Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Гэта мой сябра, — сказаў я дзяўчыне. — Таварыш па акопах. Ён — адзіны знаёмы мне чалавек, які з вялізнага няшчасця зрабіў сабе маленькае шчасце. Ён не ведае, што рабіць са сваім жыццём, таму ён проста радуецца, што жывы.

Яна ў задуменні глянула на мяне. Палоска святла коса перакрэсліла ёй лоб і рот.

— Гэта мне зразумела, — сказала яна.

Я зірнуў на яе.

— Як вы можаце зразумець? Вы замаладая для гэтага.

Яна засмяялася. Гэта была лёгкая, трапяткая ўсмешка — смяяліся толькі вочы. Твар амаль зусім не змяніўся, ён толькі пасвятлеў, нібы засвяціўся з сярэдзіны.

— Замаладая, — сказала яна. — Што гэта за слова? Мне здаецца, нельга быць замаладым. Заўсёды — занадта стары.

Я хвіліну памаўчаў.

— Тут ёсць процьма контраргументаў, — запярэчыў я і падаў Фрэду знак прынесці што-небудзь выпіць.

Дзяўчына была такая ўпэўненая і натуральная. Я адчуваў сябе каля яе бервяном. Мне весці б лёгкую, гуллівую размову, такую размову, якая звычайна прыдумваецца толькі потым, калі застаешся адзін. Гэтак размаўляць умеў Ленц. А я рабіўся ў такіх выпадках няўклюдным і цяжкім. Готфрыд не без падставы сцвярджаў, што як субяседнік я недзе на ўзроўні паштовага сакратара.

На шчасце, Фрэд ведаў сваю справу. Ён прынёс мне замест маленькага напарстка сапраўдны кілішак, напоўнены па край. Цяпер яму не трэба будзе бегаць туды-сюды, ды і не так будзе кідацца ў вочы, колькі я п'ю. Мне неабходна было выпіць, інакш я не мог пазбавіцца ад гэтай гнятлівай цяжкасці.

— Можа, заказаць яшчэ марціні? — спытаў я дзяўчыну.

— А што вы п'яце?

— Ром.

Яна зірнула на мой бакал.

— Тое ж самае вы пілі і надоечы.

— Так, — адказаў я. — Я звычайна п'ю ром.

Яна пахітала галавой.

— Не магу ўявіць сабе, што нехта знаходзіць смак.

— Які ў ім смак, я ўжо даўно забыўся, — сказаў я.

Яна зірнула на мяне.

— Навошта ж вы тады п'яце?

— Ром, — сказаў я, узрадаваўшыся, што знайшлася тэма гаворкі, — ром п'юць не дзеля смаку. Ён не проста пітво, ён хутчэй за ўсё — сябра. Сябра, які аблягчае ўсё. Ён змяняе свет. Вось чаму п'юць… — Я адсунуў ад сябе келіх. — Але ці заказаць вам яшчэ марціні?

— Лепш рому, — сказала яна. — Мне таксама хочацца пакаштаваць.

— Добра, — адказаў я. — Але не гэтага. Гэты напачатак занадта цяжкі… Прынясі кактэйль «бакардзі», — крыкнуў я Фрэду.

Фрэд прынёс келіхі. Да кактэйля ён падаў салёны міндаль і смажаныя зярняты кавы.

— Пакінь тут бутэльку, — сказаў я.

Паступова ўсё набыло адчувальнасць і бляск. Знікла няўпэўненасць, словы нараджаліся самі, і я больш не звяртаў увагі на тое, што гавару. Я піў і адчуваў, як мяне накрывае вялікая мяккая хваля, як пустая шарая гадзіна напаўняецца вобразамі і, нібы ў казцы, над абыякавымі шэрымі ўчасткамі быцця з'яўляецца бязгучны шэраг летуценняў. Сцены бара расхінуліся, і ўжо гэта быў не бар, а куток свету, прытулак, паўзмрочны акоп, вакол якога грымела адвечная бітва хаосу і дзе мы бяспечна сядзелі, прыгнаныя загадкавым ветрам змяркання. Дзяўчына скурчылася ў сваім крэсле, чужая і таямнічая, як занесеная сюды з другога жыцця. Я чуў, што нешта гавару, але здавалася, што гавару не я, а нехта іншы, той, кім я хацеў бы стаць. Словы ўжо не адпавядалі думкам, яны зрушваліся, яны пранікалі ў іншыя, больш стракатыя сферы, чым тыя, у якіх адбываліся дробныя падзеі майго жыцця. Я ведаў, што яны ўжо не былі праўдзівыя, што яны — выдумка і хлусня, але мне было ўсё роўна — праўда — безуцешная і бляклая, і толькі пачуццё і адбіткі мары — жыццё…

На медзі бара адбівалася святло. Час ад часу Валянцін падымаў чарку і мармытаў сабе пад нос дату. За сцяной прыглушана шумела вуліца. Гул машын напамінаў крыкі драпежных птушак. Вуліца ўрывалася ў пакой, калі хто-небудзь адчыняў дзверы. Яна ўскрыквала, як зайздрослівая сварлівая старая кабета.

Ужо сцямнела, калі я праводзіў Патрыцыю Хольман дадому. Я паволі вяртаўся. Раптам я адчуў сябе адзінокім і пустым. Церусіў дробны дожджык. Я прыпыніўся каля вітрыны. Цяпер я заўважыў, што выпіў зашмат. Не таму, што я хістаўся… я адчуваў гэта выразна.

Мне раптам зрабілася невыносна горача. Я расшпіліў плашч і ссунуў капялюш на патыліцу. Чорт! Зноў я завёўся. Што я ёй наплёў? Я не адважваўся нават прыпамінаць. Я ўжо нічога не памятаў, гэта было горш за ўсё. Тут, аднаму, на халоднай вуліцы, дзе гулі аўтобусы, усё выглядала зусім інакш, чым у паўзмроку бара. Я праклінаў сябе. Зайздроснае ўражанне, пэўна, вынесла ад мяне дзяўчына! Ёй жа, пэўна, кінулася ў вочы. Сама ж яна амаль нічога не піла. На развітанне яна так дзіўна паглядзела на мяне…

Божа літасцівы! Я павярнуўся і сутыкнуўся з тоўстым нізенькім чалавекам.

— Ну! — сказаў я раз'юшана.

— Разуйце свае глядзелкі, вы — казёл набіты! — брахнуў ён.

Я ўтаропіўся ў яго.

— Мусіць, даўно людзей не бачылі, ці што? — гаўкаў ён.

Ён мне трапіў пад гарачую руку.

— Людзей бачыў, — сказаў я, — а вось піўных бочак на шпацыры — не.

Таўстун не мог апамятацца. Ён стаяў і надзімаўся.

— Ведаеце што? — зашыпеў ён. — Ваша месца ў звярынцы. Летуценным кенгуру няма чаго рабіць на вуліцы.

Я зразумеў, што перада мной майстар высокага класа ў лаянцы. Трэба было, нягледзячы на дрэнны настрой, зберагчы гонар.

— Каціся сваёй сцежкай, псіхічны неданосак, — сказаў я і ўзняў руку для благаславення.

Ён не звярнуў увагі на маю прапанову.

— Каб табе мазгі залілі бетонам, засохлая малпа! — брахаў ён.

Я адказаў яму «плоскаступнёвым вылюдкам». Ён мяне абазваў папугаем, а я яго беспрацоўным мыйшчыкам нябожчыкаў. Тады ён, ужо паважліва, ахарактарызаваў мяне як каравячую галаву, што хворая на рак. А я, ужо жадаючы скончыць лаянку, назваў яго бадзяжнымі могілкамі біфштэксаў. Яго твар раптам праясніўся.

— Могілкі біфштэксаў — гэта добра, — сказаў ён. — Яшчэ не чуў. Бяру ў свой рэпертуар. Бывай! — Ён прыўзняў капялюш, і мы з узаемнай павагай разышліся.

Лаянка мяне ўзбадзёрыла. Але злосць засталася. Калі я стаў цверазець, яна нават узмацнілася. Я здаваўся сабе выкручаным мокрым ручніком. Але паступова злосць пераходзіла і на дзяўчыну. Яна была прычынай, што я напіўся. Я наставіў каўнер. Няхай яна думае пра мяне, што хоча, мне цяпер усё роўна. Ва ўсякім разе адразу зразумела, з кім мае справу. А як па мне — няхай усё ідзе да д'ябла: што было, тое было. Нічога не зменіш. Магчыма, нават і лепш.

Я вярнуўся ў бар і набраўся да чорцікаў…

IV

Надвор'е стала цёплае і вільготнае, некалькі дзён запар ішоў дождж. Потым праяснілася, пачало прыпякаць сонца, і калі я ў пятніцу раніцай прыйшоў у майстэрню, я ўбачыў у двары Мацільду Штос, якая стаяла з венікам пад пахай. Твар у яе быў як у расчуленага кракадзіла.

— Ну, паглядзіце, пан Локамп, якое хараство! Гэта ж проста цуд!

Я спыніўся як зачараваны. Старая сліўка каля заправачнай калонкі за ноч расцвіла.

Поделиться с друзьями: