Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мая Іліяда

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Вадаспад Учан-су

Як страшная з нябёс пагрозных кара... Як звоны срэбных крылаў у агні... Як быццам сотні, тысячы Ікараў З пачатку дзён... З зеніту... Аб граніт. Якая веліч, сіла і... журбота! Як добра, ўзняўшы дымны, зорны смерч, Ў імгненне найвышэйшага узлёту У лікаванні раптпм стрэнуць смерць. 

Маладая вясна

Маладыя, пушыстыя лісцейкі грушы, А за імі, на скалах, дубоў галізна. Ў беласнежным прыбоі, у квецені рушыць Маладая вясна. Нібы снег вяршынь ажывае ў цвіценні, І садоў і аблокаў звіваецца дым: Белых хмарак алені ў зыркім небе вясеннім Пралятаюць да мора і дваяцца над ім. Ты мне сонца! І мора! І подых маю! Я люблю цябе так, што кроў, як прыбой! Што ж ты плачаш, чаго ж ты мяне абдымаеш? Я з табою. З табой. 

"О, якое цёплае, цёплае, цёплае мора..."

О, якое цёплае, цёплае, цёплае мора. Як драбіцца ў ім сонца - Зевесаў распалены шчыт. О, як добра руцэ на тваім перагрэтым і чорным, На апырсканым кроплямі мора, салоным плячы. Ў такт нячутнаму спеву самкнёныя вусны смяюцца і плачуць. Вочы змежаны. Веі дрыжаць у салодкай журбе. Так шчаслівая яшчарка дрэмле на камні гарачым... Добра табе? 

Гурзуф уначы

Скрыпка ціхая ночы. Дрымотная музыка ночы. Водар мора і кветак. Глухая начная пара. Аю-даг за чаўнамі рыбацкімі ў моры напружана сочыць Зыркім вокам адзіным - чырвонаю іскрай кастра. Што, як ярасна скочыць? Дарэмна. Дрымотаю скоран, Галаву ён на мяккія лапы здранцвела паклаў. Чайкі спяць на вадзе, як плаўкі, у сярэбраных водсветах зорных. Спіць каханне ў дамах. Спіць прадоння марскога імгла. Наздраватыя сходы завулкаў ад дзённай хады спачываюць, Крок паэта апошняга зaмер на вулках крывых, І магноліі кветкі так соладка дураць і так спавіваюць, Што ні людзям, ні скалам дрымотай не ўзняць галавы. І лянотна мядзведзь на спакойнае мора усперся І ў знямозе салодкай, забыўшы пра гнеў і гразу, Касавурыць адзінае вока на зоры, што ўнізе і ўверсе. На скупое сузор'е між іх, на сп'янелы і сонны Гурзуф. 

"Прыўкрасная пальма..."

Прачынаюся ноччу, - месяц, Ў садзе сінім спеў салаўя. І над вокнамі косы звесіла Пальма поўдня, любоў мая. Салаўіныя стогны ўтрапёныя... Нельга спаць. Мы чакалі гады, І мы дзелім наша бяссонне, Дзелім месяца срэбны дым... Насупор усяўладнаму лёсу Я ільды і пустыні скрышыў, Я прыйшоў да твайго уцёса - Кедр каханы з паўночных вышынь. 

"Над Аю-дагам - над Мядзведзь-гарою..."

Над Аю-дагам - над Мядзведзь-гарою - Хрыбет увесь імглой завалакло. Не ведаю, не знаю, што са мною. Дзе ты, маё халоднае святло?! Чакаю. Прагну. А ў душы, бы ў хмарах, Маланкі незгасальныя гараць, І як рванецца хоць адна ў абшары - Да сэрца дрогне ўся Мядзведзь-гара. Прыйдзі, схілі мне галаву на плечы, Дай мне сябе, жывучая вада, Каб піць цябе да скону, вечна, вечна, Як мора п'е пахмуры Аю-даг. 

"Спiш? Я прыйду, пагушкаю..."

Спіш? Я прыйду, пагушкаю. Вечар нейкі дзікі і злы, Як лёс, няўмольныя птушкі Чорна сыплюцца з нізкай імглы. З гор яна напаўзае - Птушкі крыкам крычаць: "Р-ратуй!" І палёт іх, як сець, як вязанне Між лаўраў, магнолій і туй. Гэты крык і святла кананне Навісаюць пагрозным мячом Па-над нашым вялікім звітаннем: Над каханнем тваім, дзяўчо. Што шукаеш у гэтым спакоі? Што табе твой адвечны лёд? Дай стрымаць мне ўладнай рукою Твой няўмольны, дурны адыход. Калі спіш - я прыйду, пагушкаю. Калі не - абаўю, як хмель. Слухай мудрых, мая папялушка. Слухай добрых, мой дзікі бружмель. 

"Сумесь Бураціна з Аэлітай..."

Сумесь Бураціна з Аэлітай, Зорка незгасальная ў акне, Сумная, прыгожая, забытая, Ўвечар ты прыходзіш да мяне. Смешная і нібыта заспаная, Пад пяшчотаю маёй маўчыш, А пасля аддана і рахмана Засынаеш на маім плячы. І малю я сонца, неба, корсту: Хай яны палаюць над табой, Над тваёй былою крыўдай жорсткай, Вечныя - пяшчота і любоў. Хай не будуць да цябе суровыя, На ласкавы пакладуць пясок, Горы вечныя ўзнясуць ў галовах, Ўспеняць мора добрае ля ног. Нагадуюць цёплай ласкі хлебам, Сцішаць успамінаў злых прыбой. І тады я стану вечным небам, Сінім вечным небам над табой. 

Дзве вады

Шум горных ручаін за вокнамі маімі І мора мерны шум. Накатваюць валы. Салёны Понт не хоча водаў Крыма І гоніць іх назад да скал, вяршынь, імглы. А ўсё ж бяжыць крышталь да пенных хваль салёных І ломіць іх, хаця ўстаюць сцяной, - Няма цяплей, радней марскога лона, Які б там гнеў ні строіла яно. І ведай, як бы ты ні прагнула адрынуць І як бы ні была ты халадней ільда, - Сальёмся мы з табой у вечным і адзіным, Крыштальная вада і сіняя вада. 

"Прыпадзi да мяне, прыпадзi..."

Прыпадзі да мяне, прыпадзі, Як да глебы сухой вада, Быццам яшчарка да сцяны, Быццам ластаўка да гнязда, Быццам горны алень Яйлы Да яе вясенніх лугоў, Быццам цяжкае грона шаслы Да разнога ліста свайго. І цябе я так абаўю, Каб не ведала іншых зліў, Іншых гнёздаў, кветак і дрэў, Іншых лозаў і іншай зямлі. 

Кiпарысавыя жарцiкi

Бяроз няма. Адны кіпарысы: Быццам хвасты наставілі лісы, Лісы зялёныя, незвычайныя, Ў горад зайшлі, такія адчайныя. І ты са мною зусім як лісіца, Смех на беленькіх зубках іскрыцца. Смех такі, што кідае ў дрыжыкі. Лісіца. Толькі звычайная. Рыжая. Дурнога ваўка да ільду прымарозіла, Ды толькі й чакаеш, каб кінуцца ў лозы, Навесці зялёных братоў-кіпарысаў, Зялёных лісаў, зялёных лісаў, Наставіўшы хвост, смяяцца з нябогі, Якому сястра наставіла рогі. 
Поделиться с друзьями: