Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Яго батальён

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Што чытаеш? — зазірнуў Валошын на вокладку кніжкі.— А, Ясенін!

— Ясенін, ага. Уяві сабе, хлопцы ў немца ўзялі. У забітага. Навошта яму быў Ясенін — зразумець не магу.

— Можа, па-руску чытаў?

— Можа… Гэта, братка ты мой, паэт. Паэзія, музы-ка, пачуццё! Шкада, да вайны я яго і не прачытаў як след.

— Да вайны яго не чыталі. Пра яго затое чыталі: кулацкі паэт і так далей.

— Гэта ў нечых вачах — кулацкі. А на мой погляд самы што ні на ёсць чалавечы. Во, паслухай: «Ты жива ещё, моя старушка? Жив и я. Привет тебе, привет! Пусть струится над твоей избушкой…»

— «Тот вечерний несказанный свет», — скончыў Валошын. — Гэта я ведаю.

— Або во яшчэ. Гэта ўжо пра нас: «Струилися запахи сладко, и в мыслях был пьяный туман… Теперь бы с красивой солдаткой завесть хорошо бы роман…» Ну як, таварыш капітан?

— У самы акурат, — сказаў Валошын. — Толькі рамана і не хапае. Чуў, у шэсць трыццаць атака?

Іваноў з прытоеным уздыхам адклаў кніжку, і добрае ажыўленне ўраз знікла з яго бялявага твару.

— Чуў, як жа. Толькі што званіла маё начальства. Папярэджвала.

Ён спусціў з нараў ногі і пачаў нацягваць на трафейныя ваўняныя шкарпэткі хромавыя боты. Ардынарац прыглушыў фыркат лямпы і паставіў на зямлю кафейнік.

— А як са снарадамі? — запытаў Валошын.

— Амаль ніяк. Распарадзіліся пазычыць у суседзяў. Паслаў хлопцаў, павінны прывезці штук сорак. Значыць, усяго будзе па дваццаць на гаўбіцу.

— Так, для маральнай падтрымкі,— нявесела зазначыў Валошын.

— Для маральнай, ага. Зноў жа, я не магу расстраляць усе за адзін раз. Мне ж трэба і на выпадак чаго. Для самаабароны.

— Само сабой…

Тым часам Мацяйчук наліў з кафейніка дзве эмалірава-ныя кварты, адставіў у кут трыногу, Іваноў замест стала пасунуў на нарах квадратную дошку планшэта ў чахле, на якую паставіў каву. Пасля ардынарац выцягнуў з рэчмяшка некалькі рудых абкрышаных сухароў.

— Давай кейфанём, — з гасціннасцю запрасіў Іваноў.— Знаеш, люблю маленькія прыемнасці, якія можна сабе дазволіць.

— Ды ўжо ж, толькі і суцяшэння. А ў нас і гэтага няма. Пяхота! Не тое што вы — арыстакраты вайны: пярына, кава, ППЖ яшчэ. Поўны камфорт!

— ППЖ не трымаем, сам ведаеш. А іншае чаму не мець? Была б цяга.

— I цягі хапае. Аўтамашыны, трактары. А ў мяне вунь сем кляч на батальён. Перш чым якую засядлаць, трэба падумаць, куды паклажу дзяваць.

— Затое ў цябе Джым! — выпаліў Іваноў.

— Быў. Няма ўжо Джыма.

— Што? Падстрэлілі?

— Генерал забраў. Папаўся на вочы.

— Э, сам вінаваты! Дзівак! Хіба можна такога пса генералам паказваць? Прасіў, мне не аддаў. Ну і во…

Кава была агняна-гарачая і патыхала бензінньгм чадам. Валошын з'еў пару сухароў, угрэўся, яму тут па-хатняму стала добра і сцішана са старым субяседнікам. Калі б толькі не заўтрашні клопат, які цяжкім каменем ляжаў на душы, ні на хвіліну не даючы пра яго забыцца.

— Яшчэ наліць? — запытаў Іваноў.— Мацяйчук!

— Не, дзякуй. Я, знаеш, болей чай люблю. Слухай, а ў цябе траншэя прыстрэлена?

— Рэпер ёсць, — сказаў Іваноў.— За гэта можаш не баяцца. Дакладнасць гарантуецца.

— Знаеш, не бахай зашмат упачатку. Упачатку я ўжо як-небудзь і без таго. Мне пасля трэба. Там, на гары. Як зачэпімся.

— З дарагой бы душой. Але ж начальства запатрабуе. Яму ж, сам ведаеш, галоўнае, у пачатку каб грукату болей. Каб залп быў.

— Залп, да. А мне не залп трэба. Мне б хоць па пары снарадаў на кулямёт. Яны ж, ведаеш, маюць звычай з таго свету вяртацца. Здаецца, ты яго ўжо разбіў, два пападанні было, а ён праз пяць хвілін зноў страляе.

— Замяняемасць нумароў, што ж ты хочаш! — казаў Іваноў, беручыся за другую кварту кавы. — Агнявая падрыхтоўка.

— Падрыхтовачка яшчэ тая, гэта я ведаю. Пад Звонавам мае ўзялі ў палон іхняга снайпера. Два крыжы на кіцелі, можаш уявіпь, колькі настраляў нашага брата. I ўсяго месячныя курсы скончыў. Пытаюся, як вучыліся? Проста, кажа. Кожны дзень шэсць гадзін агнявой падрыхтоўкі на палігоне. Во практыка! А ў нас?

— А ў нас чорт ведае чаго толькі няма ў праграмах. Вунь артылерыстаў вучаць. I ПХЗ, і абавязкова страявая. Быццам на фронце — парады.

— Нягожа хваліць ворага, але так, — пагадзіўся Валошын. Ён ужо ведаў у характары Іванова ягоную рысу да самакрытычнасці ў адносінах ці артылерыі, ці нашых парадкаў, ці нават самога сябе і прывык да яе. Яна не калола іх вайсковага гонару і толькі сведчыла пра назіральнасць сябра і яго смеласць, ні на кога не зважаючы, выказаць праўду. Валошын жа так выказацца мог толькі ў крайнім выпадку.

— А чаму — нягожа? Наконт вайны яны майстры. Нічога не скажаш.

— Так, — без асаблівай ахвоты пагадзіўся Валошын. — Асабліва што датычыць пяхоты. Вунь колькі ў нас было да вайны статутаў па тактыцы, і ўсе насмарку. Цяпер у пажарным парадку напісалі новыя: і БУП-І, і БУП-2. I ўсё на аснове. якую яны нам навязалі ў вайне.

— Так, так. Хаця гэта ў вас, у царыцы палёў. У нас, у артьшерыі, амаль усё па-ранейшаму. Па-даваеннаму.

— У вас што — у вас матэматыка. Функцыі ўглоў адны і тыя ж, у нас і ў немцаў.

— Калі б яшчэ да гэтай матэматыкі болей снарадаў,— уздыхнуў Іваноў.— А то ну што за работа — на кожны стрэл дазвол у камандзіра дывізіёна прасіць! I так ужо ашчаджаеш, як скупы рыцар. Над кожным снарадам трасешся.

— Гэта так. Ну што ж, дружа, добра ў цябе, але трэба ісці. Паслаў разведчыкаў — чакаю выніку. Хоць бы касагор не замініравалі. А то заўтра будзе нечаканка.

Валошын угледзеўся ў свой швейцарскі гадзіннік — было два трыццаць.

— Не дай бог — міны, — сказаў Іваноў.— Ведаю.

— Пад агнём паспрабуй тады, размініруй.

— «Шпрынгены» гэтыя — чорт бы іх узяў. У мяне ж во камандзір узвода ўпраўлення на міне падарваўся. Цяпер узводам Мацяйчук камандуе.

Валошын устаў, зашчапіў на кручок каўнер шыняля. Томік вершаў Ясеніна з заламанай старонкай ляжаў на лапніку, і ён раптам згроб яго вялікай рукой.

— Знаеш, ты ўсё роўна спаць будзеш, а мне не да сну. Хоць, можа, душу адвяду, — прабачліва сказаў ён. Іваноў паморшчыўся, але не запярэчыў.

— Толькі з умовай: вярнуць. А то тут у мяне чарга… Яны абое выйшлі з зямляккі на сцюжу ветранай ночы, моўчкі паглядзелі ўніз на вышыню, якой цяпер зусім не было відаць. Навокал ляжала санлявае наваколле, поўнае далёкіх і блізкіх няўцямных гукаў, ветру і сцюжы, зводдаль цямнела насцярожаная постаць вартавога.

— Ну што ж, дзякуй за каву, за гутарку, — сказаў Валошын і з ціхенькай журбой паціснуў цёплую руку сябра. — Заўтра іншая гутарка будзе.

— Заўтра іншая, — пагадзіўся Іваноў.— Ну як-небудзь. Жадаю поспеху. А зрэшты, што жадаць, разам жа будзем.

Поделиться с друзьями: