Яго батальён
Шрифт:
— Ну нямецкія — штампоўка. Гэта не часы, а дрэнь. Мае вось не спыняюцца.
Ён дастаў з кішэні важкаваты круглячок трафейнага швейцарскага гадзінніка, звыкла адчуваючы пад рукой жвавае металічнае цоканне яго механізма. На цыферблаце, які заззяў у цемры зялёнымі іскрынкамі, было без малага дзве гадзіны ночы.
— Мой барахло, — пагадзіўся Муратаў.— У Рубцова взял. Артподготовка был, Рубцов пасмотрел: стоят. Говорит, на, Муратов, мне уже не понадобятся. В атаке пуля попал под каску.
Сэнс гэтых звычайна сказаных слоў непрыемна-прадчувальным дотыкам слізгануў па адчуваннях. Валошын унутрана сцяўся, але тут жа валявым намаганнем перасіліў сябе і амаль бадзёра зазначыў:
— Глупства. Прастое супадзенне — не болей.
Сам сабе ён падумаў, што колькі ўжо загінула ў батальёне і з гадзіннікамі, якія не спыняліся, і без гадзіннікаў наогул, і з дрэнным прадчуваннем, і з самым лепшым. Аднак ён не паспеў колькі-небудзь пераканаўча супакоіць ротнага, калі непадалёк ля светлае плямы свежанакапанай зямлі заварушылася знаёмая сутулаватая постаць у паўшубку. Гэта быў камандзір дзевятай Кізевіч. Той таксама пазнаў камбата і, павярнуўшыся да яго, прычакаў.
— Ці не ў пяць ужо атака? — запытаў ён хрыплавата-іранічным басам.
— Атака ў свой час, — суха сказаў камбат, прыпыняючыся. — Як вы забяспечылі фланг?
— Фланг? — перапытаў Кізевіч і пераступіў ля бруствера. Можна было падумаць, што ён толькі цяпер успомніў пра гэтае ліха — фланг, які быў для яго роты адкрыты ва ўвесь белы свет, і не ведаў, як бы яму адказаць.
— Ну так, фланг, — пацвердзіў Валошын і цярпліва счакаў паўхвіліны, звыклы да медзведзяватай нетаропкасці і камроты-9.
— Павярнуў два ўзводы, і капаюць.
— А папаўненне?
— I папаўненне капае. А што ж яму — спаць?
— Папаўненню дайце адпачыць. Хай старыя папрацуюць.
Кізевіч змоўчаў, і Валошын падумаў, што ўвогуле, калі мець на ўвазе заўтрашнюю задачу, дык капаць адсечную пазіцыю на фланзе, можа, і не было патрэбы. Але хай. Можа так здарыцца, што спатрэбіцца і адсечная, тым болей што і Кізевіч таксама пра тое вось не забыўся.
— Вазьміце для ўзмацнення ўзвод ДШК.
— Гэта всягда пажаласта, — дабрадушна азваўся Кізевіч.
— I глядзіце мне фланг. Атака само сабой. А фланг — ваша асобая задача.
— Будзе забяспечана, — усё з той жа іранічнай лёгкасцю запэўніў Кізевіч.
Штосьці западозрыўшы ў паводзінах камроты, Валошын зрабіў крок наперад і ледзьве не ўпрытык стаў перад ім. Кізевіч, блажэнна ўсміхаючыся ў цемры, нават не саступіў убок.
— Зноў? — са сцішанай злосцю запытаў камбат.
— Наркомаўскія. Дальбог, не болёй.
— Здаецца, вы ў мяне дастукаецеся, — пасля паўзы ціха зазначыў Валошын. Кізевіч паспрабаваў пакрыўдзіцца.
— Ну, скажаце тоже. Што я — маленькі? На сцюжы толькі, абы для сугрэўкі.
Гэтае тлумачэнне ён чуў ужо не першы раз, як ні ўпершыню папярэджваў Кізевіча, які ўвогуле быў не благі камроты, каб вось не гэтая трошкі празмерная схільнасць да «нарк омаўскіх».
Нехта ў цемры кідаў цераз бруствер зямлю, разы два яе ацяробкі абсыпалі боты камбата. Ззаду стаяў, чагось чакаючы, маўклівы лейтэнант Муратаў, і насупраць лена перамінаўся з нагі на нагу відавочна задаволены сваім хмельнаватым адчуваннем Кізевіч. Валошына амаль раздражняла гэтая яго задаволеная самана-дзейнасць — столькі невядомага чакала батальён заўтра на ранку, а гэты, глядзі, якая лагоднасць!
— Вось што, — сказаў ён, падумаўшы. — Вазьміце адзін ДШК. Другі пойдзе ў роту Самохіна.
Кізевіч адразу знерухомеў.
— Ну, гэта ўжо… Таварыш капітан: у мяне ж фланг. Самі казалі…
— Вось адным кулямётам і забяспечыце фланг, — незгаворліва адрэзаў камбат і павярнуўся да тылавога пагорка. — Дзе Ярашчук? Здаецца, недзе тут быў…
9
Кулямётны ўзвод Ярашчука размяшчаўся недзе ў старых варонках між дзевятай і лесам, але цяпер, у глухім цемрыве ночы, камбат скалясіў уздоўж і ўпоперак амаль увесь схіл пагорка, і марна: Ярашчук нібы скрозь зямлю праваліўся. Валошын ужо гатовы быў напалохацца: ці не здарылася што з прыдадзевым яму ўзводам, як успомніў, што непадалёк ад Ярашчука быў невялічкі хамлак алеш-ніку на ўзмежку, які цяпер таксама недзе прапаў уначы. Значыць, ён заблудзіўся. Памеркаваўшы, камбат узяў вышай, пад лес, улез у нейкае хмыззё, паабдзіраў рукі і твар, пакуль выбраўся з яго, перайшоў у раўку падталы язык хрупасткага на марозе, шызага ў цемры снегу і, рызыкуючы павывіхваць у костачках ногі, са сляпой таропкасцю перайшоў клін змерзлай раллі. I тады ён пачуў ціхі голас убаку, неўзабаве яго аклікнулі, і ён ужо падумаў, што знайшоў прапажу, як аклікнулі зноў:
— Стой! Хто ідзе?
— Свае.
— Пропуск?
— Баёк.
— Стой!
— У чым справа?
— Пропуск?
Што за ліха, падумаў камбат, здаецца, зайшоў не туды, ці не на ўчастак суседняга батальёна, дзе, ведама, на сёння быў іншы пропуск. Ён спыніўся, з непрыемнасцю адчуваючы ў цемры настаўлены на яго аўтамат чалавека ў плашч-палатцы, які неўзабаве крыкнуў у цемру:
— Таварыш сяржант Мацяйчук!
— Што такое?
Камбат ледзьве не вылаяўся з прыкрасці, гэта была батарэя Іванова. Ен пазнаў голас ягонага ардынарца, які ўжо выбіраўея аднекуль у цемры, мабыць, з зямлянкі.
— Хто такі?
— Гэта я, Мацяйчук.
— А, таварыш капітан? Праходзьце, — пазнаў яго Мацяйчук, які ў адной гімнасцёрцьі падышоў да камбата, данёсшы да яго пах дыму і яшчэ нечага прыемна-харчовага. Вартавы з маўклівай незадаволенасцю ўзяў аўтамат на плячо.
— Капітая тут?
— Тут. Праходзьце.
Ён праціснуўся праз вузкі праход у зямлянку, у якой было цёшіа да гарачыні і ля ўвахода на зямлі імклівым полымем сіпела пад кафейнікам паяльная лямпа. Насупраць на засланых лапнікам нарах з нейкаю кніжкай у руках ляжаў камандзір батарэі Іваноў. У зямлянцы пахла бензінавым чадам і кавай. Маленькая акумулятарная лямпачка з-пад столі няблага асвятляла гэта ўтульнае жытло.
— Прывет, бог вайны!
— Салют, салют, царыца палёў!
Камбаты абмяняліся жартоўнымі прывітаннямі, і Іваноў сказаў:
— Якраз у пару, будзем каву піць.
— Ты ўсё яшчэ каву п'еш? Зайздрошчу, зайздрошчу, — Валошын, угнуўшы голаў, прымасціўся ля ног камандзіра батарэі.— А я свой узвод ДШК згубіў. Хадзіў, хадзіў…
— Ды ён тут, перад намі. Праз якіх сто метраў,— сказаў ад лямпы Мацяйчук. — Магу паказаць.
— Ладна, трошкі пагрэюся ў вас, — сказаў Валошын, паціраючы азяблыя рукі.— Дык як настрой, бог вайны?
— Адпаведна абставінам. Адпаведна абставінам, дружа. З капітанам Івановым яны былі знаёмыя яшчэ да вайны,
калі камандзірамі ўзводаў служылі ў адным гарнізоне і разам удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Пасля сустрэліся ў акружэнні і адносна шчасліва перажылі яго, хоць камбат Іваноў і выйшаў тады з чатырма байцамі без ніводнай гарматы. 3 першага дня наступлення гаўбічная батарэя Іванова, выдзеленая з артпалка падтрымліваць батальён Валошына, і, як толькі выпадала магчымасць, Валошын не прамінаў выпадку сустрэцца са старым сябрам, абмеркаваць абстаноўку, увязаць сякія-такія элементы ўзаемадзеяння, а то і проста пагаварыць як з роўным, чаго ён не мог дазволіць сабе ў батальёне, дзе для ўсіх быў начальнікам, або ў палку, дзе, наадварот, для яго былі ўсе начальствам.