Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Навелы

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

І сапраўды, я прачнуўся ў той час, што і ўчора. Свяціўся цыферблат гадзінніка, стрэлкі якраз зліліся ў адну палоску святла. Я паспешна падняўся з душнай каюты ў яшчэ больш душную ноч.

Зоркі ззялі, як учора, і залівалі дрыготкі параход рассеяным святлом; у вышыні гарэў Паўднёвы Крыж. Усё было як учора; у тропіках дні і ночы — блізняты і яшчэ больш падобныя, чым у нашых шыротах, толькі ў мяне не было ўчарашняга ласкавага, хісткага, летуценнага ап’янення. Штосьці цягнула мяне, трывожыла, і я ведаў, куды мяне цягне: туды, да чорнай блытаніны снасцяў на носе, — даведацца, ці сядзіць ён там, нерухомы і таямнічы. Зверху пачуўся ўдар карабельнага звона. Мяне нібы нешта падштурхнула. Крок за крокам я рухаўся наперад, нехаця паддаючыся нейкай прыцягальнай сіле. Не паспеў я яшчэ дабрацца да месца, як наперадзе штосьці ўспыхнула, быццам чырвонае вока, — яго люлька. Значыцца, ён там.

Я міжвольна здрыгануўся і спыніўся. Яшчэ момант, і я павярнуў бы назад, але штосьці заварушылася ў цемры, нехта ўстаў, зрабіў два крокі, і раптам я пачуў яго голас.

— Прабачце, — ветліва і неяк вінавата сказаў ён, — вы, відаць, хочаце пайсці на сваё месца, але мне здалося, што вы перадумалі, убачыўшы мяне. Прашу вас, сядайце, я зараз пайду.

Я, у сваю чаргу, паспяшаўся адказаць, што прашу яго застацца і што я хацеў адступіць, каб не перашкаджаць яму.

— Мне вы не перашкаджаеце, — не без горычы запярэчыў ён, — наадварот, я рады пагаварыць з кім-небудзь. Ужо дзесяць дзён, як я не вымавіў ні слова… зрэшты, ужо шмат гадоў… І мне цяжка, я задыхаюся — відаць, таму, што я мушу несці свой цяжар моўчкі… Я болей не магу сядзець у каюце, у гэтай… у гэтай магіле… я болей не магу… і людзей я таксама не магу цярпець, бо яны цэлы дзень смяюцца… Я не магу вытрымаць гэтага цяпер… я чую гэта нават у каюце і затыкаю вушы… праўда, ніхто ж не ведае, што… яны нічога не ведаюць, а потым, што чужым да таго?

Ён зноў запнуўся і раптам нечакана і паспешна сказаў:

— Але я не хачу турбаваць вас… прабачце за маю балбатлівасць.

Ён пакланіўся і хацеў ісці. Але я стаў настойліва ўтрымліваць яго.

— Вы зусім не турбуеце мяне. Я таксама рады пагутарыць тут, у цішыні… Цыгарэту?

Ён узяў яе. Я чыркнуў запалку. Зноў у дрыготкім святле ўзнік ягоны твар, які быццам адарваўся ад чорнага фону; на гэты раз ён быў звернуты да мяне. Вочы за акулярамі ўтаропіліся ў мой твар прагна і з нейкаю шалёнаю сілаю.

Мне зрабілася не па сабе. Я адчуваў, што чалавек хоча гаварыць, што ён мусіць гаварыць. І я ведаў, што мне трэба маўчаць, каб аблегчыць яму гэта.

Мы зноў селі. Побач з ім у кутку стаяла другое крэсла, яго ён і прапанаваў мне. Мы курылі, і па тым, як неспакойна скакала ў цемры светлае кальцо цыгарэты, я бачыў, што яго рука дрыжыць. Але я маўчаў, маўчаў і ён. Потым раптам ён ціхім голасам папытаўся.

— Вы вельмі стаміліся?

— Не, зусім не.

Голас у цемры зноў на хвілінку змоўк.

