Тры таварышы
Шрифт:
— Не, не, той, напэўна, ужо далёка. — Я раптам заспяшаўся. — Да пабачэння, Густаў.
— У цябе хопіць бензіну?
— Хопіць. Я ўжо праверыў. Дабранач.
Ён паехаў. Я крыху пачакаў, потым паехаў следам да Мёнкештрасэ і на трэцяй хуткасці паволі пакаціўся ўніз. Калі я вярнуўся назад, Кёстэр стаяў на рагу.
— Што гэта значыць?
— Садзіся, — хутка сказаў я. — Табе няма патрэбы ўжо стаяць тут. Ён… ён знайшоў таго ўжо.
— І?
— Усё, — сказаў я.
Кёстэр моўчкі сеў. Ён не сеў за руль. Ён прымасціўся каля мяне, крыху паніклы. Я паехаў.
— Паедзем да мяне? — спытаў я.
Ён кіўнуў галавой. Я даў газу і накіраваў машыну ўздоўж канала. Вада свяцілася шырокай срэбнай стужкай. Склады на другім баку чарнелі, накрытыя ценем, а на вуліцах ляжала нерухомае блакітнае святло, па якім, як па снезе, слізгалі шыны. Над радамі дамоў узвышаліся шырокія вежы сабора ў стылі барока. Яны мігцелі на далёкім фоне фасфарасцыруючага неба срэбна-зялёнымі водсветамі. Над усім, як светлавая ракета, вісеў месяц.
— Я рады, Ота, што так атрымалася, — сказаў я.
— А я — не, — адказаў ён.
У фраў Залеўскі яшчэ гарэла святло. Калі я адчыніў дзверы, яна выйшла са свайго салона.
— Вам тэлеграма, — сказала яна.
— Тэлеграма? — здзіўлена спытаў я. Я ўсё яшчэ думаў пра падзеі вечара. Потым я зразумеў і пабег у свой пакой. Тэлеграма белай плямай ляжала пасярод стала, у зыркім святле лямпы. Я ўскрыў яе, грудзі сціснуліся, літары расплыліся, пабеглі, зноў з'явіліся. Я з палёгкай уздыхнуў, усё супакоілася, я перадаў тэлеграму Кёстэру.
— Дзякаваць богу, я ўжо думаў…
Там былі толькі тры словы: «Робі, прыязджай хутка».
Я забраў лісток. Палёгка знікла. Вярнуўся страх.
— Што там здарылася, Ота? Божа мой, чаму яна больш нічога не паведамляе? Нешта, відаць, здарылася!
Кёстэр паклаў тэлеграму на стол.
— Калі ты апошні раз гутарыў з ёю?
— Тыдзень назад. Не, даўней…
— Закажы размову. Калі што, мы адразу выедзем. На машыне. У цябе ёсць чыгуначны даведнік?
Я заказаў размову з санаторыем і прынёс з гасцёўні фраў Залеўскі даведнік. Кестэр разгарнуў яго.
— Наступны цягнік ідзе толькі заўтра аполудні, — сказаў ён. — Лепш паедзем на машыне і дабяромся як мага бліжэй да санаторыя. А там можам перасесці на цягнік. Мы некалькі гадзін абавязкова зэканомім. Як ты думаеш?
— Мусіць, так будзе лепш.
Я не мог сабе ўявіць, як я вытрываю некалькі гадзін пасіўнай язды ў цягніку.
Зазваніў тэлефон. Кёстэр забраў даведнік і пайшоў у мой пакой. Адказаў санаторый. Я папрасіў паклікаць Пат. Праз хвіліну сястра сказала мне, што Пат лепш не размаўляць па тэлефоне.
— Што з ёй? — закрычаў я.
— Некалькі дзён назад была невялікая кравацеча. Сёння паднялася тэмпература.
— Перадайце ёй, што я еду, — закрычаў я. — З Кёстэрам і «Карлам». Мы зараз выязджаем. Вы зразумелі?
— З Кёстэрам і Карлам, — паўтарыў голас.
— Так. Але скажыце ёй, што мы выязджаем.
— Я зараз жа перадам ёй.
Я адразу вярнуўся ў свой пакой. У нагах была незвычайная лёгкасць. Кёстэр выпісваў расклад цягнікоў.
— Пакуй чамадан, — сказаў ён. — Я паеду дадому і вазьму свой. Праз паўгадзіны вярнуся.
Я зняў з шафы чамадан. Гэта быў чамадан Ленца са стракатымі наклейкамі гатэляў. Я хутка ўпакаваўся і сказаў пра ад'езд фраў Залеўскі і гаспадару «Інтэрнацыяналя». Потым сеў у сваім пакоі каля акна, чакаючы Кёстэра. Было вельмі ціха. Я думаў пра тое, што заўтра вечарам буду ў Пат, і раптам мяне ахапіла гарачае, дзікае нецярпенне, перад якім усё астатняе адступала — страх, трывога, журба, адчай. Я заўтра вечарам буду з ёй, гэта было шчасце, якое цяжка нават уявіць сабе, тое, у што я ўжо амаль не верыў. З часу нашага расстання так шмат было страчана.
Я ўзяў чамадан і спусціўся ўніз. Раптам усё прыблізілася і пацяплела: лесвіца, застаялы пах калідора, халодная бліскучая гумавая шэрсць асфальту, па якім толькі што падкаціў «Карл».
— Я ўзяў дзве коўдры, — сказаў Кёстэр. — Будзе холадна. Ухутайся як след.
— Мы павядзём машыну па чарзе? — спытаў я.
— Так. Але спачатку паеду я. Я не паспаў аполудні.
Праз паўгадзіны мы выехалі з горада, і нас паглынула бязмежная маўклівасць халоднай месячнай ночы. Дарога белай стужкай збягала за гарызонт. Было так светла, што мы не ўключалі фараў. Шум матора быў падобны да нізкіх гукаў аргана, але ён не парушаў цішыні.
— Табе трэба паспаць, — сказаў Кёстэр.
— Не магу, Ота.
— Тады хоць прыляж, каб заўтра раніцай быць свежым. Нам трэба праехаць праз усю Германію.
— Я і так адпачну.
Я сядзеў побач з Кёстэрам. Месяц павольна плыў над намі. Палі блішчалі, як перламутр. Час ад часу міма праляталі вёскі, зрэдку — горад, сонны, пусты. Цясніны вуліц паміж радамі дамоў былі залітыя прывідным месячным святлом, якое ператварала ноч у фантастычнае кіно.
…Пад раніцу зрабілася холадна. Лугі раптам заблішчалі ад інею, дрэвы, як сталёвыя, стаялі на фоне пабляклага неба, у лесе пачаў прачынацца вецер, з комінаў там-сям паплыў дым. Мы памяняліся месцамі, і да дзесяці гадзін руляваў я. Потым мы хуценька паснедалі ў шынку каля дарогі, і да дванаццаці я зноў вёў машыну. А потым Кёстэр зноў сеў за руль. Ота ездзіў хутчэй, і я больш не падмяняў яго.
На змярканні мы пад'ехалі да гор. У нас у машыне былі ланцугі на колы і рыдлёўка. Мы спыталі, ці далёка яшчэ можна ехаць на машыне.
— Паспрабуйце з ланцугамі, — сказаў сакратар аўтаклуба. — Сёлета мала снегу. Не ведаю толькі, як будзе на апошніх кіламетрах. Там, магчыма, засядзеце.
Да прыходу цягніка ў нас было шмат часу, і мы вырашылі паспрабаваць заехаць на гару. Было холадна, таму туман нам не пагражаў. «Карл» браў горны серпанцін віток за вітком. На сярэдзіне дарогі мы паставілі на колы ланцугі. Дарога была ачышчана ад снегу, але ў многіх месцах абледзянела. Машына буксавала і ёрзала з боку ў бок. Часам нам даводзілася вылазіць і падпіхваць яе. Два разы мы правальваліся ў снег. У апошняй вёсцы мы здабылі вядро пяску, бо на такой вышыні мы пабаяліся, што пры з'ездзе з гары будуць трапляцца абледзянелыя павароты. Зусім сцямнела, над намі ў змроку навісалі адвесныя голыя скалы, дарога звузілася, матор напінаўся на першай хуткасці, паварот за паваротам вёў нас уніз. Раптам промні фараў сарваліся са скалаў, горы расступіліся, і мы ўбачылі ўнізе перад сабой сузор'е вясковых агнёў.
Машына, равучы, імчала паміж стракатых крамаў на галоўнай вуліцы. Пешаходы адскоквалі ўбок, напуджаныя нязвыклым відовішчам. Нечыя коні панеслі, санкі перавярнуліся, а наша машына хутка дабралася па звілістай дарозе да санаторыя і спынілася каля пад'езда. Я выскачыў, як у тумане прамільгнулі цікаўныя твары, постаці, кантора, ліфт. Я прабег праз белы калідор, рыўком адчыніў дзверы і ўбачыў Пат, як я бачыў яе сотні разоў у сне і ў марах. Яна пайшла мне насустрач, і я трымаў яе ў абдымках — як само жыццё, нават нешта даражэйшае за жыццё.