Пайсці і не вярнуцца
Шрифт:
— Ужо цямнее, — спакутаваным голасам сказала Зоська, прыўзняўшы галаву.
Напэўна, ужо можна было, не баючыся, выходзіць са свайго сховішча ў поле. Пакуль яны дашкандыбаюць да вёскі, сцямнее і яшчэ болей, але Антон бавіў час: яму хацелася напаследак дамовіцца з Зоськай.
— Зараз пойдзем, — сказаў ён. — Давай руку, уставай, пагрэй ногі.
Ён памог ёй падняцца з каменя, і яна, хіснуўшыся, ледзьве ўтрымалася на нагах. Антон падхапіў яе пад руку, але, нецярпліва варухнуўшы локцем, яна адхіліла яго дапамогу.
— Я сама.
Што ж, калі ласка, давай сама, калі можаш. Толькі яна не спяшалася сама, звярнуўшы набок галаву, спярша нязручна ўгледзелася ў яшчэ прыкметныя абрысы Княжаводцаў.
— Я пайду ў вёску, — глуха сказала яна, адвярнуўшыся. — А ты ідзі за Нёман.
— Нашто? — здзівіўся Антон. — Спярша давяду цябе, устрою…
— Гэта не трэба, — сказала яна.
— Чаму? — насцярожыўся ён. Упартае нежаданне ягонай дапамогі чымсьці азадачвала Антона, але ён яшчэ не здагадваўся, што было прычынай гэтага нежадання.
— Я пайду адна.
— Не, адну я цябе не пушчу.
Яна яшчэ пастаяла, згорбіўшыся і хваравіта трымаючы руку на павязцы, і раптам моўчкі апусцілася на ранейшы свой камень.
— Во яшчэ фокусы! — сказаў ён. — Ты што, начаваць тут збіраешся?
– Ідзі за Нёман! — ціха, але цвёрда сказал яна. — Пасля я пайду ў Княжаводцы.
— Ах, во як! — здагадаўся Антон. — Значыць, не давяраеш?
— Не давяраю.
— Да-а, — некалькі збянтэжана сказаў ён і таксама сеў на камень вышэй.
Аказваецца, магчыма і такое, падумаў Антон. Ён прыкрываў яе агнём на чыгунцы, не кінуў у хвойніку, убярог ад паліцэйскай пагоні. Ён, можна сказаць, уратаваў яе, рызыкуючы сваёй галавой, а яна не давярае яму. Яна не хоча паказаць, куды пойдзе ў Княжаводцах, каб ён не выдаў яе сяброўку, ці што? Але ён ужо не збіраўся ісці да немцаў, ён вяртаўся ў атрад — чаго ж ёй яшчэ трэба?
З намаганнем падаўляючы ў сабе злосць супраць дзяўчыны, якая сёння не пераставала здзіўляць яго сваімі выхадкамі, ён раптам адчуў меру яе варожасці да сябе, і яму стала страшна. З такім пачуццём да яго яна раскажа ў атрадзе пра ўсё, што з імі сталася, і яму напэўна нездабраваць. Калі там дазнаюцца пра яго няздзейснены план адносна Скідзеля, пра намер наведаць Капыцкага, яго проста завядуць у роў, дзе ён назаўжды і застанецца. Менавіта цяпер, калі справы на фронце далі надзею, калі ён рашыў заставацца да канца партызанам, калі ён размежаваўся з немцамі і Капыцкім, ён можа загінуць ад рук сваіх жа таварышаў. I толькі таму, што недзе ўсумніўся, па маладосці захацеў выжыць і, можа, у цяжкі час не саўладаў з нервамі.
I пагубіць яго тая самая, з якой ён гатовы быў звязаць назаўжды свой лёс і праз якую, мабыць, ледзьве не зрабіў сваё самае вялікае глупства.
Але ж не зрабіў — во што, мабыць, галоўнае. Гаварыў, праўда. Але ці мала што можа нагаварыць чалавек, калі яму смажаны певень балюча ў зад клюне!
— Ну добра, — памякчэла сказаў Антон пасля доўгага пакутнага роздуму. — Добра… Я пайду за Нёман. Але ты абяцай мне памагчы.
— Чым? — адрывіста запыталася Зоська, не павяртаючы галавы. Аберуч яна абапіралася на каменне.
— Не кажы нікому, што я хацеў з табой… у Скідзель. Яна зрабіла спробу павярнуцца да яго на камені, але толькі павяла плячыма. Цяжкая яе галава немачна імкнулася долу.
— А што я заместа скажу? Што праспала з табой ноч у аборы? Што не дайшла да Скідзеля, бо заначавала на хутары? Што праваліла гэта заданне, бо даверылася табе? Што я дурніца, ідыётка і прадажніца, якую трэба пад суд?
Здаецца, яна заплакала, угнуўшы галаву і калоцячыся, і ў гэты раз ён не пашкадаваў яе — настала чарга шкадаваць самога сябе. Сапраўды, перспектыва перад ім вырастала зусім незайздросная, трэба было тэрмінова штосьці рабіць для свайго паратунку. Але ён не ведаў што і самотна сядзеў пад крушняй, тужлівым позіркам сноўдаючы па вечаровай прасторы поля. Наўкола амаль ужо сцямнелася, дрэвы і стрэхі ў Княжаводцах знікалі ў паўзмроку, вецер санлява шархацеў снегам у калючым голлі на грушы.
— Во ты, значыць, якая! — са стрыманай злосцю сказаў Антон. — За сябе дрэйфіш? Праваліла заданне! I хочаш праваліць маё жыццё?
— За сваё жыццё ты сам будзеш адказваць. Ты яго так скіраваў. Ці ж я мала цябе адгаворвала?
— Дапусцім, я памыліўся. Прызнаю. Але не памыляецца той, хто нічога не робіць. Хто на печы сядзіць. А мы на памылках вучымся. Хто гэта сказаў? Ты ж адукаваная, павінна ведаць. I яшчэ ты жанчына, ты павінна быць добрай. А не такой злосніцай.
— Мая дабрата мяне і загубіла, — ціха сказала Зоська.
— Ну во! — падхапіў Антон. — Сама прызнаеш. Дык чаму ж ты і мяне загубіць хочаш? Я ж табе не вораг!
— Бываюць свае горш за ворагаў, — ціха сказала Зоська. — Ворага можна забіць. А ў свайго не стрэліш.
— А, во як! Ты ўжо гатова і страляць! Гэта за што? За мой клопат? За тое, што я цябе ратаваў?
Антон ускочыў на ногі — яе бязглуздыя словы даводзілі яго да шаленства. Ён — горшы за ворага!.. Ён увесь калаціўся ад злосці пры адных толькі ўспамінах аб перажытым з ёй за апошнія суткі. Колькі разоў ён яе выручаў, колькі памагаў ёй, колькі напакутаваўся ад яе дурных выхадак! Канешне, ён не забыўся, што было і іншае, што ён прымяніў грубасць, і яна мела права пакрыўдзіцца. Але цяпер ён не хацеў памятаць гэта. Ён памятаў толькі зробленае ім дабро і абураўся ад думкі, што за гэта яго дабро яна імкнулася адплаціць яму злом. I яшчэ шкадуе, што не мела магчымасці стрэліць!
— Сучка ты подлая! — крыкнуў ён з ціхай ярасцю, і яна, адхіснуўшыся, знерухомела на камені.
Праз якую хвіліну, не сказаўшы ні слова ў адказ, Зоська з натугай паднялася на ногі і, падтрымліваючы рукой галаву, кудысьці пайшла вакол крушні. Антон з нянавісцю пазіраў на яе ззаду, яна была для яго агідная, і ён у думках сказаў сабе, што не пакліча яе нізашто. Няхай, як знае, ратуе сябе сама, а хоча — хай гіне, яго дзела малое. Хутчэй за ўсё і загіне. За першай жа хатай у вёсцы налезе на паліцая і заўтра са звязанымі рукамі апынецца ў Скідзелі. Але хай, ён бедаваць не будзе. З яго ўжо хопіць. Ад гэтага часу ён ёй не таварыш і знаць яе болей не хоча.
Прасачыўшы, як яна хісткім няпэўным крокам абышла крушню, беручы кірунак да вёскі, Антон са злосцю закінуў за плячо вінтоўку. Яму трэба было ў другі бок — да Нёмана, у лес. Іхнія шляхі назаўжды разміналіся, і ён не шкадаваў.
Ён прайшоў дзесятак крокаў ад грушы і разгублена спыніўся ад новае думкі: а раптам ёй пашанцуе? Яна знойдзе ў вёсцы знаёмую і раскажа ёй пра ўсё, што здарылася паміж імі. Рана ці позна пра гэта стане вядома ў атрадзе… Не, ён не мог дапусціць, каб яна прыйшла ў вёску. Для яго гэта было раўназначна самагубству.
— Зося! — не сваім голасам крыкнуў Антон. — Зося!!
Зоська быццам не чула і не азірнулася. Яе цёмная з нязграбнай галавой постаць паволі аддалялася ад грушы, і Антон ускінуў вінтоўку. Ён разумеў, што ў магазіне ўсяго два патроны, але вока яго заўжды было зоркае, а рука дастаткова цвёрдая. Баючыся ўпусціць яе ў прыцемках, ён таропка прыцэліўся ў чорную спіну, і плаўна націснуў на спуск.
Стрэл, бліснуўшы чырвоным агнём, на секунду асляпіў яго, Антон апусціў вінтоўку і ўгледзеўся ў змрок. Зоська цёмнаю плямаю нерухома ляжала на снезе, раскінуўшы рукі. Не адрываючы ад яе позірку, ён перазарадзіў вінтоўку, але другога стрэлу, напэўна, ужо не спатрэбілася. Зноў жа апошні патрон трэба было пакінуць на які крайні выпадак.