнуў аўтамат ствалом да дзвярэй і зноў пусціў некалькі чэрг. Пасечаныя кулямі і асколкамі дзверы давалі, аднак, згледзець толькі вузкі адрэзак траншэі насупраць. Зазірнуўшы ў адну шчыліну, Валошын убачыў паблізу разбіты выбухам твар Чарнаручанкі, з крывавага месіву якога жахліва тырчэў белы абломак сківіцы. Болей там нічога не было відаць. У траншэі, здаецца, нікога не было, мабыць, немцы хаваліся за павароткамі. Час ад часу капітан пачаў зазіраць у гэту вузкую вертыкальную дзірку ў дошцы і ў трэці або чацвёрты раз заўважыў штосьці такое, што амаль здзівіла яго.
Спярша яму выдалася, што гэта быў дым, струмені якога цягнуліся ў падстоллі ў бок да дзвярэй і адтуль выцякалі ў траншэю. Але, прыгледзеўшыся, ён зразумеў, што гэта было нешта іншае. Густа-шэрае дымнае воблака хутка напаўняла траншэю, у ім ужо знікла супрацьлеглая яе сцяна, і цяпер знікаў пакалечаны твар Чарнаручанкі. Пагрозліва-ўдушлівы хімічны смурод тым часам пачаў запаўняць бліндаж. Байцы нядобра заварушыліся, пачалі кашляць, і паранены ў руку баец, які ляжаў ля самых дзвярэй, закрычаў:
— Браткі! Ды яны ж нас газам! Вы чуеце?
— Ціха! — крыкнуў Валошын. Але было позна. Увесь бліндаж трывожна заварушыўся, затузаўся, нехта захрыпеў у цемры, шмат хто пачаў удушліва кашляць, і Валошын адчуў, як у яго самога нясцерпна запякло ў горле і з вачэй паліліся слёзы. Ён апусціўся на кукішкі ля сцяны, прыдушаны гэтым вераломствам немцаў, і думаў: няўжо ж яны на самай справе рашыліся прымяніць газ? Але чаму б і не прымяніць? Калі яны прымянілі ўсё, што стагоддзямі праклінала чалавецтва, чаму б не ўзяцца яшчэ і за газ? На тое няшчасце, ён даўно занядбаў сваім процівагазам, пакінуўшы яго ў абознай фурманцы. Зрэшты, тут амаль усе аказаліся без процівагазаў, і цяпер за гэты свой промах ім належала заплаціць жыццём.
Дымнай удушлівай імглы нацякала ў бліндаж усё болей, зрабілася цёмна, дыхаць не было чым. Уткнуўшыся тварам у суконны рукаў шыняля, Валошын ледзьве намагаўся на дробныя, недастатковыя для лёгкіх удыхі. Наверсе ж на схілах сваёю чаргой ішоў агнявы бой, да якога ён хоць і прыслухоўваўся, але ўжо даўно перастаў у ім разбірацца. Відаць, гэты бой іх ўжо не датычыў. З кожнай хвілінай яго ўсё болей дапякала ўдушша і ўсведамленне сваёй бездапа-можнасці, бяссільная злая нянавісць да тых, хто нарыхтаваў ім гэтую пакутную смерць. Ён не адразу адчуў, як хтось пацягнуў яго за рукаў, і тады няўцямна падняў павекі.
— Таварыш камбат, вазьміце!
Нечая салдацкая рука працягвала яму знаёмую сумку з процівагазам, у якой цяпер быў паратунак. Аднак ён не адразу наважыўся працягнуць сваю руку насустрач, ён не быў гатовы да гэткага жэсту велікадушша. Каб уратавацца аднаму, калі гінулі астатнія, патрэбна была рашучасць асаблівага роду, якой ён не меў. Але рука яго інстынктыўна, амаль без удзелу волі, пацягнулася да вузкай пакручастай лямкі ды так і павісла ў паветры.
— Я — камбат! Я тут камбат! — раптам амаль істэрычна выкрыкнуў пад сцяной Маркін і, рэзка падаўшыся наперад, перахапіў сумку.