Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Былі ў мяне мядзведзі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Ён і перадаў мне, што Тупа застрэлілі. Спачатку нібыта ён выйшаў проста на дзевяцігадовага хлопчыка і пяцігадовую дзяўчынку, якія збіралі маліну. Хлопчык павёў сябе па-геройску: уцёк, кінуўшы сястру. А калі прыбег з дарослымі — мядзведзь і дзяўчынка гулялі. І ён нават хацеў пайсці, але яна чаплялася за яго і смяялася. І хаця ён вырваўся б і ад дзесяцёх дарослых — ён цярпеў.

Тупа занадта добра ведалі і на гэты раз нібыта "даравалі". Але хутка здарыўся канфлікт "міжнародны". Яго панесла на нейкую замежную дэлегацыю, і там ён задумаў пагуляць ужо не з дзіцем, а з дарослай сцервай, якую вызвалілі ад яго ў стадыі моцнага шоку.

Я прымерна ўявіў сабе, як магло адбыцца такое "вызваленне". Мядзведзі почасту паміраюць, як людзі, стогнучы і прыціскаючы лапу да раны. І грызучы зямлю. І ў ціхім непаразуменні адыходзячы на ёй. Каму ўжо і ведаць гэта лепей за мяне, паляўнічага, сына і ўнука паляўнічых? І менавіта таму я з'еў бы жыўцом усе гэтыя паляўнічыя заказнікі, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі на качыных азёрах, дзе звер адзін супраць многіх узброеных, і ўсё такое іншае. Паляванне толькі тады паляванне, калі яно адзінаборства. То што ўжо казаць пра звяроў, якіх мы кідаем у рабства, прывучаем любоўю, а тады забіваем толькі за тое, што яны любяць нас і шукаюць нас.

Было гэта так, як быццам я сам адвёў сябра ў камеру смяротнікаў

Чаму я не меў магчымасці прывучыць яго, як таго, першага? А дзе я мог яго прывучыць? У каменнай клетцы, куды яго сілаю ўзялі з вольных лясоў? Чаму той, падчас вайны, калі людзі звярэлі, гатовы быў пазнаць мяне, калі б я паказаўся? Толькі таму, што на яго не шкадавалі цеплыні. І дзе яна была ў гэтых, з "імушчаствам"? Куды яна падзелася?

Пасля, праўда, мне расказалі зусім іншае. Той самы аператар, з якім мы купалі Тупа. Я расказаў яму пра чутку, і ён сказаў, што гэта лухта, што мой звер ходзіць і зараз. Але я баюся гэтаму паверыць. Ён ведаў мае адносіны да мядзведзя і як чалавек душэўны і тактычны мог схлусіць.

Часам я ўсё ж сню, як малады мядзведзь ідзе лесам, выварочваючы калоды. І сыплецца на яго вінна-чырвонае і залатое лісце. І выходзіць яму насустрач сівы патрыярх, той, першы мой мядзведзь. Яны сядаюць ля мурашніка, і побач з імі сядаюць бацька, дзед Марка і я, ці то яшчэ падлетак, ці ў сённяшнім веку. У іх лапы, у нас дубчыкі ў руках. І мы, усе жывыя, сядзім за адным сталом, і ападае-ападае на нас лістота.

Так, былі ў мяне мядзведзі.

І менавіта таму мне ўсё цяжэй і цяжэй робіцца адбіраць у жывёл свабоду — адзінае, дзеля чаго існуе ўсё чыста жывое на зямлі.

Поделиться с друзьями: