Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Нічога страшнага, — сказаў я. — Мы маем справу толькі са страхавой кампаніяй.

— І мы так думалі, — суха заявіў Ота. — Але машына не застрахавана.

— Д'ябал! Няўжо праўда, Ота?

Кёстэр кіўнуў.

— Толькі сёння даведаўся.

— А мы цацкаліся з гэтым братам, як сёстры міласэрнасці, і яшчэ пабіліся за гэтую ламачыну, — прабурчаў Ленц. — А чатыры тысячы марак вылецелі на вецер!

— Хто б мог прадбачыць! — сказаў я.

Ленц засмяяўся.

— Якая дурасць!

— Што ж будзем рабіць, Ота? — спытаў я.

— Я заявіў пратэст распарадчыку аўкцыёну. Але баюся, што карысці з гэтага будзе не шмат, — сказаў Готфрыд. — Фінансавае ўпраўленне і так злуецца на нас за падаткі.

— Магчыма, — згадзіўся Кёстэр.

Ленц падняўся.

— Раўнавага і добрая вытрымка ў цяжкіх сітуацыях упрыгожваюць салдата.

Ён падышоў да шафы і ўзяў бутэльку каньяку.

— Выпіўшы такога каньяку, мы можам праявіць нават гераізм, — сказаў я. — Калі не памыляюся, гэта апошняя бутэлька добрага каньяку.

— Гераізм, хлапец, — запярэчыў Ленц, — патрэбны толькі ў цяжкія часіны. А мы жывём у часы адчаю. Тут адзіна прыстойныя паводзіны — гумар. — Ён выпіў сваю чарку. — Добра. А цяпер я сядлаю нашага старога Расінанта, каб зарабіць якую дробязь.

Ён пайшоў праз змрочны двор і выехаў на таксі. Мы з Кёстэрам яшчэ крыху пасядзелі.

— Не шанцуе, Ота, — сказаў я. — Нам заклята нё шанцуе ў апошні час.

— Я прывык не задумвацца больш, чым трэба, — адказаў Кёстэр. — І гэтага хапае. Як там — у санаторыі?

— Каб не хвароба, то там — рай. Снег і сонца.

Ён падняў галаву.

— Снег і сонца. Гучыць крыху нязвыкла, праўда?

— Праўда. Вельмі нязвыкла. Там усё нязвыкла.

Ён зірнуў на мяне.

— Што робіш сёння ўвечары?

Я паціснуў плячыма.

— Трэба спачатку занесці чамадан дадому.

— Мне на гадзіну трэба адлучыцца. Ты потым прыйдзеш у бар?

— Абавязкова, — сказаў я. — Што мне яшчэ рабіць?

Я забраў на вакзале чамадан і занёс яго дамоў. Я адчыніў дзверы ціха: у мяне не было жадання размаўляць ні з кім.

Мне ўдалося прашмыгнуць, не трапіўшы ў лапы фраў Залеўскі. Хвілінку я пасядзеў у сваім пакоі. На стале ляжалі пісьмы і газеты. У канвертах былі толькі праспекты. Мне ніхто не пісаў. «Цяпер мне будуць пісаць», — падумаў я.

Неўзабаве я ўстаў, умыўся, пераапрануўся. Чамадан я не распакоўваў. Я вырашыў пакінуць сабе нейкі занятак пасля вяртання. Я не пайшоў у пакой Пат, хоць і ведаў, што там ніхто не жыве. Я ціхенька пракраўся праз калідор і, выбраўшыся на вуліцу, з палёгкай уздыхнуў.

Я накіраваўся ў кавярню «Інтэрнацыяналь» перакусіць. Афіцыянт Алоіс вітаў мяне на парозе.

— Зноў да нас?

— Да вас, — сказаў я. — Урэшце, заўжды вяртаешся на старое месца.

Роза і астатнія дзяўчаты сядзелі вакол вялікага стала. Сабраліся амаль усе. Гэта быў час паміж першым і другім выхадам.

— Бог мой, Роберт, — сказала Роза. — Рэдкі госць.

— Не пытайся ў мяне ні пра што, — сказаў я. — Галоўнае, што я вярнуўся.

— Не зразумела. Цяпер будзеш прыходзіць часцей?

— Магчыма.

— Не бяры блізка да сэрца, — сказала яна, зірнуўшы мне ў твар. — Усё праходзіць.

— Згодны, — сказаў я. — Гэта самая вялікая праўда на свеце.

— Вядома, — адказала Роза. — Лілі таксама ёсць што расказаць пра гэта.

— Лілі? — Толькі цяпер я заўважыў яе каля Розы. — Што ты тут робіш? Ты ж выйшла замуж і павінна сядзець дома ў сваёй краме водаправоднай арматуры.

Лілі не адказала.

— Крама, — сказала Роза кпліва. — Пакуль былі грошы, усё ішло гладка… Лілі — Лілічка… ніхто пра мінулае не ўспамінаў. Роўна паўгода працягваўся рай. Як толькі яна аддала апошні пфеніг, дык шаноўны пан, які стаў панам праз яе грошы, адразу адмовіўся ад жонкі… былой прастытуткі… — Яна цяжка дыхала. — Канечне, раптам заявіў, што нічога не ведаў. Быў бязмерна здзіўлены: няўжо ў яе такое мінулае? Так здзівіўся, што падаў на развод. Але ж грошыкі не вернеш.

— Колькі? — спытаў я.

— Чатыры тысячы марак, не дробязь! Як ты думаеш, колькі мярзотнікаў трэба прыняць для гэтага ў пасцелі?

— Чатыры тысячы марак, — сказаў я. — Зноў чатыры тысячы. Сёння сума як начараваная.

Роза зірнула на мяне, не разумеючы.

— Сыграй лепш што-небудзь, — сказала яна. — Змяні настрой!

— Добра… раз мы зноў сабраліся разам…

Я сеў да піяніна і сыграў некалькі модных мелодый. Я іграў і думаў, што ў Пат хопіць грошай на санаторый толькі да канца студзеня і што мне варта было б зарабляць больш. Я механічна барабаніў па клавішах і бачыў, як захоплена слухала Роза, седзячы на канапцы, а побач быў бледны, закамянелы ад жудаснага адчаю твар Лілі, больш халодны і безжыццёвы, чым у нябожчыка.

З задумення мяне вывеў крык. Роза падхапілася, ачнуўшыся ад забыцця. Яна стаяла за сталом, вырачыўшы вочы, са збітым набакір капелюшом. Яна не заўважала, што кава паволі цячэ з перакуленага кубачка па стале ў яе адкрытую сумачку.

— Артур! — з цяжкасцю прамовіла яна. — Няўжо — ты?

Я перастаў іграць. У кавярню ўвайшоў хударлявы развязны чалавек у капелюшы, збітым на патыліцу.

У яго быў жоўты, нездаровы колер твару, вялікі нос і маленькая, падобная да яйца, галава.

— Артур, — усё яшчэ мармытала Роза. — Ты?

— Ну, а хто яшчэ? — прабурчаў Артур.

— Божа мой, адкуль ты ўзяўся?

— Адкуль я мог узяцца? З вуліцы праз дзверы.

Хаця Артур вярнуўся пасля працяглага расстання, ён быў не вельмі ветлівы. Я з цікаўнасцю назіраў за ім. Вось ён — легендарны ідэал Розы, бацька яе дзіцяці. Здавалася, ён толькі што выйшаў з турмы. Я не мог знайсці ў ім нічога такога, за што Роза магла яго так палымяна любіць. Магчыма, у тым і сакрэт. Дзіўна, чым спакушаюцца гэтыя цвёрдыя, як алмаз, знаўцы мужчын.

Артур, нічога не пытаючыся, узяў поўны куфаль піва, які стаяў на стале каля Розы, і выпіў. Адамаў яблык на яго тонкай жылістай шыі хадзіў пры гэтым уверх-уніз, нібы ліфт. Роза глядзела на яго, і вочы яе гарэлі.

— Вып'еш яшчэ? — спытала яна.

— Вядома, — сказаў Артур. — Але вялікі куфаль.

— Алоіс! — Роза, шчаслівая, паклікала афіцыянта. — Ён хоча піва.

— Бачу, — абыякава заявіў Алоіс і наліў піва.

— А дзіцятка! Артур, ты яшчэ не бачыў маленькай Эльвіры.

— Слухай! — Артур упершыню ажывіўся. Нібы абараняючыся, ён прыклаў руку да грудзей. — Пра гэта мне не балбачы! Мяне гэта не датычыць! Я ж хацеў, каб ты пазбавілася байструка. І так бы яно і было, каб я не… — Ён змрочна задумаўся. — А цяпер і на дзіця трэба грошы.

Поделиться с друзьями: