Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Навелы

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

А яна — і гэтая думка, як атрута, пячэ мяне, — яна цяжарная не болей двух ці трох месяцаў…

— Пакуль што я яшчэ мог усё растлумачыць вам… можа, толькі таму, што да гэтага моманту сам яшчэ разумеў сябе… сам, як урач, ставіў дыягназ свайго стану. Але тут мною як бы авалодала ліхаманка… я страціў здольнасць валодаць сабою… хоць і ясна ўсведамляў, як недарэчна ўсё, што я раблю, але я ўжо не разумеў самога сябе… я, як апантаны, бег наперад, бачыў перад сабою толькі адну мэту… Зрэшты, пачакайце… я ўсё-такі паспрабую растлумачыць вам… Ведаеце вы, што такое амок?

— Амок?.. Штосьці прыпамінаю… Гэта від ап’янення ў малайцаў…

— Гэта больш чым ап’яненне… гэта шаленства, яно падобна на сабачае… гэта прыпадак бяссэнсавай крыважэрнай манаманіі, якую нельга параўнаць ні з якім другім відам алкагольнай атруты… Я сам быў сведкам некалькіх выпадкаў — калі справа ідзе пра іншых, мы заўсёды вельмі разумныя і дзелавітыя, — але мне так і не ўдалося высветліць прычыну гэтай жахлівай і загадкавай хваробы… Яна, відаць, неяк звязана з кліматам, з гэтай душнай, насычанай атмасферай, якая, як у навальніцу, гняце на нервовую сістэму, пакуль яна нарэшце не разбурыцца… Дык вось амок… так, амок — вось як яно адбываецца: які-небудзь малаец, чалавек просты і дабрадушны, сядзіць і цягне сваё пітво… сядзіць, атупелы, абыякавы, вялы… як я сядзеў у сваім пакоі… і раптам усхопліваецца з месца, хапае нож, кідаецца на вуліцу… і бяжыць наперад, толькі наперад… сам не ведаючы куды… Хто б яму ні трапіўся па дарозе, чалавек ці жывёліна, ён забівае яго сваім крысам, і выгляд крыві яшчэ болей узбуджае яго… Пена выступае ў яго на губах, ён вые, як дзікі звер… і бяжыць, бяжыць, бяжыць, не глядзіць ні направа, ні налева, бяжыць з немым крыкам, з акрываўленым нажом у руцэ, па сваім жахлівым шляху… Людзі ў вёсках ведаюць, што няма сілы, здольнай спыніць чалавека, якога гоніць амок… пры яго набліжэнні яны крычаць, папярэджваючы другіх: «Амок!». «Амок!», і ўсё ўцякае… а ён імчыцца, нічога не чуе, не бачыць, забівае сустрэчных… пакуль яго не прыстрэляць, як шалёнага сабаку, ці ён сам, з пенаю на губах, не ўпадзе на зямлю…

Я бачыў гэта адзін раз з акна майго дома… гэта было страшэннае відовішча… але толькі таму, што я гэта бачыў, я разумею самога сябе ў тыя дні… Дакладна гэтаксама, з такім самым жахлівым, нерухомым позіркам, раз’юшана кінуўся я… услед за гэтаю жанчынаю… Я не помню, як я ўсё зрабіў, з якою надзвычайнаю, шалёнаю хуткасцю ўсё адбылося… Праз дзесяць хвілін, не, што я кажу, праз пяць, праз дзве… пасля таго, як я ўсё даведаўся пра гэтую жанчыну, яе прозвішча, адрас, гісторыю яе жыцця, я ўжо імчаўся на пазычаным у кагосьці веласіпедзе дадому, кінуў у чамадан гарнітур, узяў грошай і падаўся на сваёй калясцы на чыгуначную станцыю… паехаў, не папярэдзіўшы мясцовага чыноўніка… не прызначыўшы замест сябе намесніка, пакінуўшы дом і ўсе рэчы на волю лёсу… Вакол мяне стоўпіліся слугі, здзіўленыя жанчыны аб нечым пыталіся, але я не адказваў, нават не павярнуўся… паехаў на чыгуначную станцыю і першым цягніком падаўся ў горад… Прайшло не болей гадзіны з таго моманту, як гэтая жанчына ўвайшла ў мой пакой, а я ўжо паставіў на карту ўсю сваю будучыню і імчаўся, падганяны амокам, у невядомае…

