Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Нічога страшнага, Артур. А потым… гэта ж дзяўчынка.

— Таксама каштуе грошай, — сказаў Артур і заліў у глотку другі куфаль. — Магчыма, знойдзецца дурная багатая баба, якая ўдачарыць дзіця. За прыстойную плату, вядома. Адзінае выйсце.

Ён схамянуўся.

— Ёсць грошы?

Роза паслужліва ўзяла сумачку, заляпаную кавай.

— Толькі пяць марак, Артур, я ж і не спадзявалася, што ты прыйдзеш. Дома ёсць яшчэ.

Артур, як які паша, абыякава сыпануў серабро ў кішэню жылеткі.

— Праціраючы задніцай крэсла, не заробіш нічога, — незадаволена сказаў ён.

— Ужо іду, Артур. Але цяпер няма чаго лавіць. Час вячэры.

— Хто стараецца, той і мае, — заявіў Артур.

— Ужо іду.

— Ну… — Артур дакрануўся да капелюша. — Заскочу зноў каля дванаццаці.

Развінчанай хадой ён пайшоў да дзвярэй. Роза праводзіла яго шчаслівым позіркам. Ён не азірнуўся і не зачыніў за сабой дзвярэй.

— Вярблюд, — вылаяўся Алоіс і зачыніў дзверы.

Роза горда глянула на нас.

— Ці ж не маладзец? Цвёрды, як крэмень. І дзе ён прападаў столькі часу?

— Бачна па колеры скуры, — адказала Валі. — У турме. Герой!

— Ты яго не ведаеш…

— Як аблупленага, — сказала Валі.

— Табе гэтага не зразумець, — Роза ўстала. — Ён сапраўдны мужчына. Не якісьці смаркач. Ну, я пайшла. Прывітанне, дзеткі!

Памаладзелая і акрыленая, яна пайшла, круцячы сцёгнамі. Цяпер зноў паявіўся чалавек, якому яна будзе здаваць грошы на прапой. А потым ён яе за гэта адлупцуе. Яна была шчаслівая.

Праз паўгадзінкі пайшлі астатнія. Толькі Лілі засталася сядзець. Твар яе закамянеў. Я яшчэ крыху пабарабаніў на піяніна, потым з'еў бутэрброд і таксама пайшоў. Было цяжка доўга заставацца сам-насам з Лілі. Я павольна ішоў па мокрых цёмных вуліцах. Каля могілак выстраіўся атрад Арміі выратавання. У суправаджэнні труб і трамбонаў яны спявалі пра нябесны Ерусалім. Я спыніўся. Раптам з'явілася пачуццё, што мне не вытрываць аднаму, без Пат. Я ўтаропіўся на бляклыя магільныя пліты. Я сказаў сабе, што год назад я быў куды больш адзінокі, што ў той час я быў увогуле незнаёмы з Пат. А цяпер яна была, хоць і не са мной. Але нічога не дапамагала — настрой мой раптам зусім сапсаваўся. Я адчуў сябе бездапаможным. Нарэшце я вярнуўся ў свой пакой, каб паглядзець, ці няма ад яе пісьма. Гэта не мела сэнсу, бо пісьма не магло быць і не было, але я ўсё роўна падняўся ў пакой.

Выходзячы, я каля дзвярэй сустрэў Арлова. Пад яго расшпіленым паліто быў бачны смокінг. Ён адпраўляўся ў гатэль на працу, ён там танцаваў. Я спытаў яго, ці не чуў ён што пра фраў Хасэ.

— Не, — сказаў ён. — Яна яшчэ не вярталася. І ў паліцыю не заявілася. Было б лепш, каб яна ўжо не вярнулася.

Мы разам ішлі па вуліцы. На рагу стаяла грузавая машына з мяшкамі і вугалем. Шафёр падняў капот і корпаўся ў маторы. Потым ён уладкаваўся на сваё сядзенне. Калі мы праходзілі каля машыны, ён завёў матор і даў газ на халастых абаротах. Арлоў уздрыгнуў. Я зірнуў на яго. Ён збялеў.

— Вам нездаровіцца? — спытаў я.

Ён усміхнуўся збялелымі вуснамі і пахітаў галавой.

— Не… але я часам пужаюся, калі нечакана чую такі гук. Калі ў Расеі расстрэльвалі майго бацьку, на вуліцы таксама завялі матор грузавіка, каб заглушыць выстралы. Але мы іх усё роўна чулі.

Ён зноў усміхнуўся, быццам просячы прабачэння.

— З маці доўга не важдаліся. Яе расстралялі раненька ў падвале. Нам з братам ноччу ўдалося ўцячы. І былі яшчэ каштоўнасці. Але мой брат замёрз па дарозе.

— За што расстралялі вашых бацькоў? — спытаў я.

— Мой бацька да вайны камандаваў казацкім палком, які ўдзельнічаў у падаўленні паўстання. Ён ведаў, што яго чакае. Ён лічыў гэта, так бы мовіць, у парадку рэчаў. Мая маці так не лічыла.

— А вы?

Ён зрабіў змораны адмоўны жэст.

— З таго часу так шмат было ўсяго.

— У тым-та і справа, — сказаў я. — Было больш, чым месціцца ў галаве.

Мы падышлі да гатэля, дзе ён працаваў. З «б'юіка» ў гэты час выйшла дама і з радасным воклічам кінулася да яго. Гэта была даволі поўная элегантная бландзінка гадоў сарака.

Па яе прывялым бяздумным твары было відаць, што яна не зведала ні турбот, ні гора.

— Прабачце, — сказаў Арлоў, амаль не глянуўшы ў мой бок, — справы…

Ён пакланіўся бландзінцы і пацалаваў ёй руку.

У бары былі Валянцін, Кёстэр і Фердынанд Граў. Ленц прыйшоў крыху пазней. Я сеў за іх столік і заказаў паўбутэлькі рому. Я ўсё яшчэ адчуваў сябе вельмі дрэнна.

Фердынанд — шырокі, масіўны — сядзеў у кутку. У яго былі запалыя шчокі і ясныя блакітныя вочы. Ён ужо выпіў.

— Ну, малыш Робі, — сказаў ён і ляпнуў мяне па плячы. — Што з табой здарылася?

— Нічога, Фердынанд, — адказаў я. — І гэта дрэнна.

Хвілінку ён узіраўся ў мяне.

— Нічога? — сказаў ён потым. — Нічога? Гэта шмат! Нічога — гэта люстэрка, праз якое пазнаеш свет.

— Брава! — крыкнуў Ленц. — Надзвычай арыгінальна, Фердынанд!

— Супакойся, Готфрыд, — Фердынанд павярнуўся да яго магутнай галавой. — Такія рамантыкі, як ты, — толькі патэтычныя конікі, што скачуць па краі жыцця. Яны разумеюць яго няправільна, і ўсё для іх сенсацыя. Што ты ведаеш пра НІЧОГА, ты — легкавагавая істота?

— Ведаю тое-сёе. І гэтага дастаткова, каб любіць сваю вагу, — заявіў Ленц. — Прыстойныя людзі паважаюць НІЧОГА, Фердынанд. Яны не корпаюцца ў ім, як краты.

Граў утаропіўся ў яго.

— Будзь здароў, — сказаў Готфрыд.

— Будзь здароў, — адказаў Фердынанд. — Будзь здароў, корак.

Яны выпілі да дна.

— Хацеў бы я быць коркам, — сказаў я і таксама выпіў сваю чарку. — Каб, што ні зробіш, усё атрымлівалася як трэба. Хоць бы нядоўга.

— Здрада! — Фердынанд так гоцнуўся на крэсле, што яно затрашчала. — Хочаш стаць дэзерцірам? Здрадзіць нашаму братэрству?

— Не, — адказаў я. — Я не хачу здраджваць. Але мне хочацца, каб у нас нічога не крышылася.

Фердынанд нахіліўся да мяне. Яго вялізны дзікаваты твар перасмыкнуўся.

— Ты — член аднаго ордэна, брат, ордэна няўдалых, няўмелых, з іх бязмэтнымі жаданнямі, з іх сумам, што не прыносіць карысці, з каханнем без будучыні, з адчаем, што не мае сэнсу. — Ён усміхнуўся. — Ты — з таго братэрства, члены якога лепш загінуць, чым зробяць кар'еру, лепш прайграюць жыццё, пусцяць яго на вецер, згубяць, чым забрудзяць альбо забудуць недасягальны вобраз — той вобраз, брат, які яны носяць у сэрцы, які непагасна гарыць у гадзінах, днях і начах, дзе нічога няма, акрамя аднаго: голага жыцця і голай смерці.

Поделиться с друзьями: