Навелы
Шрифт:
Між іншым, зрабіў я гэта не зусім добраахвотна. Я вучыўся ў Германіі, стаў урачом, нават добрым урачом, і працаваў у лейпцыгскай клініцы. У медыцынскіх часопісах таго часу шмат пісалі пра новую прышчэпку, якую я першы ўвёў у практыку. Тут я закахаўся ў адну жанчыну, з якою пазнаёміўся ў бальніцы; раней яна давяла свайго палюбоўніка да шаленства, і ён стрэліў у яе з рэвальвера; неўзабаве і я шалеў не горш за яго. У яе была прывычка паводзіць сябе з людзьмі пагардліва і холадна, і гэта літаральна зводзіла мяне з розуму — уладныя і дзёрзкія жанчыны заўсёды ўмелі прыбраць мяне да рук, а яна гэтак скруціла, што я зусім страціў галаву. Я рабіў усё, што яна хацела, я… ды што там, чаму мне не сказаць усяе праўды, бо прайшло ўжо восем гадоў… я залез дзеля яе ў бальнічную касу, і, калі гэта выплыла наверх, узнік скандал. Праўда, дзядзька пагасіў нястачу, але маёй кар’еры прыйшоў канец. І тут я даведаўся, што галандскі ўрад вярбуе ўрачоў у калоніі і забяспечвае іх пад’ёмнымі. Я адразу падумаў, што гэта, відаць, не райскае месцейка, калі прапануюць грошы наперад; я ведаў, што магільныя крыжы на гэтых расадніках малярыі растуць у тры разы хутчэй, чым у нас. Але калі чалавек малады, яму заўсёды здаецца, што хваробы і смерць пагражаюць каму хочаш, але толькі не яму. Ну, што ж, выбару ў мяне не было, я паехаў у Ратэрдам, падпісаў кантракт на дзесяць гадоў і атрымаў вялікі пачак банкнотаў. Палову я адаслаў дадому, дзядзьку, а другую вывудзіла ў мяне ў партовым квартале адна асоба, якая здолела абабраць мяне да ніткі толькі таму, што была вельмі ўжо падобная на тую праклятую кошку. Без грошай, без гадзінніка, без ілюзій пакідаў я Эўропу і не адчуваў асаблівага смутку, калі наш параход выбіраўся з гавані. А потым я сядзеў на палубе, як сядзіце вы, як сядзяць усе, я бачыў Паўднёвы Крыж і пальмы, сэрца млела ў грудзях. Ах, лясы, адзіноцтва, цішыня! — марыў я. Ну, адзіноцтва я атрымаў-такі даволі. Мяне прызначылі не ў Батавію ці Сурабайю, у горад, дзе ёсць людзі, і клубы, і гольф, і кнігі, і газеты, а — зрэшты, назва не мае ніякага значэння — на адзін з глухіх пастоў, у двух днях язды ад бліжэйшага горада. Два-тры нудныя, высахлыя чыноўнікі, некалькі паўэўрапейцаў з тубыльцаў — гэта было ўсё маё акружэнне, а, акрамя таго, куды ні кінь вокам, толькі лес, плантацыі, зараснік і балоты.
Спачатку яшчэ было нішто сабе. Я шмат займаўся навуковымі назіраннямі. Аднаго разу, калі абярнулася машына, на якой віцэ-рэзідэнт рабіў інспекцыйнае падарожжа, і ён зламаў сабе нагу, я адзін, без памочнікаў, зрабіў яму аперацыю — пра гэта шмат тады гаварылі. Я збіраў яды і зброю тубыльцаў, займаўся мноствам іншай драбязы, каб толькі не апусціцца. Але ўсё гэта было магчыма толькі да таго часу, пакуль ва мне жыла прывезеная з Эўропы сіла; потым я завяў. Нямногія тут эўрапейцы надакучылі мне, я спыніў адносіны з імі, піў і аддаваўся марам. Мне заставалася ж усяго два гады, потым я мог выйсці на пенсію, вярнуцца ў Эўропу, зноў пачаць жыць. Уласна кажучы, я ўжо нічога не рабіў і толькі чакаў, ляжаў ціхенька і чакаў. І гэтак я тырчаў бы там і па сёння, каб не яна… каб не здарылася ўсё гэта…
Голас у змроку змоўк. І люлька болей не тлела. Стала так ціха, што я зноў пачуў плёскат вады, што пенілася пад носам парахода, і далёкі глухі стук машыны. Мне хацелася курыць, але я баяўся запаліць запалку, баяўся рэзкай успышкі агню і водсвету на яго твары. Ён усё маўчаў. Я не ведаў, ці скончыў ён, ці ён дрэмле, ці ён спіць, — такім мёртвым здалося мне яго маўчанне.
Раптам прагучаў адрывісты моцны ўдар звона: адна гадзіна. Ён страпянуўся, і я зноў пачуў звон чаркі. Відаць, яго рука вобмацкам шукала віскі. Стала чуваць, як ён глытае, потым раптам яго голас пачуўся зноў, на гэты раз ён гаварыў больш напружана, гарачэй.
— Так, дык вось… пачакайце… дык вось як яно было. Сяджу я там, у сваёй праклятай глушы, сяджу нерухома, як павук у павуціне, ужо не адзін месяц. Гэта было якраз пасля дажджоў. Тыдзень за тыднем дождж барабаніў па даху, ніводная душа не заглядвала да мяне, ніводзін эўрапеец; дзень пры дні сядзеў я дома са сваімі жаўтатварымі жанчынамі і сваім добрым віскі. Я тады быў у вельмі прыгнечаным стане, я быў проста хворы Эўропай: калі я чытаў у якім-небудзь рамане пра светлыя вуліцы і белых жанчын, у мяне пачыналі дрыжаць пальцы. Я не магу дакладна апісаць вам гэты стан; гэта своеасаблівая трапічная хвароба — лютая, ліхаманкавая і разам з тым бяссільная туга па радзіме, якая часам авалодвае чалавекам. Так я сядзеў тады, здаецца, з геаграфічным атласам у руках і марыў аб падарожжах. Раптам пачуўся трывожны стук у дзверы, і я ўбачыў свайго боя і жанчыну. Твары абаіх адлюстроўваюць надзвычайнае здзіўленне. Яны моцна размахваюць рукамі, вочы вытарашчаны — прыйшла нейкая дама, ледзі, белая жанчына.
Я ўсхопліваюся з месца. Я не чуў шуму экіпажа або аўтамабіля. Белая жанчына тут, у гэтай глухамані?
Я гатовы ўжо збегчы ўніз па лесвіцы, але раблю намаганне і застаюся на месцы. Гляджу мяльком у люстэрка, хуценька прыводжу сябе крыху ў парадак. Я нервуюся, адчуваю непакой, мяне мучыць нядобрае прадчуванне, бо я не ведаю нікога на свеце, хто па дружбе прыйшоў бы да мяне. Нарэшце я спускаюся ўніз.
У пярэднім пакоі чакае дама; яна паспешна ідзе мне насустрач, убачыўшы мяне. Густая дарожная вуаль закрывае яе твар. Я хачу прывітацца, але яна сама пачынае гаварыць.
— Добры дзень, доктар, — гаворыць яна плаўна па-ангельску. (Яе гаворка здаецца мне вельмі ўжо плаўнай і як бы наперад завучанай.) — Прабачце, што я ўрываюся да вас. Але мы былі якраз на станцыі, наш аўтамабіль застаўся там. — «Чаму яна не пад’ехала да дома?» — маланкаю прамільгнула ў мяне ў галаве. — І вось я ўспомніла, што вы жывяце тут. Я гэтак шмат чула пра вас, з віцэ-рэзідэнтам вы зрабілі проста цуд, яго нага выдатна загаілася, ён зноў ужо гуляе ў гольф. Так, так, у нас усе гавораць пра гэта, і мы ахвотна аддалі б нашага бурклівага ваеннага ўрача і абодвух другіх у дадатак, калі б вы пераехалі да нас. Наогул, чаму вас ніколі не відаць? Вы жывяце, быццам йог…
І гэтак яна сакоча бясконца, спяшаецца і не дае мне ўставіць ні слова. Штосьці нервовае і неспакойнае адчуваецца ў гэтай пустой балбатні, і я сам заражаюся непакоем наведніцы. Чаму яна так многа гаворыць, пытаюся я ў сябе, чаму не называе сябе? Чаму не знімае вуалі? Ліхаманка ў яе, ці што? Можа, яна хворая? Звар’яцела? Я ўсё мацней хвалююся, адчуваю сябе ў смешным становішчы, калі стаю вось так перад ёю пад невычэрпным патокам яе балбатні. Нарэшце яна на момант спыняецца, і я прашу яе наверх.
Яна робіць свайму бою знак застацца і першая падымаецца па лесвіцы.
— Як у вас хораша, — кажа яна, аглядваючы мой пакой. — О, якія цудоўныя кнігі! Я хацела б іх усе прачытаць! — Яна падыходзіць да паліцы і разглядвае назвы кніг. Упершыню з таго часу, як я выйшаў да яе, яна на хвіліну змаўкае.
— Дазвольце прапанаваць вам гарбату? — пытаюся я. Яна, не паварочваючыся, працягвае разглядаць каранцы кніг.
— Не, дзякуй, доктар… нам трэба зараз жа ехаць далей… у мяне мала часу… гэта ж была проста прагулка… Ах, у вас ёсць і Флабер, ён мне так падабаецца… цудоўная, выдатная рэч яго «Education sentimentale» [48] … Я бачу, вы чытаеце і па-французску. Чаго толькі вы не ведаеце!.. Так, немцы… іх усяму вучаць у школе… Сапраўды, цудоўна — ведаць столькі моў!.. Віцэ-рэзідэнт марыць аб вас і ўвесь час паўтарае, што вы адзіны хірург, якому ён лёг бы пад нож… Наш стары доктар прыдатны толькі для гульні ў брыдж… Дарэчы, ведаеце (яна ўсё яшчэ гаворыць не паварочваючыся), сёння мне самой прыйшло ў галаву, што добра было б параіцца з вамі… а мы якраз праязджалі міма, і я падумала… Ну, вы сёння, мусіць, заняты… я лепей прыеду другім разам.
48
«Выхаванне пачуццяў» (фр.)
«Нарэшце ты раскрыла свае карты!» — адразу ж падумаў я. Але я і выгляду не падаў і запэўніў яе, што буду лічыць за гонар быць карысным ёй цяпер ці калі ёй захочацца.
— У мяне нічога сур’ёзнага, — сказала яна, напалову павярнуўшыся да мяне і ў той жа час перагортваючы кнігу, якую яна ўзяла з паліцы, — нічога сур’ёзнага, драбяза… жаноцкія справы… галавакружэнне, мленне. Сёння раніцаю, калі мы ехалі, на павароце мне раптам зрабілася дрэнна, я самлела, raide morte… бой вымушаны быў дапамагчы мне і прынесці вады… Ну, можа, шафёр занадта хутка ехаў… як вы думаеце, доктар?
— Вось так адразу цяжка вызначыць. Вы часта так млееце?
— Не… хоць, зрэшты, часта… апошнім часам, якраз самым апошнім часам… так… непрытомнасць і млосць.
Яна ўжо зноў павярнулася да кніжнай шафы, ставіць кніжку на месца, вымае другую і пачынае яе гартаць. Дзіўна, чаму гэта яна ўсё гартае… так нервова, чаму не падымае вачэй з-пад вуаля? Я наўмысна нічога не кажу. Мне хочацца прымусіць яе чакаць. Нарэшце яна зноў пачынае тонам бесклапотнай балбатні:
— Праўда, доктар, у гэтым няма нічога сур’ёзнага? Гэта ж не якая-небудзь небяспечная… трапічная хвароба?
— Я павінен спачатку пабачыць, ці няма ў вас гарачкі. Дазвольце ваш пульс…
Я накіроўваюся да яе, але яна лёгенька адхіляецца ўбок.
— Не, не, у мяне няма гарачкі… безумоўна, безумоўна няма… я мераю тэмпературу кожны дзень, з таго часу… з таго часу, як я пачала траціць прытомнасць. Гарачкі няма, заўсёды трыццаць шэсць і чатыры. І страўнік у парадку.
Я маруджу. У мяне паступова расце падазрэнне: я адчуваю, што гэтая жанчына чагосьці ад мяне хоча, сюды не прыязджаюць пагаварыць пра Флабэра. Я застаўляю яе чакаць хвіліну, другую.