Я імчаўся наперад на злом галавы… У шэсць гадзін вечара я прыехаў… у дзесяць хвілін сёмай я быў у яе ў доме і папрасіў далажыць пра мяне. Гэта было… ведаеце… самае недарэчнае, самае неразумнае, што я мог зрабіць… але ў падганянага амокам вочы нічога не бачаць, ён не заўважае, куды бяжыць… Праз некалькі хвілін слуга вярнуўся… сказаў ветліва і холадна… пані адчувае сябе дрэнна і не можа мяне прыняць.

Я выйшаў хістаючыся на вуліцу… Цэлую гадзіну я бадзяўся вакол дома ў вар’яцкай надзеі, што яна можа паслаць па мяне… толькі пасля гэтага я заняў нумар у Странд-гатэлі і патрабаваў прынесці мне ў пакой дзве пляшкі віскі… Віскі і двайная доза вераналу памаглі мне… я нарэшце заснуў… і цяжкі, мутны сон быў адзінаю перадышкаю ў гэтай гонцы паміж жыццём і смерцю.

Прагучаў звон — два цвёрдыя, важкія ўдары, якія яшчэ доўга вібравалі ў мяккім, амаль нерухомым акіяне паветра і паступова затухалі ў ціхім, няспынным цурчанні вады, якое неадступна суправаджала ўсхваляваны расказ чалавека, што сядзеў у змроку; мне здалося, што ён здрыгануўся, яго расказ перапыніўся. Я зноў пачуў, як рука намацвае пляшку, пачуў ціхае бульканне. Потым, відаць, супакоены, ён загаварыў больш роўным голасам:

— Час, які настаў пасля гэтага, я наўрад ці змагу вам апісаць. Цяпер я думаю, што ў мяне была ліхаманка, ва ўсякім разе, я быў у стане надзвычайнага ўзбуджэння, якое межавала з вар’яцтвам, — як я ўжо казаў, чалавек, падганяны амокам. Але не забудзьце, што я прыехаў у аўторак увечары, а ў суботу, як я тым часам даведаўся, павінен быў прыехаць на параходзе кампаніі Р. СЕ О. з Іакагамы яе муж; значыцца, заставалася толькі тры дні, тры кароткія дні, каб выратаваць яе. Зразумейце: я ведаў, што павінен неадкладна дапамагчы ёй, і не мог гаварыць з ёю. Менавіта гэтая патрэба прасіць прабачэння за мае смешныя паводзіны, за маю нястрыманасць і распальвала мяне ўсё болей. Я ведаў, якім каштоўным з’яўляецца кожнае імгненне, ведаў, што для яе гэта пытанне жыцця і смерці, і ўсё-такі не меў магчымасці шапнуць ёй слоўца, падаць які-небудзь знак, бо менавіта маё недарэчнае і шалёнае праследаванне напалохала яе. Гэта было… так, пастойце… так бывае, калі адзін бяжыць папярэдзіць другога, што яго хочуць забіць, а той лічыць яго самога забойцам і бяжыць наперад, насустрач пагібелі… Яна бачыла ўва мне толькі вар’ята, які праследуе яе, каб унізіць, а я… у гэтым і была ўся жахлівая недарэчнасць… я болей і не думаў пра гэта… я быў цалкам знішчаны, я хацеў толькі дапамагчы ёй, зрабіць паслугу… Я пайшоў бы на злачынства, на забойства, каб толькі дапамагчы ёй. Але яна, яна гэтага не разумела. Раніцаю, як толькі я прачнуўся, я адразу ж пабег зноў да яе дома; каля дзвярэй стаяў бой, той самы бой, якога я ўдарыў па твары; заўважыўшы мяне — безумоўна, ён мяне чакаў, — ён борздзенька шмыгануў у дзверы. Можа, ён гэта зрабіў толькі таму, што хацеў папярэдзіць аб маім прыходзе… ах, гэтая невядомасць, як мучыць яна мяне цяпер… можа, тады ўсё было ўжо падрыхтавана да майго прыёму… але ў той момант, калі я яго ўбачыў і ўспомніў пра сваю ганьбу, мне не хапіла духу зрабіць яшчэ адну спробу… У мяне дрыжалі калені. Перад самым парогам я павярнуўся і пайшоў прэч… пайшоў у той момант, калі яна, можа, чакала мяне і пакутавала не менш за мяне.

Цяпер я ўжо зусім не ведаў, што рабіць у гэтым чужым горадзе, дзе вуліцы, здавалася, пяклі мне падэшвы… Раптам у мяне бліснула думка; у той самы момант я паклікаў каляску, паехаў да таго самага віцэ-рэзідэнта, якому я калісьці дапамог, і папрасіў далажыць пра мяне… У маім выглядзе было, відаць, штосьці дзіўнае, бо ён паглядзеў на мяне неяк спалохана, і праз яго ветлівасць праглядвала трывога… можа, ён тады ўжо ўгадаў ува мне чалавека, якога гоніць амок… Я рашуча заявіў яму, што прашу перавесці мяне ў горад, бо не магу болей вытрымаць на маім пасту… я павінен пераехаць неадкладна… Ён зірнуў на мяне… не магу вам перадаць, як ён на мяне зірнуў… ну, прыкладна гэтак, як глядзіць урач на хворага…

— У вас здалі нервы, мілы доктар, — сказаў ён, — я гэта вельмі добра разумею. Ну, гэта можна будзе як-небудзь уладзіць; пачакайце толькі крышку… скажам, тыдні чатыры… мне трэба спачатку знайсці вам замену.

— Не магу чакаць ніводнага дня, — адказаў я.

Ён зноў кінуў на мяне дзіўны позірк.

— Трэба пацярпець, доктар, — сур’ёзна сказаў ён, — мы не можам пакінуць пост без урача. Але абяцаю вам, што сёння ж займуся гэтым.

Я стаяў перад ім, сціснуўшы зубы, і першы раз выразна адчуваў, што я прададзены чалавек, раб. У мяне ўжо закіпала абурэнне, але ён са свецкаю ветлівасцю апярэдзіў мяне:

— Вы адвыклі ад людзей, доктар, а гэта таксама, зрэшты, хвароба. Мы тут усе здзіўляліся, чаму вы ніколі не прыязджаеце, ніколі не бераце адпачынку. Вам трэба бываць на людзях, забаўляцца. Прыходзьце, скажам, сёння ўвечары — сёння прыём у губернатара, там будзе ўся наша калонія. Многія даўно ўжо хочуць пазнаёміцца з вамі, пытаюцца пра вас і выказваюць пажаданне, каб вы перабраліся сюды.

Апошнія яго словы ўразілі мяне. Пытаюцца пра мяне? Ці не яна? Я адразу быццам перарадзіўся, падзякаваў віцэ-рэзідэнту самымі ветлівымі словамі за запрашэнне і паабяцаў быць без спазнення. І прыйшоў дакладна ў прызначаны час, нават болей, чым дакладна. Ці трэба казаць, што, гнаны нецярпеннем, я першы з’явіўся ў вялізнай зале ўрадавага будынка; маўклівыя жаўтаскурыя слугі мітусіліся навокал, мякка ступаючы босымі нагамі, і, як здалося майму азмрочанаму розуму, пасміхаліся за маёю спінаю. Чвэрць гадзіны я быў адзін сярод гэтага бясшумнага натоўпу і настолькі адзінокі, што чуў ціканне гадзінніка ў кішэні камізэлькі. Нарэшце прыйшлі два-тры чыноўнікі з сем’ямі, а потым з’явіўся і сам губернатар, які пачаў са мною працяглую размову; я ўважліва слухаў і, як мне здавалася, трапна адказваў, пакуль… пакуль мною не авалодала нейкае незразумелае нервовае хваляванне; я страціў дасціпнасць і пачаў адказваць неўпапад. Я стаяў спінаю да дзвярэй залы, але адразу адчуў, што ўвайшла яна, што яна ўжо тут; я не мог бы растлумачыць вам, чаму ўзнікла гэтае перакананне, якое збянтэжыла мяне, але, размаўляючы з губернатарам і прыслухоўваючыся да яго слоў, я ў той час адчуваў дзесьці за сабою яе прысутнасць. На шчасце, губернатар неўзабаве скончыў размову — мне здаецца, калі б ён не адпусціў мяне, я ўсё роўна, не зважаючы на ветлівасць, павярнуўся б, такая моцная была гэтая дзіўная напружанасць маіх нерваў, такая пакутлівая была гэтая патрэба. І сапраўды, ледзь толькі я павярнуўся, як убачыў яе на тым самым месцы, дзе ў думках уяўляў сабе. На ёй была жоўтая бальная сукенка, матава, як слановая косць, паблісквалі яе цудоўныя вузкія плечы; яна размаўляла, акружаная купкаю гасцей. Яна ўсміхалася, але я ўлавіў на яе твары нейкую напружанасць. Я падышоў бліжэй — яна не бачыла ці не хацела мяне бачыць — і ўгледзеўся ў гэтую ўсмешку, прыязную і халодна-ветлівую, якая гуляла на тонкіх вуснах. І яе ўсмешка зноў ап’яніла мяне, бо яна… бо я ведаў, што яна падман, крывадушнасць, віртуознае ўменне прыкідвацца. Сёння серада, мільганула ў мяне ў галаве, у суботу прыходзіць параход, на якім едзе яе муж… Як можа яна так усміхацца, так… так упэўнена, так бесклапотна ўсміхацца і нядбайна гуляць веерам, замест таго каб камячыць яго ад хвалявання? Я… я, чужы… я ўжо два дні дрыжу, чакаючы той гадзіны… я, чужы, пакутліва перажываю за яе страх, яе роспач… а яна прыйшла на баль і ўсміхаецца, усміхаецца, усміхаецца…

Дзесьці ззаду зайграла музыка. Пачаліся танцы. Пажылы афіцэр запрасіў яе; яна папрасіла прабачэння ў сваіх субяседнікаў і прайшла поплеч з ім міма мяне ў другую залу. Калі яна заўважыла мяне, раптоўная сутарга прабегла па яе твары — але толькі на хвілінку, потым яна ветліва кіўнула мне, як выпадковаму знаёмаму, сказала «добры вечар, доктар!» — і знікла, перш чым я паспеў вырашыць, павітацца з ёю ці не. Ніхто не мог бы разгадаць, што хавалася ў позірку гэтых шэра-зялёных вачэй, і я, я сам гэтага не ведаў. Чаму яна прывіталася… чаму раптам пазнала мяне?.. Было гэта самаабаронай, ці крокам да прымірэння, ці проста збянтэжанасцю? Не магу вам выказаць, як я быў узрушаны, ува мне ўсё ўскалыхнулася і гатова было вырвацца наверх. Я глядзеў на яе, як яна спакойна вальсавала ў абдымках афіцэра, з бесклапотным і халодным выразам на твары, а я ж ведаў, што яна… што яна гэтак жа, як і я, думае толькі аб адным… толькі аб адным… што толькі нам дваім у гэтым натоўпе вядома жахлівая таямніца… а яна танцавала… У гэтыя хвіліны мае пакуты, маё імкненне памагчы ёй і захапленне дасягнулі апагею. Не ведаю, ці сачыў хто-небудзь за мною, але, бясспрэчна, я сваімі паводзінамі мог выдаць тое, што гэтак умела ўтойвала яна, — я не мог прымусіць сябе глядзець у другі бок, я павінен быў… так, павінен быў глядзець на яе, я еў яе вачамі, здалёку ўтаропліваўся ў яе замкнёны твар — можа, маска спадзе хоць на момант. Яна, мусіць, адчувала на сабе гэты ўпарты позірк, і ён прыгнятаў яе. Вяртаючыся поплеч са сваім кавалерам, яна бліснула на мяне вачамі ўладна, быццам загадвала знікнуць; ужо знаёмая мне маршчына высакамернага гневу зноў прарэзала яе лоб.

Але… але… я ўжо гаварыў вам… мяне гнаў амок, я не глядзеў ні направа, ні налева. Я імгненна зразумеў яе — гэты позірк гаварыў: «Не прыцягвай увагі! Вазьмі сябе ў рукі!» Я ведаў, што яна… як бы гэта сказаць?.. што яна патрабуе ад мяне стрыманасці тут, у гэтай зале… я разумеў, што пайдзі я цяпер дадому, я мог бы заўтра з упэўненасцю разлічваць на тое, што яна прыме мяне… Яна хацела толькі пазбавіцца ад маёй дакучлівасці тут… я ведаў, што яна — а для гэтага я даваў ёй поўную падставу — баіцца якой-небудзь маёй дзіўнай выхадкі… Вы бачыце… я ведаў усё, я зразумеў гэты катэгарычны шэры позірк, але… але гэта было звыш маіх сіл, я мусіў гаварыць з ёю. Дык вось я паплёўся да купкі гасцей, сярод якіх яна стаяла і размаўляла, далучыўся да іх, хоць ведаў толькі нямногіх. Я падышоў зусім блізка, бо хацеў чуць, як яна гаворыць, але кожны раз сціскаўся, нібы пабіты сабака, пад яе позіркам, які зрэдку холадна слізгаў па мне, быццам я быў палатнянай парцьерай, да якой прыхінуўся, ці паветрам, якое лёгенька гэтую парцьеру калыхала. Але я стаяў і чакаў слова ад яе, якога-небудзь знака прымірэння, стаяў як слуп і не зводзіў з яе вачэй у агульнай размове. Безумоўна, на гэта ўжо звярнулі ўвагу, безумоўна, бо ніхто не сказаў мне ні слова; і яна, мусіць, пакутавала ад маіх недарэчных паводзін.

Як доўга я прастаяў бы, не ведаю… можа, цэлую вечнасць… я не мог вызваліцца ад чараў, якія скавалі маю волю. Мяне быццам паралізавала шалёная ўпартасць… Але яна не вытрымала… З уласціваю ёй чароўнаю прастатою яна раптам сказала, звяртаючыся да мужчын, якія стаялі навокал:

— Я крыху стамілася… хачу сёння раней легчы спаць… Добрай ночы!

І вось яна ўжо прайшла міма мяне, па-свецку холадна кіўнуўшы галавою… Я яшчэ паспеў заўважыць маршчыну на яе лбе, а потым бачыў ужо толькі спіну, белую, халодную, голую спіну. Прайшла нейкая хвіліна, перш чым я зразумеў, што яна пайшла… што я болей не ўбачу яе, не змагу гаварыць з ёю ў гэты вечар, у гэты апошні вечар, калі магчыма выратаванне… і гэтак я стаяў нейкі момант, знерухомеўшы на месцы, пакуль не ўсвядоміў гэтага… а потым… потым…

Поделиться с друзьями: