Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Званы ў прадоннях азёр

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Аблічча казачнай царыцы. Хада — хмарка плыве. Усмешка — сонца ззяе. Зваць Тамарай, прозвішча не скажу. Ну вас!.. I так адбою не будзе, а мне непрыемна…

Пакуль на рудавоз перадавалі кнігі пра шпіёнаў, мы знішчылі па цэлай фотаплёнцы і засумавалі. Матухна мая, дзе ж дагэтуль, якімі такімі дарогамі вадзіў нас нялітасцівы, няўблажны беларускі лёс! Як магло мне ўсміхацца сонца!

Варта было б учыніць бунт на караблі, пад пагрозай зброі прымусіць капітана прышвартавацца да РС-09 і плысці, узяўшы тое судна на абардаж. I адбіваць атакі зайздроснікаў.

Шчыра кажучы, мы так бы і засталіся тут, і не было б плывучага манастыра, і не было б Прыпяці. I, можа, варта было б.

Але перамог, як у класіцыстаў, абавязак. I замучыў ён няшчасную любоў. I адвалілі мы ад рудавоза і доўга яшчэ глядзелі назад, як быццам маглі нешта бачыць. "И разошлись, как в море корабли", няведама якому чорту на радасць, а сабе на смутак.

Але Палессе ўсё ж глянула на нас. Першым, самым яркім промнем сонца. Глянула дый знікла.

I аднойчы сасніўся ёй дзіўны сон, Майскі лес, паплавы і зямля, I адчула далёкі надводны звон Лілафея, дачка караля.

А можа, яна і сапраўды з'явілася на хвіліну з падводнага горада?

V. Бакены з рыбай

Ужо зноў Беларусь. Шырокая, спакойная Прыпяць.

На пясчаных адхонах, пад дрэвамі, навенечкія домікі, крытыя шыферам. Падобныя, бадай, да ўсіх новых хат на Беларусі і таму, як красамоўна выказаўся Валянцін, — "не фантан!".

Але затое якія берагі, умацаваныя пляцёнкамі і свежанькай лазою, якія белыя-белыя коні на паплавах! Глядзяць, як гуінгмы ў Свіфта, з высакамерствам і кепска схаванай пагардай. I які ідзе паўз нас плывучы магазін з дробным часцікам, акавітай, журавінавым напіткам.

Адсюль відаць ужо і Нароўлю. Але блізка відаць, ды далёка дыбаць. Прыпяць тут вераломная, як паэтэса: паваротка на паваротцы.

Нароўля таксама калісьці належала Паскевічам. У ёй ёсць нічым нецікавы позні палац, прыгожы стары парк з векавымі дубамі, ліпамі і клёнамі, увесь парэзаны пратокамі з цёмнай вадой, і здалёк яшчэ бачная альтанка, белакаменная, дзіўна стрункая свечачка з XIX стагоддзя. Лёгкая, са скразнымі праёмамі, з ладнымі калонамі, увенчаная зграбным купалком. Дзіва. А вакол зелень і цень. А ля ног — рака з каравымі, таўшчэзнымі стваламі вярбы, выкінутымі на пясок.

Пра альтанку, ясна ж, ходзяць розныя байкі. Нібыта пахаваны пад ёю ўлюбёны панаў сабака і нават партрэт ягоны (сабакі, а не пана) выкарбаваны на муры. Я, аднак, разгледзеў гэты партрэт і пераканаўся, што гэта не сабака, а проста здорава папсуты барэльеф савінай галавы. Сава — сімвал мудрасці. I, значыць, альтанка проста была месцам, дзе можна сядзець і думаць. Як сказаў бы Манілаў — "храмом уединенного размышления".

…О, рака-рака!.. Пясчаныя косы, і зялёныя горы, і змеі каранёў на іх.

Рыбакі, што злавілі на дне чаўна "жывы волас" і цяпер з дзіцячай цікаўнасцю дзеляць яго на лопасці вясла нажом на часткі, "а кожная частка жыве". I ўсім цікава да апошняга, нават белай з чорнымі вачыма сучцы — Розе.

Пад'язджае бакеншчык. У яго з рыбакамі ўзаемаразуменне. Рыбак раніцаю гасіць яму самы далёкі бакен. А заадно накладае ў яго рыбы. Вечарам, калі ён запальвае бакен, рыбы ў ім ужо няма, але затое ляжыць чвірка ці бутэлька "чарніла". Добра і аднаму і другому.

I пагойдваюцца на хвалях бакены з рыбай.

VI. Міні-Кіеў

Горад на зялёных адхонах. Яры, над якімі хіляцца дрэвы. Цукровая бель старых цэркваў і манастыроў праз сець галін. Мазыр. Міні-Кіеў. Падабенства і сапраўды надзвычайнае. Усё, праўда, крыху меншае. I стромы, і дрэвы, і вежы касцёлаў. Але нешта агульна-мяккае, лірычна-вясёлае, сціплае і добрае — яно тут. I старажытнасць таксама тут. Сярэдзіна XII стагоддзя. Адвечнае імкненне да Турава і Пінска, да братоў-дрыгвічан. Вечныя сутычкі з татарамі і літоўцамі, паўстанні, страта Янушам Радзівілам Міхненкі, што так доўга трымаў горад супраць каралеўскіх сіл. У XVIII стагоддзі паўстанне мазырскіх сялян пагражала ўзняць пад косы і паходні ўсю Беларусь.

Шмат было крыві. Але ўсё ж ясная ўсмешка засталася на прыгожых вуснах горада. I светла дрыжаць на ягоных гарах дрэвы.

Я люблю гэты горад здаўна. Люблю бескарысліва і назаўсёды, і заўжды рад вярнуцца ў яго. Гэта тут, у наваколлях ягоных, я сустрэўся з цар-дубам. Я яшчэ раз зразумеў тады, што такое мая зямля і якое маё месца на ёй.

З самага пачатку яе дзён, з тых часоў, калі княгіня Вольга, ідучы на драўлян, загадала выбіць пад гэтым самым Мазыром "зоўжыны студні".

Шанцавала мне тут на мядзведзяў. Першы раз на кіношных, другі — на мядзведзяў са звярынца. Купіў ім батон і цукру, думаючы, што, пэўна, і мой бедны Міхась сядзіць зараз у клетцы і яго таксама нехта накорміць. Страшнае гэта ўсё ж відовішча, звярынец. I які чорт мог загнаць туды капітана, Валянціна і мяне!

Уяўляеце, буслы ў клетцы. Калі ледзь не на кожнай палескай хаце ляскае дзюбай жывы, вольны бусел, абліты барвай захаду. А тут бусел браў у мяне з рук хлеб. I ў адной клетцы гулялі лісяняты з пеўнем і кацяняткам. "Куток маладняка"… Фу! Вялікае няшчасце чалавека — адбіраць у жывога свабоду. За гэта і плаціўся стагоддзямі гэты самы чалавек.

Чамусьці заўсёды шанцавала мне ў Мазыры і на навальніцы. Траскучыя, як разнос у шэфа, грымлівыя, з праліўным дажджом, калі няма чым дыхаць, з яраснай сечай маланак, з пясчанымі рэкамі, якія равуць ярамі. Навальніцы тут жудасныя. Адна старая бабка тлумачыла гэта тым, што жанчыны перасталі насіць хусткі і валасы "прыцягваюць електрычаство". Тлумачэнне, па-мойму, не горшае, чым у многіх навуковых працах.

…I стала пахмурая раніца. Зноў пахмурая, нібы неба не выліла за адну гэтую вераб'іную ноч усяго запасу дажджу.

Рака злавалася. Несла дном таплякі і ўсякую брыду. Уначы ледзь не патанула баржа з рудой. Загінуў адзін матрос, і пашкодзіўся ў розуме стырнавы. Мы везлі на тую баржу чалавека: расследаваць. Дарогаю ледзь не здарылася яшчэ бяда. Стырнавы нейкага маторнага чаўна "злавіў гаву", не паспеў паставіць чаўна носам да нашай хвалі, і човен той перакуліўся. Людзей вылавілі. Кожная вада не любіць жартаваць і не церпіць няўмелых. Бяспека гэтай ціхай вады і жыцця на ёй — дужа ўяўная. Гінуў і гіне чалавек ад сутыкнення з кожнай стыхіяй. Таму павінен паважаць тое асяроддзе, сярод якога жыве. Не чапаць ані дрэва, ані пратокі, калі на гэта няма самай пільнай патрэбы.

VII. Востры водар лазы

Яшчэ і яшчэ глыбей. Пляската, у раскошных дрэвах над межытокамі канчаецца мазырская града. Спускаюцца на Прыпяць шэрыя, ласкавыя вечары з мараннем туманна-зялёных дрэў, з рэдкім палётам "Ракеты" і задуменным бязлюддзем рэдкіх вёсак.

Назвы палескіх вёсак — музыка ў ціхім сэрцы. Акулінкі, Стрэльск, Навасёлкі.

Хутка мы развітаемся з табою, Прыпяць. I таму вочы асабліва востра заўважаюць усё, асабліва відушча разглядаюць твой незабыўны твар. Гэтыя штабялі бярвенняў ля млынка, рыжыя зверху, цёмна-бурыя знізу (туды даставаў летні разліў), і гэты плывучы кран, што дастае з дна шматвяковыя дубы, і мотапаром, які вязе два грузавікі, іначай не праедзеш ад адной вёскі да другой. Два чаўны, злучаныя платформай, і катэр цягне іх, а з аднаго чаўна вычэрпваюць вядром тарфяную ваду.

Поделиться с друзьями: