Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Олівер Твіст

Дыкенс Чарльз

Шрифт:

Праглынуўшы дзве або тры шклянкі спіртнога, містэр Сайкс зрабіў ласку і звярнуў увагу на маладых джэнтльменаў. Гэты міласцівы акт прывёў да размовы, у якой падрабязна і са зменамі, якія Махляр палічыў неабходнымі і адпаведнымі, былі высветленыя акалічнасці арышту Олівера.

— Баюся, — зазначыў габрэй, — што ён можа сказаць нешта такое, што прынясе нам непрыемнасці.

— Выдае на тое, — са злоснай усмешкай сказаў Сайкс. — Цябе выдадуць, Фэджын.

— Я і баюся. Насамрэч, — дадаў габрэй, як быццам не заўважыўшы рэплікі Сайкса, і пры гэтым пільна гледзячы на свайго суразмоўцу, — я баюся, што калі для нас гульня скончыцца, то скончыцца яна таксама і для многіх іншых, і што гэтыя наступствы будуць горшымі хутчэй для цябе, чым для мяне, мілок.

Дзяціна падскочыў і рэзка павярнуўся да габрэя. Але той уцягнуў галаву ў плечы і адсутным позіркам глядзеў на сцяну насупраць.

Узнікла доўгая паўза. Здавалася, што кожны ўдзельнік шаноўнага сходу паглыбіўся ў свае рэфлексіі, у тым ліку і сабака, які злосна аблізваўся, нібыта задумваючы ўчапіцца ў лытку першага сустрэчнага джэнтльмена ці лэдзі, як толькі ён выйдзе на вуліцу.

— Нехта павінен выведаць, што адбылося ў судзе, — сказаў містэр Сайкс куды больш разважным тонам, чым за ўвесь час яго прысутнасці ў пакоі.

Габрэй кіўнуў.

— Калі ён не раскалоўся і проста сядзіць у турме, то няма чаго баяцца, пакуль ён не выйдзе зноў, — сказаў містэр Сайкс, — а потым пра яго трэба паклапаціцца. Нейкім чынам яго трэба прыбраць да рук.

Габрэй кіўнуў яшчэ раз.

Такі план быў лагічным, але яго прыняццю нешчаслівым чынам замінала адно сур’ёзнае пярэчанне, а менавіта тое, што і Махляр, і Чарлі Бэйц, і містэр Уільям Сайкс паасобку і разам спадобіліся мець надзвычай моцную і глыбока закаранёную антыпатыю да знаходжання паблізу паліцэйскага пастарунка пры любых умовах і абставінах.

Колькі часу яны сядзелі і глядзелі адзін на аднаго ў гэтым стане няпэўнасці, цяжка сказаць. Аднак няма неабходнасці рабіць здагадкі на гэты конт, таму што нечаканае з’яўленне дзвюх маладых лэдзі, якіх Оліверу даводзілася бачыць раней, зноў ажывіла заціхлую размову.

— Вось тое, што трэба! — выгукнуў габрэй. — Бэт пойдзе; ты ж пойдзеш, мая даражэнькая?

— Куды? — пацікавілася маладая лэдзі.

— Усяго толькі ў паліцэйскі офіс, мая даражэнькая, — лісліва адказаў габрэй.

Трэба аддаць належнае маладой лэдзі: яна не адмовілася проста так, а толькі эмацыйна і сур’ёзна заявіла, што, маўляў, хай яе чорт забярэ, калі яна туды пойдзе. Гэтая ветлівая і шляхетная ўхілістасць адказу сведчыла пра тое, што далікатнасць была ў яе ў крыві і што яна не дазваляла маладой лэдзі скрыўдзіць роднасную істоту падкрэслена прамой адмовай.

Фізіяномія габрэя набыла расчараваны выгляд. Ён адвярнуўся ад гэтай маладой лэдзі, убранай нябедна, нават раскошна, у чырвоную сукенку, зялёныя боцікі і жоўтыя папільёткі, і паглядзеў на другую дзяўчыну.

— Нэнсі, золатка маё, што ты скажаш? — падлабуніўся габрэй.

— Скажу, што так справа не пойдзе, і няма чаго напіраць, Фэджын, — адказала Нэнсі.

— Што ты маеш на ўвазе пад гэтым? — спытаў містэр Сайкс, паглядзеўшы на яе досыць змрочна.

— Тое, што сказала, Біл, — безуважна азвалася лэдзі.

— Чаму ты не хочаш? Толькі ты адна можаш гэта зрабіць, — угаворваў яе Сайкс. — Апроч нас, цябе больш ні адна душа не ведае.

— І я не хачу ні пра кога нічога ведаць, — тым самым тонам адказала Нэнсі. — Я схіляюся значна больш да адмоўнага адказу, чым да станоўчага.

— Яна пойдзе, Фэджын, — сказаў Сайкс.

— Не, яна не пойдзе, Фэджын, — сказала Нэнсі.

— А я кажу, яна пойдзе, Фэджын, — гнуў сваё Сайкс.

І містэр Сайкс не памыліўся. Пагрозамі, абяцанкамі і спакусамі згаданую лэдзі схілілі да згоды. Насамрэч, яе не маглі, як яе сяброўку, стрымліваць пэўныя меркаванні, бо яна толькі нядаўна пераехала ў ваколіцы Філд-Лэйн з аддаленага, але прэстыжнага прыгарада Рэткліф і магла не асцерагацца, што яе пазнае хто-небудзь з яе шматлікіх знаёмцаў.

І вось, апрануўшы паверх чырвонай сукні белы фартух і схаваўшы папільёткі пад саламяным капялюшыкам, — абедзве гэтыя рэчы знайшліся ў невычэрпных складах габрэя, — міс Нэнсі падрыхтавалася да акцыі.

— Пачакай хвілю, мілая, — сказаў габрэй і працягнуў ёй маленькі кошык з накрыўкай. — Вазьмі вось гэта, будзеш выглядаць больш шляхетна.

— А ў другую руку дайце ёй ключы, Фэджын, — прапанаваў Сайкс. — Гэта будзе выглядаць натуральна і прыстойна.

— Так, так, мілая, насамрэч, — ухваліў габрэй, чапляючы на ўказальны палец правай рукі лэдзі вялізны ключ ад парадных дзвярэй. — Вось, вельмі добра. Насамрэч, вельмі добра, мая даражэнькая, — сказаў габрэй, паціраючы рукі.

— О мой брацік! Мой бедны, слаўны, мілы невінаваты маленькі брацік! — усклікнула Нэнсі і залілася слязьмі; у роспачы цярэбячы кошык і ключ, яна працягвала ляматаваць: — Што з ім сталася? Куды яны яго забралі? О, пашкадуйце мяне, скажыце, што зрабілі з ім, маім мілым брацікам, джэнтльмены, прашу вас, калі ласка, джэнтльмены!

Вымавіўшы гэтыя словы самым жаласлівым, пранізліва-скрушным тонам, што выклікала бязмежнае захапленне прысутных, Нэнсі вытрымала паўзу, памахала грамадзе, усміхнулася, кіўнула і знікла.

— Ах, мае вы даражэнькія, што за разумная дзеўчына! — сказаў габрэй, павярнуўшыся да сваіх маладых сяброў і з прызнаннем хітаючы галавой, быццам запрашаючы іх браць з яе прыклад.

— Яна робіць гонар свайму полу, — сказаў містэр Сайкс, наліўшы сабе ў шклянку. Ён грукнуў сваім неверагодна вялікім кулаком па стале і абвясціў: — П’ю за яе здароўе! Няхай бы ўсе жанчыны былі такімі, як яна!

У той час як на адрас Нэнсі выказваліся ўсе гэтыя ўхвалы, маладая лэдзі спяшалася да паліцэйскага офіса, куды неўзабаве дабралася найлепшым чынам, нягледзячы на зразумелы страх ісці па вуліцах адной, без абароны. Яна ўвайшла ў офіс з чорнага ходу, ціхенька пастукала ключом у дзверы адной з камер і прыслухалася. Не было чутна ні гуку. Нэнсі кашлянула і прыслухалася яшчэ раз. Адказу не было, і яна падала голас:

— Нолі, міленькі! — пяшчотна прашаптала Нэнсі. — Нолі!

Унутры быў толькі занядбаны босы злачынца, якога

арыштавалі за ігру на флейце. Яго злачынны замах на ўстоі грамадства быў неаспрэчна даказаны містэрам Фэнгам, які вынес прысуд — месяц зняволення ў папраўчым доме. Пры гэтым суддзя трапна і з гумарам заўважыў, што калі ўжо ў яго лішак дыхання, то лепш выдаткоўваць яго на педаль нажнога млынка, чым на музычны інструмент. Адказу не было, бо асуджаны заглыбіўся ў сябе, аплакваючы страту флейты, якую канфіскавалі на карысць графства.

Нэнсі перайшла да наступных дзвярэй і пастукала.

— Што? — азваўся слабы і ціхі голас.

— Ці няма тут маленькага хлопчыка? — запыталася Нэнсі, не забыўшыся ўсхліпнуць.

— Крый Бог, не, — адказаў голас.

Гэта быў валацужнік шасцідзесяці пяці гадоў, які трапіў у турму за тое, што не іграў на флейце, або, іншымі словамі, за тое, што жабраваў на вуліцы і не рабіў нічога, каб зарабіць сабе на жыццё. У наступнай камеры сядзеў яшчэ адзін дзядзька, якога перавялі ў тую самую турму за тое, што ён прадаваў без ліцэнзіі алавяныя рондалі, зарабляючы сабе такім чынам на жыццё, але падрываючы моц падаткавай інспекцыі.

Поделиться с друзьями: