Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Олівер Твіст

Дыкенс Чарльз

Шрифт:

— Што скажа Фэджын? — запытаў Махляр, выкарыстаўшы чарговую задышлівую паўзу свайго сябра, каб паставіць пытанне.

— Што? — перапытаў Чарлі Бэйц.

— Але, што? — паўтарыў Махляр.

— Ну і што ён можа сказаць такога? — даволі раптоўна суняў сваю весялосць Чарлі, таму што Махляр, відавочна, дастаў яго. — Што ён такога скажа?

Містэр Доўкінз свістаў пару хвілін, потым, зняўшы капялюш, паскроб галаву і тры разы кіўнуў.

— Што ты маеш на ўвазе? — спытаў Чарлі.

— Цір-ля-ля, брахня і лухта, зусім абы-што і шчэ нешта збоку, — сказаў Махляр, і на яго разумным профілі засвяцілася шырокая ўхмылка.

Гэта было тлумачэнне, але яго было замала. Мастэр Бэйц адчуў гэта і паўтарыў:

— Што ты маеш на ўвазе?

Махляр нічога не адказаў. Ён надзеў капялюш, падабраў крыссё свайго доўгага сурдута, звыкла падаткнуў языком шчаку, разоў шэсць выразна шчоўкнуў па пераноссі і, крутануўшыся на абцасах, шмыгнуў углыб двара. Мастэр Бэйц пайшоў следам. На яго твары адбілася напружаная праца мозга.

Праз некалькі хвілін пасля таго, як адбылася гэтая размова, увагу вясёлага старога джэнтльмена прыцягнуў шум крокаў на рыпучай лесвіцы. Ён якраз сядзеў ля агменя, трымаючы ў левай руцэ танную каўбасу і крыху хлеба, а ў правай — сцізорык; на трынозе стаяў алавяны рондаль. Калі ён павярнуўся, на яго бледным твары з’явілася агідная ўхмылка. Драпежна зіркаючы з-пад густых рудых броваў, ён скіраваў увесь свой слых на дзверы.

— Як гэта так? — прамармытаў габрэй, мяняючыся ў твары. — Толькі двое? А дзе трэці? Не можа быць, каб яны заляцелі.

Крокі набліжаліся, яны гучалі ўжо каля дзвярэй. Дзверы памалу адчыніліся, і Махляр з Чарлі Бэйцам, увайшоўшы, шчыльна зачынілі іх за сабою.

РАЗДЗЕЛ ХІІІ

Кемліваму чытачу называюцца новыя асобы, у сувязі з гэтым распавядаецца пра рознья прыемныя абставіны, якія маюць адносіны да гэтай гісторыі

Дзе Олівер? — раз’юшана спытаў габрэй, пагрозліва падняўшыся. — Дзе хлопчык?

Маладыя злодзеі паглядзелі на свайго апекуна, спалоханыя праявамі яго характару, потым з непакоем абмяняліся позіркамі. Але нічога не адказалі.

— Што здарылася з хлопчыкам? — дапытваўся габрэй, моцна ўхапіўшы Махляра за каўнер і вымаўляючы жахлівыя праклёны. — Кажы, або задушу!

Містэр Фэджын выглядаў настолькі сур’ёзна, што Чарлі Бэйц, які лічыў за лепшае ў любым выпадку трымацца больш бяспечнага боку і які нічога неверагоднага не бачыў у тым, што наступным будзе задушаны ён, сам упаў на калені і гучна, сакавіта і працяжна зароў, выдаўшы нешта сярэдняе паміж рыкам шалёнага быка і гудзеннем рупара.

— Ты будзеш казаць ці не?! — бы перуном ударыў габрэй, так моцна скаланаючы Махляра, што для апошняга зусім прывіднай стала перспектыва застацца ў сваім шырокім сурдуце.

— Лягавыя сцапалі яго, вось і ўсё, — злосна сказаў Махляр. — Ану, пусціце мяне, чуеце!

Ірвануўшыся, ён разам выслізнуў з прасторнага сурдута, які застаўся ў габрэевых руках.

Махляр схапіў відэлец для тостаў і зрабіў выпад у бок жывата вясёлага старога джэнтльмена. Калі б гэтая акцыя займела эфект, весялосці ў таго крыху паменела б, і наўрад ці хапіла б месяца ці двух, каб яе аднавіць.

У гэты непрыемны момант габрэй адскочыў так жвава, як, здавалася, папросту не здольны чалавек настолькі лядачы і, схапіўшы конаўку, падрыхтаваўся грымнуць ёю свайго праціўніка па галаве. Але ў гэтую хвілю Чарлі Бэйц азваўсятакім ровам, што стары раптам памяняў намер і з усяго размаху шпурнуў яе ў гэтага маладога джэнтльмена.

