Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Першага жніўня.

— Ну, тады яшчэ ёсць шмат часу. Магчыма, мы знойдзем штосьці іншае. Ва ўсякім разе: мы твае надзейныя кліенты.

— А ў цябе ёсць грамафон?

— Няма, але я абавязкова адразу ж куплю. Пакуль што, праўда, мне ўсё гэта не падабаецца.

— А мне падабаецца, — сказала яна. — Я ж нічога не ўмею. А з таго часу, як ёсць ты, усё стала для мяне нашмат прасцей. Але не варта было нічога табе расказваць.

Яна бегла зірнула на мяне.

— Добра, Робі, — сказала яна. Потым устала і падышла да тумбачкі. — Ты ведаеш, што ў мяне ёсць? Ром. Здаецца, добры ром.

Яна паставіла на стол чарку і запытальна зірнула на мяне.

— Добры ром, я ўжо чую носам здалёку, — сказаў я. — Але, Пат, ці не лепш табе быць больш ашчаднай, каб крыху адцягнуць з грамафонамі?

— Не, — адказала яна.

— Таксама правільна, — сказаў я.

Ром, як я вызначыў па колеру, быў разбаўлены, Прадавец, відавочна, падмануў Пат. Я выпіў чарку.

— Вышэйшы клас, — сказаў я. — Налі мне яшчэ адну. Дзе ты яго купіла?

— У краме на рагу.

«Ага, — падумаў я, — вядома, у заклятай краме далікатэсаў». Я рашыў сабе пры выпадку зазірнуць туды і пагаварыць з тым тыпам.

— Мне, мусіць, пара ісці, Пат? — спытаў я.

Яна зірнула на мяне.

— Яшчэ не…

Мы стаялі каля акна. Унізе мігцелі ліхтары.

— Пакажы мне сваю спальню, — сказаў я.

Яна адчыніла дзверы і ўключыла святло. Я спыніўся каля дзвярэй, зазіраючы ў пакой. Думкі ў галаве пераблыталіся.

— Вось гэта твой ложак, Пат… — нарэшце сказаў я.

Яна ўсміхнулася.

— Дык а чый жа яшчэ, Робі?

— Сапраўды! — Я падняў вочы на яе. — А вунь і тэлефон. Вось я ўсё ведаю. Цяпер я пайду. Бывай, Пат.

Яна паклала рукі мне на скроні. Як цудоўна было б застацца цяпер, гэтым надвячоркам, блізка-блізка адзін каля аднаго пад мяккай сіняй коўдрай у спальні… Але нешта было такое, што стрымлівала мяне. Не, гэта было не сумненне, і не страх, і не асцярожнасць… а проста пяшчота, вялізная пяшчота, якая перамагала страсць…

— Бывай, Пат, — сказаў я. — У цябе было цудоўна. Намнога лепш, чым ты сабе, магчыма, уяўляеш. І ром, і тое, пра што ты падумала…

— Але ж гэта так проста…

— Але не для мяне. Я так не прывык.

Каморка ў фраў Залеўскі. Я хвілінку пасядзеў. Мне не падабалася, што Пат нечым была абавязана Біндзінгу. Нарэшце я пайшоў праз калідор да Эрны Бёніг.

— Я прыйшоў па справе, — сказаў я. — Які попыт на жаночую працу, Эрна?

— Ну і пытанне, — адказала яна. — Ні з таго ні з сяго! А ўвогуле: безнадзейна.

— Нічога нельга зрабіць? — спытаў я.

— А кім?

— Сакратар, асістэнтка…

Яна махнула адмоўна.

— Сто тысяч без месца. Ці няма ў дамы незвычайных здольнасцей?

— Надзвычай прыгожая знешнасць.

— Колькі літар? — спытала Эрна.

— Што?

— Колькі літар яна друкуе за хвіліну? На якіх мовах?

— Не ведаю, — сказаў я, — але ці ведаеце… для прадстаўніцтва.

— Дарагі хлапчына, — адказала Эрна, — я ўжо чую: дама з добрай сям'і, зведала лепшыя дні, цяпер вымушана і г. д. Безнадзейна, кажу вам. У крайнім выпадку, калі ёй нехта асабліва зацікавіцца і прыладзіць куды-небудзь. Вы ж ведаеце, за што. Але ж так прыстроіць вы не хочаце?

— Смешнае пытанне, — сказаў я.

— Не такое смешнае, як вам здаецца, — не пагадзілася Эрна з доляй горычы ў голасе. — Мне вядомыя іншыя выпадкі. — Мне прыпомнілася справа з яе шэфам. — Але я хачу даць вам параду, — працягвала яна. — Пастарайцеся зарабляць на дваіх. Гэта самае простае рашэнне. Жаніцеся.

— Было б някепска, — сказаў я і засмяяўся. — Хацелася б верыць, што я здольны на такое.

Эрна дзіўна зірнула на мяне. Пры ўсёй сваёй энергічнасці яна раптам здалася мне старэйшай, быццам прывялай.

— Давайце я вам штосьці раскажу, — сказала яна. — Я жыву добра, і ў мяне ёсць і непатрэбныя рэчы. Але паверце мне: каб нехта прыйшоў і прапанаваў мне жыць разам — сумленна, па-сапраўднаму, я пакінула б тут усе гэтыя транты і пераехала б з ім у любую галубятню, калі б на тое пайшло.

На яе твары з'явіўся ранейшы выраз.

— Ну, але забудзем пра гэта — у кожным чалавеку ёсць кропелька сентыментальнасці. — Яна падміргнула мне праз дым цыгарэты. — Пэўна, і ў вас ёсць.

— Дзе там… — адказаў я.

— Ну, ну, — сказала Эрна. — Яна авалодвае чалавекам часцей за ўсё знянацку…

— Але не мной, — запярэчыў я.

Да васьмі гадзін я пратрываў у сваёй каморцы, потым мне абрыдла сядзець аднаму, і я пайшоў у бар, каб сустрэць каго-небудзь.

Там быў Валянцін.

— Сядай, — сказаў ён. — Чаго вып'еш?

— Рому, — адказаў я. — Да рому з сённяшняга дня ў мяне асаблівыя адносіны.

— Ром — малако салдата, — сказаў Валянцін. — Дарэчы, ты добра выглядаеш, Робі.

— Праўда?

— Так, ты памаладзеў.

— Ды што ты, — сказаў я. — За тваё здароўе, Валянцін.

— На здароўе, Робі.

Мы паставілі чаркі на стол і глянулі адзін на аднаго. Потым разам засмяяліся.

— Стары, — сказаў Валянцін.

— Сябрук, каб цябе… — адказаў я. — Чаго вып'ем яшчэ?

— Паўторым.

— Выдатна.

Фрэд наліў.

— За тваё здароўе, Валянцін.

— На здароўе, Робі.

— Шыкоўнае выслоўе — на здароўе, праўда?

— Усім словам слова.

Мы паўтарылі яго яшчэ некалькі разоў. Потым Валянцін пайшоў.

Я застаўся. Акрамя Фрэда, нікога не было. Я разглядаў старыя, асветленыя геаграфічныя карты, караблі з пажоўклымі ветразямі і думаў пра Пат. Мне хацелася патэлефанаваць ёй, але я прымусіў сябе не рабіць гэтага. Я і не хацеў так шмат думаць пра яе. Я хацеў прыняць яе як нечаканы шчаслівы падарунак, які як прыйшоў, так і пойдзе — і не больш. Я не хацеў даваць месца думцы пра нешта большае. Я занадта добра ведаў, што любое каханне імкнецца да вечнасці і што ў гэтым яго вечныя пакуты. Няма нічога вечнага. Нічога.

Поделиться с друзьями: