Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пайсці і не вярнуцца

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Што сны! — уздыхнуўшы, сказаў Антон. — У жыцці горш бывае. Вунь учора каля сталовай страчаю Куманца, пісара, кажа: рыхтуйся, Галубін, на гарнізон пойдзем. — На які гарнізон? — На Дзярэчын, кажа, паліцаяў выкурваць, памагаць першамайцам. — Ты чула: зноў, значыць, батрачыць на дзядзю. Ды яшчэ з такім камандзірам.

Антон гаварыў расстроена, амаль злосна, і Зосьцы стала няёмка за ўвогуле някепскага, хоць, можа, і не дужа віднага і не заўжды ўмелага новага камандзіра атрада, які ласкава клікаў яе дачушкай.

— Дык яму ж загадваюць. Міжрайцэнтр загадвае, што ён, сам усё выдумляе? — паспрабавала яна абараніць Шаўчука.

— Загадваюць, канешне. I Кузняцову загадвалі. Аднак Кузняцоў быў такі, што дзе на яго сядзеш, там з яго і злезеш. Умеў адбрыкацца. Людзей паберагчы. А гэта цюха-мацюха: загадалі — ёсць, будзем выконваць. А як — у яго і ў паняцці няма.

— Во ты і падказаў бы, — не стрывала Зоська. — Ты ж стары партызан, з самай вясны ў атрадзе.

— З вясны, ага. Наваяваўся ўжо, во, — адмераў ён сабе даланёй да шыі. — Ды я што? Я радавы. Мая справа цялячая.

— Канешне, які з яго камандзір! Усё ж ён ваенны чалавек. Хаця і старшынёй быў.

— З немцамі ваяваць — не вераб’ёў страляць. Умець трэба. Іх вунь колькі напёрла. Сіла!

Зоська прамаўчала. Сіла. Гэта, вядома, яна ведала, бачыла і на сабе адчувала гэтую сілу. Але як справіцца з ёй, гэтай чужаземнай сілай, якая захапіла палавіну Расіі, як вярнуць усё назад — гэтага яна не магла сабе ўявіць. Затое яна выразна адчувала, што ў гэтай вайне, апроч як выстаяць і перамагчы, іншага выбару не існуе. Інакш не варта і жыць, лепш адразу галавой у прорву, каб не ашукваць сябе, не пакутаваць.

Яна была маленькі чалавек на гэтай зямлі — да вайны яшчэ толькі вучылася ў Навагрудку, некалькі месяцаў працавала піянерважатай у глухой сельскай школцы, жыла труднавата, ледзьве зарабляючы на якую-ніякую апратку, перабіваючыся з бульбы на хлеб. Але яна верыла ў лепшую будучыню, а яшчэ болей — ва ўсвоены ёю з кніг ідэал дабра і справядлівасці, які так нахабна растапталі фашысты. Яна іх ненавідзела, як толькі можна ненавідзець сваіх асабістых ворагаў: за тое, што яны расстралялі яе швагра-настаўніка, пазнішчалі ўсіх яе яўрэйскіх сябровак у мястэчку, папалілі хутары і прычынілі столькі неспатольнага гора яе разбуранай акупаванай зямлі. I яна сказала сабе, што жыць на адным свеце з гэтым звяр’ём немагчыма, што яна будзе ім шкодзіць, як толькі льга, калі толькі яны не заб’юць яе раней. Каб не спазніцца, вясной, як толькі растаў снег, яна згаварылася з сяброўкай і пайшла ў лес, і вось ужо некалькі месяцаў для яе няма іншага лёсу, апроч ляснога жыцця атрада з яго небяспекамі, голадам, сцюжай, з мноствам іншых нягод — апрача вайны.

5

— А во і рака. Яе пералазіць будзем? — запытаў Антон, спыняючыся на невысокім, падмытым вадой беразе. — Пераскочым? Ці паплывем?

Вядома, ён жартаваў, ссунуўшы на патыліцу аблезлую, з аўчыны, шапку з абарванымі матузамі, а яна глядзела на цёмную сярод белых снегавых берагоў няроўную паласу вады, і тая сёння не здалася ёй страшнай. Ужо ўдваіх яны як-колечы пералезуць цераз гэтую недалыгу-рэчку, якая ледзьве не ўтапіла яе ўчора.

Тым не менш, як пералезці, яшчэ трэба было падумаць, і яны няхутка пайшлі ўздоўж купчастага, парослага голым кустоўем берага. Ледзяныя закраіны месцамі былі шырэйшыя і туліліся да самага берага, за ноч іх добра прысыпала снегам, на якім дзе-нідзе расплываліся мокрыя плямы вады. У адным месцы, дзе рака была трохі вузейшая, ледзяныя крыллі амаль сыходзіліся на сярэдзіне, але мокрая шчыліна, што чарнела між імі, сведчыла пра здрадніцкую ненадзейнасць гэтай ледзяной мясціны. Трэба было пашукаць што-небудзь больш здатнае.

— Можа, палку якую пакладзем? — няўпэўнена прапанавала Зоська.

— I далёка ты дастанеш той сваёй палкай? — сказаў Антон, і ў ягоным голасе прагучала лёгкая насмешка з яе прапановы.

— А што! Я ўчора перакінула і ледзь не пералезла.

— Ледзь? Ледзь у такой справе не лічыцца.

Зоська падумала, што, напэўна, ён лепей ведае, што трэба рабіць, і болей нічога не прапаноўвала, пераклаўшы гэты клопат на Антона. Хоць ёй і здалося, што ў некалькіх месцах варта было паспрабаваць, яна маўчала, чакаючы, што скажа ён.

— Чортава рэчка! — бурчаў тым часам Антон, прабіраючыся ў берагавым лазняку. — I не ўмерзла, як трэба, і мелі заліла. Самы храновы час…

Час для дальняй дарогі быў, канешне, не самы лепшы. Тыдзень назад ударыла сцюжа з ветрам, учора паваліў снег, які не пераставаў і сёння — снежныя крупінкі рэдка, быццам без жаднай ахвоты несліся аднекуль з мутнай вышыні, было няўтульна і холадна. Зоська пасля стажка не пераставала дробна дрыжаць, увесь час карцела пайсці хутчэй, прабегчы, каб як-небудзь сагрэцца. Каб толькі не гэта праклятая рэчка, якая другі дзень неадольнай перашкодай пралягла на яе шляху.

Раптам Антон сціх у хмызняку, трывожна павярнуўшы ўбок галаву, і Зоська пачула наперадзе ціхі, але выразны пляскат вады. Антон адвёў лазіну, прыгнуўся, усё ўзіраючыся кудысь праз зараснікі, і зноў дзесьці пад берагам пляснула раз і другі. Хтосьці там быў, і яны на хвіліну прыціхлі ў хмызняках. Але вось насцярожаны, з выпнутым носам Антонаў твар кранула лагодная ўсмешка.

— Бабёр! Глядзі, вылазе.

Стаўшы на засыпаную снегам купіну, Зоська пацягнулася вышэй і ўбачыла зводдаль на павароце ракі, як нешта жывое і мокрае з шырокай лапаткай хваста няўклюдна выбралася з вады на палку і, павярнуўшыся, стаілася на задніх лапах. Антон ціхенька свіснуў, і звярок, трапятнуўшыся, таропка схаваўся ў дзірцы, якая тут жа чарнела ў аснежанай кучы бязладна наваленых палак.

— Глядзі, прыжыліся! — сказаў Антон з лагодным захапленнем у позірку і палез праз хмызняк да бабровае хаткі.

— Няхай! Не трэба пужаць! Не трэба… — замахала на яго рукамі Зоська.

— Нічога! Глядзі, запруда якая. Во тут і паспрабуем пераправіцца.

Сапраўды, бабры навалілі на ўзбярэжны мысок добрую кучу галля, палак, розных рагацін, абгрызеных, без кары, дрэўцаў, якія ўтварылі шырокую, напалову ўмёрзлую ў берагавы лёд запруду. Абсыпаная снегам, яна высілася над рэчкай амаль на ўзроўні берагавога абрыву, і Антон, хапаючыся рукамі за сцюдзёнае голле асінніку, асцярожна пералез на яе.

— А што? Трымае. Ну — давай памалу… I не бойся, не бойся, я памагу! — падахвоціў ён Зоську. Тая таксама ступіла адною нагой на голы, прысыпаны снегам сук, які раптам пагрозліва пасунуўся пад яе ботам.

— Ой, слізка!

— Нічога… Давай за мной! Куды я ступіў, туды і ты ступай.

Хапаючыся за нізка навіслае з берага сучча і няпэўна ступаючы па слізкім ламаччы, яны перабраліся па завале амаль да сярэдзіны ракі і спыніліся. Далей было метры два чорнай вады, якая імкліва імчала каля крайніх, глыбока ўтопленых палак; з таго берага было відаць прытопленае гнілое бервяно, канец якога ціха пагойдваўся на плыні. Антон прымерыўся, прыкінуў адлегласць да канца бервяна, спрытней уладзіў нагу на ўпоры.

— Будзем сігаць.

— Ой! А раптам сарвемся?

— Зрывацца не трэба. Першы скакаць буду я. I падтрымаю цябе. Ну!

Уся куча палак і голля аднабока хіснулася, пляснуўшы вадой, штось пад нагамі хруснула, Антон узмахнуў рукамі і, лёгка наступіўшы на прытоплены канец бервяна, апынуўся на тым баку.

— Ну?

Ён шырэй расставіў ногі і чакаў, гатовы падхапіць яе, але Зоська раптам згубіла рашучасць, адчуўшы, што для такога скачка ў яе проста не хопіць сілы.

— Не дапрыгну…

Поделиться с друзьями: