Пайсці і не вярнуцца
Шрифт:
— Здароў, Петракоў.
— Здароў, — глухім голасам адказаў чалавек, стоячы на абрыве. За ягонымі плячыма відаць былі дашчаныя дзверы зямлянкі, іржавы камінок над якой капціў клоччам шызага дыму.
Антон прапусціў Зоську наперад.
— Кажы пароль.
Яна і сама ведала, што трэба назваць пароль, але ці гэта трэба зрабіць цяпер, ці потым, яна забылася. Як заўжды, выручаў Антон.
— Прывет вам ад Міроныча, — сказала яна, з увагаю пазіраючы на худы, з шэрым шчаціннем твар Петракова. Той, ціха кашлянуўшы, прамовіў водзыў:
— Даўнавата з кумам не бачыліся.
Здаецца, усё было правільна, пароль і водзыў супалі. Зоська з палёгкай уздыхнула і тут жа надумала запытаць, як наконт пераправы, ды Петракоў павярнуўся на абрыве.
— Гэта… Сюды ідзіце. Ціш ты, шкварка! — крыкнуў ён на сабачку, які зноў паспрабаваў накінуцца на Антона. Зоську ён яўна ігнараваў увагай, увесь свой гнеў кіруючы на яе спадарожніка.
— Гэта… Прайдзіце пакуль што… Во сюды, — адчыніў Петракоў падвешаныя на скуратах дзверы зямлянкі, з якой прыемна дыхнула на іх цеплынёй і дымам.
Зоська і Антон, прыгнуўшыся, улезлі ў цесненысую, выкапаную ў рове зямляначку з абломкам шкла ў дзвярах замест акенца, лаўкай і добра напаленай печкай, дым з якой упарта не хацеў лезці ў комін і раз-пораз кідаўся ўсярэдзіну. Петракоў працёр далонню слязлівыя вочы і ўзяў з долу бот, за якім пацягнулася доўгая нітка дратвы.
— Зашыць трэба… А вы гэта, сядайце, — кіўнуў ён на лаўку, сядаючы сам каля печкі. — Пакуль Барматухін лодку прыгоніць.
Яны селі. Зоська бліжэй да печкі, Антон — ля самых дзвярэй. Антон беглым позіркам акінуў зямлянку.
— А дзе ж начальнік твой?
— А няма начальніка, — сказаў Петракоў, з натугай круцячы шылам дзірку ў задніку.
— Як? Быў жа сяржант гэты. З дэсантнікаў. Петракоў адкашляўся, плюнуў у кут за печкай.
— Быў. Папаўся сяржант. Цяпер я во.
— А, гэтак…
— Так во. А вы туды? — падняў ён на Зоську нейкі спакутаваны позірк счырванелых, мусіць, ад дыму, вачэй.
— Туды, — скупа пацвердзіла Зоська. Петракоў, сціскаючы ў руках бот, ціха ўздыхнуў.
— Да-а-а…
— А што? — не зразумела Зоська.
— Ды нічога, што ж… Учора вунь вярталіся хлопцы з Чапаеўскага. Двое. Трэцяга няслі ў пасцілцы. Во боты з яго.
Зоська перацяла дыханне.
— Што? Забілі?
— Забіты. Дзве кулі. Адна ў грудзі, другая ў жывот.
— Да, дрэнь справа, — паморшчыўся Антон.
Зоська моўчкі сядзела, непрыемна ўражаная гэтаю весткай, хаця, калі разважыць, чаго тут было здзіўляцца? Ці мала дзе каго забілі — ішла вайна, і забівалі кожны дзень сотнямі. I ўсё ж яна адчувала, што гэта між іншым пачутая навіна мела нейкія адносіны і да яе, — можа, забіты перапраўляўся на той бок ля гэтага самага Астраўка, ды і забілі яго недзе ў тых жа мясцінах, дзе прыйдзецца дзейнічаць ёй. Зноў жа размова пра кулю ў жывот заўжды выклікала ў Зоські непрыемнае адчуванне. Болей за ўсё яна баялася менавіта кулі ў жывот, хаця і разумела, што атрымаць кулю ў галаву ці ў грудзі, мабыць, не лепей. Петракоў з дапамогай самаробнага шыла і дратвы старанна рамантаваў бот, увесь час хрыпла пакашліваў, і Зоська, гледзячы на яго тоўста абвязаную нейкай суконкай шыю, сказала:
— У вас горла баліць, ага?
— Ды ўжо баліць, — адказаў ён, не адрываючыся ад свайго занятку. — Застудзіў і вот… Відаць, дакашляю гэту зіму.
— Ну чаму вы так! — здзівілася Зоська, адчуўшы ў ягоным голасе тужлівыя ноткі. Петракоў толькі махнуў рукой.
— А, усё роўна. Чым жысць такая…
Антон нецярпліва рэзка ўстаў з лаўкі і, сагнуўшы галаву пад нізкаю столлю, зірнуў праз няшчыльна прычыненыя дзверы, з якіх усё несла ветрам і сцюжай.
— Ну дзе ж твой Барматухін? Ці, можа, ты перавязеш?
— Барматухін перавязе. Ён цяпер перавозчык. Антону яўна тут не сядзелася, ды і Зоська ледзьве трывала ў гэтай прагорклай ад дыму зямлянцы. Цяпер яе, праўда, расчуліў спакутаваны выгляд Петракова, і ёй стала шкада хворага чалавека.
— Дык, можа, лякарства трэба якое? Можа, вам мёд памог бы? — сказала яна, настылымі рукамі пагладжваючы прыгрэтае ля печкі калена.
— Якое лякарства! Мне ўжо нішто не паможа, прыйдзецца таго… Сухоты ў мяне, — проста паведаміў Петракоў і змоўк, глыбока засунутай у халяву рукой мацаючы канец дратвы.
Зоська збянтэжылася. Яна не ведала, што ў такіх выпадках можна сказаць чалавеку, чым суцешыць яго. Ды і ці трэба суцяшаць наогул?
Сабачка, які быў недзе знік, радасна заскавытаў па той бок дзвярэй, Антон зірнуў праз акно і адступіўся. Дзверы шырока расчыніліся, і ў іх паявіўся, відаць, вельмі азяблы хлапчук з худзенькай шыяй і ў сямі нейкіх неахайна захінутых на грудзях апранахах. На яго галаве, глыбока насунутая на вушы, сядзела шэрая паношаная кепка з гузічкам наверсе.
— Сігнал давалі, дзядзька Мікалай?
— Даваў, як жа. Во перавезці, — паказаў позіркам на гасцей Петракоў, і Зоська здагадалася, што ўрэшце прыйшоў Барматухін. А яна думала, што гэта будзе чорны мужык з барадой. Хлопец, аднак, увайшоў у зямлянку і прычыніў за сабой дзверы, за якімі тоненька віскатаў сабачка.
— Закалеў. Такі вецер усчаўся…
— «Сала» ўсё прэ? — запытаў Петракоў.
— Яшчэ болей стала. Такія крыгі — ого!
— Стане Нёман, — рашыў Петракоў. — Хужы дзела будзе.
— А нам хужы не будзе, — сказаў Барматухін.
Ён прысеў перад печкай, працяг да агню скорчаныя ад сцюжы рукі, і Зоська падумала: як жа ён іх пераправіць у такі ледаход? А раптам аб лодку стукнецца крыга, і яны апынуцца ў вадзе. Але Нёман — не балотная рэчка, адсюль не так проста выбрацца на бераг. Яна са страхавітым клопатам пазірала на Петракова і хлопца, якія быццам і не думалі аб тым. Барматухін, усё трымаючы ля агню настылыя рукі, павярнуў да яе востранькі, з пасінелым носам, тварык і нібы падміргнуў нават.
— На сувязь? У разведку?
— Барматухін! — са зморанай строгасцю прыкрыкнуў Петракоў. — Табе што? За чым нада, за тым і ідуць.
— А! — расчаравана выдыхнуў хлопец. — Бытта няведама, па што за Нёман ходзяць. Абы варочаліся.
— Як-небудзь пастараемся, — сказала Зоська.
— Во-о! Так усе гавораць. Толькі не ўсе варочаюцца. У нядзелю перавозіў шасцярых, два разы лодку ганяў. А ўчора вяртаюцца трое. I то адзін нежывы. Застрэлены.
— Барматухін! — зноў спыніў яго Петракоў. — Памаўчы лепш.
— Ды я — калі ласка, — з гатоўнасцю пагадзіўся падлетак і ўстаў. — Ну дык пайшлі хіба?