Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Яго батальён

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Давайце апускаць, — нецярпліва падганяў Гутман і скокнуў у магілу. — Насіце, мы пераймаем.

Утрох з капітанам байцы ўзяліся падцягваць забітых на ўскраек магілы і, падтрымліваючы іх за ногі, памалу падаваць Гутману. Той удвух з яшчэ адным байцом падхопліваў іх акрываўленыя, пашкуматаныя асколкамі, з перабітымі рукамі і нагамі целы і валок у другі канец ямы. Першага там паклалі лейтэнанта Круглова, пасля тых, каго яны павыцягвалі раней з траншэі. Сярод іх Валошын затрымаў на краі магілы тэлефаніста Чарнаручанку, разам з якім перажыў тры цяжкіх месяцы пад нямецкім абстрэлам, у ровіках, траншэях, зямлянках і прывык да гэтага нетаропкага, маўклівага байца, гаспадара іх бітончыка-групкі. Але вось і яго не будзе. Цела Чарнаручанкі ўжо закалянела ў згорбленай нязручнай паставе — скурчаныя рукі з пасечанымі ў лахманы рукавамі тырчалі лакцямі ў бакі, і калі капітан адну выпрастаў, яна зноў пругка сагнулася, займаючы ранейшы скорчаны стан. Твар тэлефаніста было не пазнаць, так яго знявечыла разрывам гранаты, і Валошын ціха сказаў:

— Хлопцы, перавязаць трэба.

У некага знайшоўся перавязачны пакет, Гутман, стоячы ўнізе, хутка абкруціў бінтам галаву і твар забітага. Пасля яны апусцілі яго на дно.

Яны заклалі там адзін рад і пачалі класці другі. Крайні ў гэтым радзе лёг лейтэнант Самохін, байцы неслі кагось наступнага, і Валошын раптам прыпамятаў:

— Стойце! Давайце сюды санінструктара.

— А што? Якая розніца? — запярэчыў змораны, у ва-тоўцы баец, якому, відаць, не хацелася ісці лішні раз па забітага.

— Давай, давай! Там яна, недалёка…

Яны паднялі з зямлі і паднеслі да ямы худзенькае, амаль дзіцячае цела малодшага сяржанта медслужбы Вераценнікавай. Гутман акуратна паклаў яе побач з Самохіным.

— Хай ляжаць. Тут ужо нікога баяцца не будуць… «Тут ужо нікому нічога не страшна, ужо адбаяліся», — падумаў Валошын, гаротна пазіраючы ў змрок ямы, дзе Гутман у цьмяным святле з ліхтарыка паправіў на Веры гімнасцёрку, склаў на грудзях яе заўжды залітыя ёдам рукі. Колькі людзей гэтыя рукі ўратавалі ад смерці, павыцягвалі з-пад агню, паўладкоўвалі ў выпадковыя палявыя сховішчы, перавязалі, дагледзелі… Але вось наступіла і яе чарга.

Так адно за адным паклалі яны і другі рад. Апошні застаўся Гайнатулін, месца якому ў радзе ўжо не было, і яго ўціснулі ў вузкую шчыліну каля ног забітых.

— А што? Чым кепска? — сказаў Гутман. — Асобна, затое як камандзір будзе.

Ён выбраўся з ямы, у якую байцы ўзяліся дружна ссоўваць зямлю, быццам хацелі хутчэй скончыць з гэтай малапрыемнай работай. Валошыну было нязручна з яго балючай рукой, і ён выпрастаўся. Пахаванне канчалася, заставалася закапаць магілу і насыпаць земляны бугорчык, на які заўтра тылавікі паставяць драўляную піраміду з фанернай зоркай наверсе. На гэтым абавязак жывых перад мёртвымі можна будзе лічыць закончаным. Батальён, магчыма, прасунецца далей, калі будзе загад наступаць, атрымае новае папаўненне, з франтавога рэзерву прышлюць афіцэраў, і яшчэ менш застанецца тых, хто перажыў гэты пякельны бой і памятаў жывымі тых, хто тут закапаны. А пасля і тых не застанецца. Ранейшы будзе толькі нумар палка, нумары батальёнаў, і недзе, у далечы вайны, як дым, растане іх франтавы лёс.

— Ну во і парадак! — абапіраючыся на гладкі тронак нямецкай рыдлёўкі, з выдыхам сказаў Гутман. — Можна курыць. Што не дароблена, заўтра ўдзень даробяць. Абібокаў у тыле хапае.

Байцы заканчвалі падчышчаць зямлю ля магілы, выціралі спатнелыя лбы і моўчкі па адным адступаліся да бруствера ля траншэі. Валошын закурыў і перадаў свой партсігар

Гутману, у якога ахвотна закурылі астатнія. Замест запалак у некага знайшлася «кацюша» — папырскаўшы сіняватымі іскрынкамі з крэменя, баец высек агонь, і ўсе па чарзе прыкурылі ад трута — абрыўка тасьмы з дзягі.

— Думаў, сёння мяне закапаюць, — перапыніў усеагуль-ную маўклівасць Гутман. — Ды во самому закапваць прыйшлося. Цуд, і толькі!

— Як шыя? — запытаў капітан.

— Шыя? Баліць, халера. Тыдні са два прыйдзецца пакантавацца ў санбаце. Даўно ўжо не быў, аж уздрадаваўся. А што — лішне не будзе, я чалавек не торды, як-небудзь вытрываю…

Валошын не падтрымаў гаваркога ардынарца, а зморана сядзеў на брустверы, тупа адчуваючы, як у гэты злашчасны дзень нешта для яго скончылася. З нейкім вялікім кавалкам у яго жыцці адышло яго труднае камандзірскае мінулае і, мабыць, пачалося штось іншае. Сёння ён пабыў радавым байцом, і хоць і раней не далёка адступаўся ад яго, але тады была ўсё ж дыстанцыя. Сёння ж яе не стала, і ён поў-наю мерай адчуў неабдымнасць салдацкага ліха і заплаціў сваю крывавую плату за вяршок гэтай адбітай з боем зямлі.

Байцы поруч дакурвалі, і ён адчуваў, што набліжаўся час уставаць і ісці. Толькі куды? Як і трое з іх, ён быў паранены і фармальна меў права ісці ў санроту, адкуль яго маглі на тыдзень-другі адправіць у медсанбат. Спакусліва было паваляцца дзе-небудзь у тылавой вясковай школцы, выспацца на саломе, адпачыць ад спрадвечных камандзірскіх клопатаў, атак і абстрэлаў, ад складаных адносін з начальствам. Але калі б там можна было забыцца пра ўсё перажытае, выкрэсліць з памяці тое, што і там будзе душыць, грызці і мучыць. Ён ведаў, што праз дзень-два тылавая вёсачка яму надакучыць і ён зноў пачне рвацца туды, дзе бой, кроў і смерць — ягоны франтавы лёс, апроч якога, яму нічога болей не будзе. Пакуль ён жывы і грыміць вайна, іншага, на бяду ці на шчасце, яму не дадзена.

На душы ў капітана было тужліва і роспачна, як толькі і можа быць пасля пахавання. Не ведаючы, на што наважыцца, ён знямогла сядзеў, каўняром паўшубка затуліўшыся ад ветру. Пакуль дыміла цыгарка, можна было бавіць час і рашаць, але, дакурыўшы, трэба было ўставаць і ісці. Уніз па схіле ў санчасць ці назад за вышыню ў батальён.

— Стой, ціха! — раптам трапятнуўся Гутман і ўскочыў з бруствера. Баец, што сядзеў побач, схапіўся за карабін, але карабін не спатрэбіўся — Гутман узрадавана-сцішана крыкнуў, звяртаючыся да Валошына:

— Глядзіце, глядзіце! Таварыш капітан, Джым! Валошын азірнуўся амаль спалохана — у начным прыцемку было відаць, як, матлянуўшы над чорнай траншэяй, на бруствер ускочыў іх дужы, імклівы, узрадаваны гэтай сустрэчай Джым. Не звяртаючы ўвагі на незнаёмых, ён крута скокнуў угору на грудзі к Валошыну, ледзьве не паваліўшы яго на зямлю, затым заскуголіў ціхенька і радасна і шархоткім языком пругка лізнуў па бруднай шчацэ капітана, і Валошын не адхінуўся — сцяў на сваіх плячах яго дужыя сцюдзёныя лапы.

— Джым!.. Ах ты, Джым!.. — з горкай радасцю пагладзіў ён рухавую спіну сабакі, думаючы, аднак, пра іншае. Пасля ўсяго, што здарылася, радасць сустрэчы з Джымам нечакана аказалася сумнай, несапраўднай, заслоненай болем іншых, болей дарагіх страт.

— Глядзіце, глядзіце — ён жа сарваўся! — Гутман тузануў на сабаку ашыйнік, з якога віснуў недаўгі канец адарванага рэменя. — Во жывёліна!

— Жывёліна — не тое слова, Гутман, — сказаў Вало-шын, сядаючы побач з сабакам.

— Ну не жывёліна, вядома. Сабака! Сабачка, але бы чалавек! Дзівосы!

Валошын абмацаў свае кішэні, у якіх, аднак, апроч пяску і некалькіх пісталетных патронаў, нічога больш не было, і Джым, нахіліўшы галаву, з цікавасцю паназіраў за гэтым знаёмым для яго рухам.

— Ах, Джым, Джым…

Хутка, аднак, спакайнеючы ад першае радасці, Джым звыкла застрыг вушамі, засцярожліва азіраючыся па баках. Байцы адышліся на некалькі крокаў і.задумліва пазіралі то на сабаку, то ў неба над вышынёй, у якім ад саўгаса ўсё несліся ўгору трасірныя кулямётныя чэргі і блукалі недалёкія водблескі нямецкіх ракет. Нямецкі кулямёт з-за вышыні выпусціў даўжэзную чаргу, частка яе куль, ударыўшыся ў зямлю, з віскам разляцелася ў бакі.

Поделиться с друзьями: