Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Тысяча чатырыста, — хутка адказаў Гвіда.

— Тысяча чатырыста дзесяць, — павагаўшыся, даў я.

Я баяўся трапіць у пастку.

— Тысяча чатырыста дзевяноста! — Гвіда глянуў на мяне пераможна і кпліва. Ён быў упэўнены, што добра падкузьміў мяне.

Я вытрымаў яго позірк і прамаўчаў. Аўкцыёншчык паўтарыў суму адзін раз, другі і падняў малаток. У той момант, калі ён стукнуў, аддаючы машыну Гвіда, пераможны выраз твару ў яго змяніўся на здзіўлены. Нічога не разумеючы, ён падышоў да мяне.

— Я думаў, што вы хочаце…

— Не, — сказаў я.

Ён апамятаўся і схапіўся за галаву.

— Чорт! Цяжка будзе растлумачыць у фірме! Я думаў, вы дадзіцё паўтары тысячы. І ўсё ж — хоць на гэты раз я забраў у вас гэту тачку!

— Што і трэба было, — сказаў я.

Гвіда не зразумеў. Толькі калі ён убачыў Кёстэра, які падыходзіў да нас, да яго дайшло, і ён учапіўся сабе ў валасы.

— О божа, гэта ваша машына? Асёл я, дурны асёл! Паддаўся! Клюнуў! Гвіда, так табе і трэба! Трапіць на элементарны падвох! Але няхай сабе! Самыя бывалыя хлопцы трапляюць на прасцейшую нажыўку. Але я сваё вазьму.

Ён сеў за руль і паехаў. Мы глядзелі ўслед машыне, і на душы ў нас было не вельмі радасна.

Аполудні прыйшла Мацільда Штос. Трэба было разлічыцца з ёй за апошні месяц. Кёстэр аддаў ёй грошы і абяцаў пагаварыць з новым гаспадаром майстэрні. Можа, ён возьме яе прыбіральшчыцай. Юпа мы ўжо ўладкавалі да яго. Але Мацільда пахітала галавой.

— Не, пан Кёстэр. Не хачу. Косці ўжо не гнуцца.

— Што ж вы будзеце рабіць? — спытаў я.

— Пайду да дачкі. Яна замужам у Бунцлаў. Вы чулі пра Бунцлаў?

— Не, Мацільда.

— Пэўна, пан Кёстэр чуў.

— Таксама не, фраў Штос.

— Дзіўна, — сказала Мацільда. — Ніхто не чуў пра Бунцлаў. Я ўжо шмат у каго пыталася. А мая дачка ўжо дванаццаць гадоў як там замужам. За сакратаром канцылярыі.

— Тады Бунцлаў, напэўна, ёсць на свеце. Можаце быць упэўненая. Раз там жыве сакратар канцылярыі…

— Я і кажу. Але ўсё роўна смешна, што ніхто не чуў, праўда?

Мы пагадзіліся.

— А чаму вы за ўвесь час там не былі ні разу? — спытаў я.

Мацільда заўсміхалася.

— Так атрымалася. Але трэба ехаць да дзяцей. У іх ужо чацвёра.

— Мне здаецца, што ў той мясцовасці робяць нядрэнны шнапс, — сказаў я. — Слівоўку ці нешта такое…

Мацільда махнула рукой.

— У тым якраз і справа. Мой зяць належыць да тых, хто зусім не п'е.

Кёстэр дастаў з апусцелых паліц апошнюю бутэльку.

— Ну, фраў Штос, тады нам трэба кульнуць па чарцы на развітанне.

— Я — за, — сказала Мацільда.

Кёстэр паставіў на стол чаркі і наліў. Мацільда каўтнула ром так хутка, быццам выліла яго ў рэшата. Яе верхняя губа ўздрыгнула, а вусы захадзілі хадуном.

— Яшчэ адну? — спытаў я.

— Не адмоўлюся.

Яна выпіла яшчэ адну вялікую чарку і развіталася.

— Усяго найлепшага ў Бунцлаў, — сказаў я.

— Дзякую шчыра. Але ці не смешна, што яго ніхто не ведае, праўда?

Яна выйшла, хістаючыся. Мы яшчэ нейкі час пастаялі ў пустой майстэрні.

— Можна і нам ісці, — сказаў Кёстэр.

— Можна, — адказаў я. — Больш нам тут няма чаго рабіць.

Мы выйшлі і замкнулі дзверы. Потым забралі «Карла». Яго мы не прадалі, і ён стаяў у гаражы непадалёку. Мы заехалі на пошту і ў банк, дзе Кёстэр заплаціў за аўкцыённыя паслугі.

— Зараз я іду спаць, — сказаў ён, вярнуўшыся. — Ты потым будзеш дома?

— Я сёння цэлы вечар вольны.

— Добра, я прыйду ў восем.

Мы пасядзелі ў маленькім загарадным шынку, а потым вярнуліся ў горад. На першай жа вуліцы ў нас лопнула пярэдняе кола. Мы замянілі яго. «Карла» даўно не мылі, і я моцна запэцкаўся.

— Трэба было б памыць рукі, Ота, — сказаў я.

Непадалёк было даволі вялікая кавярня. Мы зайшлі ў яе і селі за столік каля дзвярэй. На наша здзіўленне, кавярня была амаль поўная. Іграў жаночы ансамбль, панавала ажыўленне. На аркестрантках былі стракатыя папяровыя шапачкі, многія наведнікі былі ў маскарадных вопратках, над столікамі лёталі стужкі серпанціну, паветраныя шары плавалі пад столлю, афіцыянты бегалі з поўнымі падносамі. Памяшканне было напоўнена рухам, смехам, шумам.

— Што тут адбываецца? — спытаў Кёстэр.

Суседка-бландзінка абсыпала нас жменяй канфеці.

— Адкуль вы зваліліся? — засмяялася яна. — Няўжо не ведаеце, што сёння першы дзень мясаеда?

— Ах, вось што, — сказаў я. — Тады прыйдзецца вымыць рукі.

Мне трэба было прайсці праз усю залу, каб трапіць да ўмывальнікаў. На нейкі час дарогу мне заступілі п'яныя, якія ўздымалі на стол жанчыну, каб яна спела ім. Жанчына з віскам супраціўлялася, стол перавярнуўся, а разам са сталом пападалі і людзі. Я пачакаў, пакуль вызваліцца праход, ды раптам мяне нібы ток працяў. Я здранцвеў, зала паплыла, усё знікла — і шум, і музыка, — засталіся толькі невыразныя мігатлівыя цені. Але выразна, незвычайна рэзка і ясна мне бачыўся стол, адзіны стол, а за сталом — малады чалавек у блазнерскім каўпаку на галаве. Ён абдымаў дзяўчыну, якая была на падпітку. Шкляны тупы позірк, вельмі тонкія губы, а пад сталом — светла-жоўтыя, прыкметныя, начышчаныя да бляску крагі.

Мяне штурхнуў кельнер. Я, як п'яны, адышоўся крыху і зноў спыніўся. Зрабілася невыносна горача, я калаціўся ўвесь, далоні мае ўзмакрэлі. Цяпер я ўжо бачыў і астальных за сталом. Я пачуў, што яны з нахабнымі тварамі хорам спявалі нейкую песню, адбіваючы па стале такт куфлямі. Мяне зноў нехта штурхнуў.

— Не заступайце ж праход, — прабурчаў нехта.

Я механічна прайшоў далей, знайшоў умывальнікі, памыў рукі. Толькі цяпер я заўважыў, што ледзь не абварыў рукі гарачай вадой. Я вярнуўся.

— Што з табой? — спытаў Кёстэр.

Я не мог нічога вымавіць.

— Табе кепска? — спытаў ён.

Я пахітаў галавой і глянуў на суседні столік, адкуль скоса пазірала бялявая дзяўчына. Раптам Кёстэр збялеў. Яго вочы звузіліся. Ён нахіліўся над сталом.

— Ён? — ціха спытаў.

— Ён, — адказаў я.

— Дзе?

Я паказаў позіркам. Кёстэр павольна ўстаў. Здавалася, што выпростваецца кобра.

— Асцярожна, — шапнуў я. — Не тут, Ота!

Ён адмахнуўся кароткім жэстам і паціху пайшоў наперад. Я быў гатовы кінуцца за ім. Нейкая жанчына насунула яму на галаву зялёна-чырвоную папяровую шапачку. Яна абняла яго. Ота нават не варухнуўся, і яна адчапілася ад яго, здзіўлена гледзячы яму ўслед. Зрабіўшы круг па зале, ён вярнуўся назад.

— Яго ўжо няма.

Я ўстаў і глянуў у залу. Кёстэр гаварыў праўду.

— Ты думаеш, што ён пазнаў мяне? — спытаў я.

Кёстэр паціснуў плячыма. Толькі цяпер ён заўважыў каўпак на галаве і скінуў яго.

— Не разумею. Я ж мыў рукі адну-дзве хвіліны.

— Цябе не было хвілін пятнаццаць.

— Няўжо? — Я яшчэ раз зірнуў на той стол. — Астатнія таксама пайшлі. З імі была яшчэ дзяўчына, яе таксама ўжо няма. Калі б ён пазнаў мяне, ён знік бы, пэўна, адзін.

Кёстэр паклікаў кельнера.

Поделиться с друзьями: