Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Яго батальён

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Толькі ўсяго. Затое без браку.

Людзей павялі ў роты, а ён скочыў у траншэю і ледзьве не сутыкнуўся з Маркіным. У накінутым на плечы паўшубку, лейтэнант адразу павярнуў назад. Валошына гэта трохі здзівіла — чаму ён стаяў тут?

Яны вярнуліся ў амаль што пустую зямлянку. Печка тут ужо не гарэла, пастаянны яе даглядчык Чарнаручанка, прывязаўшы да вуха трубку, зябка корчыўся ў куце на саломе. Маркін кінуў на скрынкі скручаны ў трубку сшытак.

— Думаеце, яны сапраўды хворыя? — нешта тоячы ў сабе, запытаў начштаба.

— Зусім не думаю.

— Дык як жа гэта іх за здорава жывеш — шагам марш у тыл?

Тон начальніка штаба быў буркатлівы, амаль сварлівы. Валошын, аднак, не дужа на тое зважаючы, дастаў з кішэні гадзіннік і падышоў да ліхтара. Абедзве зеленавата-фосфарныя стрэлкі яго набліжаліся да дванаццаці.

— Спадзяюся, Маркін, вы мяне за ідыёта не лічыце?

— Ну што вы! Я так проста. Сказаў…

— Хто-хто, а вы-та павінны разумець: мішэні на полі бою нам не патрэбны.

Ён паклаў гадзіннік на край стала і сам сеў побач. Маркін з нейкім незразумелым запалам выпаліў:

— А гэтыя, што асталіся, не мішэні?

— Тое будзе залежаць ад нас.

— Ад нас! Ось паглядзім, як яны заўтра паднімуцца. Ці не прыйдзецца абцасам у зад штурхаць.

— Вельмі нават магчыма. Заўтра, магчыма, і не паднімуцца. Прыйдзецца паднімаць. А праз тыдзень паднімуцца. Праз месяц ужо ўзнагароджваць будзем.

Маркін надзеў у рукавы паўшубак.

— Калі будзе каго, — цішэй зазначыў ён і дастаў з кішэні сшытак. — Баявое распараджэнне з палка. На атаку.

Камбат узяў сшытак, напалову спісаны знаёмым пісарскім почыркам. Дастаў з сумкі карту. Маркін пасядзеў і, пазяхнуўшы, адкінуўся ў кут на салому.

Наверсе зрабілася ціха-ціха…

7

Баявое распараджэнне не шмат дадавала да таго, што было і без яго вядома. Валошын хутка прабег вачмі дзве старонкі рукапіснага тэксту, даўжэй затрымаўся на карце. Спакваля яму стала зразумела, што абхватны ма-неўр, які прадпісваў камандзір палка, наўрад ці атрымаецца. Для абхвату такой вышыні, як гэта, спатрэбіўся б не адзін батальён і не адна артбатарэя, якая прызначана яго падтрымліваць. Зноў жа суседні за балотам пагорак! На выгляд — гэта была малапрыкметная сярод хмызняку гарбінка, ледзьве азначаная на карце дзвюма гарызанталямі, да таго ж знаходзілася яна далёка за флангам, на суседнім, невядома чыім участку. Але ў выпадку іменна гэтага абхватнага манеўра гарбінка апыналася амаль што ў тыле баявога парадку батальёна, і гэта ўжо насцярожвала. А раптам там — немцы?

Невясёлыя думкі камбата перапыніў рэзкі ўнутраны трэск тэлефона. Чарнаручанка з ахрыплай паспешлівасцю прабуркаў свае пазыўныя'і зняў з галавы трубку.

— Вас, таварыш камбат.

У шораху і трэску памех буяў злы нервовы голас камандзіра палка.

— Зноў у вас тое самае! Зноў фокусы, сюрпрызы! Калі гэта скончыцца, Валошын?

— Што вы маеце на ўвазе?

— Чаму вярнулі «карандашоў»? Вы што — не атрымалі загад на «сабантуй»?

— Атрымаў, таварыш дзесяты, — знарок спакойна адка-заў камбат.

— Дык у чым жа справа?

— Я вярнуў хворых.

— Што? Хворых? — Гунько знарочыста зарагатаў злым здзеклівым смехам. — Хто табе сказаў, што яны хворыя? Ці не яны самі?

— Ну вядома. У мяне ж доктара няма.

— Слухай, ты… вы там нармальны ці не? Калі вы будзеце такі легкаверны, дык у вас заўтра ў хазяйстве нікога не застанецца.

— Застануцца, таварыш дзесяты. А тыя, што на санчасць глядзяць, мне не патрэбны.

— Як гэта — не патрэбны? Вы разумееце, што вы гаворыце? З кім вы тады будзеце выконваць баявую задачу? Вы прасілі папаўненне. Я вам даў максімум. За кошт іншых, можна сказаць. А вы адмаўляецеся. Я проста не ведаю, як гэта разумець?

Валошын самотна ўздыхнуў, яму зноў станавілася сумна і агоркла ад гэтай бязглуздае спрэчкі.

— Таварыш дзесяты! Вось і аддайце іх тым, каго вы абдзялілі. Мне хопіць.

— Хопіць?

— Да, хопіць.

У трубцы змоўкла, пасля зноў загучала, але ўжо ў новым, болей пагрозлівым тоне.

— Майце на ўвазе, Валошын, я вам заўтра гэта прыпомню. Запросіце падмогі — шыш атрымаеце.

— Не сумняваюся.

— Што?

— Кажу, не сумняваюся. Толькі прасіць не буду.

— Не будзеце?

— Не, не буду.

Трубка змоўкла, і ён ужо хацеў аддаць яе Чарнаручанку, як там зноў паявіўся голас. Голас быў бадзёры, амаль што вясёлы, камбат не адразу пазнаў яго.

— Алё, Валошын. Дык як вы сустрэлі «карандашыкі»?

— Звычайна. Хлебам і соллю, — напаўжартоўна адказаў камбат. Тут ён не дужа выбіраў выразы — то гаварыў намеснік камандзіра палка па палітчасці маёр Міненка. Адносіны з ім у камбата былі даволі дэмакратычныя.

— Хлеб добрая рэч, але не забывайце і пра харч духоўны.

— Ну, а як жа. Вядома.

— Дык вось што. Трэба пагутарыць з людзьмі. Расказаць пра становішча на франтах. Пра перамогу пад Сталінградам, баявыя поспехі часці. Ды і наогул… Вы ведаеце пра што.

— Вы думаеце, я — палітрук?

— А гэта няважна. Інстытут ваенкомаў адменены. Так што…

— Тым не менш вы-та засталіся. Вось бы і расказалі пра становішча на франтах.

— Ну гэта ты кінь, Валошын, — незадаволена забурчаў бас у трубцы. — Што мне рабіць, я і без цябе ведаю.

Валошын уздыхнуў на поўныя грудзі.

— Таварыш дванаццаты! Няўжо вы думаеце, што ў мяне перад заўтрашнім «сабантуем» няма другіх спраў, як толькі расказваць пра становішча на франтах. Я перад сваім носам яшчэ не разабраўся ў становішчы.

Ён змоўк, у трубцы таксама змоўкла. Пасля Міненка, мабыць, падумаўшы, пагадзіўся:

— Ну добра! Я падашлю лейтэнанта Круглова. Ён правядзе бяседы, а вы ўжо забяспечце людзей.

— Заўтра?

— Чаму заўтра? Сёння.

Гэта ўжо было болын чым занадта. Людзям і без таго заставаўся кароценькі хвосцік ночы, за які дай бог прыплюшчыць вочы на холадзе. А тут — беседы. I Валошын амаль са злосцю закрычаў у трубку:

— Ну што вы гаворыце, таварыш дванаццаты! Людзі прыбылі з марша. Дашчэнту змораныя. Заўтра… Вы ведаеце, што будзе заўтра. Трэба ім адпачыць ці не? У канцы канцоў…

Нампаліта гэты камбатаў выпад, аднак, мала збянтэжыў. Відаць, ён быў маёру не ў навіну, і той меў на яго даўно гатовы адказ.

— Ну, ну, ну… Так не пойдзе. Мы не можам ні на хвіліну спьгаяць палітмасавае работы. Мы павінны яе праводзіць у любых умовах. Так патрабуе Вярхоўны Галоўнака-мандуючы. Вы разумееце?

Другі раз за сённяшні дзень яму напаміналі патрабаванні Вярхоўнага. Валошын кінуў на скураны футарал трубку і у злое роспачы прываліўся плячмі да сцюдзёнае сцяны зямлянкі. Ад ягонага крыку на саломе заварушыўся і ўстаў разведчык, падцяўшы ногі, сеў каля скрынак лейтэнант Маркін… Ён прышле лейтэнанта Круглова! Прыслаць Круглова, вядома, няхітрая справа, безадмоўны камсорг і так толькі ўчора пайшоў з ягонага батальёна ў суседні. А вось самога Міненку тут не бачылі, мабыць, ад першага дня наступлення.

Поделиться с друзьями: