Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:
Дай паломніку спакой, Божа, у святой начы. І анёльскаю рукой Боль сардэчны палячы. У блакітным моры Ярка свецяць зоры, Палячу без зморы Да цябе душой.

— Як люба, — сказала Роза і выцерла слёзы з вачэй.

Адгучала другая страфа. Гучныя воплескі. Хор у падзяку пакланіўся. Стэфан Грыгаляйт выцер спацелы лоб.

— Бетховен ёсць Бетховен, — заявіў ён.

Ніхто не запярэчыў. Стэфан схаваў хусцінку.

— А зараз — да зброі!

Стол быў сервіраваны ў вялікай зале, дзе звычайна збіраліся члены саюза. Пасярэдзіне на срэбных блюдах, якія стаялі на маленькіх спіртоўках, красаваліся двое парасят, запечаныя да рудаватай скуркі. У лычах у іх былі лімоны, на спінках маленькія запаленыя ёлачкі. Яны ўжо з нічога не дзівіліся.

З'явіўся Алоіс у фраку, падарунку ад гаспадара. Ён прынёс з паўтузіна збаноў з віном і наліў. З ім прыйшоў Потэр з таварыства крэмацыі, які толькі што кіраваў спальваннем нябожчыка.

— Мір на зямлі! — сказаў ён з гонарам, падаў Розе руку і сеў каля яе.

Стэфан Грыгаляйт, які адразу ж запрасіў Георгі да стала, устаў і зрабіў самую кароткую і самую лепшую прамову ў сваім жыцці. Ён падняў куфель з іскрыстым «Ваххольдэрам», зірнуў на ўсе бакі ззяючым позіркам і выгукнуў:

— На здароўе!

Потым ён зноў сеў, і Алоіс прынёс свіныя ножкі, квашаную капусту і бульбу. З'явіўся гаспадар з падносам, на якім стаялі вялікія куфлі залацістага пльзенскага піва.

— Еш не спяшаючыся, Георгі, — сказаў я. — Твайму страўніку трэба спачатку прывыкнуць да тлустага мяса.

— Мне ўвогуле трэба спачатку прывыкнуць, — адказаў ён і зірнуў на мяне.

— Гэта прыйдзе хутка, — сказаў я. — Толькі не трэба параўноўваць. Тады ўсё пойдзе як трэба.

Ён кіўнуў галавой і зноў нахіліўся над сваёй талеркай. Раптам на другім канцы стала распачалася сварка. Пачуўся каркаючы голас Потэра. Ён хацеў чокнуцца з гандляром цыгарамі Бушам, але той адмовіўся, заявіўшы, што ён не хоча піць, каб пакінуць больш месца ў жываце для ежы.

— Глупства, — лаяўся Потэр. — Калі ясі, трэба піць. Калі п'еш, нават больш улезе.

— Лухта! — буркнуў Буш, хударлявы высокі мужчына з плоскім носам і ў рагавых акулярах.

Потэр аж падскочыў.

— Лухта? І гэта гаворыш мне ты, тытунёвая сава!

— Ціха! — крыкнуў Стэфан Грыгаляйт. — Ніякіх скандалаў на куццю!

Ён папрасіў, каб яму расказалі, у чым справа, і прыняў саламонава рашэнне: праверыць на практыцы. Перад спрачальнікамі паставілі па некалькі аднолькавых місак з мясам, бульбай і капустай. Порцыі былі вялізныя. Потэр мог піць, што хацеў, Буш мусіў есці насухую. Каб надаць канфлікту вастрыні, Грыгаляйт арганізаваў таталізатар, і на абодвух пачалі ставіць.

Потэр абставіўся куфлямі з півам, а паміж імі, нібы брыльянты ў каралях, паблісквалі маленькія чаркі з гарэлкай. Заклад быў на яго карысць — 3:1.

Буш глытаў пражорліва, нізка нахіліўшыся над талеркай. Потэр змагаўся ў адкрытай стойцы. Пры кожным глытку ён зласліва гаварыў Бушу: «За здароўе», на што той адказваў позіркам з нянавісцю.

— Мне кепска, — сказаў мне Георгі.

— Пайшлі выйдзем.

Я завёў яго ў прыбіральню, а сам сеў у фае пачакаць. Саладжавы пах свечак мяшаўся з пахам хвойных іголак, якія згаралі, патрэскваючы.

І раптам мне здалося, быццам я пачуў лёгкія любімыя крокі, быццам адчуў цёплае дыханне і ўбачыў перад сабой вочы…

— Пракляцце! — сказаў я і ўстаў. — Што са мной робіцца?

У той самы момант я пачуў магутны рык.

— Потэр! Брава! Алозіус!

Перамагла крэмацыя.

У заднім пакоі дымілі цыгары. Разносілі каньяк. Я ўсё яшчэ сядзеў каля стойкі. Дзяўчаты выйшлі з-за стала, аб нечым энергічна шушукаючыся.

— Што ў вас там? — спытаў я.

— Для нас таксама ёсць падарункі, — адказала Марыон.

— Ах, вось што.

Я прыхіліў галаву да стойкі і падумаў: чым цяпер займаецца Пат? Я ўявіў сабе залу санаторыя, камін, у якім палае агонь, і Пат за сталом каля акна з Хэльгай Гутман і іншымі людзьмі. Усё было так даўно. Часам я думаў, што аднойчы прачнуся, а ўсё былое прайшло, забыта, знікла. Няма нічога надзейнага — нават успамінаў.

Зазвінеў званок. Дзяўчаты, нібы чародка спалоханых курэй, пабеглі ў більярдную. Там стаяла Роза са званочкам у руцэ. Яна кіўнула, каб і я падышоў. Пад маленькай ёлачкай на більярдным стале стаялі талеркі, накрытыя шаўковай паперай. На кожнай ляжалі скрутачкі з падарункамі і паперкі з надпісамі. Дзяўчаты ўручалі іх адна адной. Роза ўсё падрыхтавала. Падарункі яна атрымала гатовыя ад дзяўчат і расклала іх на талеркі.

Дзяўчаты ўсхвалявана залапаталі, спяшаючыся, як дзеці, хутчэй паглядзець, што ім дасталася.

— А ты не хочаш узяць сваю талерку? — спытала Роза.

— Якую талерку?

— Тваю. Табе ж таксама ёсць падарунак.

І сапраўды, маё імя таксама было напісана шыкоўным рандо, двума колерамі — чырвоным і чорным. Яблыкі, арэхі, апельсіны, ад Розы вязаны жакет, ад гаспадыні — травяніста-зялёны гальштук, ад Кікі — ружовыя шкарпэткі са штучнага шоўку, ад прыгажуні Валі — скураная дзяга, ад кельнера Алоіса — паўбутэлькі рому, ад Марыон, Ліны і Лілі — паўтузіна хусцінак, а ад гаспадара — дзве бутэлькі каньяку.

— Дзеці, — сказаў я. — Дзеці, гэта ж зусім нечакана.

— Сюрпрыз? — усклікнула Роза.

— Як піць даць.

Я стаяў сярод іх, разгублены і, дальбог, крануты да глыбіні душы.

— Дзеці, — сказаў я. — Ці ведаеце вы, калі я апошні раз атрымліваў падарункі? Я ўжо і сам не памятаю. Гэта, мусіць, было да вайны. А ў мяне няма нічога вам.

Усе былі бязмежна радыя, што мяне так здорава ўразілі.

— За тое, што ты нам заўсёды нешта іграў, — сказала Ліна, чырванеючы.

— Сапраўды, зайграй нам што-небудзь, вось і будзе твой падарунак, — заявіла Роза.

— Што захочаце, — сказаў я. — Усё, што захочаце.

— Зайграй «Маю маладосць», — крыкнула Марыон.

— Не, што-небудзь вясёлае, — не пагадзіўся Кікі.

На яго не звярнулі ўвагі. Яго як «гома» ўвогуле ўсур'ёз не прымалі. Я сеў да піяніна і зайграў. Усе заспявалі.

Песеньку вясны Ветры прыняслі… Маладыя сны, А ці вы былі?

Гаспадыня выключыла ўсе электралямпачкі. Заставалася толькі святло ад свечак. Нібы далёкая крынічка ў лесе, ціха булькатаў піўны кран, а пласкаступы Алоіс блукаў на заднім плане, нібы чорны Пан. Я пачаў другі куплет. З ззяючымі вачыма, з добрымі тварамі мяшчанак дзяўчаты стоўпіліся вакол піяніна. І — вось дык дзіва! — нехта заплакаў горкімі слязьмі. Гэта быў Кікі — салодкі Кікі з Люкенвальдэ.

Поделиться с друзьями: