Званы ў прадоннях азёр
Шрифт:
Нам добра бачыць паром, вялізную чаргу машын і "Беларусаў", што чакаюць пераезду і дарогі на Тураў, але нам таксама добра і цікава бачыць хлопчыка, што цягне па вадзе на водмель веласіпед, і флатылію гусей з малымі шэрымі гусяняткамі. Старыя абкружаюць іх. I — ух! — як жа іх загойдала на хвалі ад нашага парахода!
Востры водар лазы і над Туравам, дзе нас, урэшце, дагнаў з рэшткамі апаратуры наш мастацтвазнаўца, сябар Зянон уласнай персонай. А мы ж толькі радаваліся пры думцы аб тым, як некалькі начэй ён будзе спаць на паліцы і куды ён пры гэтым падзене свае цыбатыя ногі.
…Самае сумнае ўражанне за ўсю дарогу. Тураў. Проста — вялікая вёска. Перажыў сябе. Горад, які трымаў у сваіх руках гандаль Кіева з Польшчай. Сталіца Вялікага княства, куды ўваходзілі Пінск і Нясвіж, Рагачоў і Ваўкавыск. Спалены татарамі (легенда кажа, што яны закідалі дзецьмі Тур-калодзеж, пасля чаго сем год з таго, замест вады, біла жаночае малако), выпалены літоўцамі і палякамі, горад так і не ўзняўся. I ніякіх слядоў велічы. Стагоддзі нарадзілі, стагоддзі і сцерлі. Засталося адно тое, што не тлее і не гарыць. Слова. Слова "другога Златавуста", вялікага Кірылы Тураўскага. Ды яшчэ валы і равы на Туравай гары. Гэтыя маўчаць. Слова больш даўгавечная рэч, чым муры і мячы. Яны гінуць, слова — жыве, нават калі вялікія сталіцы засынаюць на грані небыцця. Гэта трэба добра помніць. Усім.
Адплывалі. Сонца было злева. Навальнічная хмара стаяла над горадам, ішла на яго, на нас. Срэбныя, дробныя бліскаўкі сонца трапяталі на ліловай вадзе і цьмяна-срэбных плямах пены. А над усім сутыкаліся дзве цёмна-сінія хмары, як два мячы. Пад імі клубіліся жамчужна-белыя аблокі, а ў іх малюткім ясна-сінім вочкам палыхаў лапічак неба.
Я стаяў ля борта і ўспамінаў словы вялікага Кірылы, якія не пастарэлі за восемсот з лішнім гадоў:
"Ныня сонца красуяся… усходзіць і радуюся зямлю агравае. Ныня… зіма прэстала ёсць і лёд… растаяся… Дзесь вясна красуецца, ажыўляючы зямное есцьство; бурніі ветры, ціха павяваюшчэ, плады цалуюць… Ныня наваражаеміі агнцы і унці, быстра пуць пярушчэ, скачюць і, скора к мацерэм взврашчаючэся, весяляцьця… Ныня ўсю дабрагласныя пціца… гнездзяшэся весяляцьця… і сваю кожная паюшчы песнь, славіць бога гласы нямоўнымі".
Слова не пастарэла. Адно толькі Слова, настоенае на водары садоў і горкай вярбовай кары.
VIII. Паданне пра караля буслоў
Той дзень быў апошні дзень Прыпяці. Працавалі толькі мы трох ды Толя за штурвалам у рубцы. Я палез да яго, і сталі глядзець на берагі, на дубровы, што цягнуцца берагамі да самага вусця Случы і далей.
Размова, аднак, і тут была невясёлая. Можа, таму, што так прыгожа было вакол, што Прыпяць і дагэтуль звярыная і рыбная. Зайшла ў нас размова пра тое, а ці доўга яшчэ існаваць такой раскошы на беларускай зямлі, аб тым, як слепа часам умешваецца чалавек у вечныя справы прыроды.
І як, магчыма, за нашу каротказорасць давядзецца плаціць нашчадкам, а можа, і нам самім — запраграміраваным калісьці для святла сонца, чыстай зелені і чыстай вады. I не для таго, каб разбураць і нішчыць прыроду, не дзеля таго, каб за чалавекам заставалася пустыня, а для таго, каб памятаць: чалавек толькі невялікая частка цэлага, імя якому — жыццё. Дрэва не можа напасці на чалавека. Барацьба яго з сабе падобнымі непрыкметная для вока чалавечага. I таму мы адпачываем, гледзячы на дрэвы і траву. Ідыёцкі аптымізм, што "ўсяго яшчэ многа", па меншай меры беспадстаўны. Ужо зараз найбольш відушчыя людзі падымаюць голас у абарону тых самых балот, якія мы так няўмела, па-драпежніцку асушалі. Падае слой падглебавых вод — і сохнуць навакольныя лясы, карані якіх не могуць так хутка зноў дабрацца да вады. Асушылі балоты ў Ламбардыі — і нашым качкам няма дзе зімаваць. Асушылі на Палессі — і ім няма дзе выводзіць дзяцей. Знікае від. I пачаў раскручвацца ланцуг ад жывёлы да жывёлы, канчаючы аж самім чалавекам.
Толя расказаў, як пасля сенакосу знішчалі гербіцыдамі з самалётаў чорную лазу. Знішчылі, вядома, лістоту (якая адрасце на наступны год, калі тую лазу — а чым яна, дарэчы, вінавата? — не карчаваць, аб чым амаль ніхто не падумаў).
I вось у навакольных гаях ляжалі раздутыя, здохлыя ласі, у сітнягах смярдзелі качкі, білі крыламі, паступова заміраючы, буслы. Па вадзе плыла масляністая каша, і нельга было есці злоўленую рыбу.
Бралі па дзесяць тысяч з калгаса за псаванне прыроды, за злачынства, калі ўжо так разабрацца.
Лесавод у Белавежы расказваў мне, што лесанарыхтоўчыя арганізацыі дабіліся дазволу на буйныя высечкі лесу на Бярозе-рацэ. Лес гэты так і застаўся гнісці на высечках, бо лета было дажджлівае. Дзякуй богу, што гэты разбой прыпынілі. Мы гаспадары, дык трэба ж быць гаспадарамі, чорт пабяры!
I потым, хто ведае, як дзейнічае на псіхіку чалавека выгляд кар'ера на месцы зялёных узгоркаў, звалкі на месцы поплаву, бурай роўнядзі торфанарыхтоўчай гаспадаркі на месцы мокрай лугавіны? Быццам невядома, што Палессе не толькі каласальны рэзервуар, з якога нараджаюцца аблокі і дажджы для навакольных земляў, але і пясок, дзюны, якія прыніклі пад тонкім слоем дзірвану і зялёнай футрай лясоў, толькі і чакаюць іх знішчэння, каб тыграмі вырвацца на волю.
Мы пакуль што не можам з упэўненасцю меркаваць, карысны ці шкодны той ці іншы від жывёл ці раслін для жыцця ўвогуле, для вялізнай гармоніі біясферы на зямлі. І мы робім гэта. Мы ведаем ганебна мала — і мы робім выгляд, што ведаем усё. Таму, што мы жывём у доўг, пазычаючы й пазычаючы ў банку, запасы якога нявечныя, як і ўсё на зямлі.
У Палескі скарб валяецца ў нас пад нагамі, а нам неахвота нагнуцца і падняць яго. Дзесяткі тысяч людзей, замест Балатона ці Залатых пяскоў, праехаліся б на параходзе на ціхай яшчэ Прыпяці, пазагаралі б, палавілі рыбу, пакачаліся б на цвітучых яе паплавах. I пакінулі б тут грошы, якіх хапіла б на тое, каб аднавідь старыя будынкі, узбагаціць музеі і ператварыць усё гэта зноў у грошы, коштам якіх можна было зрабіць Палессе, — дый не толькі яго, — Эдэмам.
Дзесяткі турысцкіх паходаў ажывілі б Дняпро, і Прыпяць, і Сож. А між тым рачны флот беларускі памірае. Знізу яго падціскае кіеўская флатылія, і мы задавальняемся — і то не наша тут паслуга — толькі перагрузкай руды з іхніх вялікіх рудавозаў на свае, меншыя.
Жоўць руплівага гаспадара разліваецца ўва мне, калі бачу безгаспадарчасць. Я сню Прыпяць з белымі параходамі Брэст — Гомель, з матэлямі і кэмпінгамі ў гушчары лесу, Прыпяць цвітучую, Прыпяць высакародную і чыстую, па берагах якой паўсюль можна прабегчы босым, не парэзаўшы пятаў. Прыпяць, на якой працуюць заводы рыбагадоўлі і адноўлены чароды дняпроўскай сцерлядзі і асятра. Прыпяць, на якой нешта прыдумалі, каб "Ракеты" не забівалі рыбу (я сам бачыў пудовых шчупакоў, прыбітых да берага). Я сню Прыпяць багацейшай ракою. I я сню яе — у галоўным — такой, як зараз, з пышнымі дубовымі гаямі над вусцем Случы, са смолкамі-смалянкамі на сытых паплавах, з дробнымі ліловымі званочкамі-"цыганамі", — нібы мільёны табараў сышліся на адным лузе.
…Я сню яе прыўкраснай.
Перад упадзеннем у Прыпяць Гарыні пацягнуўся дагістарычны лес. Каравыя вербы з дзвюма-трыма буслянкамі, перакручаныя, як душы змарлых у пекле вялікага тасканца. I маленькія маладыя вербы, што толькі падкрэслівалі трагічнасць пейзажу. А над усім гэтым, над буслінымі крыламі, першабытнае неба, нібы ў час стварэння сусвету.
Бусел за буслам зрываўся з дрэў па меры набліжэння парахода. Было гэта буслінае каралеўства.
Я ведаў, што недзе жыве і пануе над ім кароль-бусел з крыламі, размахам на палову неба. Ногі да каленяў улезлі ў твань, бо праваліўся за стагоддзі. Стаіць у зарасцях тысячагадовых беларускіх дубоў. Іхнія вяршыні ледзь прыкрываюць яму загорбак, бо галава ў яго прыціснутая, а дзюба лягла на грудзі.
Думае. Птушкі баяцца парушаць ягоны пакой. Калі ж набярэцца бясчынстваў, браканьерства, выгаляння над жывым — уздыме галаву, пракінецца і махам крылаў уздыме ўраган і змяце тых, што рабілі такое з яго братамі і гвалцілі натуру ды крыўдзілі меншых братоў.
А пакіне толькі гэтых, хто працаваў заўзята і ўпарта, думаў глыбока і добра, чыніў справядлівасць і ніколі не крыўдзіў ні жывёл, ні дрэваў, ні раслін, ні іншых людзей. I яшчэ не крыўдзіў яго рахманы, спакойны і мудры бусліны народ.