Званы ў прадоннях азёр
Шрифт:
Але гэта — не галоўнае. Галоўнае іканастас. Верх ягоны — XVIII стагоддзе, цяжкаваты, мясцовы жывапіс з фарбамі злёгку пажухлымі, але затое па-беларуску грунтоўнымі. А ў ім дзве рэчы XVII, ну, можа, самага пачатку XVIII стагоддзя. Маці божая і Спас. Адвечная жаноцкасць маці і адвечная туга за людзей. Гэта здорава! На жаль, аклад скрывае ўсё, акрамя абліччаў і тонкіх, любоўных рук, і разгледзець гэта больш дакладна не ўдаецца.
Але ўсё адно гэтыя твары, гэтыя рукі, гэтую вялікую цішыню і вялікі спакой закінутага будынка, гэтую драму і пыльнае сонца — немагчыма забыць.
Крыху ашалелыя, мы ішлі вулкамі, паплаўцамі, садамі, і мне хацелася сказаць — мір усяму…
Ходзяць берагам старыка белыя пеўні, пушаць таполі. Мір вам!
I, аднак, ішла бяда.
У Карпатах дажджы. З Сарнаў пазванілі: вада ўзнялася раптоўна больш чым на паўтара метра і пагражае ўзняцца вышэй. Калі не здарыцца дзіва — заўтра ці паслязаўтра тут залье дарогі, і нельга будзе трапіць нават у Рубель. Залье нізкія бульбянікі, гароды, кветнікі, што толькі пачалі цвісці. Залье паплавы, і сена не будзе. Перад самым янавым днём. Няўжо зноў пагроза гэтаму дабрабыту?!
Мы вырашылі выбірацца хутчэй. Сустрэлі дзяўчат з вёскі Альшаны і пачалі распытваць: куды, як, нашто.
I ясна стала, што не дабяромся мы ўжо ні да Аздамічаў, ні да Сямігосцічаў, ні да Верасніцы. Ды мы й самі бачылі, што аўтобусы не ходзяць, а ісці 25 кіламетраў з чыгуннай цяжкой апаратурай і рэчамі немагчыма. Даводзілася толькі чакаць.
Дзве Галі з Альшан толькі ўздыхнулі:
— Пажар можна ўтушыць, воду ўтушыць няможно.
Разгаварыліся. Доўга не хацелі гаварыць імёны, але адрас альшанскага дзядзькі, што пускае начаваць, далі. Урэшце пачалося:
— Вы хто?
— Томы, Валі, Марусі… На Беларусі ўсе Марусі.
Хлопцы ўпалі ў задор і ўрэшце даведаліся: Галі.
— Дык што гэта ў вас усе — Галі?
— Угм…
— А вы, Галі замужам ці не?
— Замуж так скора выходзіць не трэба. Дзяцей народзіш, як цыганы.
— За аднакласнікаў не пойдзеш. А старэйшыя ў арміі. Пета, Коля, Ілля — усе мы трое друззя. А вы што робітэ?
— Касцюмы шукаем, дзяўчаты.
— От у нас хор быў у старых касцюмах. Картачка ёсць, як сестра была.
— Тэпэр не носім.
— Чаго так, дзяўчаты?
— А… як фараон ходзіш. Спадніцы, анучы. Летам парышся.
— Катора худзенька, пад бокі накладае.
— Хто ж гэта вас такому глупству навучыў?
— Настаўнікі ў нас з Мінска ды з Пінска самі пасмейваліся. Дужэ смяяліся з народных касцюмаў.
Але ж і настаўнікі! Без году тыдзень, як табліцу множання вывучаў, а насміхаецца з густу народа, з яго таленту. А ў дзяўчат у голасе ўсё яшчэ адценне нібыта суму.
— I хусткі яркія былі. "Амерыканкі", "шаляноўкі". Вам у Цярэблічы трэба дабірацца. Там яшчэ ўсё па-старому. Карсэткі. Шоўкавай сукенкі не знойдзеш, усё палаценка.
— То мы заўтра вас у народных касцюмах здымем. Дзе жывяце?
Абмовілася, нібыта незнарок:
– Іван Баклан мой сусед.
— Глядзіце, на слове спаймалі.
Вечар. Здымаем кветкі. Цяжкія снежныя шары півоняў, духмяныя стрэлы лубіну, ахапкі касачоў і лілей, празрыста-зялёныя аблокі гарошку. I ўсё гэта пад вялізнымі грушамі. А вокны хатак, складзены з брусоў, рахмана глядзяць праз кветкі і лістоту. Смерць, спыні сваю касу! Спыніся, сціхні, Гарынь!
XIII. Нараджэнне песні. Нараджэнне жыцця
У Альшанах, з іхнім вялізарным клубам, з рукавом Гарыні (на шчасце, вада пакуль не спяшалася падымацца), з дзесяткамі трыма новых будынкаў і стогадовай драўлянай царквой на цяністым цвінтары, мы перш за ўсё пайшлі шукаць Івана Баклана. Няма нікога. Побач з цудоўнай кнігарняй (мне асабліва спадабалася, што кнігагандаль заслаў туды пяць экземпляраў другога тома майго рамана і ніводнага першага тома — растаропнасць і ўменне гандляваць проста вышэй за ўсякую крытыку), — побач з гэтым магазінам убачылі хату пасярэдзіне вуліцы. Таямніцы планіроўкі. Гарод — цераз вуліцу. У ім, у нетрах канопляў, бабуля. Вочы ясныя. Твар сухі, загарэлы.
— Гарод у вас, бабця, — шкелца.
— Гарод, таварышы начальнікі, харошы.
— Ну, якія мы начальнікі?!
— Но, тады сынкі… А гарод харошы. Каноплі дзяржаве здаём. I плацяць някепска. Але ж працы…
— А дзе ж гэта Іван Баклан?
— Баклан? А хай яго качкі, хай яго.
— А што?
— Ды курэй многа паразвёў. Курэй дзяржыць многа. Спасу няма… А вы кіньце валізы ў яго на двары.
— А як жа: у яго з хаты вокан у двор няма?
— А ў нас, сынкі, не было шчэ такога, каб чужога баяцца. Кідайце. Прыйдзе, убачыць і забярэ ў хату.
Бабуся казачная. I вось мы ўрэшце і спадобіліся пасля "цыганскіх фатографаў" і "начальнікаў" простага слова "сынкі".
Кінулі рэчы, пайшлі на ганак праўлення. Пакурвалі з дзядзькамі. Размова ішла крыху насцярожаная. Пагаварылі аб повені. Як быццам хадзілі чуткі, што ўверх па рацэ жыхары скінуліся, нанялі бульдозер, і той у самым нізкім месцы берага, адкуль вада магла рынуць на паплавы і сады, змываючы ўсё, наваліў ім нізенькую дамбу. Пакуль што рака не перахваснула яе. Але як дождж будзе яшчэ, як повень яшчэ ўспыхне — тады зноў хаты, сады й кветнікі будуць у вадзе. Летняя паводка. Страшны біч! I як тады зацугляеш раку?
Раптам нехта сказаў радасна:
— А от і яшчэ адзін гарадскі. Два. Ну, гэто хіба японці.
Набліжаліся два чалавекі. На адным быў казырок ад сонца, і здалёк здавалася, што ён сапраўды нацягнуў на галаву японскі ваенны кашкет.
— Вашы?
— Не.
I ў тую ж хвіліну я пазнаў іх. Куды ні заносяць чэрці нашага брата! Топалі з магнітафонам два фалькларысты з акадэміі — Міша і Арсень. У экспедыцыю іх, сардэчных, прынесла. I собіла ж — у самую глушыню! Ды яшчэ каб мы тут былі. Здзівіліся, вядома.
А пасля тыя, без доўгіх слоў, селі на прыступкі і пусцілі магнітафон: самы, як выявілася, верны метад, самы лепшы ключ да душы. Што тут пачалося! З другога канца вулкі, ад чайной, ад клуба, проста з двароў, ірванулі сюды мужыкі. Па прынцыпе зявак усёй Беларусі: "Хай пасля людзі не кажуць, што я ззаду бег".
Прыбеглі. Расселіся. Якія ж сталі твары, якім мяккім святлом загарэліся вочы! Сваё. I не толькі ў бяседзе, а і ў "машыне". У той момант я раскрышыў бы ўсе нашы магазіны грампласцінак. Песня. Другая. Змоўклі.