Тры таварышы
Шрифт:
Я хацеў ціхенька ўцячы, але ўжо пачуўся стук у дзверы. У пакой уваліўся Хасэ.
Ён плюхнуўся ў крэсла.
— Я больш не вытрываю.
Гэта быў па сутнасці мяккі чалавек з абвіслымі плячыма і маленькімі вусікамі. Сціплы, старанны служачы. Але якраз такім было сёння цяжэй за ўсіх. Ды ім, бадай, было заўжды найцяжэй. Сціпласць і стараннасць ацэньваюцца належным чынам толькі ў раманах. У жыцці іх выкарыстоўваюць, а потым адкідваюць прэч. Хасэ ўзняў рукі.
— Толькі падумайце, у канторы зноў два звальненні. Наступны — я, вось убачыце: я! — У гэтым страху ён жыў з пачатку месяца да наступнага. Я наліў яму чарку гарэлкі. Ён тросся ўсім целам. Некалі ён зламаецца, гэта было відавочна. Больш у яго не было пра што гаварыць.
— Ды яшчэ гэтыя заўсёдныя папрокі, — прашаптаў ён. Магчыма, жонка папракнула яго за сваё вартае жалю існаванне. Ёй было сорак два гады, яна ўжо амаль адцвіла і расплылася, але не выглядала такой зношанай, як муж. Яе прыгнятаў страх недалёкай старасці.
Нешта раіць не мела сэнсу.
— Слухайце, Хасэ, — сказаў я. — Пасядзіце тут спакойна, колькі вам захочацца. Мне трэба пайсці. Калі вам больш да густу каньяк, ён — у шафе. Тут — ром. Там ляжаць газеты. А пад вечар пойдзеце куды-небудзь з жонкай з гэтых чатырох сцен. Хоць бы ў кіно. Гэта будзе каштаваць вам столькі ж, колькі дзве гадзіны ў кавярні, а атрымаеце куды больш! Сёння галоўнае: забыцца! А для гэтага — не разважаць! — Адчуваючы дакоры сумлення, я паляпаў яго па плячы. Няхай сабе, кіно заўседы выручае. Там кожны можа памарыць.
Побач дзверы былі адчынены. Жанчына ўсхліпвала так гучна, што можна было пачуць знадворку. Я ішоў праз калідор. Наступныя дзверы былі прачынены. Адтуль падслухвалі. Пахла духамі. Тут жыла Эрна Бёніг, сакратарка. Выгляд мела занадта элегантны як на сваю зарплату — адзін раз у тыдзень шэф дыктаваў ёй да раніцы. Назаўтра ў яе бываў вельмі дрэнны настрой. Затое яна кожны вечар хадзіла на танцы. Каб не было танцаў, не варта было б і жыць, гаварыла яна. У яе былі два сябры. Адзін кахаў яе і прыносіў кветкі. Другога кахала яна і давала яму грошы.
Побач у пакоі жыў ротмістр граф Арлоў — расейскі эмігрант, кельнер, статыст на кіназдымках, платны партнёр у танцах, кавалер з сівымі скронямі. Ён выдатна іграў на гітары. Кожны вечар ён маліўся Казанскай Божай Маці, каб атрымаць пасаду метрдатэля ў якім-небудзь заняпалым гатэлі. На падпітку быў плаксівы. Наступныя дзверы. фраў Бэндэр, медыцынская сястра ў доме малюткі. Узрост — пяцьдзесят гадоў. Муж загінуў на вайне. У 1918 годзе двое дзетак памерлі ад недаядання. Мае рабую кошку. Больш нікога.
Яшчэ побач — Мюлер, казначэй-пенсіянер. Сакратар таварыства філатэлістаў. Жывая калекцыя марак, больш нічога. Шчаслівы чалавек.
У апошнія дзверы я пастукаў.
— Як справы, Георгі? — сказаў я. — Нічога новага?
Георгі Блок пахітаў галавой. Ён быў студэнт другога курса. Каб закончыць гэтыя чатыры семестры, ён працаваў два гады ў рудніку. Заробленыя грошы скончыліся; іх хопіць яшчэ месяцы на два. На руднік ён не мог вярнуцца — там цяпер ужо хапала сваіх беспрацоўных. Ён спрабаваў так і сяк дзе-небудзь уладкавацца. Тыдзень ён распаўсюджваў рэкламныя лісткі маргарынавай фабрыкі. Але фабрыка збанкрутавала. Неўзабаве ён атрымаў месца разносчыка газет і ўздыхнуў быў з палёгкай. Праз тры дні яго спынілі двое ў касках, адабралі газеты, падралі іх і растлумачылі, што гэты занятак не для яго. Няма чаго лезці. У іх саміх хапае беспрацоўных. І ўсё-такі ён выйшаў наступнай раніцай, хоць ужо давялося заплаціць за падраныя газеты. Нехта збіў яго роварам. Газеты паляцелі ў гразь. Зноў заплаціў дзве маркі. Ён пайшоў трэці раз і вярнуўся з разадраным касцюмам і разбітым тварам. Тады ён здаўся. Зараз у адчаі сядзеў у пакоі і зубрыў як вар'ят, быццам гэта мела нейкі сэнс. Ён еў раз на дзень. Пры гэтым не мела значэння, закончыць ён астатнія курсы ці не — на працу можна было разлічваць не раней як праз дзесяць гадоў пасля заканчэння.
Я падаў яму цыгарэты.
— Кінь ты гэта глупства, Георгі. Як я. Потым пачнеш спачатку.
Ён пахітаў галавой.
— Я ўжо тады заўважыў, пасля рудніка. Калі не займацца кожны дзень, адразу саб'ешся з тропу. А на другі раз мяне ўжо не хопіць.
Бледны твар і вушы, якія тырчаць, і блізарукія вочы, хударлявая постаць з запалымі грудзьмі… д'ябал забяры ўсё!
— Ну, бывай, Георгі.
Бацькоў у яго не было.
Кухня. На сцяне — галава дзіка. Памяць пра нябожчыка Залеўскі. Тэлефон. Паўзмрок. Пах газу і дрэннага тлушчу. Дзверы з шэрагам таблічак каля кнопкі званка. І мая між іншых. «Роберт Локамп, студэнт філасофіі. Званіць два разы». Яна была брудна-жоўтая. «Студэнт філасофіі»! Гучыць! Шмат вады сцякло. Я спусціўся па прыступках у кавярню «Інтэрнацыяналь».
«Інтэрнацыяналь» — вялізная, цёмная, задымленая кішка з мноствам задніх пакояў. Наперадзе, каля стойкі, стаяў раяль. Ён быў разладжаны, некалькі струн парвалася. Клавішы таксама былі не ўсе. Але я любіў гэтую бадзёрую музычную скрынку са стажам. Я аддаў ёй год майго жыцця, працуючы тут тапёрам.
У задніх пакоях жывёлапрамыслоўцы праводзілі свае сходы. Бывалі тут і вулічныя артысты. Наперадзе сядзелі прастытуткі.
Шынок быў пусты. Толькі пласкаступы кельнер Алоіс стаяў за стойкай.
— Як заўсёды? — спытаў ён.
Я згодна кіўнуў. Ён прынёс мне партвейн з ромам, палова на палову. Я сеў за столік і бяздумна ўтаропіўся перад сабой. Шэры прамень сонца коса падаў праз акно на бутэлькі, што стаялі на паліцах. Чэрыбрэндзі гарэў, як рубін.
Алоіс паласкаў шклянкі. Гаспадарова кошка сядзела на раялі і муркала. Я павольна паліў цыгарэту. Ад душнага паветра цягнула на сон. Дзіўны голас быў учора ў дзяўчыны. Нізкі, грубаваты, амаль хрыплы і ўсё ж мяккі.
— Дай мне пагартаць некалькі часопісаў, Алоіс, — сказаў я.
Зарыпелі дзверы. Прыйшла Роза. Роза, прастытутка з могілак, па мянушцы Жалезны Конь. Яе так ахрысцілі за нястомнасць. Яна прыйшла выпіць кубачак шакаладу. На яго яна раскашэльвалася тут кожную нядзелю. Потым яна ехала ў Бургдорф да свайго дзіцяці.
— Прывітанне, Роберт.
— Прывітанне, Роза. Як малышка?
— Паглядзім. Вось — вязу ёй.
Яна дастала з пакунка чырванашчокую ляльку і націснула ёй на жывот. «Ма-ма», — праквакала лялька. Роза свяцілася ўся.
— Казачна! — сказаў я.
— Зірні! — Яна нагнула ляльку назад. Ляпнуўшы, заплюшчыліся вочы.
— Нечувана, Роза.
Яна была задаволена і зноў запакавала ляльку.
— Ты ў гэтых справах цяміш, Роберт. З часам будзеш добрым мужам.
— Ну, ну, — сказаў я з сумненнем.
Роза любіла сваё дзіця. Яшчэ тры месяцы назад, пакуль дзіця не хадзіла, яно жыло з ёй у адным пакоі. Нягледзячы на яе занятак, гэта было магчыма дзякуючы маленькай бакоўцы. З'яўляючыся вечарам з кавалерам, яна прасіла яго, прыдумаўшы прычыну, пачакаць на двары, сама хуценька бегла наперад, штурхала дзіцячую каляску ў бакоўку, замыкала дзверы і ўпускала кавалера. Але ў снежні малую даводзілася занадта часта перапраўляць з пакоя ў халодную бакоўку. Дзіця прастудзілася і часта плакала ў прысутнасці наведнікаў. Роза мусіла разлучыцца з дачушкай, як ні цяжка гэта ёй далося. Яна здала яе ў дарагі дзіцячы прытулак. Там яна лічылася паважанай удавой. Інакш — дзіця не прынялі б.
Роза ўстала.
— Ты прыйдзеш у пятніцу?
Я кіўнуў.
Яна глянула на мяне.
— Ты ж ведаеш, што здарылася.
— Вядома.
Я не меў ніякага ўяўлення, што здарылася, але ў мяне не было жадання распытваць. Такую звычку я набыў тут за год працы тапёрам. Так было заўжды найлепш. Як і тое, што да ўсіх дзяўчат тут я звяртаўся на «ты».
— Бывай, Роберт.
— Бывай, Роза.
Я нейкі час яшчэ пасядзеў. Але я не адчуваў звыклага дрымотнага спакою. «Інтэрнацыяналь» у выхадныя дні быў мне ўтульным домам. Я выпіў рому, пагладзіў кошку і пайшоў.