Пайсці і не вярнуцца
Шрифт:
— Да-а… Ладна, — прамармытаў ён, ступаючы зноў да Дзвярэй, адкуль уваходзіла ў хату Зоська.
Ледзьве асветленыя знізу мільготкім агеньчыкам свечкі, жалобныя твары жанчын зноў павярнуліся да нябожчыцы, з ціхай напеўнасцю загучалі незнаёмыя словы каталіцкай малітвы, і ён адчуў, што трэба затрымацца тут хоць бы на адну хвіліну. Мокрай рукой ён сцягнуў з галавы мокрую ад снегу шапку і маўчаў. Зоська вялізнымі вачыма моўчкі ўтаропілася ў нябожчыцу. Напэўна, трэба было сказаць нешта, прыдатнае ў такім выпадку, але ён не мог прыдумаць, што можна сказаць, і ўсё пазіраў то на свечку, то на мёртвы твар і думаў. Мабыць, гэтую яго збянтэжанасць жанчыны зразумелі па-свойму — адна з іх нячутна крутанулася ў змрок і вярнулася з нечым, прыхінутым канцом фартуха.
— Во, не абяссудзьце на горачка… Не абяссудзьце на горачка…
Яна казала гэта да Зоські, і тая паслухмяна і без слоў узяла ў яе нешта і, слаба піхнуўшы локцем Антона, павярнулася да дзвярэй. Сунуўшы на галаву шапку, Антон з нечаканай палёгкай выбраўся з цёмных сянец на белы ад снегу двор хутара.
— Халера! — сказаў ён, аддаючыся ранейшаму клопату. З начлегам у іх упарта не клеілася.
Ён не ведаў ужо, куды ісці далей, не папытаўся пра тое ў хаце, а зноў вяртацца туды ў яго не хапала адвагі. Уражаная тым, што ўбачыла, Зоська гаротна стаяла побач, прыціскаючы да грудзей голыя рукі.
— Што гэта? — запытаў Антон. — А, хлеб? Ану дай сюды.
Ён узяў з яе рук акраец чэрствага, як камень, хлеба і чатыры звараныя ў лушпінах бульбіны, распіхаў іх па кішэнях, акрайчык засунуў за пазуху.
— Ну? Пойдзем. Можа, яшчэ што натрапіцца.
9
Доўга і амаль навобмацак яны ішлі па голай раўніне поля. Снег, не перастаючы, валіў і валіў у сырых прыцемках. Калені, рукавы і ногі ў Зоські даўно былі мокрыя, і яна думала: хоць бы не прамок сачак, дзе тады пасушыцца? Антон моўчкі з падвойнай энергіяй крочыў і крочыў кудысьці, можа, ведаючы куды, а можа, проста ў ноч, наўздагад. Зоська хацела папрасіць яго збавіць гэты непасільны для яе тэмп, але не адважвалася. Ён і тут ведаў мясцовасць лепш за яе, а галоўнае — лепш арыентаваўся ў гэтай снегавой прасторы, і яна з усяе сілы старалася ад яго не адстаць. Яна прытрывалася ўжо да ветру і не звяртала ўвагі на снег, а толькі ўгінала ніжэй галаву, калі твару рабілася невыносна ад сцюжы. Перад яе вачыма ўсё стаяла жалобная сцэна начных хаўтур на тым хутары. Не першы раз бачыла яна за вайну, як хаваюць нябожчыка, але такія мірныя, «жаночыя» хаўтуры ёй давялося бачыць упершыню. I, здаецца, ніхто там не галасіў, не плакаў, усе засяроджана, з глыбокай верай маліліся, быццам разам рабілі нейкую важную, хоць і малавясёлую справу. I ні аднаго мужыка — толькі бабы. Не, Зоська проста палохалася такіх хаўтур, яны ўражвалі яе сваёй нязвыклай будзённасцю. I, можа, упершыню яна раптам падумала: а якія наканаваны ёй, Зосьцы?
Але не, ёй рана думаць пра тое, у яе труднае, на некалькі дзён распісанае заданне. Трэба наведацца ў Скідзель і яшчэ ў два хутары, з’ездзіць у Гродна. Можа быць, пашэнціць пабачыць матулю. Ёй трэба яшчэ шмат куды паспець у жыцці, навошта думаць пра пахаванне?
Аднак яна зноў адстала. Невыразна-расплывісты цень Антона ледзьве ўгадваўся ў ветравым прыцемку, злева цягнулася сцяна хваёвага лесу, і Зоська падумала: няўжо прыйдзецца паварочваць у лес? У лес яна не хацела, ёй лепш было ў гэтым завейным полі, чым у змрочным, шумлівым, загадкавым і страшным лесе. Чвякаючы дашчэнту раскіслымі ботамі, яна пабегла за Антонам, які спыніўся і даў ёй падбегчы поруч.
— Бачыла? Бачыла, куды мы зайшлі?
Нізка насунуўшы на вочы шапку, ён паказваў на лес, які няроўным узлескам адварочваў кудысьці ўлева, а наперадзе перад імі цягнулася крывулястая чарада кустоўя і невысокіх дрэў, падобная на прысады дарогі. Каб зразумець нешта, Зоська моўчкі ўгледзелася ў падслепаваты снегавы прыцемак.
— Лес?
— Ды не лес. Котра, глядзі.
— Котра?
— Ну. Во куды выйшлі. Трэба было правей. Цяпер такога крука даваць…
Зоська маўчала. У яе нутры ўсё апала ад гэтай нечаканай весткі — сапраўды, калі тут рэчка Котра, дык яны надта адышліся ўбок і даўно прамінулі Скідзель.
— Цяпер у Скідзель прытупаем ранкам, не інакш, — сказаў Антон.
— Мне ноччу трэба.
— Ноччу, канешне, лепей. Але ноччу ўжо не паспеем. Не, у Скідзель яна не магла прыйсці ўдзень, калі яе пазнае першая цётка на вуліцы, ёй трэба было ў цемры зайсці з боку Азёрскай шашы, знайсці крытую гонтай хату пад ліпай і пастукаць у другое акенца ад вуліцы.
Хвіліну пастаяўшы на ветры, яна адчула лёгкія дрыжыкі ў целе, усё ж сачак яе, напэўна, стаў прамакаць, тым болей што снег пачаў брацца імжой, усё ўжо на ёй было мокрае з хусткі да ног. Антонаў кажух таксама пацямнеў ад макрэдзі, хаця Антон, здавалася, не звяртаў жаднай увагі на непагадзь. Далонню ён абыякава выцер сцюдзёныя кроплі з твару і трубна смаркануўся на снег.
— Ладна. Давай жмі за мной, — сказаў ён, крута павяртаючыся ўправа, у мокрую цемру поля, з якой усё несла і несла па ветры, не зразумець ужо чым — дажджом або снегам.
Пераборваючы ў сабе лёгкую прыкрасць на Антона, які ўсё ж заблудзіўся, Зоська павалаклася следам. Хада па змакрэлым снезе адбірала апошнія сілы, снег ліпнуў да ботаў, мясцінамі яго наваліла шмат, і яна чэрпала яго халяўкамі; схаладнелыя ногі нават на хадзе ўжо не грэліся. Разважыўшы, аднак, Зоська рашыла, што крыўдаваць на Антона не трэба: пры такой завеі ды бездаражы няцяжка заблудзіць кожнаму. Ва ўсякім выпадку яна магла наогул зайсці невядома куды, бо арыентавалася заўжды кепска і ў дзяцінстве часцяком блудзіла па лесе, калі збірала з бабамі ягады. Праўда, там можна было пагалёкаць, паклікаць мамулю або знаёмых скідзельскіх цётак, тут жа не пагалёкаеш, і ніхто табе не адгукнецца. Тут уся надзея на Антона, і добра яшчэ, што ён зразумеў памылку і ведаў, як яе выправіць.
Здаецца, ён сапраўды разумеў, куды трэба ісці далей, бо не мінула і чвэрці гадзіны, як зноў спыніўся каля нейкіх кустоў, пачакаў Зоську.
— Мабыць, нам падвязло, — сказаў ён ціха. — Пастой тут, я схаджу.
Зоська ўгледзелася ў зараснік з аблепленым снегам голлем, там зводдаль нешта чарнелася — будынак ці, можа, стог сена, падобна, аднак, — сядзіба. Адвярнуўшыся ад мокрага, са слатой, ветру, яна счакала хвіліну-другую, усё пазіраючы ў цемру і чакаючы адтуль Антона. Але замест Антона неўзабаве пачула яго прыглушаны голас:
– Ідзі сюды…
«Пэўна, нешта знайшоў», — радасна падумала Зоська, выбягаючы з хмызняку. Сапраўды, каля зарасніку на снезе выцягнулася сцяна нейкай няўклюднай будыніны з абваленым у адным канцы дахам, разламанай і напаўзавеянай снегам агароджай, нейкім інвентаром, раскіданым вакол і таксама заваленым снегам. Антон дзелавіта абышоў пабудову, зазірнуў у чорны правал шырокіх, насцеж расчыненых варот.
— Во, была сядзіба. Спалілі. Адна абора асталася.
На самай справе, гэта была старадаўняя панская абора — даўгое, змураванае з валуноў памяшканне для хатняй жывёлы з маленькімі акенцамі ў сцяне і чорным праваллем варот. Паблізу болей нічога не было відаць, толькі за аборай высілася некалькі старых дрэў ды цьмеў голы, засыпаны снегам хмызняк.
– Ідзі сюды. Не бойся, — паклікаў Антон з цёмных варот, адкуль горка смярдзела пагарэлішчам.
Нясмела ступаючы па снезе, Зоська ўвайшла за ім у страхавіта-пустэльную цемру аборы і спынілася, не ведаючы, куды ступіць далей.
— Сюды, сюды, — паклікаў ён з цемры, і толькі калі ў ягоных руках пыхнула запалка, Зоська ўбачыла ў глыбіні аборы напаўрасчыненыя нізкія дзверы і ў іх цёмную Антонаву постаць.
– Ідзі, не бойся!
Усё, аднак, баючыся, яна нерашуча пераступіла высокі парог і не паспела яшчэ што разгледзець, як запалка патухла.
— Во, харашо! — з задавальненнем сказаў Антон у глухой цемры і запаліў другую запалку, якая на некалькі секунд асвятліла закапцелую столь, змрочнае каменне сцяны і, на радаснае здзіўленне Зоські, — шырокую топку печы насупраць.
— Во, паняла? — узрадавана сказаў Антон. — Печка ёсць, цяпло будзе. Сядай сюды, на салому ці што тут… Сядай! Зараз мы расшуруем печку. Не можа быць…
Не ў сілах ужо саўладаць з дрыжыкамі, якія калацілі яе ўсё болей, Зоська апусцілася ў цемры на штось сцюдзёнае і мяккае, не стрымаўшыся, паляскала трохі зубамі. Настылыя мокрыя рукі засунула ў трохі яшчэ сухую пазуху, згорбілася, сціснулася ў барацьбе са сцюжай, якая ўладарна ахапіла яе, і заплюшчыла вочы. Дрыжыкі люта калацілі яе, але тут не было ветру, а галоўнае, было ціха, і не трэба было ісці. Перад вачыма яе ўсё зазыбалася, паплыло ў дрымотнай знямозе, і яна сапраўды заснула — раптам і так моцна, што адразу перастала адчуваць, дзё яна і што з ёю робіцца.