— Я хацеў бы папытацца ў вас пра нешта… гэта значыць, я хацеў бы вам сёе-тое расказаць. Я ведаю, я добра ведаю, як недарэчна звяртацца да першага стрэчнага, але… я… я… у цяжкім псіхічным стане… Я дайшоў да мяжы, калі мне што б там ні было, трэба з кім-небудзь пагаварыць… а то я загіну… Вы зразумееце мяне, калі я… пэўна ж, калі я вам усё раскажу. Я ведаю, што вы не можаце дапамагчы мне… але я як бы хворы ад гэтага маўчання… а хворы заўсёды смешны ў вачах другіх…

Я перабіў яго і папрасіў не мучыцца дарэмна. Хай ён не саромеецца і раскажа мне ўсё… Канечне, я не магу яму нічога абяцаць, але на кожным чалавеку ляжыць абавязак прапанаваць сваю дапамогу. Калі мы бачым блізкага ў бядзе, то, зразумела, наш абавязак дапамагчы яму…

— Абавязак… прапанаваць сваю дапамогу… абавязак паспрабаваць… Значыцца, і вы думаеце, што на нас ляжыць абавязак… абавязак прапанаваць сваю дапамогу?

Тройчы паўтарыў ён гэтыя словы. Мне стала страшна ад іх тупога, упартага паўтарэння. Ці не вар’ят гэты чалавек? А мо ён п’яны?

Але, зусім дакладна адгадаўшы маю думку, як быццам я выказаў яе ўголас, ён раптам сказаў зусім другім голасам:

— Вы, мусіць, лічыце мяне вар’ятам ці п’яным? Не, гэтага няма, пакуль што яшчэ няма. Толькі тое, што вы сказалі, дзіўна ўразіла мяне… уразіла моцна, бо гэта якраз тое, што мяне цяпер мучыць — ці ляжыць на нас абавязак… абавязак…

Ён зноў пачаў запінацца. Потым раптам змоўк, каб крыху пазней, зрабіўшы над сабою намаганне, загаварыць:

— Справа ў тым, што я ўрач. У нашай практыцы часта бываюць такія выпадкі, такія фатальныя… ну, скажам, няясныя выпадкі, калі не ведаеш, ці ляжыць на табе абавязак… абавязак жа не адзін — ёсць абавязак перад блізкім, ёсць яшчэ абавязак перад самім сабою, і перад дзяржаваю, і перад навукаю… Трэба памагаць, канечне, для гэтага мы і існуем… але такія правілы добрыя толькі ў тэорыі… Да якіх межаў трэба памагаць?.. Вось вы чужы чалавек, і я для вас чужы, і я прашу вас маўчаць пра тое, што вы мяне бачылі… Добра, вы маўчыце, выконваеце гэты абавязак… Я прашу вас пагаварыць са мною, бо я проста здыхаю ад свайго маўчання… Вы гатовы выслухаць мяне. Добра… Але гэта ж лёгка. А што, калі я папрашу вас узяць мяне ў ахапак і кінуць за борт?.. Тут ужо канчаецца ласка, гатоўнасць дапамагчы. Дзесьці яна павінна канчацца… дзесьці павінен спыніцца гэты абавязак… ці, можа, якраз у ўрача ён і не павінен канчацца? Няўжо ўрач павінен быць якімсьці збавіцелем, якімсьці сусветным памочнікам толькі таму, што ў яго ёсць дыплом з лацінскімі словамі; няўжо ён сапраўды павінен сапсаваць сваё жыццё і падліць сабе вады ў кроў, калі з’яўляецца якая-небудзь… калі з’яўляецца які-небудзь пацыент і патрабуе ад яго высакароднасці, гатоўнасці дапамагчы, прыстойнасці? Так, дзе-небудзь канчаецца абавязак… там, дзе мяжа нашых сіл, менавіта там…

Ён зноў на момант спыніўся і потым сказаў:

— Прабачце, я гавару з такім хваляваннем, але я не п’яны… яшчэ не п’яны… аднак, не буду хаваць ад вас, што і такое са мною цяпер часта бывае ў гэтай д’ябальскай адзіноце… Падумайце — я сем гадоў жыў амаль выключна сярод тубыльцаў і жывёл… тут можна адвучыцца звязна гаварыць. А калі пачнеш гаварыць, дык адразу хлыне цераз край… Але пачакайце… так, я ўжо ўспомніў… я хацеў у вас спытацца, хацеў расказаць вам адзін выпадак… ці ляжыць на нас абавязак дапамагаць… з анёльскаю чысцінёю, бескарысліва дапамагаць… Зрэшты, я баюся, што гэта будзе занадта доўгая гісторыя. Вы папраўдзе не стаміліся?

— Ды не ж, зусім не.

— Я… я вельмі ўдзячны вам… Не адмовіцеся?

Ён пашнарыў дзесьці за сабою ў цемры. Бразнулі адна аб адну дзве, тры, а мо і болей пляшак, якія ён, відаць, паставіў побач з сабою. Ён прапанаваў мне віскі; я толькі прыгубіў чарку, а ён адразу перакуліў сваю. На момант паміж намі ўсталявалася маўчанне. Пачуўся ўдар звана: была палова першай.

— Дык вось… я хачу расказаць вам пра адзін выпадак. Уявіце сабе, што ўрач у адным… у маленькім мястэчку… ці, дакладней, у вёсцы… урач, які… урач, які…

Ён зноў запнуўся. Потым раптам, разам з крэслам, падаўся да мяне.

— Гэтак нічога не выйдзе. Я проста павінен расказаць вам усё з самага пачатку, а то вы не зразумееце… Гэта нельга прыводзіць як проста прыклад, як абстрактны выпадак… я павінен расказаць вам сваю гісторыю. Тут не месца ні сораму, ні гульні ў хованкі, перада мною ж таксама раздзяваюцца дагала і паказваюць свае балячкі… Калі хочаш, каб табе памаглі, то няма чаго віляць і ўтойваць… Дык вось, я не стану расказваць вам пра выпадак з нейкім выдуманым урачом… я раздзяваюся перад вамі дагала і гавару «гэта пра мяне»… Саромецца я развучыўся ў гэтай дзікай адзіноце, у гэтай праклятай краіне, якая выядае душу і высмоктвае мозг з касцей.

Мусіць, я зрабіў нейкі рух, бо ён раптам запыніўся.

— Ах, вы пратэстуеце… разумею. Вы ў захапленні ад Індыі, ад храмаў і пальмаў, ад усёй рамантыкі двухмесячнага падарожжа. Так, тропікі поўныя чароўнасці, калі бачыць іх толькі з чыгуначнага вагона, з аўтамабіля, з каляскі рыкшы: я сам гэта зведаў, калі сем гадоў назад упершыню прыехаў сюды. Аб чым я толькі тады не марыў — я хацеў авалодаць мовамі і чытаць свяшчэнныя кнігі ў арыгінале, хацеў вывучаць мясцовыя хваробы, працаваць дзеля навукі, вывучаць псіхіку тубыльцаў — так завуць мясцовых жыхароў на эўрапейскім жаргоне, — стаць місіянерам чалавечнасці і цывілізацыі. Усім, хто сюды прыязджае, мроіцца адзін і той самы сон. Але за нябачным шклом гэтай аранжарэі чалавек траціць сілу, ліхаманка — ад яе нікуды не ўцячэш, колькі ні глытай хініну — падточвае нервы, робішся вялы і лянівы, друзлы, як медуза. У эўрапейца міжволі сціраецца яго маральнае аблічча, калі ён трапляе з вялікіх гарадоў у такую праклятую балоцістую глуш — рана ці позна гэта адчуе на сабе кожны; адны п’юць, другія кураць опіум, трэція звярэюць і пачынаюць лютаваць — так ці інакш, але сваю частку глупства атрымліваюць усе. Смуткуеш па Эўропе, марыш, каб калі-небудзь зноў прайсці па гарадской вуліцы, пасядзець у светлым пакоі цаглянага дома, сярод белых людзей; год за годам марыш аб гэтым, а настане час, калі можна б пайсці адпачыць, — ужо і не хочацца крануцца з месца. Ведаеш, што ўсімі забыты, што ты чужы, як марская ракавінка, на якую людзі наступаюць нагою. І застаешся, гразнеш у сваім балоце і гінеш у гарачых, вільготных лясах. Хай будзе пракляты той дзень, калі я прадаў сябе ў гэтую смярдзючую глухамань…

Поделиться с друзьями: