Пайсці і не вярнуцца
Шрифт:
— Сабакі! — сказаў ён, здрыгануўшыся ад кулі, якая блізка ўдарыла ў насып.
— Што? — запытаў сяржант з потным, зусім счырванелым тварам.
— Вунь да лесу бягуць.
Зоська зразумела, што гэта было самае горшае. Калі немцы бягуць да хвойніку, значыць, хочуць перахапіць іх на ўзлеску. Куды ж тады ім падацца?
— Ану дай! — працягнуў руку сяржант і выхапіў у Пашкі вінтоўку. — Салей! Жахні па тых, хай напалохаюцца! — кіўнуў ён за канаву, а сам успоўз да самае рэйкі і, хутка прыцэліўшыся, стрэліў. Побач у другі бок з канавы стрэліў Салей; гарачая гільза з ягонай вінтоўкі апякла Зосьцы руку. Пашка з Антонам ляжалі, бы нежывыя, і толькі, павярнуўшы галовы, напружана ўслухоўваліся ў перастрэлку. Сяржант хутка выпусціў абойму і раптам крыкнуў да ўсіх:
— Бягом на той бок! Быстра!
Ускочыў і ашалела кінуўся па канале, за ім з незразумелым спрытам прыпусцілі Пашка і Антон. Зоська з Салеем зноў апынуліся ззаду за ўсімі. Але Зоська цяпер болей за ўсё на свеце баялася адстаць і, коўзаючы па адкосах канавы, бегла так, як, здавалася, не бегала ніколі ў жыцці.
Аднак праз якую сотню метраў яны зноў пападалі каля невялічкага пярэстага слупка з лічбай 7. Частая вінтовачная страляніна грымела, здавалася, па ўсім полі. На першым часе Зоська не чула куль, але калі на яе вачах ад слупка ўзляцеў угару бетонны асколак, яна выразна адчула іх злую сілу і цясней прыпала да снегу. Ратавала канава. Толькі доўга ляжаць у канаве, напэўна, не было магчымасці, яны і без таго змарнавалі шмат дарагога часу, іх ужо сціскалі з двух бакоў.
— Па адным! — сказаў, задыхнуўшыся, Антон. — Кароткімі перабежкамі…
Сяржант злосна азірнуўся на яго, пашукаў вачыма Салея.
— Салей, агонь!!
Салей зноў распачаў страляць з калена па тых, што насядалі з дарогі. Напэўна, яны там былі ўжо блізка, але Зоська не глядзела туды, яна адно скаланалася, калі блізкая куля біла ў насып, абсыпаючы яе жвірам і снегам. Але вось, выбраўшы, напэўна, момант, сяржант рыўком ускочыў на ногі, штось крыкнуў і кінуўся цераз рэйкі, адразу знікшы на тым баку аднапуткі. За ім, азірнуўшыся, з меншым спрытам перабег рэйкі Пашка. Зоська ляжала побач з Антонам. Цяпер, напэўна, чарга была за ім, але Антон чамусь бавіў час, і яна, не зразумеўшы прычыны яго маруднасці і зноў баючыся адстаць, на руках і каленях выскачыла з канавы.
Яна ўдала перабегла наўкось абедзве рэйкі, ухапіўшы позіркам рухавыя постаці хлопцаў, якія ўжо ўбягалі ў сасоннік, і выпрасталася, каб пераскочыць неглыбокую з гэтага боку канаву. Але менавіта ў гэты момант нешта незразумелае з чыгунным звонам выцяла яе па галаве. Зоська хіснулася, але не ўпала, недаўменна схапілася рукой за галаву і, убачыўшы на далоні кроў, зразумела, што паранена. Яна аслабела перабегла канаву, улезла ў засыпаны снегам быльнёг і, заціскаючы далонню рану на скроні, пабегла да недалёкага ўжо сасонніку.
Яна баялася ўпасці і не азіралася. Толькі калі ззаду і блізка грымнуў вінтовачны стрэл, яна, бегучы, павярнулася — гэта страляў ззаду Антон. Салея не было відаць, і яна, хістаючыся і вельмі баючыся, каб не спатыкнуцца і не ўпасці, бегла па чыстым снезе. Правы бок галавы неяк недарэчна пухнуў ад глыбокага звонкага болю, кроў залівала вуха, шчаку і шыю пад хусткай, але Зоська бегла да выратавальнага ўзлеску, дзе ўжо схаваліся сяржант і Пашка.
Антон дагнаў яе перад самым узлескам і зноў, бегучы, стрэліў кудысь з вінтоўкі. Упершыню адным вокам (другое ўжо заплыло крывёю) яна зірнула ў той бок, куды ён страляў, і жахнулася: іх даганялі паліцаі. Двое з іх беглі з вінтоўкамі амаль па пятах, адзін, прыпыніўшыся, страляў у Антона. Сасоннік маўчаў, сяржант з Пашкам зніклі. Неяк ухінуўшыся ад кулі, Антон абмінуў Зоську і зараз жа схаваўся ў хвойніку. Зоська зноў апынулася апошняй, а паліцаі беглі праз сотню метраў за ёй. Боль пухнуў у галаве, ахапіўшы ўвесь правы бок, крыўда рвала яе сэрца, яна адчувала, што гіне — па-дурному і марна. Але яна ўсё ж згледзела тое месца, дзе схаваўся Антон, і пад стрэлы і крыкі ззаду таксама ўляцела ў сасоннік. Цяпер яе надзея была на Антона. Ён меў вінтоўку і быў бліжэй за іншых. I Зоська бегла, як толькі можна было бегчы ў гушчары, — раздзіраючы грудзі, плечы і рукі, аберагаючы толькі галаву ад растапыранага з усіх бакоў сучча. Ззаду бахалі стрэлы і чуліся галасы, але, здаецца, паліцаі адсталі і не маглі яе бачыць. Яна пабегла цішэй і, выбіваючыся з сілы, паволі перайшла на крок.
На вузкай прагаліне ў сасонніку яна ўбачыла знаёмыя сляды на снезе і слепа пабрыла па іх. Каб не ўпасці, яна ўвесь час хапалася рукой за голле, другой заціскаючы рану. Цяпер ёй нічога не заставалася, як толькі дагнаць Антона, калі той не ўцёк далёка, каб з яго дапамогай перавязаць рану. Сама яна ўжо не магла гэта зрабіць і баялася страціць прытомнасць. Яна кепска бачыла ў гэтым гушчары сваім адным вокам і ўзрадавалася, калі пачула за хвояй трэск голля.
— Антон!..
— Ну што? Ідзі сюды…
З завалочанага хмарамі неба сыпаў дробны сняжок.
18
Антон чакаў Зоську — а што яму яшчэ заставалася, не бегчы ж наўздагон за гэтым баламутам-сяржантам. Вядома, і сяржант, і Зоська цяпер былі яму непатрэбны. Здаецца, ён выкруціўся з найбольшае бяды, адкараскаўся ад самасуду, уцалеў ад паліцэйскай кулі і нават займеў вінтоўку забітага на рэйках Салея. З Зоськай, напэўна, усё ўжо скончана — нашто яму Зоська? Хаця… Хто ведае, што будзе далей, але вось яна выбегла з-за хвоек з залітай крывёю шчакой, і нешта ў Антона хваравіта сцялася ад аднаго толькі выгляду яе прывабнага, а цяпер перакошанага балючай грымасай твару.
— Бінт ёсць?
Бінта, аднак, у яе не аказалася, у яго таксама не знайшлося ў кішэнях нічога здатнага для перавязкі. Трэба было разадраць што-небудзь з бялізны, але не распранацца ж тут, пад носам у паліцаяў. Перш за ўсё належала зашыцца ў лесе, калі пашчасціла ўжо адарвацца ад даганятых: кожная хвіліна была дадзена Богам для паратунку.
— Во чорт! — вылаяўся Антон, услухоўваючыся ў недалёкія, на ўзлеску, галасы паліцаяў, — яшчэ, чаго добрага, кінуцца па слядах. Зоська ўсё заціскала далонню рану, трудна дыхала, і ён схапіў яе за руку.
— Як? Трываць можаш?
Яна нешта сказала, але ён не пачуў і павалок яе праз хвойны гушчар далей ад узлеску, у глыб гэтага маладога хвойніку, пакуль той не абклалі паліцаі. Абкладуць, тады зноў прабівайся з боем, што можа скончыцца новай крывёй, калі не пагібеллю абаіх.
Але неяк нечакана хутка хвойнічак скончыўся, яны выбеглі на рэдкаваты ўзлесак, і Антон дазволіў сабе спыніцца, каб перавесці дыханне. Зоська адразу ўпала на прысыпаны снегам мох, а ён спярша агледзеўся. Наперадзе ляжала нешырокае снежнае поле, зводдаль цямнелася паласа новага ўзлеску. Разглядзець яго здалёк было цяжка — густа сыпаў снег. Але снег цяпер, можа быць, дарэчы, падумаў Антон, ён схавае сляды, замгліць, дасць уцячы ад пагоні. Трохі аддыхаўшыся, Антон павярнуўся да Зоські, якая, схіліўшы галаву, бокам ляжала між хвоек.
— Ну, ты як?
Яна не адказвала, толькі, сціскаючы зубы, ціха стагнала. Плячо яе плюшавага сачка было ў крыві, хустка з правага боку таксама прамокла загусцелай плямай крыві, на якую наліпалі сняжынкі. Антон прысланіў да сухога сучка вінтоўку і рашуча расхінуў свой кажушок. Выцягнуўшы з-пад світэра падол сподняй кашулі, ададраў ад яе нешырокі шкумат і прысеў перад Зоськай.
— Ану дай!
Здаецца, усё ж дзяўчыне пашэнціла — куля трохі зачапіла галаву, а калі б узяла глыбей, дык перавязка ўжо не спатрэбілася б. Моршчачыся ад крыві, якая ўсё сачылася з раны, Антон абматаў свой шкумат па залепленых снегам і крывёй валасах, як-колечы завязаў канцы, Зоська, дужа збялеўшы, ціхенька стагнала, яе правае вока, брыво і нават шчака заплывалі мяккай сінюшнай пухлінай. Перавязваючы яе, Антон увесь час адчуваў нейкае дзіўнае, непадуладнае яму пачуццё, перамешанае са спагадай і амаль неадольнай фізічнай гідлівасцю.
— Нічога! — слаба суцешыў ён, скончыўшы перавязку. — Галоўнае — ногі цэлыя! Куды-небудзь дойдзем.
Яна сама асцярожна завязала на ягоны ласкут сваю хустку, ад чаго яе галава стала нязграбна-вялікай. З Антонам яна не размаўляла, відаць, ледзьве адольваючы боль, і ён не даймаў яе роспытамі. Ён болей услухоўваўся ў невыразныя гукі лесу і аднастайны шум хвой, з трывогай ловячы галасы паліцаяў. Але тыя, мабыць, адсталі, лес быў спакойны, роўна шархацеў снег па кажушку на плячах.
— Як, ісці можаш?