Былі ў мяне мядзведзі
Шрифт:
…Восенню сорак другога года мы з дзедам Маркам прабіраліся лясамі на сувязь. Абодва ў кужалі і шарачку, абодва з торбамі. Марка, што адпусціў сівую бараду, сапраўды быў падобны на старца, а я быў у яго павадыром.
У нас і "легенда" была някепская. Бацька з маці "загінулі ад бомбы, а Марка, шкадуючы, падабраў мяне". Прыдрацца не было да чаго.
Лес быў увесь засыпаны звонкай сухой лістотай, залатой, іржавай, чырвонай, вішнёвай. Яна шастала пад нагамі і аж звінела, калі праносіўся подых ветру: мільёны лімонных і вінных матылёў узляталі ў паветра і мільгалі між дрэў.
І вось калі мы падыходзілі да яра ў вярхоўях Водры (з яра якраз выбівалася крынічка, што ўпадала ў яе), Марка раптам паклаў мне на плячо руку і спыніў.
Яр быў ледзь не па самы верх засыпаны лістотай. Зрабі крок — і ўтонеш. І дрэвы ўсё дабаўлялі і дабаўлялі ў яго золата і чырвані. І, мабыць, гэты шолах даў нам магчымасць падысці непачутымі так блізка.
На тым беразе адвальваў тоўстую, зялёную ад моху калоду магутны буры мядзведзь. Віслы зад, страшныя крываватыя пярэднія лапы, куды таўсцейшыя за заднія. І нават адсюль было відаць, як пераліваюцца мускулы на вялізным падвойным загорбку.
Калі ён адваліў калоду, сеў і пачаў выбіраць з-пад яе нешта і чамкаць, я ўбачыў белы ажаролак, і радасць гарачай хваляй абліла маё сэрца: "Няўжо ён? Ой, не ён. Ой, вядома ж, ён!"
— Бурык! Бурчынька! — шэптам паклікаў я.
Марка паклаў мне далонь на вусны. А мядзведзь насцеражыўся, і сеў, і стаў паводзіць сваёй цюпкай, і зыркаць ва ўсе бакі. Але паветра веяла ад яго на нас, а заўважыць нас ён не мог (мядзведзі кепскавата бачаць). І я маўчаў. Тады ён вытаргнуў, як мне здалося, амаль прызыўнае крактанне. Ласкавае, жаласнае, падобнае на мурканне. Ці, можа, я хацеў у гэта верыць?
Мы маўчалі, і паступова ён супакоіўся, даеў тое, пад калодай, і павольна, перавальваючыся, завалюхаў у нетры. Павеў ветру ўзняў між ім і намі чырвона-залатую сець. Пасля лістота пасыпалася з урвішча на дно яра. Мяккім хвалістым вадаспадам. І лісце нібы празвінела наўздагон яму. А пасля стала ціха.
Мінула вайна. Я даўно скончыў мастацкі інстытут, і даўно працаваў, і дабіўся вядомасці. Калі часам даводзілася ўспамінаць пра тыя дні, я пераконваў сябе, што звер мой стаў мацёрым магутным мядзведзем, "дзедам" і "прадзедам", патрыярхам вялікай мядзведжай сям'і, і мірна заснуў ад старасці недзе на сонечным, укрытым кветкамі схіле.
Так цягнулася да таго часу, аж пакуль мяне не запрасілі мастаком на фільм пад назваю "Гісторыя аднаго мядзведзя". Рэжысёру "в порядке бреда", кажучы словамі ідыёцкага кіношнага выразу, здалося, што цікава будзе ўвесці ў гісторыю мастака-анімаліста (нехта расказаў яму пра маю кватэру якраз, калі творцы марна імкнуліся выціснуць нешта з галоў), да якога трапляе мядзведзік Туп. Я не бачыў прычыны, каб адмаўляцца і не дапамагчы майму сябру-аператару, які дужа прасіў мяне. Акрамя таго, у фільме мне трэба было рабіць амаль тое, што і ў жыцці: маляваць, карміць звяроў, гаварыць з імі. А я навучыўся гэтаму за дваццаць пяць гадоў практыкі.
Там я і пазнаёміўся з Тупам і з ягонай сястрой, дублёршай Тапай. Здымаліся яны цераз дзень. У сястры быў злосны і сварлівы характар, і таму, калі здымкі падыходзілі да канца, яе завезлі ў запаветны лес і выпусцілі, прычым яна нават не азірнулася на людзей, урачыстай хадой аддаляючыся ў пушчу.
А Туп быў поўнай процілегласцю і таму быў агульны ўлюбёнец.
Яму дазвалялі лізаць мёд, забірацца ў гарачыя дні ў рэфрыжэратар і храбусцець там лёдам. Нават свавольствы яму дараваліся за яго рахманы і пяшчотны характар. Акрамя таго, ён меў прывычку, калі яго возьмуць на шворку, учыняць бег на месцы, у якасці доказу свабоды сваёй волі. Ён увогуле любіў свабоду.
Калі здымкі скончыліся, яго аддалі на станцыю юных натуралістаў, і я ўзрадаваўся, што не ў звярынец. Прасторныя пакоі, вялікі парк, дзеці, якіх ён любіў і, падобна разумным сабакам, ніколі не крыўдзіў.
І вось праз пару месяцаў я прыйшоў на студыю і, ідучы вялізным няўтульным здымачным павільёнам, дзе выбухалі галасы, ляскала жалеза, грукаталі малаткі ў руках рабочых, рухаўся кран і ўсё было заліта мёртвым, бязлітасным святлом дзігаў, я ўбачыў у куце, сярод хламу, вузкую і вельмі нізкую клетку, у якой, на тоўстым пласце гною, ляжаў сціснуты з усіх бакоў, страшэнна брудны Туп.
— Гэта яшчэ што? Чаму ён тут?
— А, — сказаў аператар, — сволачы. Ён жа да пяшчоты прывык. А тут знайшліся раздураныя вырадкі, пачалі дражніць, цягаць. Я яго ведаю, ён да канца цярпеў. Ну, а пасля цяпнуў нейкага. Так проста, узяў у пашчу, нават следу не было. Напалохаць хацеў. Я ж ведаю, значыцца, зусім сілаў не стала трываць. — Друг аж кулакі сціснуў. — Ну, тут маменька ў кулонах — адзадак, як ступа, а мазгоў і напарстку няма. Як жа, рабёнка пакрыўдзілі. Ну, тыя і вярнулі.
— То чаму ў запаведнік не аддалі?
— Грошай, кажуць, няма. Ну, мы кажам: не трэба, вазьміце так. А яны: звініце, але трэба дакуманты, адчотнасць… Гэта імушчаства… Вось і цягнецца гэтая "справа аб імушчастве" месяц. І папомні, яшчэ два месяцы будзе цягнуцца. А звер мучайся.
Туп пазнаў мяне. А вочы ягоныя глядзелі з такой смяротнай, не звярынай, а амаль чалавечай тугой, што мне раптам сціснула сэрца. Нібы гэта не малы чатырохногі артыст пакутаваў тут, а той, даўні, што ўратаваў мне жыццё. Такі горды і вольны звер быў кінуты зараз у клетку, у гной, у подлае і ганебнае рабства.
— Давай шворку, — сказаў я, адчыняючы клетку.
— Ты што?
— Давай, трасца іхняй праклятай матары. Не патрэбен стаў — забылі. Як чалавека. А ён з намі і пад дажджом, і па снезе. Гэтак многіх… спісаць можна. Ён жа здохне тут, пакуль яны… з "імушчаствам".
Я вывалак яго з клеткі, і ён, узрадаваны, стаў дыбкі і "абняў" мяне, запэцкаўшы зялёным гноем мой блакітны світэр. Мыкаў і лізаў-лізаў мне аблічча. Здорава падрос, быў ростам з мяне амаль, а я вымахаў не на хлопчыка з мізінчык. І галава была вялікая, з вялікай пашчай.
Я вывеў яго на двор, пакачаў па снезе, каб хаця крыху ачысціць — снег у тым месцы стаў амаль чорны, нібы на ім выбівалі дыван, і павёў дваром да прахадной. Вахцёр паспрабаваў быў затрымаць мяне, але не дужа заўзята, бо Туп у калідорчыку стаў дыбкі і забурчаў, нібы разумеючы, што гэты заслон пахне зноў клеткай. Службіст, нібы сам сабою, адскочыў з дарогі і толькі прабрахаў мне наўздагон нешта здзеклівае.
— Слухайце, — сказаў я, — мне нічога не каштуе зняць шворку. На такіх турэмшчыкаў, як вы тут, трэба па закону спускаць мядзведзяў. Вось пачакайце, унясу законапраект.