Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Олівер Твіст

Дыкенс Чарльз

Шрифт:

Сказаўшы гэта, старая лэдзі абярэжліва паклала Олівераву галаву на падушку, адхінула з ягонага лба пасму валасоў і паглядзела на хлопчыка так добра, так ласкава, што ён не мог перасіліць сябе, узяў сваёй маленькай празрыстай рукой ейную і абняў ёю сваю шыю.

— Крый Бог! — прамовіла старая лэдзі са слязамі на вачах. — Што гэта за ласкавая добрая душа. Мілае дзіця! Што адчувала б твая маці, каб так вось сядзела тут на маім месцы і бачыла цябе!

— Можа, яна бачыць мяне цяпер, — прашаптаў Олівер, склаўшы далоні, — можа, яна каля мяне сядзела. Я амаль пэўны, што так яно і было.

— Гэта была ліхаманка, мой мілы, — мякка запярэчыла старая лэдзі.

— Напэўна, — азваўся Олівер, — таму што Нябёсы далёка, і яны там збыт шчаслівыя, каб сысці да ложка беднага хлопчыка. Але калі б яна ведала, што я быў хворы, то, пэўна ж, яна шкадавала б мяне, нават там, наверсе, таму што яна сама вельмі хварэла перад смерцю.

— Олівер перапыніўся на хвілю. — Каб яна ўбачыла, як мяне скрыўдзілі, яна вельмі засмуцілася б, а яе твар быў заўсёды задаволены і шчаслівы, калі я яе сніў.

Старая лэдзі нічога на гэта не адказала, толькі выцерла насоўкай вочы, а потым акуляры, якія ляжалі на коўдры, як быццам яны былі адным цэлым з яе вачыма. Потым яна прынесла Оліверу халоднага пітва, пагладзіла яго па шчацэ і сказала, што ён мусіць ляжаць вельмі ціха, бо інакш зноў захварэе.

Такім чынам, Олівер ціхенька сабе ляжаў, часткова з той прычыны, што баяўся не паслухацца старую лэдзі, а часткова таму, што размова вычарпала яго апошнія сілы. Хутка ён упаў у лёгкі сон, і абудзіла яго святло свечкі; свечка, калі яе паднеслі блізка да ложка, асвятліла джэнтльмена з вялікім залатым гадзіннікам у руцэ, які гучна цікаў. Джэнтльмен праверыў яго пульс і сказаў, што хлопчыку стала шмат лепш.

— Табе нашмат лепш, ці не так, мой даражэнькі? — сказаў джэнтльмен.

— Так, дзякуй, сэр, — адказаў Олівер.

— Але, я ведаю, — сказаў джэнтльмен. — Ты таксама галодны, га?

— Не, сэр, — быў адказ Олівера.

— Гм, — прамовіў джэнтльмен. — Так, я ведаю, што есці табе не хочацца. Ён не хоча есці, місіс Бэдвін, — сказаў джэнтльмен; пры гэтым ён выглядаў вельмі мудрым.

Старая лэдзі з павагай нахіліла галаву, што, здаецца, павінна было засведчыць яе стаўленне да доктара як да разумнага чалавека. Ды доктар і сам, відаць, думаў пра сябе гэтаксама.

— Ты сонны, ці не так, мой даражэнькі? — спытаў доктар.

— Не, сэр, — адказаў Олівер.

— Той адказ, якога я чакаў, місіс Бэдвін, — прамовіў доктар. — Было б нармальна, каб яму хацелася піць. Можна даць яму крыху гарбаты, мэм. І сухіх смажанак без масла. Не накрывайце яго занадта цёпла, але глядзіце, каб ён не мёрз, майце ласку!

Старая лэдзі зрабіла рэверанс. Доктар, пакаштаваўшы халоднага напою і выказаўшы кампетэнтнае ўхваленне, заспяшаўся і выйшаў. Яго чаравікі, калі ён ішоў уніз па лесвіцы, рыпелі важна і заможна.

Неўзабаве пасля гэтага Олівер яшчэ раз закімарыў, а калі прачнуўся, была ўжо амаль поўнач. Крыху пазней старая лэдзі лагодна сказала яму «дабранач» і пакінула яго на тоўстую старую, якая якраз прыйшла і прынесла з сабой у невялічкай торбачцы малітоўнік і начны каптур. Прыладзіўшы гэты апошні на галаву, а першы паклаўшы на стол, старая сказала Оліверу, што прыйшла сядзець каля яго, падсунула крэсла да каміна і аддалася неспакойнаму сну, які раз-пораз перапыняўся мармытаннем, вохканнем ды сапеннем. Зрэшты, гэта прыводзіла толькі да таго, што старая вельмі моцна церла нос, пасля чаго яе зноў агортваў сон.

Так памалу цягнулася гэтая ноч. Нейкі час Олівер ляжаў без сну і то лічыў маленькія кругі святла ад трысняговай свечкі на столі, то расшыфроўваў стомленымі вачыма складаны ўзор шпалераў. Цемрадзь і глыбокая цішыня пакоя стваралі эфект узнёсласці. Хлопчыку прыйшла думка, што смерць шмат дзён і начэй лунала ў гэтым пакоі і што яна, мабыць, і цяпер поўніла яго сваёй змрочнасцю ды жахам. Ён схаваў твар у падушку і стаў горача маліцца.

Паступова ім авалодаў глыбокі, спакойны сон, той сон, які прыходзіць толькі пасля перанесеных пакутаў, той нічым не абцяжараны, вольны сон, ад якога і будзіць шкада. Калі гэта смерць, то хто захацеў бы зноў абудзіцца ад яе да жыцця з яго турботамі ды барацьбой, з усім тым, што яно накідвае ў сучаснасці, з яго страхамі перад будучыняй, а ў асаблівасці з жахлівымі ўспамінамі пра мінулае!

Ужо даўно быў дзень, калі Олівер расплюшчыў вочы; ён пачуваўся вясёлым і шчаслівым. Крызіс хваробы мінуў. Олівер вярнуўся да жыцця.

Праз тры дні ён мог, абкладзены падушкамі, сядзець у фатэліку. Ён быў яшчэ занадта слабым, каб хадзіць, і місіс Бэдвін зносіла Олівера ўніз у свой невялічкі пакойчык аканомкі, які належаў ёй. Там, пасадзіўшы хлопчыка ля каміна, добрая старая лэдзі сядала сама і ад прыемнасці бачыць, што яму ўжо лепш, пачынала плакаць у два ручаі.

— Не бяры да галавы, даражэнькі, — казала старая лэдзі. — Проста мне трэба час ад часу выплакацца. Вось, ужо прайшло, і я зноў у парадку.

— Мэм, вы вельмі, вельмі добрая да мяне, — казаў Олівер.

— Добра, добра, не бяры да галавы, даражэнькі, — адказвала старая лэдзі, — гэта не мае нічога агульнага з тваім булёнам, а табе даўно пара яго есці, таму што доктар сказаў, што сёння ў першай палове дня можа зазірнуць містэр Браўнлоў, каб пабачыць цябе, і нам трэба набыць наш самы лепшы выгляд, бо чым лепш мы будзем выглядаць, тым больш ён будзе задаволены. Сказаўшы гэта, старая лэдзі пачала падаграваць у рондліку ладную порцыю булёну, такога моцнага, што, разбавіўшы да нармальнай кансістэнцыі, ім можна было б накарміць як мінімум трыста пяцьдзясят беднякоў.

— Табе падабаюцца карціны, мой мілы? — запытала старая лэдзі, убачыўшы, што Олівер вельмі пільна ўглядаецца ў партрэт, які вісеў на сцяне акурат насупраць.

— Не ведаю, мэм, — азваўся Олівер, не адрываючы вачэй ад палатна, — я іх так мала бачыў, што цяжка сказаць. Які добры, прыгожы твар у гэтай лэдзі!

— Але-але, — адказала старая лэдзі, — мастакі заўсёды вымалёўваюць жанчын прыгажэйшымі, чым яны ёсць насамрэч, а інакш ніхто не замаўляў бы ў іх партрэтаў. Чалавек, які вынайшаў машыну, якая дакладна капіруе арыгінал, напэўна ведаў, што не будзе мець поспеху, таму што дакладнасць занадта сумленная. Занадта! — паўтарыла старая лэдзі, смеючыся ад усяго сэрца над бескампраміснасцю свайго меркавання.

— А гэта... гэта партрэт? — спытаў Олівер.

— Так, — адказала старая лэдзі, на момант адхіліўшыся ад булёну, — гэта партрэт.

— Чый жа ён, мэм? — з глыбокай зацікаўленасцю спытаў Олівер.

— Дапраўды, не ведаю, вось і ўсё, мой даражэнькі, — азвалася старая лэдзі ў ранейшым зычлівым тоне. — Па-мойму, гэта не тая асоба, якую ведаем ты ці я. Здаецца, партрэт моцна цябе ўразіў?

— Ён такі прыгожы, — адказаў Олівер.

— А ці не баішся ты яго часам? — заўважыла старая лэдзі, здзіўлена назіраючы, як зачаравана, з якой шчымлівасцю ўглядаецца хлопчык у партрэт.

Поделиться с друзьями: