Тры таварышы
Шрифт:
Чыноўнікі нічога не адказалі. Яны ўважліва агледзелі пакой, зачыніўшы за сабой дзверы на ключ. Яны дасталі некалькі пісьмаў з шуфляды і параўналі почырк з пісьмамі на стале. Той, што быў маладзейшы, кіўнуў галавой.
— Каму-небудзь вядома прычына?
Я расказаў, што ведаў. Ён зноў паківаў галавой і запісаў мой адрас.
— Можна яго забраць адсюль? — спытаў лекар.
— Я заказаў санітарную машыну з бальніцы Шарытэ, — адказаў малады чыноўнік. — Скора павінны прыйсці.
Чакаючы, усе маўчалі. Лекар укленчыў на падлозе каля Хасэ. Ён расшпіліў усё, што было на ім, і пачаў расціраць яму грудзі ручніком, спрабуючы яго ажывіць. Чутны былі толькі свісцячыя гукі паветра пры ўваходзе і выхадзе з мёртвых лёгкіх.
— Дванаццаты за гэты тыдзень, — сказаў малады чыноўнік.
— Па той самай прычыне? — спытаў я.
— Не. Амаль усе ад беспрацоўя. Дзве сям'і, адна разам з трыма дзецьмі. Вядома, атруціліся газам. Сем'і заўсёды выкарыстоўваюць газ.
Прыйшлі санітары з насілкамі. Сярод іх у пакой пранікла Фрыда. З нейкай адмысловай прагнай цікаўнасцю яна ўзіралася ў вартае жалю цела Хасэ. Яе твар пакрыўся чырвонымі плямамі і потам.
— Што вам тут трэба? — груба спытаў старэйшы чыноўнік.
Яна адхіснулася.
— Я павінна даць паказанні, — прамармытала яна.
— Вон! — сказаў чыноўнік.
Санітары закрылі Хасэ прасцінай і панеслі. За імі пакрочылі і два чыноўнікі, забраўшы з сабой паперы.
— Ён пакінуў грошы на пахаванне, — сказаў малады. — Мы перададзім іх у адпаведнае месца. Калі прыйдзе жонка, скажыце ёй, калі ласка, каб яна звярнулася ў крымінальную паліцыю. Ён завяшчаў ёй грошы. Можа, пакуль што пакінуць тут яго астатнія рэчы?
Фраў Залеўскі кіўнула.
— Цяпер ужо пакой усё роўна не здасі.
— Выдатна.
Чыноўнік развітаўся і пайшоў. Мы таксама выйшлі. Арлоў замкнуў дзверы і аддаў ключ фраў Залеўскі.
— Лепш паменей гаварыць пра ўсё гэта, — сказаў я.
— І я так думаю, — сказала фраў Залеўскі.
— Я найперш маю на ўвазе вас, Фрыда, — дадаў я.
Фрыда быццам ачнулася. Вочы ў яе блішчалі. Яна не адказала ні слова.
— Калі вы хоць слова скажаце фройляйн Хольман, — сказаў я, — тады барані вас бог!
— Сама ведаю, — адказала яна задзірліва. — Бедная дама і без таго хворая!
Яе вочы гарэлі. Я мусіў узяць сябе ў рукі, каб не заехаць ёй у вуха.
— Бедны Хасэ! — сказала фраў Залеўскі.
У калідоры было зусім цёмна.
— Вы гаварылі з графам Арловым даволі груба, — сказаў я скарбніку. — Вы не хочаце папрасіць у яго прабачэння?
Стары ўтаропіўся на мяне. Потым ён вымавіў праз зубы:
— Немец не просіць прабачэння! Тым больш — у азіята! — Ён гучна грукнуў за сабой дзвярыма.
— Што ж гэта робіцца з гэтым нявылегчаным філатэлістам? — здзіўлена спытаў я. — Ён жа заўсёды быў свойскі, як авечка.
— Ужо некалькі месяцаў, як ён бегае на перадвыбарчыя сходы, — адказаў з цемры Георгі.
— Вось як!
Арлоў і Эрна Бёніг ужо пайшлі. Фраў Залеўскі раптам заплакала.
— Не бярыце так блізка да сэрца, — сказаў я. — Ужо нічога не зменіш.
— Жахліва, — хліпала яна. — Мне трэба выязджаць адсюль, я гэтага не перажыву.
— Перажывяце, — сказаў я. — Я аднойчы бачыў некалькі соцень нябожчыкаў — ангельцаў, атручаных газам. І перажыў.
Я падаў руку Георгі і пайшоў у свой пакой. Там было цёмна. Перш чым уключыць святло, я міжволі глянуў на акно. Потым я прыслухаўся, што робіцца ў пакоі Пат. Яна спала. Я падышоў да буфета, дастаў бутэльку каньяку і наліў сабе чарку. Гэта быў добры каньяк, і добра было, што ён у мяне быў. Я паставіў бутэльку на стол. Апошні раз з гэтай бутэлькі піў Хасэ. Я думаў пра тое, што лепш было б яго не пакідаць аднаго. Я быў прыгнечаны, але мне не было ў чым папракнуць сябе. Я столькі перажыў усяго ўсякага, што ведаў: трэба ці папракаць сябе за ўсё зробленае, ці ні за што. Няшчасце Хасэ заключалася ў тым, што ўсё гэта здарылася ў нядзелю. У будні дзень ён пайшоў бы на працу і, магчыма, неяк вытрываў бы.
Я выпіў яшчэ чарку. Не было сэнсу пра гэта думаць. Хто ведае, што чакае цябе самога. Ніхто не ведае, ці не палічыць ён за шчасліўчыка таго, каго цяпер так шкадуе.
Я пачуў, як Пат заварушылася, і пайшоў да яе. Яна сустрэла мяне вачыма.
— Не ведаю, што са мной робіцца, Робі, — сказала яна. — Я зноў заснула мёртвым сном.
— Гэта ж добра, — адказаў я.
— Не. — Яна абаперлася на локці. — Я не хачу так шмат спаць.
— А чаму? Бывае, што мне хочацца заснуць і праспаць пяцьдзесят гадоў.
— Але ж ты не хочаш пастарэць на пяцьдзесят гадоў!
— Не ведаю. Гэта можна было б сказаць толькі потым.
— Ты засумаваў? — спытала яна.
— Не, — сказаў я. — Наадварот. Я толькі што вырашыў, што мы апранемся, пойдзем і выдатна павячэраем. Будзе ўсё, што ты любіш. І крышку вып'ем.
— Вельмі добра, — адказала яна. — Ці не звязана гэта з нашым вялікім банкруцтвам?
— Вядома, — сказаў я. — Гэта адно з адным звязана.
XXІ
У сярэдзіне кастрычніка Жафэ запрасіў мяне да сябе. Было дзесяць гадзін раніцы, але надвор'е было такое хмурнае, што ў клініцы яшчэ гарэла святло. Змешваючыся з туманным змрокам з вуліцы, яно ўтварала невыразнае, хваравітае свячэнне.
Жафэ сядзеў адзін у вялікім кабінеце для прыёму пацыентаў. Калі я ўвайшоў, ён падняў лысую бліскучую галаву. Ён нявесела паказаў на вялікае акно, у якое барабаніў дождж.
— Як вам падабаецца гэтае сабачае надвор'е?
Я паціснуў плячыма.
— Будзем спадзявацца, што скора пераменіцца.
— Не пераменіцца.
Ён зірнуў на мяне і замоўк. Потым ён узяў са стала аловак, паўзіраўся на яго, пастукаў ім па стале і зноў адклаў убок.
— Я здагадваюся, чаго вы мяне паклікалі, — сказаў я.
Жафэ штосьці прабурчаў.
Я хвілінку пачакаў. Потым сказаў:
— Мусіць, Пат трэба скора ехаць…
— Трэба…
Жафэ са злосцю глядзеў у адну кропку.
— Я планаваў на канец кастрычніка. Але пры такім надвор'і… — Ён узяў серабрысты аловак.
Вецер з шумам кінуў у шыбіну прыгаршчы дажджу. Гук быў як ад дальняй кулямётнай чаргі.
— Калі, на вашу думку, ёй трэба ехаць? — спытаў я.
Ён раптам адкрыта глянуў на мяне.
— Заўтра, — сказаў ён.
На секунду я страціў грунт пад нагамі. Паветра зрабілася ватным і засела ў лёгкіх. Потым спазмы прайшлі, і я спытаў па магчымасці спакойна, але голас мой прагучаў, быццам ён належаў іншаму:
— Няўжо адразу так пагоршала?
Жафэ моцна затрос галавой і ўстаў.
— Калі б так хутка пагоршала, яна не паехала б зусім, — растлумачыў ён незадаволена. — Але так будзе лепш. Пры гэткім надвор'і кожны дзень небяспечны. Прастуда ці яшчэ што…