— Што гэта, што тут за пярун з навальніцай?! — пачуўся басавіты голас. — Хто гэта шпульнуў у мяне? Добра, што на мяне трапіла піва, а не конаўка, а то я разабраўся б з кімсьці. Так-так! Хто ж, акрамя гэтага пякельнага, багатага, рабаўнічага, грымотнага старога габрэя мог раскідвацца напоямі! Хіба толькі вадой. Ды і тое адно тады, калі будзе кожны квартал падманваць Вадаправодную кампанію. Што гэта значыць, Фэджын? Каб мяне чорт забраў, калі мой шалік не ў піве! Заходзь, подлае стварэнне, што ты стаіш пад дзвярыма, быццам сорамна табе за свайго гаспадара! Сюды!

Чалавек, які прамовіў гэтыя словы, аказаўся каржакаватым дзецюком гадоў трыццаці пяці, у чорным вельветавым сурдуце, вельмі брудных кароткіх цёмных штанах, шнураваных чаравіках і шэрых баваўняных панчохах, якія абцягвалі вельмі тоўстыя ногі з вялікімі набрынялымі лыткамі, — якраз тыя ногі, што ў спалучэнні з такім касцюмам заўсёды выглядаюць незавершана і некамплектна, калі не ўпрыгожаныя парай кайданкоў. На галаве ў яго быў карычневы капялюш, а шыю абвіваў брудны стракаты шалік; яго доўгімі заношанымі канцамі дзяцюк выціраў з твару піва. Калі ён скончыў гэтую працу, адкрылася шырокая, цяжкая фізіяномія, пакрытая трохдзённым шчаціннем, на ёй — два злосныя вокі, адно з якіх было ў атачэнні рознакаляровых плям — сведчанне нядаўняга ўдару.

— Заходзь, чуеш ці не, — прабурчэў гэты сімпатычны суб’ект.

Белы калматы сабака з мордай, падрапанай у дваццаці розных месцах, прашмыгнуў у пакой.

— Чаму не заходзіў адразу? Занадта ганарысты, каб выйсці са мной у людзі? Кладзіся!

Гэты загад суправаджаўся выспяткам, які адкінуў жывёлу на другі бок пакоя. Сабака, аднак, быў звыклы да гэтага, бо не азваўся ні гукам; ён лёг зусім спакойна ў кутку і, міргаючы сваімі вельмі зласлівымі вачыма разоў з дваццаць на хвіліну, здавалася, рабіў агляд пакоя.

— Чым гэта ты тут займаешся? Мучаеш хлопцаў, перахоўваеш крадзенае, ты, сквапны, ненажэрны стары пень? — прамовіўдзяцюк, вольна рассеўшыся. — Я дзіву даюся, што яны цябе яшчэ не забілі; я б на іх месцы абавязкова цябе прыстукнуў. Каб я быў тваім вучнем, — даўно б ужо гэта зрабіў, а зрабіўшы, — не, не прадаў бы, таму што ты не варты нічога. Хіба што выстаўляць цябе як гэтакую пачвару ў шкляной бутэльцы, але вось наўрад ці выдзімаюць бутэлькі адпаведных памераў.

— Ціха! Ціха! — прамовіў, дрыжучы, стары габрэй. — Містэр Сайкс, не гаварыце так гучна.

— Кінь ты гэтых містэраў! Заўсёды так пачынаеш казаць, калі нешта нядобрае задумаў. Ты ж ведаеш, як мяне завуць, — дык і называй як належыць. А я ўжо сваё імя не зганьблю, калі прыйдзе час.

— Добра, добра, тады — Біл Сайкс, — з гнюснай ліслівасцю сказаў габрэй. — Здэцца, Біл, ты не ў гуморы.

— Можа быць, — адказаў Сайкс. — Думаю, што і ты не зусім у сабе, калі лічыш, што няма бяды, калі раскідвацца конаўкамі ці ляпаць языком...

— Ты з глузду з’ехаў? — прамовіў габрэй, схапіўшы дзецюка за рукаў і паказваючы на хлопчыкаў.

Містэр Сайкс задаволіўся тым, што завязаў пад левым вухам уяўны вузел і схіліў галаву да правага пляча, — габрэй, напэўна, выдатна зразумеў гэтую пантаміму. Потым на слэнгу, які скрозь чуўся ў ягонай гаворцы і быў бы зусім незразумелым, калі б мы яго працытавалі тут, Містэр Сайкс запатрабаваў шклянку моцнага.

— І спадзяюся, што ты не атруціш яго, — сказаў ён, паклаўшы капялюш на стол.

Гэта быў жарт, але калі б той, хто яго прамовіў, бачыў, як злосна зыркаў вачыма ды кусаў свае бледныя вусны габрэй, павярнуўшыся да буфета, то, мажліва, і падумаў бы, што засцярога не была б зусім лішняй і што жаданне палепшыць вінакурныя якасці напою не абмінула вясёлага старога джэнтльмена.

Поделиться с друзьями: