Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Я азірнуўся. Са сцен узіраліся на мяне вочы з нерухомых твараў, якія даўно гнілі ў магілах. Гэта былі партрэты, якія не забралі альбо не аплацілі блізкія. І гэта ўсё былі людзі, якія некалі спадзяваліся і дыхалі.

— Гэта не наганяе на цябе меланхоліі, Фердынанд?

Ён паціснуў плячыма.

— Не, я раблюся надзвычай цынічным. Меланхолікам робішся, калі думаеш пра жыццё, а цынікам — калі бачыш, як ім распараджаецца большасць жывых.

— Ну, той-сёй адносіцца да яго больш сур'ёзна.

— Вядома. Але гэтыя не заказваюць маляваць партрэты.

Ён устаў.

— А можа, і добра, Робі, што яны ўвесь час занятыя сваімі важнымі дробязямі, якія іх падтрымліваюць і абараняюць. Пачуццё адзіноты — сапраўднай адзіноты, без ілюзій — прыходзіць перад вар'яцтвам і самагубствам.

Вялізнае пустое памяшканне плавала ў паўзмроку. У суседнім пакоі былі чутны крокі. Здавалася, там нехта хадзіў. Гэта была аканомка. Яна ніколі не паказвалася пры нас. Яна нас ненавідзела, бо ёй здавалася, што мы нацкоўваем на яе Граў. Я пайшоў. Унізе мяне сустрэў вулічны шум. Я кінуўся ў яго, як у цёплую ванну.

XI

Я ішоў да Пат. Я ўпершыню ішоў да яе дамоў. Раней яна сама прыходзіла да мяне альбо я сустракаў яе каля дома, каб разам пайсці куды-небудзь. Але заўсёды было так, быццам яна прыходзіла ў госці. Я хацеў ведаць пра яе больш. Я хацеў ведаць, як яна жыве.

Мне прыйшла ў галаву думка, што варта было б прынесці ёй кветкі. Гэта было лёгка зрабіць. Гарадскі сквер за кірмашовай плошчай стаяў у буйной квецені. Я пераскочыў праз агароджу і пачаў аблатошваць белы куст бэзу.

— Што вы там робіце? — раптам прагучаў моцны голас. Я ўзняў вочы. Чалавек, твар якога меў колер бургундскага віна, з закручанымі сівымі вусамі глядзеў на мяне з абурэннем. Гэта быў не паліцэйскі і не вартаўнік. «Вайсковы чын у адстаўцы», — здагадаўся я адразу.

— Не цяжка зразумець, — адказаў я ветліва. — Я ламаю бэз.

У чалавека на момант адняло мову.

— Ці вы не ведаеце, што гэта гарадскі сквер? — забурчаў ён разгневана.

Я засмяяўся.

— Вядома, ведаю. А вам здаецца, што я пераблытаў яго з Канарскімі астравамі?

Чалавек пасінеў. Я спужаўся, каб яго не разбіў паралюш.

— Прэч адсюль, дзяцюк! — закрычаў ён першакласным казарменным голасам. — Вы замахваецеся на гарадскую маёмасць. Я здам вас!

Я ўжо наламаў, колькі мне трэба было.

— Тады лаві мяне, дзядуля! — прапанаваў я старому, пераскочыў праз агароджу і знік.

Перад домам Пат я яшчэ раз агледзеў свой касцюм. Потым я падняўся па лесвіцы і азірнуўся. Гэта быў новы дом сучаснай архітэктуры, поўная процілегласць старому пампезнаму бараку, дзе жыў я. На лесвіцы ляжала чырвоная дарожка. Нічога падобнага ў пані Залеўскі не было, не гаворачы ўжо пра ліфт.

Пат жыла на трэцім паверсе. На дзвярах была прымацавана гордая латунная таблічка: «Эгберт фон Хакэ, падпалкоўнік». Я доўга ўзіраўся на яе. Потым, перш чым пазваніць, міжволі паправіў гальштук. Адчыніла дзяўчына ў бялюткай наколцы і гэткім жа беленькім фартушку — не параўнаць з нашай касавокай няўдаліцай Фрыдай. Мне зрабілася няёмка.

— Пан Локамп? — спытала яна.

Я кіўнуў.

Яна правяла мяне праз маленькі пярэдні пакой, а потым адчыніла дзверы. Я не вельмі здзівіўся б, калі б там перада мной з'явіўся падпалкоўнік Эгберт фон Хакэ пры поўным парадзе і ўсчыніў бы мне допыт, — такімі сур'ёзнымі здаліся мне партрэты генералаў, якія, усе ў ордэнах, зласліва ўзіраліся ў мяне, цывільнага. Але тут насустрач мне сваімі прыгожымі вольнымі крокамі выйшла Пат, і пакой раптам ператварыўся ў востраў цеплыні і весялосці. Я зачыніў за сабой дзверы і пяшчотна абняў яе. Потым я ўручыў ёй крадзены бэз.

— Вось, — сказаў я. — Гарадское кіраўніцтва шле вам прывітанне.

Яна паставіла кветкі ў вялікую светлую керамічную вазу, якая стаяла на падлозе каля акна. Я тым часам агледзеўся ў пакоі. Мяккія прыглушаныя колеры, нешматлікая старая прыгожая мэбля, светла-блакітны дыван, пастэльных таноў фіранкі на вокнах, зручныя невялікія крэслы, абабітыя выцвілым аксамітам…

— Божа мой, як табе пашэнціла знайсці такі пакой, Пат? — сказаў я. — Кватарантам жа ў пакой звычайна ставяць па прынцыпе «На табе, божа, што мне нягожа» альбо непатрэбныя падарункі, атрыманыя да дня нараджэння.

Яна асцярожна адсунула ад сцяны вазу з кветкамі. Я ўбачыў яе сагнутую хударлявую шыю, прамыя плечы і танклявыя рукі. Стоячы на каленях, яна была падобная да дзіцяці. Гэтае дзіця трэба было абараняць. Але рухі ў яе былі як у гнуткага звера, і калі яна потым устала і прыхілілася да мяне, гэта ўжо было не дзіця. У яе вачах і ў яе вуснах таілася запытальнае чаканне і таямнічасць, якія мяне збянтэжылі. Я думаў, што іх ужо не існуе ў гэтым брудным свеце.

Я абняў яе за плечы. Прыемна было адчуваць яе так блізка.

— Гэта мае ўласныя рэчы, Робі. Кватэра раней належала маёй маці. Калі маці памерла, я здала яе, а сабе пакінула гэтыя два пакоі.

— Дык яна ўсё-такі твая? — спытаў я з палёгкай. — А падпалкоўнік Эгберт фон Хакэ жыве ў цябе на кватэры?

Яна пахітала галавой.

— Ужо не мая. Я не змагла ўтрымліваць яе. Я прадала астатнюю мэблю, а кватэру здала назусім. Цяпер я тут кватарантка. Але якая табе справа да старога Эгберта?

— Ніякай. У мяне проста натуральны страх перад паліцэйскімі і штабнымі афіцэрамі. Гэта ідзе яшчэ ад маёй вайсковай службы.

Яна засмяялася.

— Мой бацька таксама быў маёр.

— Маёр — гэта якраз мяжа, — адказаў я.

— Ты знаёмы са старым Хакэ? — спытала яна.

Мяне раптам ахапіла нядобрае прадчуванне.

— Ён нізкарослы, падцягнуты, з чырвоным тварам, сівымі вусамі і магутным голасам? Ён любіць шпацыраваць у гарадскім скверы?

— А! — яна зірнула на бэз, а потым са смехам перавяла позірк на мяне. — Не, ён высокі, з бледным тварам і ў рагавых акулярах.

— Тады мы з ім незнаёмыя.

— Хочаш пазнаёміцца? Будзеш прыемна ўражаны.

— Барані божа! Пакуль што мая кампанія — механікі ды кватаранты пані Залеўскі.

Пастукалі ў дзверы. Дзяўчына прывезла нізенькі столік на колцах. Тонкі белы фарфор, срэбны паднос з пірожнымі, другі — з неверагодна маленькімі бутэрбродамі. Сурвэткі, цыгарэты, чорт ведае што яшчэ — я глядзеў на ўсё, як баран на новыя вароты.

— Злітуйся, Пат, — сказаў я потым. — Усё як у кіно! Яшчэ на лесвіцы я заўважыў, што мы стаім на розных сацыяльных прыступках. Ты ж май на ўвазе, што я прывык есці з тлустай паперыны на падваконніку фраў Залёўскі, побач з верным прымусам. Злітуйся з жыхара беднага пансіёна, калі ён, небарака, магчыма, аберне кубачак.

Поделиться с друзьями: