Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Каву, гарбату, шакалад? — спытаў кельнер і змёў сурвэткай крошкі са стала на мой касцюм.

— Вялікую порцыю каньяку, — адказаў я.

Ён прынёс. Але разам з тым ён прывёў кампанію аматарак кавы, на чале з атлеткай няпершай спеласці ў капелюшы з жалобнай стужкай. Кампанія шукала месца.

— Чатыры месцы, калі ласка! — сказаў кельнер і паказаў на мой столік.

— Хвілінку, — адказаў я. — Столік не свабодны. Я чакаю.

— Так справа не пойдзе, васпан! — сказаў кельнер. — У гэты час у нас нельга загадзя займаць месцы.

Я зірнуў на яго. Потым я перавёў погляд на атлетку. Яна стаяла каля самага стала, учапіўшыся ў спінку крэсла. Я ўбачыў яе твар і адмовіўся ад далейшага супраціўлення. Нават стрэл з гарматы не пахіснуў бы гэтую даму ў яе рашучасці захапіць столік.

— А каньяку вы мне можаце прынесці яшчэ? — буркнуў я афіцыянту.

— Несумненна, васпан. Зноў двайную?

— Так.

— Калі ласка. — Ён пакланіўся. — Гэта ж столік на шэсць персон, васпан, — сказаў ён, нібы просячы прабачэння.

— Добра. Прынясіце толькі каньяк.

Атлетка, відаць, была членам таварыства барацьбы за цвярозасць. Яна ўтаропілася на маю чарку, як на пратухлую рыбіну. Каб пазлаваць яе, я заказаў яшчэ раз і ўтаропіўся на яе. Усё гэта мяне раптам насмяшыла. Што мне тут трэба? І што мне трэба ад дзяўчыны? Я нават не ведаў, ці пазнаю яе ўвогуле ў гэтай таўхатні і балбатні. Я са злосцю перакуліў у сябе каньяк.

— Прывітанне! — сказаў нехта за спіной.

Я ўздрыгнуў. Яна стаяла і смяялася.

— Вы пачалі без спазнення!

Я паставіў на стол чарку, якую ўсё яшчэ трымаў у руцэ. Я раптам разгубіўся. Дзяўчына выглядала зусім інакш, чым засталася ў мяне ў памяці. Сярод гэтых укормленых кабет, якія жавалі пірагі, яна была падобная да тоненькай юнай амазонкі — свежай, ззяючай, надзейнай і недатыкальнай. «У нас з ёй нічога не можа быць», — падумаў я і сказаў:

— Адкуль вы такая, казачная? Я ж увесь час назіраў за дзвярыма.

Яна паказала направа.

— Там ёсць яшчэ адны дзверы. Але я спазнілася. Вы даўно чакаеце?

— Не, дзве-тры хвіліны, не болей. Я таксама толькі што прыйшоў.

Аматаркі кавы за маім сталом прыціхлі. Я адчуў, як патыліцу свідруюць пагардлівыя позіркі чатырох салідных маці.

— Застанемся тут? — спытаў я.

Дзяўчына хутка зірнула на стол. Вусны яе таргануліся. Яна весела зірнула на мяне.

— Баюся, што кавярні ўсюды аднолькавыя.

Я пахітаў галавой.

— Найлепшыя тыя, дзе нікога няма. Вось гэтая — нейкая д'ябальская забягалаўка, тут заражаешся комплексам непаўнавартасці. Найлепш пайсці куды-небудзь у бар.

— У бар? Няўжо бываюць бары, якія працуюць сярод белага дня?

— Ёсць адзін, — сказаў я. — Ва ўсякім разе там вельмі спакойна. Калі вы не супроць…

— Для разнастайнасці…

Я зірнуў на яе. Адразу я не змог зразумець, што яна мае на ўвазе. Я не супроць іроніі, але не ў свой адрас. На душы ў мяне было нядобра.

— Тады пайшлі, — сказала яна.

Я паклікаў кельнера.

— Тры двайных каньякі, — гыркнуў гэты пугач такім голасам, быццам патрабаваў разлік з нябожчыка ў магіле. — Тры трыццаць!

Дзяўчына павярнулася да мяне.

— Тры каньякі за тры хвіліны? Нядрэнны тэмп!

— Два я выпіў учора.

— Які хлус, — прашаптала атлетка за маёй спіной. Ёй абрыдла маўчаць.

Я павярнўўся і пакланіўся.

— Блаславёных каляд, панны.

Я хутка выйшаў.

— Вы паспрачаліся? — спытала мяне дзяўчына на вуліцы.

— Нічога асаблівага. Раблю нядобрае ўражанне на салідных дам.

— Я таксама, — сказала яна.

Я глянуў на яе. Здавалася, яна з'явілася з іншага свету. Я ніяк не мог сабе ўявіць, хто яна і як жыве.

У бары я аказаўся ў сваёй стыхіі. Калі мы ўвайшлі, Фрэд, бармен, стаяў за стойкай і да бляску цёр вялікія чаркі. Ён павітаўся са мной, як быццам бачыў мяне ўпершыню, а не цягнуў два дні назад на сабе дадому. У яго была выдатная школа і вялізны вопыт. Толькі адзін столік быў заняты. Там сядзеў, як заўсёды, Валянцін Хаўзер. Я ведаў яго яшчэ з вайны. Мы былі ў адной роце. Праз загараджальны агонь ён прынёс мне аднойчы пісьмо на перадавую, падумаўшы, што яно ад маёй маці. Ён ведаў, што я чакаю пісьма, бо маці перанесла аперацыю. Але ён памыліўся — гэта быў усяго толькі рэкламны лісток пра падшлемнікі з крапіўнай тканіны. Калі ён вяртаўся назад, яго паранілі ў нагу. Неўзабаве пасля вайны Валянцін атрымаў спадчыну. З таго часу ён яе прапіваў. Ён сцвярджаў: ён п'е за тое, што ацалеў. Няважна, што ўжо прайшло шмат гадоў. На яго думку, такое свята можа цягнуцца вечна. Ён быў адзін з тых, у каго вельмі трывалая памяць на вайну. Іншыя шмат пра што забыліся. Ён жа памятаў кожны дзень і кожную гадзіну.

Я заўважыў, што ён ужо шмат выпіў. Цяпер ён з адсутна-задумлівым позіркам сядзеў у кутку. Я памахаў рукой.

— Салют, Валянцін.

Ён зірнуў і кіўнуў.

— Салют, Робі!

Мы селі ў кутку. Падышоў бармен.

— Што вып'ем? — спытаў я дзяўчыну.

— Мусіць, марціні, — адказала яна. — Сухога марціні.

— У гэтым Фрэд спецыяліст, — сказаў я.

Фрэд дазволіў сабе ўсмешку.

— Мне, як заўсёды, — сказаў я.

У бары панавалі прахалода і паўзмрок. Пахла разлітым джынам і каньяком. Гэты востры водар напамінаў пах ядлоўцу і хлеба. Пад столлю вісеў драўляны макет парусніка. Сцяну за стойкай упрыгожвала медная чаканка. Няяркае святло люстры стварала на ёй чырвоныя водблескі, як быццам у ім адлюстроўваўся падземны агонь. Гарэлі толькі дзве лямпачкі ў маленькіх каваных бра — адна каля Валянціна і адна каля нас. На іх былі жоўтыя папяровыя абажуры, зробленыя са старых геаграфічных карт — вузкія, асвечаныя часткі свету.

Я быў крыху збянтэжаны і не ведаў, з чаго пачаць размову. Я ж увогуле не ведаў гэтай дзяўчыны і чым больш глядзеў на яе, тым больш чужой яна мне здавалася. Я даўно ўжо ні з кім так не сядзеў, я страціў навык. Больш практыкі ў мяне было ў абыходжанні з мужчынамі. Там, у кавярні, для мяне было зашмат шуму, а цяпер, тут, раптам здалося занадта ціха. Кожнае слова дзякуючы цішыні набывала такую важкасць, што цяжка было размаўляць нязмушана. Мне ўжо здавалася, што лепш было б вярнуцца ў кавярню.

Фрэд прынёс чаркі. Мы выпілі. Ром быў моцны і свежы. У яго быў смак сонца. Гэты было якраз тое, што ўтрымлівала. Я выпіў чарку і адразу зноў аддаў яе Фрэду.

— Вам тут падабаецца? — спытаў я.

Дзяўчына кіўнула.

— Лепш, чым у той кавярні?

— Я ненавіджу кавярні, — сказала яна.

— Чаму ж менавіта там мы павінны былі сустрэцца? — спытаў я здзіўлена.

— Не ведаю. — Яна зняла шапачку. — Іншае не прыйшло ў галаву.

— Тым лепш, што вам тут падабаецца. Мы часта бываем тут. Вечарам тут амаль што наш дом.

Яна засмяялася.

— Ці не сумна гэта?

— Не, — сказаў я. — Адпавядае часу.

Фрэд прынёс мне другую чарку. Ён паклаў на стол у дадатак зялёную «гавану».

— Ад пана Хаўзера.

Валянцін кіўнуў са свайго кутка і падняў чарку.

— 31 ліпеня 17-га года, Робі, — сказаў ён, запінаючыся.

Я кіўнуў яму і падняў чарку ў адказ.

Яму заўсёды хацелася піць за чыёсьці здароўе. Бывала, што вечарам я сустракаў яго, калі ён піў да месяца або да бярозавага куста каля вясковага шынка. А потым ён прыпамінаў якісьці дзень з акопнага жыцця, калі было асабліва цяжка, і быў удзячны за тое, што выжыў і можа сядзець тут.

Поделиться с друзьями: