Былі ў мяне мядзведзі
Шрифт:
— Дураў, - сказаў пра Марку тата. — Гагенбек. Цырк Чынізелі.
Той сапраўды паказваў дзівосы цярпення. Аднойчы, напрыклад, выкупаў мядзведзя ў Водры, а пасля падвабіў яго цукрам да бліжэйшага мурашніка. Паклаў цукар на ягоную макушку. Бурык палез па яго спачатку лапай, пасля мордай. Пасля пачаў адступаць і церці морду лапамі, і лізаць іх, і сліна, змешаная з цукровым сокам, цякла па лапах і жываце. І ён злізваў яе разам з мурашкамі. Марка зрабіў гэта некалькі разоў, і вось у адзін са днёў, калі Бурык раптам прыціхнуў у гушчары, дзед асцярожна паклікаў мяне.
Мядзведзік сядзеў ля мурашніка, слініў лапу і разграбаў гліцавую піраміду. Трымаў там лапу і пасля аблізваў яе. Без усякага цукру.
— Глядзі ты, сук-кін сын, як саабражае, — здзівіўся Марка. — Нездарма ж кажуць, што мядзведзі — гэта людзі, якія ў лес уцяклі, каб на чужога дзядзьку не працаваць… Каб прыганятага над імі не было. Цівуна… Ну, а ты чаго ж, Сярожка? Няўжо цябе даўжэй за мядзведзя вучыць трэба?
— Як?
— А так, — дзед зламаў дзве арэхавыя віцы і абабраў, абдзёр з іх кару. — Вось толькі горкага дрэва не бяры. Вольхі, скажам, асіны. А цяпер пасліні сваю, — ён паслініў белую віцу і, прысеўшы да мурашніка насупраць мядзведзя, паклаў віцу на паверхню конуса. — Кладзі і ты.
Мурашкі абляпілі хлюдзінку. Марка пачакаў хвілінку, страхнуў з дубчыка насякомых і чыстае лясное смецце і пачаў абсмоктваць яго, нібы на флейце граў.
Я зрабіў тое самае. Кісленькі, неймаверна прыемны смак адразу выгнаў сліну. Некуды знікла смага, ўто ўжо даўно мучыла мяне.
— Што, Сярожка? Смачнае мурашынае піва?
У Бурыка аж на зубах храбусцела. І так мы сядзелі трох ля мурашніка і раскашавалі, ласаваліся. Два чалавекі і мядзведзь.
…Да маліны яго і прывучаць не трэба было. Ён дужа цікава еў яе: абшморгваў разам з лісцямі, соваў у рот, чамкаў, аж заплюшчываючы вочы ад асалоды, а пажмаканае лісце пасля выплёўваў.
Так мы пражылі лета. А за ім прайшла восень з яе жалудамі і брусніцамі. І зноў засерабрыўся дах пуні, а Бурык стаў вялы і сонны і не хацеў гуляць са мной.
Адразу за нашай хатай ужо з год ляжала яліна-выварацень. Ніяк не даходзілі рукі распілаваць яе. А пасля бацька забараніў. Таму што ў яму пад каранямі нанесла шмат сухой літоты, і аднойчы ён убачыў, як Бурык залез у гэтую яму і топчацца, і топчацца там. Бацька загадаў мне кожны дзень, як прыйду са школы, награбаць граблямі два мяхі сухой лістотыі высыпаць туды.
Пасля лістота стала мокрая, пасля змерзлая, жорсткая, як шкляная, аж звінела, а Бурык пачаў часцей і часцей знікаць. Спачатку на дзень, пасля на дзень і ноч. Бацька сказаў, што гэта ён шукае траву і карэнні, а можа, і змерзлыя мухаморы, каб выгнаць паразітаў, калі яны ў яго ёсць, іначай яны яго з'ядуць. І што гэта называецца інстынкт, памяць продкаў, бо ніхто Бурыка гэтаму не вучыў.
Пасля ён залез на дзень у свой барлог, але вылез, бо зноў стала цяплей. Пасля аж на тры дні. А аднойчы я з'явіўся са школы, — якраз выпаў першы сухі сняжок — і не ўбачыў яго, а тата сказаў, што ўначы той канчаткова лёг і што непакоіць яго ані ў якім разе не трэба.
Паваліў, паваліў снег, засыпаў нашу сядзібу, пуні, яліны ў лесе, стагі і ядлоўцавыя хмызы. Уставалі і клаліся пры газавых лямпах. Вечарамі стралялі грубкі, і зменлівы, бягучы водбліск бегаў па старонках кнігі. І мне было шкада, што за сцяной, не так ужо і далёка, спіць у снезе мой звер. Хаця я ведаў, што ён добра ўпасвены, а ўкормленаму лёгка перажыць зіму.
Зрэдку я браў татаў бінокль і глядзеў на снежную гару вываратня, на цёмную адтуліну ў ёй і на лёгкі, амаль нябачны парок, што ў моцныя маразы віўся над дзіркай. Ён быў як міраж, і тата сказаў, што гэты міраж каштаваў жыцця не аднаму паляўнічаму, бо калі мядзведзь выскачыць з барлога, то ў гэтакай пары ён здаецца нібы вышэй, і таму стрэл заўсёды трэба крыху заніжаць, іначай справа можа скончыцца кепска.
— А ўрэшце, няма чаго табе думаць пра гэтую гадасць.
Я падзяляў ягоныя думкі.
…Бурык устаў, калі снегу было ўжо куды менш, чым зямлі. Увесь нейкі нібы аблезлы, з праваленымі бакамі, з вострай, нібы ў беспароднай свінні, мордай. Я не бачыў, як ён устаў. Толькі разрыты лаз — пуста глядзеў. На ўсход, як заўсёды ў мядзведзяў. Бацька супакоіў, што ён не ўцячэ, што гэта ён проста пайшоў пагрызці крушынавай кары ці яшчэ чагосьці, што яму трэба выгнаць корак, бо мядзведзі ўзімку не толькі не ядуць.
І сапраўды, на трэці дзень ён з'явіўся, крыху больш здзічэлы, але ўсё яшчэ свой. Мы далі яму хлеба, уціснуўшы ў бохан драбкі цукру, і ён захрабусцеў, як раней.
Цяпер ён часам знікаў на дзень, а то й на два, але заўсёды прыходзіў і канючыў ежу, бо ў лесе яе было яшчэ мала. Але паступова ўсё больш прыгравала сонца, сонечна закалыхалася між дрэў мора мора заечай капусты, выпаўзлі мурашкі, пярэстымі, як у фіялкі, падкоўкамі лісцяў рассыпаліся над ярамі падалешнікі. Ежы стала болей, і ён еў і ў лесе, і ў нас.
Сярод усіх людзей ён, па-ранейшаму, адзначаў мяне. Нават узяў прывычку праводзіць мяне ў школу. Да ўзлесся. Страшэнна падрос. Калі ставаў на заднія лапы, быў ужо вышэйшы за мяне, і мне забаранілі дужацца з ім, бо ён у запале можа не суразмерыць сілы. Але ўсё адно мне было прыемна хадзіць з ім, ведучы яго за вуха, або паваліць і ўсперціся на яго. З таго часу заўсёды, калі я гляджу на ілюстрацыі да "Кнігі джунгляў", дзе Маўглі размаўляе з Балу, я заўсёды ўспамінаю яго і той час.
Пэўна, не адзін чалавек шчыкаў тады сябе за руку, убачыўшы, як купаюцца ў Водры або разам выходзяць на адхон хлопчык і мядзведзь, якога хлопчык вядзе за вуха.
Аднойчы ён да паўсмерці спалохаў нейкіх баб, што збіралі для аптэкі познія смаржкі і розныя зёлкі. І тады, каб не цягаўся за мной, вырашылі садзіць яго на ланцуг на тую гадзіну, што патрабавалася мне, каб дайсці да школы.
Тут і я зразумеў, што азначае ланцуг, калі выходзіў з лясніцтва, і неасцярожна азірнуўся, і ўбачыў ягоныя вочы і тое, як ён стаіць дыбкі і перамінаецца, і пераліваецца яго сытае, святлейшае колерам, пуза. І як ён цягне тоўстыя лапы. Не дай вам бог бачыць гэта, калі вы любіце звяроў і людзей! Гэта кажу вам я, даўно ўжо дарослы чалавек, які па глотку сыты сцэнамі смерці і тых, і другіх.
І тут здарылася тое, што прыскорыла нашу з ім разлуку. Калі праз дваццаць год я расказаў гэта знаёмаму натуралісту, ён сказаў, што недзе чытаў нешта падобнае. Мо ў Брэма, мо ў папулярызатара М. Хана, аўтара "Нарысаў з жыцця малпаў" і "Жывёлы нашых лясоў", а мо ў нейкім часопісе.
У Брэма гэтага не было. Хана я пасля гэтай размовы прачытаў і таксама не знайшоў нічога падобнага, акрамя баек пра тое, што мядзведзі могуць красці жанчын, і разважанняў, што "разве верность и преданность теряет свое высокое значение в человеке вследствие того, что и собака обладает этими благородными качествами", ды яшчэ сказамі накшталт таго, што "все существа … созданы и поддерживаются… согласно вековым… законам, установленным непостижимым для нас Творцом", што ў прынцыпе, наконт адзінства жывога, правільна, ды таго, што "не стыдится же никто из ученых или поэтов, стяжавших громкую славу, что родился тем же путём, как и грубый невежа".