Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:
Я паехала ў Гамбург аднойчы… Я, дзяўчына, што шчасце лаўлю…

«Грэх прыводзіць да бяды…» — рэзка прагучаў хор святош яшчэ раз, і чуваць было, што Армія выратавання ў вялікай трывозе.

Але зло перамагло. Маё імя згубілася ў ночы, Бо я толькі за грошы люблю, —

грымнула з грубых глотак.

— Пара даваць драла, — сказаў я Пат. — Я гэтую песню ведаю. У ёй некалькі куплетаў гучаць даволі моцна. Прэч адсюль.

Мы зноў аказаліся ў горадзе, напоўненым гудкамі машын і шоргатам колаў. Але сам горад як хто зачараваў. Туман ператварыў аўтобусы ў казачных жывёлін, машыны сталі кошкамі, што з бліскучымі вачыма крадуцца да сваёй ахвяры, а вітрыны — заваблівымі стракатымі пячорамі.

Мы пайшлі па вуліцы міма могілак і перасеклі кірмашовую плошчу. Каруселі ўзвышаліся ў вільготным паветры, як шумныя вежы, напоўненыя музыкай і бляскам, чортава кола іскрылася пурпурам, золатам і смехам, а лабірынт міргаў блакітнымі агнямі.

— Блаславёны лабірынт! — сказаў я.

— Чаму? — спытала Пат.

— Мы ж аднойчы былі тут разам.

Яна пацвердзіла, кіўнуўшы галавой.

— У мяне такое пачуццё, быццам гэта было бясконца даўно.

— Можа, зноў зойдзем?

— Не, — сказаў я. — Больш не хачу, Пат. Ты хочаш выпіць?

Яна адмоўна пахітала галавой. Яна выглядала чароўна прыгожай. У тумане, які ахінаў яе лёгкім покрывам, яна выглядала яшчэ больш бліскуча.

— Ты не змарылася? — спытаў я.

— Яшчэ не.

Мы праходзілі міма атракцыёнаў, дзе надоечы накідвалі колцы на кручкі. Тут віселі лямпы, якія свяціліся бела-іскрыстым карбідным святлом. Пат зірнула на мяне.

— Не, — сказаў я. — Сёння не гуляю. Не кіну ніводнага колца. Калі б нават была магчымасць выйграць вінны склеп Аляксандра Македонскага.

Мы пайшлі далей па плошчы і праз парк.

— Недзе тут павінен быць бэз, — сказала Пат.

— Так. Ён пахне ўжо здалёку. Вельмі моцна. Праўда?

Яна зірнула на мяне.

— Праўда, — сказала яна.

— Пэўна, ужо распусціўся. Бэзам пахне цяпер увесь горад.

Я неўпрыкмет зірнуў направа-налева: ці няма дзе вольнай лаўкі? Але ці бэз быў вінаваты, ці нядзеля, ці мы — не было ніводнай. Усе былі занятыя. Я зірнуў на гадзіннік. Ужо пайшла першая гадзіна ночы.

— Давай, — сказаў я, — пойдзем да мяне. Там мы пабудзем удваіх.

Яна не адказала, але мы вярнуліся. Каля могілак мы ўбачылі штосьці нечаканае. Армія выратавання атрымала падмогу. Цяпер хор стаяў у чатыры рады. З'явіліся не толькі сёстры, але і дзве шарэнгі братоў у форме. Спеў ужо гучаў не ў два галасы, а ў чатыры — як арган. У рытме вальса над магільнымі помнікамі лунала: «Святы Ерусалім»…

Апазіцыі больш не было чутна. Яе змялі. «Настойлівасць, — часцяком гаварыў дырэктар маёй гімназіі Хілерман, — настойлівасць і стараннасць — лепш, чым распуста і геніяльнасць…»

Я адчыніў дзверы. На момант засумняваўся, а потым уключыў святло. Калідор зеўраў перад намі, як жоўтая агідная кішка.

— Заплюшчы вочы, — ціха сказаў я Пат. — Відовішча — не на слабыя нервы.

Я рыўком падняў яе на рукі і паволі пайшоў звычайным крокам, быццам я адзін — міма скрынь і газавых пліт да сваіх дзвярэй.

— Жудасна, праўда? — сказаў я сарамліва і ўтаропіўся на плюшавы гарнітур перад намі. Так, цяпер мне не хапала парчовых крэслаў фраў Залеўскі. Не хапала дывана, лямпы ад Хасэ…

— Зусім не жудасна, — сказала Пат.

— Жудасна, жудасна, — не пагадзіўся я і падышоў да акна. — Праўда, від прыгожы. Можа, падсунем крэслы да акна?

Пат хадзіла па пакоі.

— Зусім не дрэнна. Галоўнае — казачна цёпла.

— Табе холадна?

— Я люблю, калі цёпла, — сказала яна і прыўзняла плечы. — Не люблю холаду і дажджу. Не магу іх трываць.

— Божа мой… а мы праседзелі столькі часу ў тумане.

— Тым утульней цяпер тут.

Яна пацягнулася і зноў пачала хадзіць сваёй прыгожай хадой па пакоі. Я вельмі разгубіўся і хуценька азірнуўся вакол сябе. Дзякаваць богу, рэчы былі не вельмі параскіданыя. Растаптаныя хатнія пантофлі я адным ударам зафутболіў пад ложак.

Пат стаяла перад шафай і глядзела ўверх. Наверсе ляжаў стары чамадан, падараваны мне Ленцам. Ён увесь быў абклеены этыкеткамі — сведкамі яго далёкіх вандровак.

— Рыа-дэ-Жанейра, — чытала яна, — Манаас, Сант'яга, Буэнас-Айрэс, Лас-Пальмас…

Яна адсунула назад чамадан і падышла да мяне.

— І ты ўжо ўсюды пабываў?

Я нешта прамармытаў. Яна ўзяла мяне пад руку.

— Давай, раскажы мне пра ўсё, раскажы пра тыя гарады — гэта ж, відаць, так цудоўна, пабываць так далёка…

А я? Я бачыў яе перад сабой, прыгожую, маладую, поўную нецярплівасці, матылька, які па шчаслівай выпадковасці заляцеў у мой варты жалю, недагледжаны пакой, у маё нічога не вартае, бязмэтнае жыццё. Гэты матылёк быў са мной і ўсё ж не са мной — адзін толькі подых, і ён мог пырхнуць і зноў паляцець… лайце мяне, праклінайце мяне, але я не мог… не мог не пацвердзіць, не мог сказаць, што я там ніколі не быў… цяпер не мог…

Мы стаялі каля акна, туман клубіўся і наплываў на шыбы, а я адчуваў: за ім зноў чакала мяне ўтоенае, схаванае, мінулае, сырыя шэрыя дні, пустэча, бруд, шматкі гіблага існавання, бездапаможнасць, нікчэмнае выхваленне бязмэтна адбарабаненага жыцця — але тут, у цяні перада мной, неверагодна блізка, ціхае дыханне, недатыкальная прысутнасць, цеплыня, выразнае жыццё… я павінны быў утрымаць яго, зрабіць яго сваім.

— Рыа… — сказаў я. — Рыа-дэ-Жанейра — порт, нібы казка… Мора ўпісваецца ў бухту, утвараючы сем дуг, а над імі ўздымаецца белы зіхоткі горад…

Я пачаў расказваць пра спякотныя гарады і бясконцыя раўніны, пра жоўтыя плыні рэк, пра бліскучыя астравы і пра кракадзілаў, пра лясы, што паглынаюць дарогі, пра крык ягуараў начамі, калі рачны параход плыве праз чад выпарэнняў ванільных ліянаў і архідэяў, праз задушлівасць, гніль і змрок— усё гэта я чуў ад Ленца, але цяпер я ўжо амаль што верыў, што быў там сам — так дзіўна перапляліся ўспаміны і імкненне трапіць туды з жаданнем дадаць да пустой і змрочнай мітусні свайго жыцця крыху бляску, каб толькі не страціць гэтага неверагодна прыгожага твару перада мной, гэтай раптоўнай надзеі, гэтай кветкі, што абяцае шчасце… Ці варты я яго? Пазней я гэта ўсё змагу растлумачыць, але пазней, калі буду значыць штосьці большае, калі ўсё ўсталюецца, пазней — не цяпер…

Поделиться с друзьями: